Покліч (Дварчанін)
Покліч Аўтар: Ігнат Дварчанін Крыніца: Вольная Беларусь, 1917. - №28 - с.3 |
Каля нас бушуе мора,
Хвалі хлешчуць цераз край:
Разам усё заварушылась
I крычыць: маё мне дай!
Украіна стала вольнай.
Кажа фін: я аддзялюсь,
Мне не трэба больш апекі,
Я й без руса абайдусь.
Польшч даўно ўжо адлучылась.
Адхіснулася, ўцякла,
Ўспамінаючы пра тое,
Пад Масквою як жыла.
Латышы, літоўцы, эсты,
Як бы там ні мала іх,
А і тыя закрычалі:
«Будзем жыць мы без чужых».
Але мора так бушуе,
Так хвалюецца, шуміць,
А нас быццам не чапае;
Ўсё маўчыць, і ціш стаіць.
Беларусь наша святая
Чагось думае, маўчыць,
Нібы спіць сабе ці дбае,
I не просіць, не крычыць.
Ты маўчыш, мая старонка,
Чаму ж так? Скажы ты мне,
Чаго жджэш? Здаецца, сонца
Засвяціла у акне.
Ці ў цябе няма раднога
Або прошласці няма,
Што не хочаш ты нічога,
Мая родна старана?
Не, дасюль цябе, здаецца,
Не пакрыўдзіў Бог саўсім:
Ёсць свая культура, мова, —
Пахваліцца ёсць нам чым!
Але, будучы ва ўціску
У сваіх братоў радных,
Ты сваё усё забыла,
Стала наймітам у іх.
I цяпер, як рух падняўся,
Як стаяць ўсе на сваём,
Ты адна ўсё спіш, старонка,
Летаргічным моцным сном.
Дык прасніся, мая маці,
Паглядзі каля сябе, —
Зноў цябе пакрыўдзяць людзі,
Зноў пакінуць у бядзе.
Загукай усім ты моцна,
Што жывеш на свеце ты,
Што й табе прыйшла свабода,
Што не хочаш крыўды ты.
Пад свой сцяг чырвона-белы
Пасклікай усіх сыноў,
Параскіданых па свеце,
Каб вярталіся дамоў.
Мае сябры-беларусы,
Адгукніцеся, браткі:
На пазоў сваёй матулі
Сабірайцеся ў гурткі!
Пад яе сышоўшысь сцягам,
Будзем з горам ваяваць,
Будзем дома працаваці,
Сваю хату будаваць!