Праблема сфармаваньня нацыянальнае душы Максіма Багдановіча: Да дваццатых угодкаў сьмерці паэта

Праблема сфармаваньня нацыянальнае душы Максіма Багдановіча: Да дваццатых угодкаў сьмерці паэта
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1937
Крыніца: Калосьсе, 1937. № 4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сярод цэлае чаргі нашых паэтаў і пісьменьнікаў, пераважна сыноў беларускае працоўнае вёскі і болей або меней актыўных барацьбітоў за беларускую справу, якія к мамэнту выступленьня Багдановіча на паэтыцкай ніве мелі ўжо слаўнае імя, ён стаіць неяк асабняком: ён іншы ад іх, да нікога не падобны, ад усіх роўна далёкі. Ён ня мае магутнае сілы, выбуховасьці, дынамізму вершаў Купалы, не дае шырокіх, сакавітых малюнкаў Коласа: Багдановіч ціха пяе свае маленькія, але заўсёды вялікае мастацкае вартасьці кантыленкі, якія сам некалі прыраўнаваў да статуэтак ведамага італьянскага скульптара — Чэліні. І творчасьці яго нельга ставіць у адзін рад з творчасьцяй іншых беларускіх паэтаў: непараўнальнага нельга ні з кім раўнаваць. Аб ім трэба гаварыць, як аб незвычайным у нашай паэзіі фэномэне.

Каб разгадаць Багдановічаву творчасьць, каб зразумець, як мог гэты фэномэн зьявіцца ў беларускім культурным жыцьці, трэба перадусім бліжэй пазнаёміцца з асобай паэта, з тым асяродзьдзем, у якім ён нарадзіўся і вырас, з тымі культурнымі і ідэалягічнымі ўплывамі, якія выраблялі ягоную душу.

Пачнём з нудных звычайна, але неабходных інфармацыяў — зь «біяграфічнага пратаколу» Максіма Багдановіча.

Нарадзіўся Максім Багдановіч у Менску — у 1891 годзе (паводле старога стылю — 27 лістапада) у сям’і вонкава — бо па мове — абмаскоўленага беларускага інтэлігента, выхаджэнца зь беларускае вёскі, Адама Багдановіча. Зусім малым дзіцянём перабраўся з бацькамі ў Горадню, дзе Адам Багдановіч меў працу і жыў ад 1892 да 1896 году. У 1896 годзе памёрла ў Горадні маці Максімава, а хутка пасьля гэтага бацька перабраўся ў Ніжні Ноўгарад і стуль — у Яраслаўль. Максіму ў мамэнт выезду з Бацькаўшчыны было толькі пяць гадоў. Пачатковая навука пачалася ў яго ў Ніжнім Ноўгарадзе дома: вучыў яго бацька. На адзінаццатым годзе хлопчык паступіў у ніжагародзкую гімназію. У 1908 годзе, калі бацька перайшоў на службу ў Яраслаўль, і Максім перавёўся ў яраслаўльскую гімназію — у шостую клясу. Скончыў гімназію ў 1911 годзе. Тады зьезьдзіў на Бацькаўшчыну і бліжэй зышоўся зь беларускімі адраджэнцамі, згуртаванымі пры «Нашай Ніве». У тым жа годзе паступіў у Яраслаўльскі юрыдычны ліцэй, які скончыў у 1916 годзе. Часта хварэў на грудзі, — у яго пачаў разьвівацца тубэркулёз. У кастрычніку 1916 году — ужо падчас вайны — паехаў у Менск, каб тут працаваць дзеля беларускае справы. На жыцьцё зарабляў, працуючы на становішчы сакратара Губэрнскага прадавольственага камітэту. Увесь вольны час аддаваў ідэйнай рабоце. Ад напружанае працы стан ягонага здароўя шмат пагоршыўся. Тубэркулёз шыбка разьвіваўся, і ў лютым 1917 году Максім Багдановіч быў прымушаны выехаць лячыцца ў Крым. Там — у Ялце — адзінокі памёр 25 мая (па старому стылю — 12 мая). Пахаваны на тамтэйшым магільніку.

Як бачым, толькі першыя гады свайго жыцьця — жыцьця йшчэ безумоўна нясьведамага — правёў Максім Багдановіч у Беларусі. Сьведамае жыцьцё пачынаецца ў яго на чужыне. І вось адразу наша мысьль пачынае шукаць адказу на цікаўнае пытаньне: як жа магло стацца, што ён ня толькі захаваў сваю беларускую душу ў чужацкім асяродзьдзі, але якраз там — на чужым грунце — вырас на сьведамага нацыянальна беларуса. Як там — на чужыне — стаўся беларускім паэтам? Чаму, хоць меў такую лёгкую магчымасьць пісаць у чужых мовах, а наўперад — у мове расейскай, якую чуў і навакол, і ў сябе дома, накіраваў свае творчыя сілы да беларушчыны? І — чаму чужая нацыянальная стыхія не захапіла дый не праглынула яго?

На ўсе гэтыя пытаньні «біяграфічны пратакол» адказу, ясна ж, даць ня можа. Дакладчык знайшоў яго ў тых досьледах аб жыцьці паэта, якія ўжо былі апублікаваны, і ў тых успамінах і карэспадэнцыях сучасьнікаў Максіма Багдановіча, якія часткова толькі ведамы шырокаму грамадзянству.

Галоўнымі дзейнікамі, якія вызначылі жыцьцёвы й паэтыцкі шлях Максіма Багдановіча, як сьцьвярджаюць ягоныя біёграфы, былі: спадчыннасьць, дамовая атмасфэра, вонкавае культурнае асяродзьдзе, кнігі, урэшце — беларускі адраджэнскі рух і сьведамая воля паэта. На ўсіх іх неабходна хоць бы коратка затрымацца.

Сям’я Багдановічаў з паходжаньня — беларуская сялянская сям’я. Дзед Максімаў, Юры, быў яшчэ прыгоньнікам — кухарам у двары абшарніка Лапы, у Бабруйшчыне. Гэта быў звычайны чалавек, які, здаецца, не пакінуў сваім патомкам ніякае духовае спадчыны. Затое шмат пакінула ім жонка ягоная, Анэля, якая — паводле слоў Адама Багдановіча — адзначалася вялікімі матэматычнымі здольнасьцямі і была знамянітай апавядальніцай народных казак. Апошнюю здольнасьць яна ў свой чарод атрымала ў спадчыну ад сваей маткі, Рузалі, якая была адначасна і апавядальніцай, і паэткай, і — варажбіткай. Вось скуль плыве зацікаўленьне беларускай народнай творчасьцяй у Адама Багдановіча, першага інтэлігента ў сям’і, даволі ведамага працаўніка на ніве этнаграфіі, які і Максіму прышчапіў гэтае зацікаўленьне. Прышчапіў у значнай меры сьведама — падчас навукі ў хаце, падчас супольных экскурсіяў у вольныя ад працы гадзіны за места — на ўлоньне прыроды, на Волгу. Хаця ў доме Адама Багдановіча панавала ўжо расейская мова, але дух заўсёды быў тамака беларускі. Беларуская песьня, да якое зь вялізарным піэтызмам адносіўся Адам Багдановіч, глыбака ўзварушала і Максіма, чаруючы яго сваім хараством. Ён не здаволіўся тым, што чуў ад бацькі — на словах. Як толькі навучыўся чытаць, дык хапаўся за кніжку зь беларускімі народнымі творамі і зачытваўся гэтымі творамі. Да таго ж беларускія народныя казкі, апавяданьні, легенды, прыказкі Максім ад маленства пазнаваў ня толькі з кніжак ці ў бацькаўскім пераказе: у Ніжнім Ноўгарадзе жылі дзьве замужнія сястры Адама Багдановіча, і ў гэтых сем’ях, хоць вонкава — з гледзішча мовы — абмаскоўленых, гэтаксама быў крэпкі беларускі дух, панавалі беларускія традыцыі. Там была яшчэ адна крыніца, зь якое Максім Багдановіч прагавіта піў народную паэзію. — Гэтак і спадчыннасьць і беларуская атмасфэра, панаваўшая ў найбліжэйшым асяродзьдзі, былі бясспрэчна тэй падставай, на якой магла вырасьці і сапраўды вырасла беларуская сьведамасьць Максіма Багдановіча — на чужыне.

Але ж гэтага самага аказалася замала для ягонага большага брата, Вадзіма, які, захоплены агульнарасейскім культурным жыцьцём і рэвалюцыйным рухам, астаўся далёкім ад нацыянальна беларускіх заінтэрасаваньняў Максіма. У вырастаньні беларускага пачуцьця ў Максіма мусіла адыграць вялікую, а мо і рашаючую ролю псыхічная спадчына па матцы ягонай — Марылі. Адам Багдановіч неаднакротна падчырківае факт, што ў псыхіцы Максіма быў вельмі значны элемэнт «Малевіч» (гэткае было дзявоцкае прозьвішча Марылі Багдановічавай). Маці Максімава была натурай вельмі ўражлівай, зь незвычайна разьвітай жывасьцяй выабражэньня, лёгка пабудлівай, з нахілам да паэзіі (адно яе расейскае апавяданьне было надрукавана ў часапісе «Гродненские Губернские Ведомости» за 1893 год). Большасьць гэтых рысаў матчынае псыхікі зь дзяцей пераняў толькі Максім. І хіба ж дзякуючы ўспадкаванай гэтак асаблівай уражлівасьці сваей так горача прымаў ён да сэрца ўсё, што датычыла далёкае, нязьведанае, казачнае Беларусі. Максім Багдановіч сам некалі апавядаў дакладчыку, што гэтая далёкая і фактычна зусім нязнаная йшчэ Бацькаўшчына неяк дзіўна чаравала яго і вабіла к сабе ад таго часу, як ён пачаў жыць сьведамым жыцьцём: самае імя яе выклікала ў душы паэта дзіўнае ўражаньне, і здавалася яму тады, што вось-вось брызнуць сьлёзы ў яго із вачэй. — Вось чым можам вытлумачыць тую акалічнасьць, што Вадзім і Максім, родныя браты, аднолькава ўзгадаваныя бацькам, узрастаўшыя ў тэй самай духовай атмасфэры, чытаўшыя тыя самыя кніжкі з багатае бацькавае бібліятэкі (у тым ліку беларускія этнаграфічныя зборнікі, беларускія вершы Дуніна-Марцінкевіча і Бурачка і г. д.), аказаліся такімі рознымі і сваімі характарамі, і зацікаўленьнямі, і ўрэшце — ідэалёгіяй. На Максімаву паэтыцкую душу творы незвычайна багатае фантазіі беларускага народу дзеялі шмат мацней, чым на душу брата ягонага: струны душы паэта гучалі заўсёды ў унісон з струнамі душ тварцоў беларускіх народных казак, легенд, песьняў.

Максім рана пачаў рабіць спробы пісаньня па-беларуску. Спробы гэныя былі беспасрэдным вынікам таго знаёмства зь беларушчынай, аб якім гутарылі вышэй. У 1906 годзе адна сваячка Максімава выпісала для яго «Нашу Долю» і пасьля «Нашу Ніву». І вось з гэнага мамэнту паэта, які дагэтуль ішоў сваім беларускім шляхам толькі вобмацкам, ня маючы перад сабой ніякіх выразна сфармулаваных нацыянальных ідэалаў, зьліваецца зь беларускім адраджэнскім рухам, стаецца сьведамай часткай яго, крысталізуе свой нацыянальны ідэал і вызначае сабе свой жыцьцёвы шлях ужо зусім сьведама.

Бясспрэчна, што на афармленьне беларускае ідэалёгіі Максіма Багдановіча ўплывала ня толькі сямейная атмасфэра і пагляды й настроі бацькі ягонага, ня толькі беларускія кніжкі, а пазьней — беларуская адраджэнская прэса: вялікую ролю тутака адыгралі і тыя жывыя людзі з вонкавага сьвету, якія ў Яраслаўлі падтрымлівалі зацікаўленьне паэта беларушчынай, ды той высокі культурны ровень наагул, на які ўзьняўся Максім Багдановіч дзякуючы свайму прагавітаму імкненьню да веды. Спасярод жывых людзей вельмі дадатна ўплывалі на паэта перадусім тыя перадавыя прадстаўнікі расейскае інтэлігенцыі, якія дзякуючы сваей дэмакратычнай ідэалёгіі здолелі зразумець яго і з пашанай ды спачуваньнем аднясьліся да захапленьня ягонага беларушчынай. З другога боку — тыя прыпадкова аселыя на чужыне беларусы, у значнай меры ўтраціўшыя свой вонкавы нацыянальны воблік, але захаваўшыя сваю беларускую душу. Гэткімі былі: малады выкладчык гісторыі ў Ніжнім Ноўгарадзе, Кабанаў, зь якім Максім Багдановіч захаваў сувязь і пасьля пераезду ў Яраслаўль, перапісваючыся зь ім; і выкладчык літаратуры ў Яраслаўлі, Белавусаў, «типичный гуманист» (як яго характарызуе Адам Багдановіч). У шырокім кругазоры абодвух беларускае пытаньне знаходзіла для сябе адпаведнае месца, але заўсёды ў сувязі з праблемамі шырэйшага, агульналюдзкага, сусьветнага значэньня. І гэты ўплыў, пэўне ж, адыграў немалую ролю ў пастаўленьні і Максімам беларускае справы на шырокім грунце агульналюдзкім.

Дзеля апошняга галоўнай падставай паслужыла, пэўне ж, уся сыстэма ўзгадаваньня дзяцей Адамам Багдановічам. Як чалавек высокакультурны, Адам Багдановіч стараўся даваць сваім дзецям усё тое найлепшае, што знаходзіў у сусьветнай літаратуры. Гэтай мэце служыла і ягоная багатая прыватная бібліятэка, аб каторай Максім у гутарцы з адным сваім прыяцелем неяк сказаў:

«Мяне ўзгадоўваў бацька. Я вам неяк паказваў ягоную бібліятэку. У ёй ёсьць усё істотнае, што калі-небудзь зьяўлялася ў літаратуры ўсяго сьвету. Бацька пачынаў з таго, з чаго пачынае кожны народ у сваей творчасьці: з эпасу. Мы ўжо дзяцьмі ведалі «Рустэма й Зораба», «Іліяду», «Калевалу», быліны і г. д. Пасьля мы прыступілі да лірыкі і драмы. Ведама, галоўная ўвага зварачалася на славянскія літаратуры...»

Максіма Багдановіча захапляла кніжка, — як навуковая, так і з галіны літаратуры. Ён у меру сваіх сіл і магчымасьцяў знаёміўся з усімі галінамі веды чалавечае: гісторыяй і тэорыяй літаратуры, агульнай гісторыяй, этнаграфіяй (перадусім славянскіх народаў), філязофіяй, прыродазнаўствам, сацыяльнымі навукамі. Ён імкнўўся прысвоіць сабе чым больш мастацкіх твораў чалавечага генія — і то прысвоіць не ў перакладах на нейкую чужую мову, а ў арыгіналах. Дык рабіў вялізарныя высілкі, каб аўладаць чужымі мовамі. Чытаў у арыгіналах грэцкіх і лацінскіх клясыкаў, нямецкіх, францускіх і італьянскіх паэтаў. Знамяніта ведаў расейскую мову й літаратуру; па-ўкраінску і чытаў, і даволі добра пісаў; навучыўся польскае мовы; чытаў па-чэску і па-сэрбску. І вось — пры такім шырокім ахопе сусьветнае літаратуры — захапленьне беларускай народнай творчасьцяй, а пасьля беларускай адраджэнскай ідэяй ня толькі ў яго не слабела, а, наадварот, усьцяж крапчэла. Чым больш красы пазнаваў ён у чужых літаратурах, тым больш бачыў яе і ў сваей роднай. І сам захацеў стацца тварцом гэтае красы — у беларускай мове. Максім Багдановіч рана задаўся мэтай гэтак вывучыць беларускую мову, каб мець магчымасьць зусім свабодна пісаць па-беларуску. Здаволіць патрэбу пісаньня паэтыцкіх твораў мог бы лёгка ў расейскай мове (дый добрую жменю вершаў па-расейску напісаў!); але паэт, паводле слоў ягонага бацькі, гэты лёгкі чужы шлях адкінуў і выбраў больш цяжкі шлях — родны. Усе перашкоды, усе труднасьці на сваей дарозе Максім Багдановіч перамог. Перамог — дзякуючы сіле сваей волі, аб якой блізкія да яго людзі апавядаюць цікаўныя рэчы. Гэтак, паводле слоў Аркадзя Смоліча, Максім Багдановіч, прыехаўшы ў 1916 годзе ў Менск, не хацеў піць гарбаты з цукрам. Ніякія просьбы гасьцінных людзей не маглі нічога тутака дапяць. Паэт казаў проста, што ня хоча цукру, і ўсё. Але Смолічу расказаў запраўдную прычыну: даведаўшыся, што беларускія сялянскія дзеці зусім не дастаюць цукру, ён пастанавіў гэтаксама яго не ўжываць, бо яму сорамна было ў такіх варунках піць салодкую гарбату. І свайго зароку ніколі не нарушаў.

Перамагаючы труднасьці языка, Максім Багдановіч тварыў у беларускай мове паэзію, вартасьць каторае выяўлялася не выключна ў красе вонкавых форм: ён пашыраў круг тэмаў яе, даваў у мастацкай форме думкі, вартасныя і незалежна ад хараства формы. Апошняе — вынік не тэндэнцыі, а рэзультат яго ўласнага духовага багацьця, яго ўласнае высокае духовае культуры. Сваім духовым багацьцем дзяліўся ён з сваім народам і ў гэтым бачыў галоўнае заданьне свайго жыцьця.

У дзіцячыя гады Максім Багдановіч, паводле слоў бацькі ягонага, быў хлопчык вельмі рухавы, жывы. Пазьней, — у меру разьвіцьця ягонага духовага жыцьця, — гэная жывасьць усё больш чэзла. М. Б. пачынае зачыняцца ў сабе, думаць і тварыць на самоце. Гэткім пазнаў і дакладчык нашага паэта. Гэта, аднак, ня значыць, што ён перастаў цікавіцца шырокім грамадзкім жыцьцём. Наадварот: ён далёкі ад «лермантаўшчыны», да якое адносіцца вельмі крытычна, і жыве заўсёды інтарэсамі грамадзянства — і тамтэйшага, на чужыне, і свайго беларускага — на Бацькаўшчыне. Але служыць хоча толькі апошняму.

Дзеля зразуменьня творчасьці Багдановіча неабходна затрымацца крыху і на яго інтымных перажываньнях.

Як ужо ведаем зь «біяграфічнага пратаколу», Максім Багдановіч — у меру свайго фізычнага дасьпяваньня — пачынае ўсё часьцей хварэць. Гэта — зачаткі страшнае хваробы, запраўднага біча чалавецтва — тубэркулёзу. Яго лечаць, стараюцца падмацаваць ягоны арганізм. На нейкі час здаецца, што хвароба прыпынілася. Але ў студэнцкія гады Багдановіч залішне напружвае свае сілы, і арганізм ягоны губляе адпорнасьць на хваробу. Паэт адчувае гэта і мае поўную сьведамасьць таго, што яму пагражае хуткая сьмерць. «Я бальны бесскрыдлаты паэт», — гаворыць ён у адным із сваіх раньніх вершаў, — «мая песьня ўжо сьпета». Гэта мусіць выклікаць у душы ягонай сум, маркотнасьць, якімі ў некаторыя мамэнты ахварбуецца і ягоная паэзія. Але ні хвароба, ні пэрспэктыва хуткае сьмерці ня могуць забіць у ім таго, што неадлучна ад моладасьці: жаданьня кахаць. І ён кахае. Біёграфы яго адзначаюць некалькі гэткіх глыбейшых перажываньняў, хоць далёка не заўсёды прадмет каханьня быў выбраны ўдачна. Затое заўсёды каханьне яго было незвычайна чыстае, як быццам сьвятарнае. Зь вялізарнай пашанай адносіўся ён да жанчыны — маткі, — у раджэньні дзіцяці бачыў найважнейшае яе заданьне. Апошнія гады перад сьмерцяй летуцеў аб тым, каб мець сваё дзіця. Але летуценьні яго ў гэтым кірунку асталіся бясплоднымі.

— Ня буду, — закончыў першую частку рэфэрату А. Навіна, — даўжэй затрымлівацца над гэтак званым менскім пэрыядам жыцьця Максіма Багдановіча — над тым апошнім годам жыцьця паэта, калі ён, скончыўшы ліцэй, прыехаў у Менск, каб тутака працаваць дзеля беларускае справы. Разгляд грамадзкае дзеяльнасьці М. Б. прымусіў бы мяне адхіліцца ад майго шляху, і я тут адно толькі адзначу, што грамадзкая праца М. Б. у Менску была шырокая і разнастайная ды што іменна яна скараціла жыцьцё паэта. Бо ж трэба прыпомніць, што гэны час — канец 1916 і пачатак 1917 гг. — быў час пераломны, час, калі валілася старая царская ўлада ў Расеі і перад беларусамі паўставалі вялікія магчымасьці. Гэта быў час, калі сярод беларускіх народных масаў пачынаўся магутны ўздым, калі радзіўся вялізарны энтузіязм на грунце сьведамасьці, што справа беларуская выплывае ўрэшце на шырокія воды, што старыя сны-летуценьні першых адраджэнцаў мусяць урэшце збыцца. На гэтым грунце вырас, пэўне ж, энтузіязм і ў Максіма Багдановіча, які астачу сваіх жыцьцёвых сілаў паклаў гэтак ахвярна на аўтар беларускае ідэі. —

Вось у якіх варунках кшталтавалася душа Максіма Багдановіча. Вось па якім шляху ішло разьвіцьцё ягонае беларускае ідэалёгіі. Вось як вырас зь яго — беларускі паэт.