Права на зброю (1933)/Дарогаю да чырвонай сталіцы

Дарогаю да чырвонай сталіцы
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
За тысячы новых тваіх Асінбудаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАРОГАЮ
ДА, ЧЫРВОНАЙ СТАЛІЦЫ


Мы едзем
і хлопцы сьпяваюць:

Белая армія,
чорны барон
зноўку рыхтуюць нам
царскі трон“, —

над полем грыміць
і сьвітае.

Цытрынныя зоры
упалі ў ваду
і там паміраюць
адна за аднэю.
гэта, таварышы,
ўсё на віду,
у нашых пачуцьцях,
што днеюць.

Трэба да ўсяго
падыходзіць цьвяроза:
да сіняй ночы,
да яе вышыні,
трэба ісьці,
ня губляючы розум,
каб зьзялі поэмай
высокія дні.

Стаіць сэмафор
з зялёнай ухмылкаю:
адчынены шлях —
крый на поўны ход,
каб грала жыцьцё —
сьветазарны усход
кожнай нязначнай
і значнаю
жылкаю.

Гляджу і дзіўлюся:
юнацтва, як сон,
як слаўная песьня
барвовага краю, —
І мы —
аскабалкі змарагдавых дзён —
на струнах лятункавых
граем.

Прастуе цягнік
у імпэтную веліч
і з грукатам кол
нараджаецца сказ:
„мы людзі
вясновых паселішч,
акраса
найвышшых акрас“.

Дазволь, дарагая,
Дазволь, — пагаворым.
Ты мяне знаеш
і ты мне прабачыш,
за тое, што быў
бязуважны учора,
за тое,
што думаў учора
іначай.

Мы не знаёмы? —
якая розьніца? —
Нас-жа
адна гартавала эпоха.
Дружа! —
лета бярэцца
і возьмецца
за нашыя твары
жахліваю
вохрай.

І тады гарады
з іх садамі і скверамі,
з музыкай зор
і з пялёсткамі руж
будуць для нас,
як і дні нашы,
шэрымі,
схаванымі ў смутку
пад свой капялюш.

Жыцьцё для жывых,
каб сьпявала краіна,
гарэла вясна,
палыхалі сады,
будзем ісьці
намі ўзятай пуцінай,
мінаючы роспачы
дні і гады.

Не заўжды патрэбна
суровая ўдумнасьць
і зморшчкі чала
не рашаюць ўсяго.
На бруку жыцьця,
растрывожана-шумным,
ёсьць права на вусны
і сьмех дарагой.

Машын для машын
не патрэбна нікому.
Заводы растуць
перш ўсяго для людзей,
каб ты узьнімаўся,
як волат-нязломак,
як песьня поэта
і заўтрашні дзень.
І комунізм комунізму
ня надта патрэбен.

Ён новаму ўсход
і мінуламу сьмерць.
Ў яго трэба верыць
і трэба умець
любіць,
нібы сонца
пад восеньскім
небам.

Мне дваццаць тры
і мне хочацца жыць,
сьпявае ў грудзёх
навальніцы поэма.
Тут край мой
на самым стаіць рубяжы
і тут вось —
маё
непакорнае
племя.

Ідуць, нібы казка,
лясы і узгоркі.
ляжыць
поўнагрудай каханкай зямля.
Нямеюць жыты
і удумнасьць лягла
у гулы людзкой
і птушынай
гаворкі.

Люблю
анямелым стаяць ля кастра
высокага ўсходу
надзей чалавечых,
каб падалі ружы
на дужыя плечы
і ў вочы ўлівалася
заўжды зара.

Я за Бэтховэна:
ўзьлёт
і падзеньні,
я за блакітную
постаць зямлі,
дзе нараджаліся
й падалі цені,
і дні
па касьцёх чалавечых
ішлі.
І хоць я ня гені
(ня гэта мне трэба!),
Я знаю —
рэспубліцы трэба зашмат:
жалеза і вугалю,
нафты і хлеба
і шчырага слова
і, нават,
гармат.

І гэта затым,
каб мае аднагодкі,
мае маладыя
сябры-муляры
надзейна змаглі
вартаваць і тварыць,
эпохай
узьнятыя ў бой
пяцігодкі.

І гэта затым,
каб гарэла каханьне,
сяброўства
на ружы схіляла чало,
і ты не сьмяяўся
над усім, што было
за тое, што ты — чалавек,
а ня званьне.

Любоў і поэзія
йдуць праз вякі,
праз краты улад
і кароны цароў,
праз хітрыкі ворага,
здраду сяброў
і доруць зямлі
залатыя вянкі.

Я за няўтомную музыку
ўсходу,
я за усход —
справу сэрца й крыві,
я за найвышшае ў эрах
жывое-жывых,
за комунізм і вясну,
не скаваныя лёдам!

Толькі ня мумію.
Дружа, паслухай, —
хмара кране
над табою брыво,
і ты захлынешся
у рогаце руху
над непаўторным
зямлі хараством…

Ўсё далей цягнік,
і імпэтная веліч
выростае ў бляску
барвовай зары,
каб мы —
захапленьня свайго разьбяры —
ва ўсім разабрацца змаглі
i умелі.

I знаем —
рэспубліцы трэба зашмат:
жалеза і вугалю,
нафты і хлеба
і рэк многаводных,
і яснага неба,
і шчырага слова
і, нават,
гармат.