Політычная нясьпеласьць

Політычная нясьпеласьць
Артыкул
Аўтар: Макар Краўцоў
1919
Крыніца: Звон. 1919. №4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі камэдыянт у цырку паказвае сальтоморталі (куляецца ў паветры праз галаву), дык ён усё-ж такі размяркоўвае зрабіць гэта так, каб не зламаць сабе шыю ды не расквасіць чэрап. Але часамі здараецца няшчасьце і адважнаму рызыканту бывае дрэнна. Нават, горш яшчэ: небарака, разсадзіушы лоб, накладае галавою, а сытая публіка нат’ і не зжахнецца, бачучы няшчасны труп яго сярод арэны.

Нешта, крыху падобнае, сталася ў нашым Горадне з ахвотнікамі да політычных сальтоморталяў.

Адна з політычных групіровак, выдаючы ў Горадне беларускую газэту „Родны Край”, зьмясьціла ў ёй артыкул, які праўдзівей было б назваць бунтарскаю адозваю, размяркаванаю на пэўны політычны шумок ды толькі таго. Але выйшла куды горш, як думалі сабе палітычныя (барані Бог, ня цыркавыя) камэдыянты. Улада, прыкрыўшы газэту, прыкрыла разам з тым і ўсю работу з'арганізованых у Горадне беларусаў. Нас дзівіць гэта юнацкая рызыка маладых беларускіх дзеячоў, здольных, як відаць, пісаці даволі страшные адозвы, не раскумякаўшы як трэба, якія з гэтага могуць быць рэзультаты.

Дык вось і маем сабе. Гарадзен! наш сівы, стары, як сама гісторыя славян, векавечны Горадзен застаўся немым, бяз духу і голасу нашага, праз нетактоўнасьць аднаго-двох маладых хлапцоў.

Але чаму ж гэта так? Чаму за імпэт двох юнакаў павінны адказ трымаці ўсе нашые арганізацыі Горадзеншчыны. Чаму яны змушаны спыніці працу ды маўчаць? Дык жа ж ніхто ніколі ня спыняе работы толькі праз тое, што скруціў сабе шыю адважны сальтоморталісты?

Разгледзіўшыся, і тут ня знойдзем занадта вялікага дзіва. Газэту падпісваў „рэдакцыйны колектыу”, адказнага рэдактара, як бачым, ня было й пры гэткім палажэнні, прыводзячы на шпальтах газэты свае вузка-партыйные, ортодоксальна-бунтарскіе тэндэнцыі, нашые „артысты" з „Раднаго Краю” добра не размяркавалі і сальтоморталь не ўдалася. Але якое мелі право яны выклікаць рэпрэсіі на цэлы беларускі рух у Горадне за гэту іх групавую рызыкоўнасьць і дарэмны енк. Істэрыка аднэй палітычнай групіроўкі пад маскаю „рэдакцыйнага колектыву", натуральна, выклікала рэпрэсіі на ўвесь беларускі Гарадзен. Дадалося і “колектыву" і карэктару, дасталося і дзе-каму іншаму, хто можа й ніякаго дачыненьня да спрытнага „колектыву" ня меў.

Не, — дарагіе сябрэ! Рэзультаты гэта дрэнные. Найгоршы рэзультат, што Горадзен зьнямеў, ён змушаны маўчаць. І жарты гэта дрэнныя. Калі вы маеце адвагу і ахвоту да сальтоморталяў у палітыцы, дык рабеце іх, калі ласка, ад свайго натуральнага імя, за свой ўласны страх і рызыку, майце грамадзянскую адвагу і політычны такт рызыкаваць толькі працаю свае партыі і яе імем, а ўсяго беларускага руху пад рэпрэсіі не падстаўляйце. Бо рух беларускі — гэта не адна якая-нібудзь партыя ці група.

Шануйце наш нацыянальны рух, шануйце яго, будучы гатовымі на ўсе, навет і на самаахвярнасьць, але ня затрымвайце яго юнацкай нетактоўнасьцю.