Пракосы напамяць (1932)/Вершы пра Палесьсе/І там дзе балоты

Вершы пра Палесьсе І там дзе балоты
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
На ўдарных франтох

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ТАМ ДЗЕ БАЛОТЫ…

Словаў шукаў,
І ніводнага гэткага,
Каб у адным —
Шырыня нашых дзей!
Кволая лірыка,
Таварышы поэты,
Прыстала (у самай напружнай хадзе).

Прыстала тады,
Калі трэба на штурмы
Вясьці міліёны
У заўтрае нам.
Таварышы поэты! поэзіі сурмы
Мобілізуйце,
Каб з намі яна!..

Каб пела краіна
Вясною фабрычнай,
Каб несьлі энэргію
Сотні балот,
Ад станцый—комбінатаў
Электрычных,
У тысячы і мільёны вольт!

Яшчэ не ашчанулі
Нетры магутаю.
Вы чуеце?
Варушыцца на Мазыршчыне граніт.
Вы чуеце?
Дымяцца на Барысаўшчыне гуты,
На Бабруйшчыне торф
Пачынае гаманіць!

Гэта Беларусь —
Балотамі закутая,
Тая, што білася,
Як рыба аб лёд,
Тая, дзе жыць —
Адзначала пакутаваць,
Сягоньня варушыцца
І паднімае чало.

І там, дзе мяжа
Векавое маруды
Палын гадавала ды чортавы мох, —
Шуміць залацістае жыта
Па грудзі —
Грунтоўнейшы доказ
Людзкіх перамог!

І ноч адчыняе
Зьдзіўлёныя векі.
І мы, каб уцеха
Глыбей на душы…
Мы ў рост адчуваем
Імя чалавека,
З каторым лягчэй
І змагацца,
І жыць!