Плынь (1927)/IV/Пад бубянцы

Слава Пад бубянцы
Цыкль вершаў
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Пералом
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад бубянцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД БУБЯНЦЫ

1. Дарога

Гэй вы, вольныя паветры,
Грудзі белыя сьнягоў,
Беларусі нашай нетры,
Шпаркі коні, — дзілінь-боў!

Парка цугам дзілінбоміць,
Шэрань шэрстку серабрыць,
А мароз аж санкі ломіць,
Ў палазох адно трашчыць…

Завініся у аўчыны
Ды глытай вачыма бель,
Па калдобінах — пуціны, —
Проста ў родную купель!

Як зірнуць, малюнкі пішуць,
Сонца, хвоя ды сьнягі.
Фарбы іхнія аж пышуць,
Нібы таюць ланцугі.

Вольна ў полі! Толькі вузкі
Рэйкі сьлізкія шляхоў.
Даць дарогу, — коням грузка
Плысьці ў вір пухавікоў!

Нам насустрач панам едзе
Распрыгонены мужык.
Мы аб‘едзем, ён аб‘едзе:
Водгук роўнасьці вялік!

Ён аб‘едзе, але гляне
Вокам вострым на „панкоў“.
Як ня скажа: „Ці то, пане,
Сталявацца ў вёску зноў?!“

Ня пужайся, беларусін,
Мы ня грозныя паны:
Едуць ў вёску бяз прымусін
Гарадзкія лятуны.

Новай вёсцы на спатканьне,
Як браты, нясемся мы,
Бачым школ адбудаваньне,
Дзе былі паноў дамы.

Ды каб вашыя паветры
Ў грудзі нашыя ўвайшлі.
Селянін, раскрый-жа нетры,
Разгарні свае палі!

2. Маёнтак

Ноч. Агні. Пад лесам-садам
Прытуліўся гурт сяліб.
Па аголеных прысадах
Цені ходзяць… Скрып ды скрып…

Цені ходзяць ўздоўж аборы, —
Вунь, пільнуюць стайні ўход.
Вунь, як нейкія дакоры,
Супынілісь ля варот.

Ці то муры, ці то цені,
Што дае начная сінь,
Што пахмура, ў задуменьні
Нас чакаюць… дзілінь-дзінь!

Нас сустрэлі наперш брэхам.
Сенцы скрыпнулі суздром.
Маразяным, гучным рэхам
Адазваўся „панскі“ дом.

Сустракае, прывітае
Мова родная твая.
„Двор“ ужо панкоў ня знае, —
Тут працоўная сям‘я!

3. Елка

У напужанай залі,
У люстрах — крышталі,
Прыбраўшыся ў цацкі — агні;
То-ж елка-княгіня,
Дзяцінства багіня,
Стаіць, ня хісьнецца, ані!
Ўжо скачуць малыя,
Рассуньцесь старыя, —
Паркету, паркету дзяцём!
Тут лёны, тут грэчкі,
А ў вочачках — сьвечкі.
Мы елачцы песьню сьпяём:


„Паміж родных сястрыц,
Ўсіх лясоў вартаўніц,
Я расла,
Сьнег трасла…
Падыйшоў раз дзядок,
Мяне, елачку, ў бок
Сек ды сек —
Зьвёў мой век!
— Для каго-ж ты, дзядок,
Мяне, елку, звалок?
— Для дзяток.
Іх часок…
Дзеткі будуць пяяць.
— Хто-ж лясы вартаваць?
— Еленкі
Зеленькі?..


Гэтак заля, як-бы хаткай,
Стала дзеткам батракоў.
Ой, ягняткі, ой, піскляткі,
Хай пайграе ваша кроў!
Ўжо змарыліся — да хаты!
Час ля печы адпачыць.
Сёньня будуць сны багаты,
Дзеткі будуць „цуды“ сьніць…

4. Полечка

Елку адсунулі ў кут.
Зараз заскачуць „дзядзькі“,
Цётачкі-„панечкі“ тут.
Аж зіхацяць дзяцюкі!
— Ну, хлапцы, пачынай!
— Вальца?
— Кінь, не замінай!
— Польку! — Дык шкада пальца!
— Табе? Ладзь ляпей скрыпку
Ды смыкам — раз!
— Дзядзька Тарас,
Полечку, шыбка!
Ножкі ў скочкі, вочкі ў вочкі, —
Вось і полечка, браточкі!
А чаму-ж нам не скакаць,
Калі ўмеем працаваць.
Бо учора на таку
Было поту мужыку, —
Сёньня-ж ён ідзе у рад
Як паркетаў панскіх сват.
Днюе — плача. Ноччу — скача.
Зноў пацее, небарача.
Хто так здужае скакаць
Ўлева, ўправа паддаваць?
Як трымае панскі дом
Гэткі топат, дым ды гром!
Стогнуць сьцены, столь-крышталь,
Што ня быў тут гэткі баль…
На таполях крумчакі,
Тут у залі весьнякі.
Трмут-а, трум-та, скок ды скок,
Весяліцца свой браток,
Ядзя з Янкі нібы кпіць,
Костусь з Ганкаю муціць,
А у дзядзькі Міхася
Дыбам поўсьць, як у лася.
Ножкі ў скочкі, вочкі ў вочкі,
Гэта-ж полечка, браточкі!
Хто умее працаваць,
Ці-ж ня здолее скакаць?!

5. Зоркі

Над домам, над лесам
Сузор‘і, як вочы, гараць.
Пад гэным бязмоўным навесам
І тыя, ўначы што ня сьпяць,
І тыя, што сьпяць непабудна,
Што рвуцца, што ходзяць марудна
Сузор‘і гараць і гараць!


∗     ∗

Пад імі гумно і прысады,
І гэны пануючы дом,
І пекны фронтон, колёнады,
І сьнег за пабітым вакном,
І гэтае белае поле,
І гэтая сьнежная воля,
І коняй далёкіх — бом-бом!..


∗     ∗

Пад імі, што тут панавалі,
Пад імі, што верх узялі,
Што ў пекнай, асьвечанай залі
Віншуюць свае мазалі.
Ўсё крыюць спрадвеку сузор‘і:
І могілак цьмяныя ўзгор‘і,
І наспы на белай ральлі.


∗     ∗

Гарэце, сузор‘і, гарэце
У гэты таемнасьці час!
Аб лепшым аб чымсь варажэце,
Каб злучнасьці вугаль ня згас!
Каб бубны аб вольнасьці білі,
Каб сьцягі трымалі, насілі,
Каб людзі цягнулісь да вас!

6. Зварочаньне

Зноў на коні, зноў на сані!
Ў грудзі белыя сьнягоў!
Паздарова, вёска-пані,
Разьвіталіся: боў-боў!

Вонках хаткі і сялібы,
Збудаваныя наноў;
Дахі вышай, болей шыбаў, —
Дар сваіх кіраўнікоў.

Цераз белыя паляны
Зараз ўедзем ў хвойны бор.
Як на сьвята ён прыбраны,
Сонца з сьнегам тчэ узор.

Ў дарагіх княжацкіх шатах
Елкі важныя стаяць.
Іх выгляд якісь калматы,
Сном зімовым яны сьпяць.

Лес прыбраны, усыплёны,
Закаханы у зіму,
Сьнегам, цішай паланёны, —
Змаляваць цябе — каму!?

Ехаць, ехаць так бясконца,
Слухаць кволыя званы,
Праз чароўныя ваконцы
Бачыць казку, як яны.

Лес глыбокі, лес спрадвечны,
Ты чаму кароткі стаў?
Казка сьнегу, сон баечны,
Што так хутка ты прапаў?

Горад, крамы. Людзі, людзі, —
Фабрык, гандалю сыны…
Ўжо ня поле, — ціснуць грудзі
Вулак гулкія званы…

8-II—1922 г.

◆ ◆ ◆