Прамова Алеся Гаруна (18 верасьня 1919)
Прамова Алеся Гаруна на прывітаньні Я. Пілсудзкага Прамова Аўтар: Алесь Гарун 18 верасьня 1919 году Крыніца: Газэта «Звон», № 17, 1 кастрычніка 1919 г., б. 3 |
ПРАМОВА
Старшыні Б. Н. К. А. Прушынскага на прывітаньні Я. Пілсудзкага 18 IX 1919 г.
Пане Начальніку Дзяржавы Польскай!
Мінае ужо шосты тыдзень, як мы, тубыльцы гэтага места, слаунага сэрца Беларусі—Менску, жывем спакойным жыцьцём.
Разьвееуся той чырвоны туман, каторы вісеу над намі гэтта доугіе месяцы не даючы ні адатхнуць, ні зірнуць на ясны сьвет спакойнымі вачыма. Разьвеелося відмо галоднай сьмерці…
Цуд гэты есьць дзелам і заслугаю гераічнага польскага войска, каторага Вы есьць Начальнікам і каторае, нешкадуючы ні сілаў, ні ахвярау вырушыла сюды, адлажыушы на час творчую працу над будаваньнем свае Бацькаушчыны, за яе рубяжы, нясучы нам братнюю дапамогу.
От-жа, вітаючы Вас, як Начальніка гэтага героічнага войска і як чалавека, шмат і сваей сілы і добрай ахвоты палажыушага у гэтую справу, ад імені нашых беларускіх дэлегацыяу, прадстауляючых тутака беларускае насяленьне, выслауляю гарачую падзяку за звальненьне Менску і Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імпэрыялізму, каторы на гэты раз прыубрауся у бальшавіцкую вопратку.
Вольна і спакойна жывем мы сягоньня і навет маем радасьць, што бачым Вас, Пане Начальніку… Але гаворучы словамі вешчага, Баяна нашага, плачуць яшчэ маткі у Віцебску, стогнуць людзі у Магілеве; маўчыць, бо забаронены, хаўтурны голас аб‘імшэлых званніцау Смаленску, адкуль кожны дзень прыходзяць весткі аб новых і новых нявінных ахвярах. Сэрцы нашые, радуючыся за нашае аслабаненьне, ня могуць быць спакойнымі за іхнюю долю. Тутака чуем мы іхніе галасы аб помачы. Але мы слабые, сілы ня маем і нічым, акром болю у душы за іх і сьціснутых ад гневу кулакоу, дапамагчы ім ня можам.
Аднак-жа мы пэўны, што страшная мара разьвеецца і над імі і да гэтага рады і гатовы далажыць усіх сваіх сілак, аддаць і свае ахвяры. Бо няма тых ахвяр, няма тых скарбаў, дабра, каторых сыны Беларусі ня згодзіліся-б аддаць за волю і шчасьце сваей Бацькаушчыны.
Яшчэ хачу сказаць Вам, Пане Комэнданце: мы верым і спадзяемся, што разам з вольнымі Менскам, Вільняй і сівым Гораднам вольнымі і шчасьлівымі будуць у вольнай і незалежнай Беларускай Рэспубліцы нашые адвечные астрогі на рубяжох Масквы,—Віцебск і Магілеў, і стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у гэта мы верым, а гэтымі верай і надзеяй абдаравау нас братні народ, каторага Слаунаму Прадстауніку гатовы мы сказаць на Меншчыне нашае сягоньняшняе „дзякуй“, але і зауседы: Здароў будзь, прыходзь да нас госьцю мілы, суседзе дарагі“.