Поэмы (Бядуля, 1927)/Беларусь

Беларусь
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Чырвона-чорная жалоба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусь (Бядуля, паэма).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларусь

I

Цябе вякі, як мумію, спавілі
Папоўскай цьмой і панскім бізуном.
Сярод жывых ляжала ты ў магіле,
Паміж славян — між каласоў залом.

А над табой жрацы, бы ў ночы совы,
Сьпявалі кант і жудасна раўлі.
Выцьцё званіц глушыла шум дубровы,
Задушак шэпт палохаў шыр ральлі

Касьцёл, царква жар-сонца затулялі,
Туманіў мозг вядзьмарскі забабон.
А зьдзек-груган з высотаў, зьнізу, з даляў
Ірваў твой сьпеў — „мужыцкі“, „хамскі“ стогн.

Страшным судом яго званар палохаў,
А бізуном — агідны пан ліхі.
Ў нядзельны час бядак крахтаў і вохаў —
Грашмі ў царкве замазываў грахі.

Як п‘явак жмут, сасуць твой карк бажніцы,
А гандляроў — як плойма дымных хмар
Радзіны, сьмерць, хаўтуры ці жаніцца —
Два макляры пры гэтым: поп, карчмар.

Застыгла ты, як той вулькан, знадворку,
Ўся пад куцьцёй за душачак дзядоў
Была ты ўся курганам-лысагоркай,
Музэем цьмы пазгубленых гадоў.

А пад старой пад шматвяковай сьвіткай
Кіпела кроў бунтарская ў грудзёх,
Хоць гнулі карк, цягнулі жылы ў ніткі
Зьдзіракі тры: і пан, і цар, і бог.

Прыгоньнік-раб загартаваўся ў полі;
Ўся Беларусь абросла мазалём.
А дзікі лес русаліўся аб долі,
Трывожыў сны падземны буралом.

Вільля, Дзьвіна, Дняпро, лайбовы Нёман
Шапталі сказ, раздольны сьпеў вясны;
Паміж лясоў, лугоў бурлілі гоман,
Аб вольных днёх наш лірнік бачыў сны.

Ён бачыў сны: гэрой радзіўся з зораў,
Пайшоў у бой за гарапашны люд;
Там булавой сталёвай на прасторы
Гадзюку біў, чыніў за цудам цуд.

І вырас мост на дзесяць вёрст мядзяны,
На ім дубы-разбойнікі стаяць —
Паднялі крык, страхоцьце на палянах,
Асілка рве, калечыць злая раць.

З аблоку ўніз мільгнула палатнішча —
То казак цар — чароўны самалёт.
На ім пястун народны на ігрышча
Да сонца ўвысь узносіў горны ўзьлёт.

Імчыць стралой, а хтосьці ў лузе грае;
Жаўронка сьпеў ці трэлі хтось пляце, —
То пастушок дзьме ў дудку каля гаю,
Концэрт дае авечай грамадзе.

Падобен ён Атэнскаму Амуру,
Што выдлубаў на мармуры разьбяр;
А сьпеў яго — і смутны і пануры:
Якраз-бы наш нядаўных дзён пясьняр.

Як наш пясьняр з эпохі адраджэньня,
Якога кат цанзурны цікаваў
Між абцугоў было яго імкненьне —
Ён горкі лёс сьлязьліва апяваў.

З нямой тугі, з глухой недагаворкі
Гусьлярскіх струн будзіўся наш ратай.
У ночны час поэт глядзеў на зорку,
Вучыў любіць ён вукрадкам свой край.

Вяла ігру благая доля з намі,
Як варажбіт калодай старых карт.
Аднак народ пяўца свайго уцяміў:
„Тутэйшы“ люд здабыў патрэбны гарт.

II

Праз грукат-хрып сусьветнай дзікай бойні,
Праз груды цел, праз алавяны стогн,
Праз пустыры разрытых родных гоняў,
Праз мора сьлёз, праз царскі, трухлы трон,

Праз дым, пажар магнацкіх гнёзд прынадных,
Праз крык, праз гнеў і праз бясьсільля злосьць
Паноў, мяшчан пры Кераншчыне здраднай
Да нас Акцябр прымчаў — чаканы госьць!

Бы Сьвятагор славутны з казкі сівай,
Ён родны край ператварыў у дзіўны
Свабоды гымн запеў на рабскай ніве,
Ён прышлы час бы казку спарадзіў.

Як гэні зор, Акцябр зірнуў у сенцы —
Пакіраваў свой бег усьцяж назад.
Эўропа — стук панамі у вакенца:
Ты адчыні ім браму, хоць ня рад

У першы раз — Вільгэльм тут еў сьняданьне,
У раз другі — Пілсудзкі зводзіў звод
Буржуй быў рад: „Пануй-жа тут, мой пане“ —
І піў да дна свой келіх наш народ.

Сярмяжны гнеў як бухнуў буйнай бурай —
Пачалі мсьціць дзяцюк і стары дзед.
Магнат дрыжыць, трасецца яго скура:
Шмат вілаў, кос забразгалі ў багнет.

Паўстанчы край і вечарам і ўранку
Глядзеў на сьмерць, на груды цел, на кроў,
Зрываў з паноў арлістую „пазнанку“
І спраўдзіў сказ — паданьне гусьляроў.

Таіў наш бор сьпяваньне партызанаў,
Таіў кляцьбу — прысягу пры агнях.
Бор знае моц савецкіх атаманаў, —
У зброі ўсе ды з лірай у руках.

І зноў Акцябр зазьяў, сакол магутны:
Зазвалі к нам чырвоныя з Масквы
Яны былі галодны, неабуты,
Яны былі адважны, нібы львы

Акцябр у нас наводзіць лад у хаце —
Працоўных друг і рупны гаспадар.
Пануе ўсюль асьвета, творчасьць, праца,
Макцьветны сьцяг шатром абняў абшар.

Іржу вякоў скрабе Акцябр чырвоны,
Зрывае з воч халопскую луску.
Штыхом, мячом запісаны законы,
З якіх карысьць на вёсцы белаку.

Замест каляд, Акцябр адзначыў эру:
Сусьветны Май — наш пролетарскі фэст,
Замест „сьвятой“ часоў паганскіх веры —
Здабылі мы Комуны маніфэст.

Брыдзе, імчыць ад вёскі і да вёскі,
Брыдзе ў палёх, далінах, пустырох;
Грымяць усюль адгукі-адгалоскі,
Шуміць-гудзіць па местах-гарадох.

Нябесны „цуд“ ён рупна комсамоліць,
Трасе царквой, здымае „божы“ звон.
А словы — гром, а словы — гучны молат.
Юнак-прарок бязбожніцтва — то ён.

Знаходзіць цуд працоўны у навуцы,
У радыё — ўсе фокусы багоў.
І на‘т дзяды у храм навукі рвуцца,
І пастухі — сыны лясоў, лугоў.

Наш край цяпер чытае рупна кнігу,
Варожаць слух казаньні лектароў;
Гарбар, шавец і гарапашнік з нівы,
Жанчыны ўсе бяруцца за пяро.

Царкву, касьцёл, мэчэт і сінагогу,
Дзе фальш лунаў у храмах блуду, цьмы,
Народ бярэ назад ў ідола-бога —
Пад школу, клюб „нябёсныя дамы“!

III

А Беларусь бязбожніцаю стала,
Цьвіце, расьце партыйкай маладой,
Глядзіць у даль — ў Эўропу капітала,
Трасе сярпом і молатам з гразьбой

На ёй блішчаць і літары і кропкі
Ў агні сьцягоў савецкіх устаноў.
Рабочы там і селянін у атопках
Вартуюць край ад дзікіх грызуноў.

О, шчасьця шмат над быўшай лысагоркай, —
Тут быўшы „хлоп“ знайшоў сябе цяпер.
Варожыць цьвет пяцікантовай зоркі,
Абліт красой узор С. С. С. Р.

О, колькі ў тых у літарах значэньня!
За іх сыноў шмат лепшых палягло.
Тут не адно людзкое пакаленьне
Сваіх байцоў за волю аддало.

Няхай наш сьцяг спрабуе зьдзерці з месца
Ганебны пан, сусьветны капітал:
Тады мы ўсе — чырвоныя армейцы!
Тады мы ўсе — чырвоны, страшны шквал!

А Беларусь зрабілась будаўніцай,
Куе свой лёс, будуе новы быт.
Усюль кіпіць магутная крыніца,
Ніводны кут у краі не забыт.

Куе ў адно і гарады і сёлы,
Ў адзін саюз, у творчы, моцны чын.
Працоўны люд сьпявае гімн вясёлы,
І мазалю тут лішне супачын.

Наш селянін у пух пратворыць глебу
Імпэтам сіл спрунжынавых канёў;
Акрыліць край і заваюе неба
Шматкрыльны ўзьлёт сталёвых жураўлёў.

Сьмялей, Заход! Ня плачце, нашы землі,
Пад каршуном ачумленых паноў!
У хуткі час мы пад чырвоным вэльмам
Разлучны край у цэлы злучым зноў!

15-V-23 г.
Менск