Празасяданыя (Маякоўскі/Суніца)

Празасяданыя
Верш
Аўтар: Уладзімір Маякоўскі
5.III.1922
Арыгінальная назва: Прозаседавшиеся
Пераклад: Рыгор Суніца
Крыніца: Маякоўскі, У. У. Выбраныя творы / В. Маякоўскі ; пер. з рус. пад рэд. А. Куляшова. - Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, Рэдакцыя мастацкай літ., 1952. - 374 с.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Празасяданыя


Яшчэ і світанне не прыйдзе як след,
І дзень не пачнецца новы —[* 1]
хто ў галоў,
хто ў ком,
хто ў паліт,
хто ў асвет,
разыходзіцца народ па ўстановах.

Зойдзеш ў будынак нікім не заўважаны —
слепіць спраў папяровых мігценне...
Забраўшы з поўсотню іх —
самыя важныя! —
разыходзяцца служачыя на пасяджэнні.

Заявішся:
"Ці не могуць аудыенцыю даць?
Хаджу я здаўна і штодзённа[* 2]".
"Таварыш Іван Ваныч пайшлі засядаць —
Аб'яднанне Тэа і Гукона".[1]

Скалясуеш сто лесвіц.
Аж свет не мілы.
Зноў:
"Праз гадзіну сказалі зайсці вам.
Засядаюць: —
Купля пляшкі чарніла
Губкааператывам".
Праз гадзіну-ж:
няма ўжо і сакратара
і знік справавод —
гола!
Усе да 22-х год
на пасяджэнні комсамола.

Гледзячы ў ноч, лезу старанна[* 3]
на верхні паверх семпаверхага дома.
"Прышоў таварыш Іван Ваныч?" —
"На пасяджэнні А-бэ-вэ-гэ-дэ-е-жэ-зэ-кома".

Разлютаваны[* 4],
на пасяджэнне
ўрываюся лавінай,
дзікімі праклёнамі свет увесь лаю[* 5].
Аж[* 6] бачу:
сядзяць людзей палавіны.
Што за чорт!?
Дзе-ж палавіна другая?
"Зарэзалі!
Забілі!"
Кручуся, аж змок.
Да непрытомнасці страшны малюнак уразіў.
Ды чую
Спакойны сакратара галасок[* 7]:
"Яны на двух пасяджэннях адразу.
За дзень
пасяджэнняў на дваццаць
трэба справіцца[* 8] нам.
Міжволі прыходзіцца разарвацца!
Да пояса тут,
а ўсё іншае[* 9]
там".

З турботаў не спіцца.
А ўжо відно.
Марай такой сустракаю дзень я:
"О, хоць-бы
яшчэ
пасяджэнне адно
пра выкараненне ўсіх пасяджэнняў!"


5.III.1922

Зноскі

  1. Тэа — Тэатральны паддзел Галоўпалітасветы пры Наркомасветы. Гукон — Галоўнае ўпраўленне конегадоўлі пры Наркамземе.

Рэдакцыя 1938 году

Паводле выдання: Маякоўскі, У. У. Выбраныя творы / В. В. Маякоўскі. - Мн. : Дзяржвыд Беларусі. Дзіцячая літ., 1938. - 128 с.

  1. Ледзь золак цемру сапхне ў сусвет,
    І дзень пачнецца новы, —
  2. Хаджу ўжо з часоў она
  3. Зноў узбіраюся, гледзячы на ноч,
  4. Лютушчы
  5. дзікія праклёны дарогай рыгаю
  6. І
  7. Кручуся, як баран.
    Збязглуздзеў, — так страшны малюнак уразіў.
    Ды чую
    найспакойны галасок сакратара
  8. ўправіцца
  9. астатняе