Чырвоны каляндар Голад
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Ў Ясных Крушнях
Іншыя публікацыі гэтага твора: Голад (Бядуля, паэма).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Голад

I

Мяцеліца выла.
Апранута ў белую сьвітку
Сьцюдзёнай зімы
Дзіка-жуткаю ведзьмай

Мяцеліца ймчалась па сівай пустэчы.
І брызгі ільдзяныя мглы срыбна-мутнай
Сявалісь вакола з застыўшых яе
Страшных бельмаў.

Мяцеліца ў правай руцэ
Адзічэлы трымала Мароз,
У левай руцэ шчытна Сівер
Хаваўся.

Мароз выглядаў расамахай
З агнёва-сапфірным узрокам.
Ён шэраньню сыпаў
І ляскаў клыкамі.

А Сівер меў выгляд
Жывой цёмна-сівай арліхі,
Ён дзюбам сталёвым вастрыў
Спрунжыновыя кіпці.

Ў заўлоньні Мяцеліца
Голад туліла:
То клык быў пажоўклы,
Гнілы.

І клык гэты рос,
Падымаўся у рог у аленьні.
А з рога ён вырас у дрэва,

Якое стаяла між небам
З зямлёй і труіла паветра.

У высахшай, смаглай губе
Злой Мяцеліцы-ведзьмы
Гнязьдзілася Сьмерць.

Бясколернай параю,
Ценем бязвыглядным
Гойсала Сьмерць.

Хто дыхаў паветрам,
Атручаным Сьмерцю, —
Адразу канаў.

Над бялявымі гурбамі сьнегу
Мяцеліца-ведзьма насілась
На Жудасьці скрыдлах.

А жудасьць падобна была
Да комэты-мяцёлкі
З мядзянымі дошкамі-скрыдламі.

Гулка зьвінелі і дзынкалі скрыдлы,
Як бляха, сарваная ветрам
З высокага даху.

Шырокім шкляным абрусом
Над ведзьмай плыла
Ашалеласьць.

Стаяла між небам з зямлёй
Ашалеласьці злой сьветазмрочнасьць.

І спала ў заховах жар-сонца
Паўднёваю гадзінай.
І спаў у заховах жар-месяц
А поўначы сумнай.

II

Мяцеліца выла.
І ціха-галоснае водгульле
Дзікага стогну
Буйным градам бражджала
Аб сьцены нямыя
Дрымотных абветраных даляў.

Насілася ведзьма-Мяцеліца,
Зблутала неба з зямлёй
У вадзін дзенна-ночны адсьвет.
І збаўтаным вялікім яйцом
Увесь сьвет выглядаў.

А сьнег,
Як пякельная манна,
Як шрот сьлепа-белы,
Сяваўся з высотаў імглістых
На шэрыя хаты,
На смутна-самотныя весі.

Вялізны, нябачны павук
Гэта ткаў мякка пругкія коўдры.
Вялізны, няведамы цмок
Гэта комамі сьнегу пляваўся.

III

І Сьцюжа, і Голад, і Жудасьць,
Ашалеласьць і Сьмерць
Маячылі ў хатах
І ладзілі пір па ўсіх весях.

Сьцюжа людзей маразіла,
Кідала дрыготы на грудзі
І комкала бедных
У лёду кавалкі,
Чаруючы вочы дрымой
Забыцьця і кананьня.

А голад смактаў у людзей
Сок жыцьця.
У дрынголі сушыў іх
І зубы галодных малоў жарствякамі;
Ім рукі і ногі круціў
У сукі старай вольхі,
Ён гладзіў і песьціў пухліну
На тварах счарнеўшых
І сьцёбаў па карках і жэбрах
Драцянкамі пошасьцяў-мораў.

А жудасьць людзей выганяла
З жалобных гасподауоханс
Жаль-літасьць труціла
У бацькоў да дзяцей,
У дзяцей да бацькоў, —
На дзікіх і лютых зьвяроў
Жудасьць людзей парабіла.

Ашалеласьць кадзіліла
Ў вочы людзкія
Жывіцай-смалой няпрытому.
На жоўтым пэргаміне твараў
Вочы расьлі, нібы макавы цьвет,
Нібы порхаўкі, лезьлі з-пад лобу,
І пучылісь страшна,
І дзіўна блішчалі.
У зрэнках сьвяціліся:
Роспач, жалоба, страхоцьце,
Воўчая смага, сабакі пакора
І тупасьць гаўяды.

IV

Грамады галодных людзей
Даядалі астаткі збажыны
У зьмешку з карой.
Елі дохлых жывёлін,
Сабакаў і коняй.
Як сьліўні пад пнямі,
Качалісь па голай зямлі
І чвакалі гліну,
І грызьлі адзін аднаго,
І рэзалі дзетак,
І мяса худое глыталі.

Сьмерць крокамі ціхімі
Йшла-вандравала
Па трупах па голых,
Якія ляжалі па хатах,
Па шляхах-пуцінах,
Як крушні на полі.
А рук не хапіла хаваці
І ладзіць хаўтуры.

А мала хто сам дабіраўся
Да брацкай магілы,
Каб легчы у шэраг, —
У чэравах воўчых
Знаходзілі могліцу трупы;
І мёртвыя вочы
Прысмакам былі груганішчам.

І княжыла Ціш па сялібах,
Бо жменькі малыя
Істотаў людзкіх засталіся:
На пальцах дзіцё пералічыць.
Пляліся так дні павуцінай
Адвечнага часу.
Ішоў маладзік пуцявінай
Бясхібнай па небе,
А ветах сьляды замятаў.

V

А часам здалёку,
Як быццам з чужой,
Шчасьлівейшай плянэты,
Па карку мярцьвяцкага поля
Імчаўся вужака-цягнік.
Па чыгунных уцотных
Чарнопісах-рэйках
Наперад свой шлях доўга-цяжкі
Вужака-цягнік пракладаў.

Рыгаў пры гэтым
Іскравістым сопатам-дымам,
Пляваўся агнёвымі птухамі,
Кашляў, як хворы,
Хрыпеў, як сухотнік,
Іржаў жарабцом буйна-палкім
І выў, нібы воўк на Каляды.

У вужакі ў кішках, —
У каморах драўляных, —
Ад нізу да верху ляжалі
Голыя трупы;
Ляжалі, як бітыя качкі
Пасьля паляваньня.
І розныя колеры мелі яны:
Чырвоныя, жоўтыя, сінія,
Чорныя, белыя, ў плямах.

І рухі застыглі,
Спляліся ў круць-верці:
Смага іх комкала,
Гнула, хіліла
Ў лазовыя віткі,
Ў спрунжыны з касьцістага мяса.

VI

А часам здалёку,
Як быццам з чужой,
Болей жуткай пусьцечы,
Як Сьмерці пустыр,
Зьвера-людзі сюды пранікалі.
Чырванелі іх сытыя морды,
Круглелі і масьлілісь.
Ком сала моршчыў іх каркі,
Іх тулавы пучылісь гідка,
Як тукам набітыя бочкі.

І дзіва:
У сыта-ўздаволеных зрэнках
Голад вугліўся.
Ня голад бясхлеб‘я смактаў
Зьвера-людаў, —
Смага па мёртваму золаце, —
Голад багацьця.

Чым болей гарусьцілі золата, —
Тым болей буяла іх смага.

У тыглях-гаршкох,
На вуглёвым сінь-полымі
Кіпела баўтуха
З крыві, горкіх сьлёз
І гарачага поту:
Золата.
Як блудніцы, гульні-піры
Зьвера-людзі на трупах
Людзкіх рыхтавалі.

Бо ў золаце ёсьць
Сіла-моц,
Дух шчасьця,
Гонар зямлі,
Ўсяго сьвету.

Прад золатам заўжды
Цар гнуў калені з пакорай,
Князь ногі рабу цалаваў,
А мудрэц-патрыярха
Пасмай сівых валасоў
Лужыны чысьціў.

VII

А сіла-моц золата
Заўжды аплецена фальшам;
Дух-шчасьце такога мэталу
Прыдушаны поясам хлусу.

Бо трупы зямлю аглушылі надоўга,
Бо саха абівае бакі
У сарочцы іржы,
Ня кусае клыкамі жалезнымі
Чорных грудзей
Пладатворчай карміцелькі —
Глебы.

Бо сад гарапашных ратаяў
Высеклі чыста, дашчэнту.

VIII

І вось зьвера-людзі
Кідалі золата ў лужы,
Шапочучы, стогнучы:
— Хлеба!
І вось зьвера-людзі
Грызьці пачыналі дыямэнт,
Равелі і войкалі:
— Хлеба!

І вось зьвера-людзі,
Бы ў восені мухі, каналі
І вылі на золаце:
— Хлеба!

І вось зьвера-людзі,
Як дохлыя псы на гнаішчы,
Гнілі на пасьцілках
У золаце, у шоўку, у ядвабах. —
Голад і золата сьсілі.

IX

І сонца зірнула
Спаміж шэрага стада аблокаў
Чырвоным, праменістым
Сэрцам нябёсаў.
Зірнула з гары на пусьцечу
Й нанова схавалась.

І смутак і цішы луналі
Над мёртвым абшарам.

І хтосьці агнёвай рукой
На паргаміне неба пісаў;

«Чаму вы пакінулі ніву,
Сяляне-ратаі?
Чаму вы насыцілі мясам
Пяскі і балоты?

Чаму вы паілі крывёю
Даліны нямыя?

Жар-сонейка ўстане і гляне, —
А вас тут ня будзе;

Жар-сонейка сядзе і гляне, —
А вас тут ня будзе:

Жар-сонейка ляжа і гляне, —
А вас тут ня будзе;

Так пойдзе сваёй чарадою
За месяцам месяц.

Ой, зьлітуйся, маці-зямля,
Над дзяцьмі — над людзямі!
Ой, зьлітуйся, люд, над зямлёю, —
Над роднаю маткай!»

1922 г.