Права на зброю (1933)/Ноч трывогі і поэты на прарыве

За тысячы новых тваіх Асінбудаў Ноч трывогі і поэты на прарыве
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
Рахунак поэты, пададзены да аплаты
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноч трывогі і паэты на прарыве.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧ ТРЫВОГІ
І ПОЭТЫ НА ПРАРЫВЕ

Гэту ноч
ці выкажаш нанава?
Вось яна
цёмнай заслонай
раскінула змрок
(пачынае трывогу гудок),
і выходзім
ў парадку мы плянавым.

І ідуць,
і хістаюцца
хмары плыты,
і сінімі вуснамі
вецер
скуголіць.
Зялёныя,
злыя
ад крыўды і болю,
нямеюць бяз торфу
і нафты
катлы.

І ідуць ваганеткі
жалезным крокам,
і граблі рук
заграбаюць торф.
Над балотам,
ахутаным змрокам,
ўстала чорная цень —
Бэнкендорф.

Бэнкендорф, —
гэта нам знаёма!
Вось крывавыя пальцы
і зьбіты рот.
Вы грамілі нас колісь
мячом і громам, —
высокапастаўлены
ідыёт.

І цяпер дзе-небудзь
ў палацах Вэрсалю
паціраеце рукі,
даючы наказ.
Вы марыце:
фабрыкі сёньня сталі, —
заўтра вы кажаце:
— ў добры час!

Многа ёсьць хлеба
на тых палетках,
і лесу і золата
аж праз край.
Цэлься, дружыньнік,
сурова і метка,
гэта ж і ёсьць
твой няказачны рай.

І вось
узьнімаюцца пальцы
гарматаў,
і ангел-збавіцель
узводзіць курок,
і ангел-збавіцель
штурхае за краты
таго, хто ‘шчэ мае
і сэрца
і зрок.

Таму так і ўзьняты
няўтомныя рукі,
і ў гэтую ноч
і праз вецер і стынь,
здаецца,
пракладваем рэйкі да ўнукаў
і людзям наступнага
ўзводзім масты.

Ох, як-жа зьвіняць,
захліпаюцца рэйкі,
Ты чуеш —
адбою ўрачысты гудок?
І зноўку магутны
і радасны нейкі
ўрываецца ў вёскі
і ў фабрыкі
ток.

Ідуць міліёны
ўстрывожаным крокам,
каб новую песьню
нанова тварыць.
Слаўнай эпохі
Ідуць разьбяры
з сэрцам гарачым
і сонечным зрокам…

А тут вось —
паглядзіш —
балюча і крыўдна —
складаюць поэмы
як быццам на зло,
за дзьве або тры
звышбюджэтныя грыўні
поэта Лявонны
і нейкі Мурзо

Яны прапісалі
і зоры і месяц,
Хоць, здэцца,
ня бачыў ніхто іх тады.
Чаму-б ім і сонца
куды не падвесіць? —
і ім, і радактару
меней бяды.

А потым-жа крытык
(і гэта вядома!)
падпусьціць сьлязіну
(ala Кабакоў).
улічыць і талент,
улічыць і момант,
і трохі паганіць
за сувязь з тугой…

Рабочы-ударнік,
зьмяці гэту дробязь.
Ты вырасьціў
сонца свайго гарады,
яны-ж
з цябе ляльку якуюсьці
робяць,
і думаюць —
лялькай застанешся ты.

Я знаю — за ноч,
што ня выкажаш
зноўку ты,
што намі узята ў агонь
і штыкі,
надорыш поэту
высокай пуцёўкаю
у слаўнае заўтра
бяз сьлёз
і тугі.