Поплеч Пушкін і Купала
Поплеч Пушкін і Купала Верш Аўтар: Язэп Пушча 1962 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter274 |
Ранак сонечны, вясновы,
Сонца ўстала, не праспала;
На стале маім пісьмовым —
Поплеч Пушкін і Купала,
Чарадзеі роднай мовы.
Быццам сонца ў небе майскім,
Асвятляюць даль паэты,
Не завянуць песень краскі.
У цудоўны ранак гэты
Я святлом, цяплом сагрэты.
Падбіраю і збіраю
У сваім радзімым краі
Па зярнятку тыя словы,
Што кладуцца у асновы
Не старых, а песень новых.
Маем хлеб і ўсё да хлеба,
Пазбіралі з ніў каменні,
І у скібы пульхнай глебы
Спорна сеецца насенне
І ўзыходзіць ў дзень вясенні.
Прапалю свае пасевы,
Летні дожджык іх аросіць,
І нап'ецца колас спелы.
А як прыйдзе госця-восень,
Ўспомню веснавыя спевы.
27 лістапада 1962 г., Мінск