Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1935)/III
← II. Біографія Б. Э.-Шыпілы і час, у якім ён жыў | III. Праца Б. Э.-Шыпілы да часу Вялікай Расейскай Рэвалюцыі Публіцыстыка Аўтар: Адам Станкевіч 1935 год |
IV. Праца Б. Э.-Шыпілы пасьля рэвалюцыі → |
III. Праца Б. Эпімах-Шыпілы да часу Вялікай Расейскай Рэвалюцыі.
Праца Шыпілы дзеліцца на два пэрыяды: на дарэвалюцыйны і парэвалюцыйны. Зачнём з першага.
Бліжэй апісваючы беларускаую дарэвалюцыйную працу Шыпілы, трэба зазначыць, што ішла яна перадусім у трох кірунках: сабіраньне кніжак і агулам культуррных памятак беларускай мінуўшчыны, гадаваньне, арганізаваньне і ўсьведамляньне беларускай моладзі і ўрэшце арганізаваньне беларускай культурнай, перадусім выдавецкай працы.
§ 1. Сабіраньне беларускіх культурных памятак.
1. У скромнай сваей кватэры ў Пецярбурзе (4 лінія 45 - 16) грамадзіў Шыпіла рэдкія беларускія, або беларускай справы датычныя, рукапісы, кніжкі і іншыя забыткі. Пазнаць-жа гэтыя беларускія кульутрныя цэннасьці апрача сваіх студыяў, меў ён магчымасьць будучы дзейным сябрам Архіўнай Камісіі ў Віцебску, ад імя якой у 90-х гадох езьдзіў на Архэолёгічны З'езд у Рыгу, а так-жа спаўняючы абавязкі дырэктара Імпэратарскай Пецярбургскай Бібліятэкі. Праўда, афіцыяльна ён лічыўся "памоцнікам бібліятэкара" - гэта знача памоцнікам дырэктара, але фактычна быў ён дырэктарам, якім афіцыяльна быць ня мог з прычыны свайго каталіцкага веравызнаньня.
Зьбіраючы беларускія культурныя забыткі, у Шыпілы паўстала думка стварэньня з іх як-бы беларускага нацыянальнага музэю, які паводле яго думкі меў памяшчацца ў родным фальварку Залесьсі, паложаным, як ужо ўспомнена, блізка гістарычнага беларускага цэнтру Полацку. Думка гэта ў яго ня была пустой. Ён зусім паважна думаў рэалізаваць яе. Дзеля гэтай мэты ў Залесьсі ўжо нават быў збудаваны дом, у якім з цэнных беларускіх забыткаў ужо сёе-тое было памешчана. На няшчасьце аднак дом гэны згарэщ и надта магчыма - аб чым пэўнасьці ня маем - не адна згарэла з ім і цэнная беларуская рэч. Дзякуючы Шыпіле, перайшоў беларускаму народу ў спадку не адзін цэнны забытак.
І так, як падае Карскі (Карскій, - Бѣлоруссы III, 3, бач. 61, 74, 76) у Шыпілы аказаліся: добрая копія, зроблена з арыгіналу ў Ал. Ельскага "Залётаў" Марцінкевіча з 1870 г., а так-жа рукапісны зборнік беларускіх вершаў, які сабраў той-жа Шыпіла ў 1889 г. У склад гэтага зборніку ўваходзяць вершы розных беларускіх, пераважна нязнаных, паэтаў. Між імі ёсьць вершы Фэлікса Тапчэўскага (Фэлька з Рукшэня), шляхціца з Лепальшчыны, якія Шыпіла перапісаў з орыгіналу. У тым-жа зборніку Шыпілы спатыкаем адзін беларускі верш, які прыпісваюць Яхіму Тамашэвічу. У Шыпілы так-жа знаходзілася ў рукапісе "Беларуская Скрыпачка" - Фр. Багушэвіча.
Дужа цэнную і вялікую бібліятэку, зьбіраную праз доўгія гады, праф. Шыпіла радаў у бібліятэку Беларускай Акадэміі Навук у Менску. Вось што аб гэтым чытаем у „Полымі" з 1929 г.
„Праф. Б. Эп.-Шыпіла перадаў Бел. Ак. Навук сваю бібліятэку, якую ён зьбіраў на працягу 40 гадоў. Бібліятэка складаецца з 5.000 кніг розных назоваў. Бібліятэка будзе зьмешчана ў асобным пакоі і будзе складзены асобны каталёг" ("Полымя", чэрвень, 1929 г., бач. 217).
Гэтак пісаў савецкі часапіс напярэдадні вялікага паходу Саветаў на беларускую культуру і на яе тварцоў. Дык трудна спадзявацца, каб гэны намер што да бібліятэкі Шыпілы ды быў сяньня споўнены. Астаецца толькі пацяшацца думкай, што беларускі культурны скарб, сабраны Шыпілай, знаходзіцца ў бібліятэцы Бел. Акадэміі Навук і што нічога яму не пагражае.
§ 2. Ідэовае ўзгадаваньне і павадырства беларускай моладзі і ўсіх беларусаў у Пецярбурзе.
2. Другой галінай беларускай працы Шыпілы, як ужо ўспомнена, была беларуская моладзь. Моладзь любіў ён шчыра і ад усей душы. Сам будучы бязжэнным, усё сваё лепшае - і духовае і матар'яльнае - пасьвяціў моладзі. З натуры добры, шчыры, чулы, высока этычны, стаўся праўдзівым апякуном і бацькам моладзі, якой ён памагаў духова і матар'яльна. Сколькі разоў прыходзілася мне асабіста бываць у Шыпілы, заўсёды я спатыкаў там беларускіх студэнтаў, якія прыходзілі да яго ў розных справах ідэёвых і навуковых, а так-жа многія часта і для таго, каб выпіць гарбаты, паабедаць ды рубля якога дастаць гатоўкай. Асаблівым разьвясяленьнем маладых гасьцей Шыпілы быў грамафон, які з беларускай пліты бойка высьпевываў, Чаму-ж мне ня пець"... Заводзіў Шыпіла гэты грамафон пераважна тады, калі прыходзілі да яго новыя студэнты. Помню, як ён і мяне спатыкаў з гэным грамафонам.
Пад Шыпілы кіраўніцтвам, а прынамсі пры яго жывым учасьніцтве, адбывала студэнская моладзь розныя ідэёвыя зборкі, нарады, лекцыі, ладзіла аматарскія тэатры.
Працу сваю над беларускай моладзяй праводзіў Шыпіла ў двух кірунках - у кірунку беларускай студэнскай моладзі духоўнай і сьвецкай. Спрыялі гэтаму, як ня трэба лепш, тыя навуковыя становішчы, якія Шыпіла займаў: лектарат грэцкай мовы з 1902 г. у Дух. Акадэміі, пасьля фактычнае дырэктарства ўнівэрсытэцкай бібліятэкі і лектарат лацінскай мовы на агульна навуковых курсах Чарняева. На гэтых курсах гадаваў ён між іншым і вялікага беларускага паэта Янку Купалу.
Гэтыя становішчы далі Шыпіле вялікую магчымасьць зблізіцца з беларускай студэнскай моладзьдзю, як сьвецкай, так і духоўнай, гуртаваць яе і павесьці сярод яе шырокае народнае ўсьведамленьне. Найбольш любым спосабам ягонай у гэтым кірунку працы, апрача жывога слова і ўласнага прыкладу, была кніжка. - А вось прачытайце, дужа цікавая рэч — казаў ён студэнту, падносячы яму навуковую кніжку аб Беларусі.
Сапраўды, Шыпілу бяз кніжкі трудна сабе й прадставіць. Як жывы стаіць ён мне у ваччу на калідорах і ў салях Духоўнай Акадэміі даслоўна з бярэмям кніжак, якія прыносіў нам сам паводле сваей уласнай волі і на нашу просьбу. Цікавыя і часта рэдкія былі гэта кніжкі, якія ён даставаў ня толькі з Бібліятэкі Унівэрсытэцкай, але з Акадэміі Навук, з Бібліятэкі Публічнай і з прыватных збораў сваіх уласных і іншых.
Так у беларускай усьведамляючай сярод студэнства працы Шыпілы кніжка была апошнім доказам. Пазволю тут сабе расказаць наступны ўспамін. Будучы яшчэ ў Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, калі аб Шыпіле нічога я і ня чуў і ня знаў, бліжэй я зжыўся з клерыкам, які называўся Вінцэнты Рыжы. Прыбыў ён да нас у сэмінарыю нешта з трэцяга курсу матэматыкі Пецярбурскага Унівэрсытэту. Дружба мая й прыязьнь з Рыжым была-б сапраўды поўнай, каб не адна "дробная" рэч - ён лічыў сябе стопрацэнтным паляком, а я сябе гэталькіх працэнтаў беларусам. Разумеецца, былі ў гэтай справе частыя, часам дужа доўгія і гарачыя спрэчкі, у якіх я з усіх сіл няраз стараўся праканаць Рыжага, што і ён беларус, аб чым між іншым мела сьведчыць і тое, што паходзіў ён з Віцебшчыны. На гэта мне раз казаў Рыжы: - Ды адчапіся, усё роўна ты мяне не пераканаеш, мяне ня гэткія пераконвалі і то нічога; за мной у ўнівэрсытэце проста па пятах хадзіў Шыпіла, даказваючы, што я беларус, а калі я аставаўся пры сваей польскасьці, ён на разьвітаньне звычайна торкаў мне якую кніжку аб беларусах і казаў: а ўсёждыкі прачытайце, цікавая рэч, пераканаецеся! Але ўсё гэта Шыпіла рабіў дужа асьцярожна і далікатна, ня так, як ты — канчаў Рыжы свой зусім прыпадковы ўспамін аб Шыпіле.
Вынік такой працы прафэсара Шыпілы быў той, што многія сяньнешнія выдатныя беларусы - яшчэ жывыя і ўжо памёршыя, - як Я. Купала, Тарашкевіч, Жылуновіч (Цішка Гартны), Душэўскі, Грыб, Заяц, Варонка, кс. кс. Лісоўскі, Грынкевіч, Будзька, Абрантовіч, Гадлеўскі, Хвецька, Станкевіч, Цікота, Шутовіч, Лупіновіч, Хоміч і інш. гэта ў большай або ў меншай меры ўсё ягоныя духовыя дзеці.
Але Шыпіла меў беларускае значэньне ня толькі сярод моладзі, з якой беспасрэдна стыкаўся, без яго ў беларускіх культурных і навуковых справах не абыходзіліся часта і беларусы старэйшыя, ужо працуючыя на беларускай ніве, асабіста з ім нават незнаё мыя. Вось напр. Цётка, ведамая беларуская паэтка і пісьменьніца, культурная дзеячка і народная рэвалюцыянэрка, будучы ў 1906 г. на эміграцыі ў Львове, піша да Шыпілы гэтак: Wybaczajcie, szto nieznajomaja i piszu da Was, Ja Paszkiewiczanka, Wam aba mnie kazaŭ Iwanoŭski, bo to kaliś prabawała wierszy pisać i ich Wam czytali, Woto-ż ciapier żywu ja u Lwowi, z ukraincami rusinami i unijatami zawadżu znakomstwa. Szmat nam spryjajuć, pamohuć u czym siła. Ciapier poki szto buduć drukawać pa bielarusku. Kali majecie szto, to pryszlecie. Ja chaczu dawiedacca ad Was, szto czutno z bukwarom, ci ŭżo hatoŭ, ci u nas budzie fonetyka nasza bielaruska. Heta wielma ważna, bo budu ciapier wydawać papularnyja reczy dla narodu dy niawiedaju jak czaho trymacca. Skora wyszlu kniżki ab unji dla akademikaŭ duchoŭnych na Wasz adrys dla Budźki. Wy, szanoŭny prafesar zakińcie pierad imi słowa za uniju, bo jany Was wielmi szanujuć i pawažajuć"... (Ю. Бібіла - Матар'ялы да біографіі Цёткі. Запіскі Аддзелу Гуманітарных Навук Інст. Бел. Культуры, Кн. 2, т. 1, бач. 296).
Быў урэшце Шыпіла так-жа й душой беларускіх работнікаў у Пецярбурзе, сярод якіх шырока праводзіў народна-культурную працу і якія яго дужа любілі і паважалі.
Да рэчы будзе ўрэшце адзначыць, што беларускую працу сярод моладзі Шыпіла праводзіў ня толькі сам, але яму памагаў у гэтым, асабліва ў галіне сцэнічнай, ягоны малодшы брат Уладыслаў, які вучыўся ў сваім часе ў Пецярбурскім унівэрсытэце на фізыка-матэматычным факультэце, пасьля быў чыноўнікам у Міністэрстве Фінансаў і памёр 6 траўня 1913 г. Вось што аб гэтым піша "Лучынка", літаратурна навуковы месячнік беларускай моладзі (1913 г., шостая кніжка): "Праца дзеля куска хлеба адарвала яго (Уладыслава - А. С.) ад роднай старонкі на змаганьне з жыцьцём сярод чужых, але нябошчык цэлае жыцьцё шчырай душой рваўся да працы для сваей роднай бацькаўшчыны і чым мог стараўся прылажыцца да будовы яе сьвятлейшай будучыны. Жыцьцё яго суцэльна вяжыцца з жыцьцём пецярбурскай студэнскай моладзі, перадусім з яе працай на беларускай сцэне. Калі ў 1905 г. усё, што жыло, варам закіпела, пецярбурскія студэнты пачалі гуртавацца і думаць аб працы для свайго гаротнага народу. Зразумеўшы добра, як вялікае маюць значэньне роднае слова і родная песьня, яны пачалі ладзіць вечарніцы — ігрышчы з беларускай сцэнай. Тут іх правадыром, загадчыкам і разам першым таварышам быў сьветлай памяці Уладыслаў. Яго рупнасьць і маладая ахвота зьдзівіла куды ад яго маладзейшых. Заняты службай, сям'ёй ён умеў аднолька-ж урваць крыху часу і для сцэны, дзе ён быў душой кожнага беларускага прадстаўленьня. Вучыў другіх і сам іграў з вялікім зразуменьнем беларускага жыцьця і таго, якое значэньне мае роднае слова. У працягу колькі год пры яго помачы былі пастаўлены на сцэне беларускія тэатральныя творы: "У зімовы вечар", „Па Рэвізыі", "Пашыліся ў дурні“, „Міхалка", „Паўлінка", "Хам" і др. У кожным творы ён умеў зрабіць жывы тып і сваёй чыстай і зычнай гутаркай цешыў сэрцы беларусаў спрагнёных роднага слова, дарагога зыку ў чужой, сумнай і пахмурнай старане".
Беларуская стыхія, як бачым, жыла ня толькі ў душы Браніслава Шыпілы, але жыла яна так-жа і ў душы яго брата Уладыслава, а гэта пазваляе думаць, што стыхію гэту яны вынесьлі ў сьвет шырокі ад бацькоў і дзядоў сваіх.
§ 3. Беларускае выдавецтва.
3. Але беларускую піонерскую сваю працу праф. Шыпіла вёў ня толькі зьбіраючы беларускія культурныя забыткі, ня толькі гадуючы беларускую моладзь, але так-жа умеў ён гэтую працу праводзіць больш плянова і арганізацыйна, разьлічваючы яе на далейшую мэту, на большую трываласьць. Гэткай працай было, наладжанае ім беларускае выдавецтва.
У 1906 г. у тым-жа Пецярбурзе паўстала беларуская выдавецкая супалка „Загляне сонца й у наша ваконца[1]. Мэтай гэтай супалкі, як гаворыцца ў яе статуце, было: "Выдаваць і пашыраць выданьні беларускія і ўсё, што стыкаецца з жыцьцём Беларусі". Да супалкі гэтай належылі старыя беларускія дзеячы: цяперашні праф. Варшаўскай Політэхнікі В. Іваноўскі, Ант. Трэпка, В. Сталыгва, А. Грыневіч і інш., аднак душой яе быў праф. Шыпіла. Супалка мясьцілася ў ягонай кватэры і ён перадусім рупіўся аб яе дзейнасьці.
Супалка гэта пратрывала да 1913 году. Для беларускай нацыянальнай сьведамасьці і для беларускай культуры, як на пачаткі, даканала яна дужа многа. За ўвесь час свайго шасьцігодняга існаваньня выдала яна 22 беларускія кніжкі, зьместу агульна прасьветнага, сцэнічнага і літаратурнага, а ў ліку гэтых апошніх і большасьць твораў бацькі беларускай прыгожай літаратуры В. Марцінкевіча. Гэта-ж супалка у тым-жа Пецярбурзе ад 1912 г. выдавала беларускі літаратурна-навуковы часапіс — „Маладая Беларусь", які, з бліжэй няведамых прычын, спыніўся ў 1913 г. Часапіс гэты выходзіў непэрыядычна, у меру таго, як быў назьбіраны матар'ял. Усяго „Маладой Беларусі" вышла тры сшыткі па 160 бачын вялікай васьмёркі кожны.
- ↑ Выд. супалка „Загляне сонца й у наша ваконца" заложана 13.V. 1906 г.; узноўлена была 30.ІV. 1909 г. („Наша Ніва" 1909 г., № 43).