Полацкая сьв. Сафія

За што нішчылі Лесаўчыкоў? Полацкая сьв. Сафія
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 52
Нашая костка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Полацкая сьв. Сафія. Старэйшай і галоўнай сьвятыняй у крыўска-полацкай дзяржаве была сьвятая Сафія ў полацкім Верхнім Замку, ці як даўней называлі Крамлю, яна была азнакай, сымвалам, свабоды і самаістасьці Полацка, каля яе групавалася ня толькі рэлігійнае жыцьцё крыўскага народу, але і жыцьцё нацыянальна-дзяржаўняе. Пры ей вісеў вечавы звон і акружаў яе абшырны „дзяцінец“, дзе адбываліся народныя вечы, ці як выражаецца грамата В. Кн. Казіміра „дзе здаўна сымаваліся палачане“. Акром гэтага св. Сафія полацкая стаяла ў найбольш моцнай краёвай крэпасьці з добра забудаванымі сьценамі, кругом аблітымі вадой. На Сафійскім дзяцінцу Крывічы выбіралі сваіх князёў, ў сьв. Сафіі князі прыймалі прысягу і адбывалася тут урочыстасьць вянчаньня князя, дзяржаўна-націянальнымі рэгаліямі: ўскладаньнем на галаву Вяліка-Князеўскай мітры і апаясываньне старасьвецкім мячом. У сьв. Сафіі пераховывалася крыўская летапісь, перапісаная, як кажа гісторыя, св. Ефрасініяй, якая тут к гэтай сьвятыні і пачала сваё затворніцтва. Пад саборам у глыбокіх скляпох клалі на вечны спачын Крывічы сваіх памершых князёў і заслужаных людзей. Нічога дзіўнага, што гэткая агульна-націянальная сьвятыня славілася свам багацьцем, ўнутраннай аздобнасьцю. Пасьля заваяваньня Полацка Іванам Грозным, полацкія цэркві былі маскалямі аграблены, у тым ліку сьв. Сафія, і 300 вазоў сярабра і золата адпраўлена было у Маскву. Пры здабыцьці Полацка у 1563 г камандавалі кн. Курбскі 2 цары казанскія, арміяй 280.000 (у гэтым ліку большасьць было татараў). Пры 80.000 абозных людзей і 200 гармат. Горад быў узяты пасьля двохтыднёвай аблогі: 15 лютага, які дзень доўга абходжан быў як нацыянальная жалоба).

Заснавана сьв. Сафія полацкая ў X сталецьці. Зпачатку была праўдападобна, будавана з дрэва, а пазьней перабудавана з цэглы. У сярэдзіне была ўся пакрыта фрэскамі, часьць якіх адкрылі, пры папраўцы ў 1913 гаду. Ад 1839 году да 1913 сьв. Сафія была зачынена. У 1913 г., пасьля барбарскага рэмонту, назначана філіяльнай царквой, Аграмадны Вялікакнязеўскі Замак, пазьней уніяцкі манастыр, пасьля скасаваньня уніі ў 1839 г., быў спалены. Руіны яго былі яшчэ у і913 г., але расійскі урад прадаў іх на цэглу, якая была вывезена на продаж у Двінск і, галоўна, ў Рыгу.

С.