Праводзіны (Гарун)

Праводзіны
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
14.VIII.1914
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/704

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Браце мой любы!.. Ідзеш на вайну…
— Кліча агульны прыказ…
Кінеш радзімую ты старану,
Кінеш сямейку і нас!

Можа, ня ўбачымся болей з табой —
Бог яго ведае, брат!
Як праканаціся ў долі сьляпой:
Пусьце? — ня пусьце назад?

Сорам і ганьба для сьвету вайна,
Як ні мяркуй, ні судзі;
З боскіх законаў сьмяецца яна…
Мусіш, аднак жа… Ідзі!

Йдзі, не трывожся: маленькіх тваіх
Будзем карміць, даглядаць,
Ў разе ж… дай Бог, каб вярнуўся да іх!..
Будзем, як ты, гадаваць.

Гэтак… І ўсё, што хацеў я сказаць?
Пэўне, усё… Пачакай!
Нам пастарайся адтуль напісаць,
З думкі с в а і х не спускай.

Потым… Пасунуцца ў бітву палкі —
Ты баязьлівым ня будзь:
Сьмелага сэрца ня раняць штыкі,
Кулі яго не праб’юць.

Будзе праціўнік пабіты ляжаць, —
Ты пашкадуй яго, брат!
Раны завяжаш, паможаш устаць, —
Й ён чалавек і салдат.

Брат, у далёкай сваёй старане
Мае ён дзетак, сям’ю…
Помста ці хцівасьць цябе як штурхне,
Ўспомні сямейку сваю.

Старасьці, цноце ня помні ураз,
Гэтым сумленьня ня плям.
Быў чалавекам ты, браце, у нас,
Будзь чалавекам і там.

Мы у Вялікага будзем прасіць,
Ты каб вярнуўся здароў…
Н-ну! — разьвітаемся… Сэрца баліць…
Дай жа абнімемся зноў!

(14.VIII.1914)