Полымя (часопіс)/1929/3/Недрукаваныя дарэволюцыйныя творы/На Палесьсі

З песень барацьбы за волю На Палесьсі
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
1929 год
Арыгінальная назва: Z wrażeń poleskiej podróży (1850)
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Полымя. — Сакавік 1929. — №3. — С. 97-98
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Палесьсі (Сыракомля/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПАЛЕСЬСІ

З польскага — Л. Кандратовіча

Сярод багнаў і бораў,
На пясочку на рыжым
Села вёска ў пакоры,
Як убогі пад крыжам.

Шумяць тонкія сосны,
Нуды ў шуме тым многа:
Выгляд вёскі нязносны,
Выглядае убога.

Людзі ў зрэбных сярмягах,
Лапці ногі ім вяжуць,
У ваччу голад, смага.
Б‘е ад іх дым і сажа.

Тарчаць пуняў і хатаў
Ломам сьцены-шкілеты, —
Замест гонтаў на латах —
Лахманы з ачарэтаў.

Гняздо-ж бусел бясьпечна
На страсе пачаў класьці: —
Селянін верыць вечна,
Што яго ў гэтым шчасьце.

Не пляці гэткіх божбаў…
Жывуць буслы пустынна,
Калі-ж слухаць варожбаў, —
Шчаснай ваша краіна.

О, жывем мы шчасьліва!..
Трудна хлеба век меці,
Глядзіць пусткаю ніва,
Пустка ў пуні і клеці.

Думкі скрыты памрокай:
То прасьветласьць, то цьма там;
Уздыхаеш глыбока
Над сабою, над братам.

Нікне з сэрца надзея,
Праўдзе верыць марудзіш…
Надта ж гора дадзене —
На сьвет цэлы забудзеш.

Сьцежкі росіш сьлязою,
Гляне труд без патолі;
Варажба варажбою,
А нядоля нядоляй.

Недзе ў далі палае
Наша сонца-багацьце, —
Бусел стуль вылятае
Бедакоў прывітаці.

Людзі бусла пусьцілі
Чысьціць сьвет з брыды ўсякай,
Дый ці-ж птушынай сіле
Усіх зьнішчыць вужакаў.

Зводзімся забабонам,
Як бяду напаткаем,
Няма долі даўно нам, —
Варажбой намагаем.

Чалавеку бясконца
Шчасьце ў прышласьці сьніцца,
Покі-ж выгляне сонца,
Грызе вочы расіца.

1905 г.