Майскае Без яе
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Дзяўчыне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЗ ЯЕ

Першая думка мая аб табе,
За табою апошняя думка імкнецца…
Дзіўнае нешта адчуў я ў сабе,
І часамі я чую — „чаго ён сьмяецца?..“
Раніцай, толькі прачнуся ад сну, —
Я ўжо бачу твае азярыначкі-вочкі,
Шыйкі знаёмай запал-баразну,
Апалёныя сонцам пад шыйкай куточкі…
Праца звычайная, пойдзе удзень,
Я бадзяюся ў гуках натоўпу людзкога,
Вобраз далёкі і блізкі, як цень,
Я-ж ня хочу з натоўпу глядзець на нікога!
Вечар раздумны надойдзе няўзнак,
Налятуць на мяне кажаны-лятуценьні.
Вербы заціхнуць, пахіліцца мак,
Як схіляўся і я да прывабных каленаў.
Ночка надойдзе, і зорак вянцы
Усьміхнуцца у небе вачыма бурштынак…
Што мне бязьмежныя зорак канцы, —
Калі там не знайсьці тых вачэй-азярынак!

◆ ◆ ◆