Прамовы бунтаўшчыка/III. Аб сацыялізме

II. Аб зямельнай справе Прамовы бунтаўшчыка
артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1919
IV. Аб нацыянальным пытанні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III. Аб сацыялізме

Таварышы!

Вельмі часта вы чуеце слова сацыялізм і вельмі многа сустракаеце людзей, якія называюць сябе сацыялістамі.

А вы знаеце, што азначае гэтае слова?

Вось, таварышы, мы зараз і разгледзім – што азначае слова сацыялізм і чаму гэта людзі называюць сябе сацыялістамі.

Перш за ўсё мы павінны адзначыць, што слова сацыялізм у перакладзе на беларускую мову азначае саброўства, і ўжываем мы яго цяпер у тым сэнсе, што некалі будзе ўстаноўлен такі грамадскі лад, калі ўсе людзі паміж сабой будуць не толькі сябрамі-таварышамі, а найлепшымі братамі.

Таварышы, калі мы акінем вокам усё людскае жыццё апошняга сталецця, калі мы прыгледзімся да таго шырокага руху ў сялянска-работніцкіх масах у Еўропе і іншых частках света, - мы ўбачым, што ўвесь гэты вялізарны рух праходзе пад штандарам сацыялізму. Нават навука, хараство, арганізацыя школьнай асветы і г.д. – усё гэта робіцца пад знакам сацыялізму. Найлепшыя і найразумнейшыя людзі ўсё што яны стваралі новага – на ўсім ляжыць знак сацыялізму. Адным словам, уся людская культура апошняга сталецця ствараецца пад знакам сацыялізму.

Ужо з гэтага мы бачым, што ідэя сацыялізму не ёсць нейкая выдумка, фантазія вучоных людзей, а гэта ёсць нешта вельмі глыбокае, нешта такое, што заложана ў самай натуры чалавека і што з’яўляецца асновай праўдзівага людскага жыцця.

Ідэя сацыялізму радзілася не ў панскіх палацах і не ў кабінетах вучоных людзей. Гэтая самая найвышэйшая ідэя сучаснага жыцця радзілася на душных фабрыках каля станкоў, у кузнях каля гарачых горнаў, у падземных капальнях, у сырых падвалах вялікіх гарадоў і ў курных хатах сялян хлебаробаў. Гэта ідэя радзілася ў галаве бяспраўных і абяздоленых рабоў, у сэрцах матак, каторыя глядзелі на галодную смерць сваіх дзяцей…

Але ідэя сацыялізму – гэта ёсць ідэя абяздоленай працоўнай беднаты, каторая праз усё сваё цяжкое гаротнае жыццё прымушана працаваць у крывавым поце, каб толькі багатыры памешчыкі і капіталісты маглі смачна есці і мягка спаць. Працоўная бедната будавала панскія палацы, а сама гібела ў сырых падвалах і курных хатах. Працоўная бедната дабывала хлеб, каторы з’ядаўся чужаедамі панамі, а сама мёрла ад голаду і холаду.

Ідэя сацыялізму – гэта быў покліч да паўстання ўсёй працоўнай беднаты проці сваіх крыўдзіцеляў, проці чужаедаў павукоў памешчыкаў і фабрыкантаў, каторыя, як тыя смаўжы, самі нічога не робячы, вызысківалі з крывавай працы работнікаў, смакталі сялянска-работніцкую кроў. Ідэя сацыялізму – гэта паўстанне, гэта бунт проці няпраўды гвалту і здзеку, гэта пратэст проці эксплуатацыі чалавека чалавекам, гэта ёсць штандар змагання за праўду і шчасце людское!

Таварышы! Паглядзіце наўвокала сябе. Паглядзіце, як жыве памегчык і як жыве батрак. Чаму адзін, сам нічога не робячы, поўнасцю карыстаецца шчасцем жыцця, а іншы працуе праз усё сваё жыццё, як чорны вол і не мае нават куска чорнага хлеба, каб пракарміць сябе, сваю сям’ю. Чаму гэта такая несправядлівасць на свеце?

Вось, таварышы, ідэя сацыялізму і ёсць у тым, каб знішчыць усю гэтую несправядлівасць, каб не было больш ужо ні багатыроў, ні батракоў, ні чужаедаў, ні рабоў, а каб усе людзі жылі, карыстаючыся сваей уласнай працай. Жыць мае права толькі той, хто сваім потам дабывае свой хлеб!

Як жа гэта зрабіць, каб знішчыць усіх чужаедаў паноў і фабрыкантаў? Як устанавіць такі парадак, каб усім людзям лёгка жылося і каб кожны чалавек мог працаваць і поўнасцю карыстацца прадуктамі сваей працы?

Знішчыць, таварышы, гэта не азначае, каб узяць усіх паноў, фабрыкантаў і іншых чужаедаў забіць, павесіць ці ў турму пасадзіць, бо, пасадзіўшы ў турму ці забіўшы аднаго, на яго месца будзе другі, трэці і г.д. Вінаваты не людзі, не асобныя адзінкі. Не вінават, напрыклад, той ці іншы чалавек, што ён меў няшчасце радзіцца ад багатыра памешчыка ці фабрыканта, а віна ў тым, што былі ўстаноўлены такія парадкі, калі ўсё багацце бацькі пераходзіла сыну, унуку і г.д. Калі накрадзенае грамадскае дабро пераходзіла ад аднаго пакалення да другога. Вінаваты не людзі, а парадкі; вінават сам уклад грамадскага жыцця. Віна ў тым, што быў устаноўлены такі парадак, калі той чалавек, каторы радзіўся ад багатых бацькоў, ужо з пялёнак быў багатыром, а ад бедных бацькоў, як бы ён ні стараўся, такім і астанецца на ўсё жыццё няшчасным небаракам. Трэба толькі змяніць уклад жыцця, і людзі зусім інакшыя стануць. Трэба ўстанавіць такія парадкі, каб адзін чалавек не мог эксплуатаваць другога, каб ніхто не меў ніякай улады над іншым чалавекам.

А каб дабіцца гэтага, у першы чарод патрэбна, каб усе срэдствы праізводства, усе фабрыкі, заводы, усе машыны, станкі і ўсялякія іншыя інструменты не былі прыватнай уласнасцю, а каб усе яны належалі усёй працоўнай людскай грамадзе. Патрэбна таксама, каб уся зямля, лясы, зямныя нетры, рэкі, вазёры і г.д., каб усё гэта належала толькі тым, хто сам працуе. Патрэбна, каб увесь гандаль, усе банкі, - адным словам, каб уся прамысловасць знаходзілася ў руках працоўнага народу. Вось, калі будзе ўстаноўлены такі лад, калі ўсімі срэдствамі праізводства і ўсёй зямлёй будзе распараджацца сам народ, уся працоўная людская грамада, - тады кожны чалавек зможа поўнасцю развіваць усе свае здольнасці і карыстацца шчасцем жыцця.

Вялікую вагу маюць не толькі эканамічныя, але і палітычныя варункі грамадскага жыцця. Без свабоды слова, друку, сходаў, саюзаў, сумлення і г.д. працоўны народ не зможа палепшыць і эканамічных варункаў жыцця. Патрэбна, каб працоўны народ узяў усю ўладу ў свае ўласныя мазольныя рукі і, абяспечыўшы свабоду слова, друку, сходаў, саюзаў і г.д., ён зможа тагды заваяваць сабе лепшую долю і шчасце. У гэткіх свабодных варунках грамадскага жыцця кожны чалавек будзе мець магчымасць столькі карыстацца ўсімі багаццямі жыцця, на колькі ў яго хваце сілы і здольнасці. Кожны чалавек тагды зможа карыстацца тым, чаго ён сам дастоін. Адным словам, таварышы, кожнаму – па яго заслугам, кожнаму – столькі, колькі ён варт.

Тыя людзі, каторыя так думаюць і каторыя змагаюцца за гэты светлы ідэал, гэныя людзі называюцца сацыялістамі, а сваё навучанне яны называюць сацыялізмам. Дык вось, таварышы, што азначае слова сацыялізмі чаму іншыя людзі называюцца сацыялістамі!

Праўда, цяпер ёсць вельмі шмат такіх людзей, якія называюць сябе сацыялістамі і ўсюды, дзе трэба ці не трэба крычаць аб сабе, але грош ім цана ўсім гэным сацыялістам. Праўдзівых сацыялістаў, сацыялістаў ідэйных, срправядлівых сацыялістаў ёсць вельмі мала, але іх лік з кожным часам усё расце і павялічваецца. Ужо на ўсёй зямной кулі, ва ўсіх краёх ёсць свае сацыялісты ці, інакш кажучы, сацыялістычныя партыі, і каторыя вядуць змаганне за гэтую найвышэйшую ідэю сучаснага людскага жыцця. Сацыялісты ўсіх краёў і народаў, вядучы змаганне паасобку, у кожным разе звязаны з сацыялістамі іншых краёў і народаў у міжнародным саюзе ўсіх сацыялістычных партый, каторы завецца інтэрнацыяналам.

Рэвалюцыя, якую перажываем цяпер мы, гэтая рэвалюцыя мае сусветнае значэнне. Усюды сацыялісты вядуць змаганне з народнымі крыўдзіцелямі, усюды падымаюць бунт проці чужаедаў паноў, і недалёка ўжо той дзень, калі праб’е гадзіна высвабаджэння ўсіх народаў і настане ва ўсіх краёх панаванне сацыялізму.

Гэты дзень ужо блізка!..