Праф. Зьдзехоўскі аб беларускай душы

Праф. Зьдзехоўскі аб беларускай душы
Аўтар: Уладзімір Самойла
1924
Крыніца: Суліма. Праф. Зьдзехоўскі аб беларускай душы. Вільня: Выданьне газэты “Змаганьне”, 1924. — 20 с; Выбранае / Уладзімір Самойла. — Мінск : Кнігазбор, 2017. — 288 с. - с. 163-175

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Prof. M. Zdziechowski. Władysław Syrokomla. Pierwiastek litewsko-białoruski w twуrczości polskiej. Wilno, 1924 r. На адбыўшымся 8/ХІІ у Віленскім Унівэрсытэце абходзе сталецьця ад дня нарадзінаў “польскага” паэта Сыракомлі- Кандратовіча вядомы прафэсар п. Зьдзехоўскі прачытаў лекцыю аб знамянітым паэце, якая толькі што выйшла ў сьвет асобнай брашурай.

Праца праф. Зьдзехоўскага настолькі цікава для нас, беларусаў, якія з свайго боку маюць даволі рэзонаў лічыць Сыракомлю беларускім паэтам, хоць і спольшчаным, пісаўшым пераважна па-польску, але-ж запраўдным беларусам — і ня толькі па “месцу нараджэньня”, але і па найглыбейшым асновам свайго духоўнага складу, — што варта ня толькі даць шырокім беларускім кругам паняцьце аб гэтай вельмі цікавай працы, але варта-б было нават — пераглядзеўшы нанова ўсе палажэньні аўтара, пашырыць і паглыбіць яго характарыстыку Сыракомлі, як паэта з беларускай душой, — давясьці ўсё, што кажа праф. Зьдзехоўскі, да апошніх, часам як быццам закрытых нават для яго крытычнай “зоркасьці”, ці можа для яго “польскай душы”, — вывадаў... Але зробім пакуль што толькі першае — меншае...

Праф. Зьдзехоўскі належыць у кожным разе да такіх, рэдкіх у сучаснай Польшчы, людзей, якія ня маюць ані патрэбы, ані жаданьня дапасоўвацца да “настрояў” і “злобаў” палітычнага дня і маюць адвагу дагаварыць да канца ўсё, што ім кажа іх шырокі кругазор мысьлі і шчырае пачуцьцё сэрца.

Дзеля таго праф. Зьдзехоўскі ня толькі “непапулярны, амаль не байкатаваны” ў сучасным польскім грамадзянстве, але гэткімі запраўднымі правадырамі апошняга, як паны Обсты, лічыцца нават амаль ня “ворагам Польшчы”... — I гэта — дзеля таго, што ён мае адвагу “ў Польшчы” прызнаваць, напрыклад, высокія вартасьці нямецкай ці нават расейскай культуры... або з трыбуны віленскага чыста польскага да йшчэ “крэсовага” унівэрсытэту — у часе пануючых цяпер у Польшчы “charakteryzujących epokę naszą centralistycznych namiętności i niwelujących szałуw”, мае сьмеласьць абвяшчаць гэрэтычныя ідэі ў духу “Гарадэльскай уніі”, казаць аб індывідуальнасьцях “краёвых”, аб “pierwiastkach litewsko­białouskich w poezii polskiej” і іншых прыкрых для “poprawnej polszczyzny” рэчах... Але з другога боку гэтая “Гарадэльская унія”, якую шаноўны прафэсар лічыць “szczytem” “хрысьціянскай палітыкі” Польшчы, яго пекная думка аб тым, “каб польская мысьль, польская культу­ ра зьяла тым самым сьвятлом, якое прыцягвала... у XV стагодзьдзі да сувязі з Польшчай суседнія краі і народы” (ст. 33), — найлепей паказываюць, што мы маем дзела з ідэалізатарам мінуўшчыны, з романтыкам у палітыцы, якому запраўднае жыцьцё, запраўдная палітычная рэчавістасьць адказвае — на “гарадэльскія лятуцень­ні” — Рыскім мірам...

Для нас ува усей гэтай романтычнай ідэолёгіі проф. Зьдзехоўскага бязспрэчна важны толькі той бязумоўны і суровы маральны прысуд гэтага адзінага з вельмі нялічных палякоў, запраўды дайшоўшых, паводле яго ўласнага выразу, да “чыстага зьместу чалавека”, прысуд усей тэй сучаснай Польшчы, якая ня толькі топча можа для каго і мілую “гарадэльскую” мінуўшчыну, але якая — што шмат важней — сваей “рыскай” палітыкай зьніштажае рэальныя магчымасьці ня толькі паразуменьня з пачуўшымі сябе — і бяз яе згоды і ласкі — зусім роўнапраўнымі і вольнымі народамі, у частцы — з народам беларускім, але гэтым самым газардоўна ставіць на карту мо’ нават і ўсю сваю рэальную будучыню...

Праф. Зьдзехоўскі не належыць да прыяцеляў беларускай ідэі, як наагул не зьяўляецца прыхільнікам самавызначэньня і разьвіцьця гэтак званых малых народаў, даводзячы, што толькі ў вялікіх нацыянальна-дзяржаўных басэйнах можа да найвышэйшага людскога тыпу даходзіць чалавек, што толькі вялікія “фабрыкі культуры” вялікіх гістарычных народаў вырабляюць паўнацэнныя агульналюдзкія вартасьці ўва ўсіх галінах духоўнай творчасьці чалавека... Пад моцным уплывам нямецкага духу праф. Зьдзехоўскі апраўдывае, так сказаць, “духоўны імпэрыялізм” вялікіх народаў, у частцы прапаведуе вялікую “місію” польскага духу “на ўсходзе”. Проці такога, гэтак кажучы, “чыста духоўнага гвалту” ня было-б ні магчымасьці, ні сэнсу абурацца і вясьці барацьбу... Але гэты практыкаваны “ў нябесным пляне” духоўны імпэрыялізм вялікшага народу становіцца вельмі небясьпечным, калі, як у Польшчы, “у зямным пляне” пануе самая зьвярыная палітыка матар’яльнага гвалту, шалее “фізычны імпэрыялізм”, які ня толькі адбірае ў слабейшага народу магчымасьці свабоднага карыстаньня духам і культурай старшага народу, ламаючы яго арганічныя, нацыя нальныя “фільтры”, але адкрыта і цынічна ставіць сабе, як мэту, фізычнае зьніштажэньне папаўшага ў яго рукі меншага ці малодшага на роду... Адказам на гэты супольны “Drang”, супольны гвалт абодвух саюзных імпэрыялізмаў, можа быць толькі, так сказаць, “зачы­ нень не нацыянальнай граніцы”, і “таможаная вайна” з небясьпечным, руйнуючым “ўплывам” і “ўвозам” і — перадусім умацаваньне якраз тых самых “нацыянальных фільтраў”, праз якія павінны праходзіць у нашую душу ўсе гэтыя “ўплывы”, каб яны запраўды ўзбагачалі наш дух, а не “расчышчалі” ў нашай душы месца для чужога, “вышэйшага” польскага духу... Усе небясьпекі гэтай “місыі”, руйнуючай вольнае, самастойнае разьвіцьцё народнай душы, крадучае яе першародзтва ў свайго Бога-Прыроды, атручываючай яе пачаткавы біолёгічны оптымізм, без якога няма ані жаданьня, ані сэнсу жыць, які зьяўляецца першым залогам бязьмежнага духоўнага росту народа, — усе гэтыя небясьпекі найлепш дэманструюцца на прыкладзе таго паэта, на “сырым камлі” беларускай душы якога была, здаецца, нават без усякага гвалту — самымі “гарадэльскімі” мэтадамі зроблена гэтая прышчэпка польскай мовы і польскага “духу”...

Мы пойдзем разам з праф. Зьдзехоўскім па гэтаму пахнючаму саду беларускай душы Сыракомлі-Кандратовіча, але спрабуем яшчэ глыбей, як гэта зрабіў гэты прызнаны ўсім сьветам “тайнаслухач” чалавечай душы ў найпякнейшых яе аспэктах, падслухаць яе тайну, — і пабачым, ці запраўды гэтая прышчэпка “кароны” польскага духу дала моцны, жыцьцярадасны самасьцьвярджаючы — непераможны ўзрост беларускаму караню ці “камлю” душы паэта... Калі на гэтае пытаньне мы атрымаем адказ дадатны, тады трэба будзе прызнаць, што беларускі камель (“Litwa”) бяз болю, як у сваё арганічнае прадоўжаньне можа ўрастаць у польскую карону (“Коronę”)... пры, зразумела, усіх тых выняткова спрыяўшых варунках і абставінах, якія калісь стварала для польшчыўшайся беларускай шляхты польская ўлада... Але-ж калі на нашае, як кожны зразумее, прынцыпова важнае пытаньне мы атрымаем адказ адмоўны, дык трэба будзе праф. Зьдзехоўскаму згадзіцца, што ня толькі яго талентна і шчыра сказанае слова аб “польска-беларускай” душы Сыракомлі недасказана ім да канца, але — яшчэ й далей — што яго галоўная, прынцыповая “гарадэльская тэза” аб бязумоўных дабрадзействах польска-беларускай “уніі” абедзьвюх народных душаў... пад гэгэмоніяй польскага духу... — павінна будзе паддацца грунтоўнаму перагляду... Як мы казалі, пакуль што мы абмяжоўваемся толькі рамкамі працы, цытатаў і прыкладаў лекцыі праф. Зьдзехоўскага, якія перадусім маюць ужо тую бязспрэчную вартасьць, што запраўды шукаюць праўды і ўмеюць у пэўнай меры яе знайсьці, — значыць такому правадыру па духоўнаму саду паэта можна сьмела паверыць сваю руку...

Ня можа быць ніякага сумліву ў тым, што сам Кандратовіч афіцыяльна чуў сябе паляком, што ў пэўнай, а нават вельмі значнай, меры “гарадэльская ўнія” ў яго душы сталася бязспрэчным трывалым фактам... “Няма Літвы бяз Польшчы, ані Польшчы бяз Літвы” (Літвы, г. зн. Беларусі), — казаў ён сам у вядомым пазнанскім тосьце. Нацыянальна-палітычная сьвядомасьць у яго часы магла быць у ім толькі польская, і не аб тым мы будзем тутака вясьці нашую гутарку. Мы ўсе настолькі прывыкаем да пэўных рэчаў, якія штодня бачым і чуем, што лічым іх зусім звычайнымі і зразумелымі і нічуць ня трывожымся, каб вытлумачыць сабе тое ці іншае, можа вельмі важнае ці вельмі ненармальнае зьявішча. Як ведама, мы найлягчэй прывыкаем... да чужога гора, да чужога суму і спакойна тлумачым сталым асабістым ці нацыянальным “характарам” ці “тэмпэрамэнтам” тое, што зусім ня мае, а тым больш — не павінна мець — перадусім характару сталасьці, як рэч ненармальная, руйнуючая жывы дух асобы ці цэлага народу.

Гэты сталы сум асобы ці народу мае заўсёды свае глыбокія прычыны, і запраўдная актыўная любоў да таго ці да другога сьвядома ці несьвядома якраз кіруецца да гэтых найглыбейшых нетраў хворага духу і, калі яна зьяўляецца запраўднай сілай, дык і даконывае запраўдны цуд сцаленьня, — уваскрашае заснуўшы ці забіты, ледзь тлеючы пачатны біолёгічны оптымізм нашай духоўнай прыроды...

Кожны ведае, што ў гэтым і зьмяшчаецца той “цуд ўваскрашэння любоўю”, які гэтак праславілі ўсе паэты ўсіх часоў і народаў... Любоў уваскрашае радасьць жыцьця, асьвячае і асьвятляе ўсю прыроду навакола мяне, а перадусім — праслаўляе і благаслаўляе ўсю прыроду ўва мне самым — дае мне любоў да мяне самога, калі яе да таго ня было...

А паводле найлепшага, найпякнейшага азначэньня Спінозы, пачуцьцё радасьці ў маёй сьвядомасьці зьяўляецца адбіцьцём об’ектыўнага, рэальнага росту і пашырэньня маей душы — наагул усей маей запраўднай — прасьвятлёнай і асьвячонай істоты... I значыцца — наадварот — пачуцьцё суму, журбы, тугі — адбівае об’ектыўны працэс аб’яднаньня, звужэньне душы... Значыць, запраўдная любоў дае новыя магчымасьці росту, разьвіцьця, расшырэньня маей самастойнай істоты, што якраз і дае, паводле Слінозы, об’ектыўна абаснаваную радасьць маей сьвядомасьці...

Але запраўдная любоў павінна зрабіць яшчэ адзін, ужо апошні, крок: настолькі ўваскрасіць свой жывы прадмет, каб ён не патрабаваў ужо, больш, гэтак кажучы, пастаяннага даплыву звонку гэтай уваскрашаючай цудатворнай сілы, без якой ізноў пачыналі-б вянуць і тухнуць сьвятло і радасьць унутры і вонках яго…

Запраўдная любоў павінна, як пекна кажа Лявон Талстой, “заразіць на ўсё жыцьцё”... Толькі тады любоў запраўды даканае свайго цудоўнага чыну, калі яна настолькі “заразіць” чалавека ці цэлы народ сваей сілай, што прабудзіць у іх іхнюю ўласную любоў да саміх сябе, і прытым — настолькі, каб якраз гэтая іхняя любоў да саміх сябе ўжо сама без даплыву і помачы звонку выпаўняла ўсю гэтую задачу бесканечнага і пастаяннага ўваскрашэньня, даючы бесперарыўнае пачуцьцё радасьці — адбіцьця об’ектыўнага бязьмежнага росту душы...

Толькі тады, як кожнаму зразумела, уваскрашэньне ператвараецца ў запраўднае, не вымагаючае больш помачы звонку ўвас­крашэньне асобнага чалавека ці цэлага народу... І мы ведаем, што якраз гэтак і ставілася вялікая задача Адраджэньня ў пачатку Новага часу. Гэтак пачынаецца і забясьпечываецца і ўваскрашэньне да новага самастойнага жыцьця і кожнага асобнага народу і ў нашыя часы... А калі мы прыпомнім, што той самы вялікі філёзоф Спіноза, новае рэлігійнае самапачуцьцё якога магутнай хваляй увайшло ў сьвядомасьць сучаснага чалавека, рэлігійны пантэізм якога зьяўляецца найглыбейшай рэлігійнай асновай і прадпасылкай ня толькі філёзофскай, але і палітычнай сьвядомасьці сучаснай душы і рэспубліканскай схэмы сучаснага гаспадарства, — што той самы Спіноза вучыў, што любоў да Бога ў кожным з нас есьць ня што іншае, як любоў Бога да самаго сябе, што сам Бог, які жыве ў нас, у нашай душы, любіць сам сябе паўсюды ў Сусьвеце, а перадусім у нас саміх, бо Ён і ўся Прырода — адно, дык мы добра зразумеем, што прабудзіць і гэткую любоў у народу да самаго сябе, любоў, якая-б пачула сябе любоўю самаго Бога да гэтага народу, якая-б дзеля таго — шляхам гэтай бесканечнай радасьці бязьмежна расьціла-б і пашырала самастойна народную душу, — прабудзіць у заняпаўшым, падбітым народзе гэткае самапачуцьцё — зьяўляецца дапраўды першай і найвышэйшай задачай запраўднага рэлігійнага ўваскрашэньня народу... Як-жа вырашыла гэтую аснаўную задачу ўваскрашэньня беларускага народу “гарадэльская” любоў — унія старшага, вялікшага Духам польскага народу?..

Тыповы, можа найпякнейшы, плод гэтай любові — польска-беларуская душа і паэзія Сыракомлі лепш за ўсё адказывае на гэтае аснаўное, прынцыпова-рэлігійнае пытаньне аб запраўднай вартасьці гэтай “уніі” беларускай і польскай душаў... Бо кожнаму ясна, што якраз тут, а не дзе ў іншым месцы ляжыць запраўдны, рэлігійна-ахопліваючы ўсе іншыя — палітычныя, культурныя і г. п. пытаньні, зьмест праблемы... Бо паэзія, гэта — тое самае, што запраўднае жыцьцё душы, і тут, у тым сьвятым аўтары ніякога фальшу быць ня можа, бо тут — самая крыніца жыцьця і жывога духу. Які-ж аснаўны “пафос” усей паэзіі Сыракомлі знайшоў сам праф. Зьдзехоўскі?

Галоўны пафос беларускай душы паэта — гэта яго “пачуцьцё прыроды”. Паэт казаў, што ён пазнаваў нёманскія сенажаці па іх паху, а дрэвы — па шуму лістоў... Але зусім слушна праф. Зьдзехоўскі кажа, што “да гэтага пачуцьця прыроды трэба прыглядзецца бліжэй”... Можа нават — бліжэй, як гэта робіць сам аўтор...

Тое, што піша праф. Зьдзехоўскі, паводле Рэнана і іншых позытывістаў, аб азначаючых не толькі народную душу — тыпы народнай псыхікі, але і нават і тыпы рэлігіяў, уплывы прыроды зьмяшчае многа праўды, але — ці шаноўшы аўтор напраўду думае, што “пустыня ёсьць монотэістычна”, або “пантэізм створаны сенажацямі і морам”?! Ня можа быць сумліву ў тым, што пачатныя рэлігіі тварыліся, як адбіцьцё, прадоўжаньне “пачуцьця натуры”, але ў далейшым кожная з іх ставіла сабе заданьнем — перамогу над гэтай пачатна дадзенай прыродай...

І толькі паколькі гэтая перамога зьдзяйсьнялася ўдунутымі ў душу чалавека яго рэлігіяй новымі сіламі Духа, пастолькі яго душа пачынала новы ўзрост, а з ім, як мы ўжо ведаем, і знаходзіла новую па шыраючую душу радасьць перамогі і творчасьці...

Дзеля таго яшчэ не зьяўляецца апошнім адказам на нашае пытаньне тое, што сьцьвярджае аўтор аб агульным характары “безканечнай мэлянхоліі”, якая праймае ўвесь краявід Палесься, дзе ўрадзіўся і правёў амаль ня ўсё жыцьцё Сыракомля, — якая за праўдным “пафосам” (цярпеньнем) адбілася ў паэзіі Сыракомлі. Ня ў тым справа — для вырашэньня нашага пытаньня, з нашага пункту гледжаньня, — што дала паэту родная беларуская прырода, але — у тым галоўнае пытаньне, — што дала гэтай пачатна тыповай-сумнай беларускай душы паэта якраз гэтая “унія” з польскім духам — для перамогі гэтай “бязьмежнай мэлянхоліі” — для гэтага першага кроку запраўднага рэлігійнага акту вызваленьня з рабства прыродзе, — як залогу новага жыцьця, запраўднага ўваскрашэньня ў сьвятле і радасьці... “Litwa rodowita!” — пісаў Сыракомля ў “Дэмборогу”, — “твая зямля сумная, тваё неба бяз блеску”. Так кажа сама аб сабе беларуская прырода вуснамі свайго паэта... Але хто-ж не разумее, што гэта — крык, гэта — прызыў да Сьвятла, да Блеску, да Радасьці, якую якраз і павінен даць той, хто прыходзіць, як быццам з неба, як вышэйшы, — з мацнейшым духам, з запраўднай цудатворнай любоўю, — нясе запраўдную “унію” для духоўнага вызваленьня і — ўваскрашэньня?!

І вось як сам праф. Зьдзехоўскі і цяпер яшчэ адказывае на гэты прызыў...

«Але­ж у гэтай цемранай зямлі, у гэтым небе бяз блеску ёсьць “хараство суму”, якое зачароўвае душу прывязанасьцяй, якую толькі сьмерць можа разьвязаць». Адказ зьмяшчаецца ў тым, што ад гэтага паняволеньня беларускай душы забойчым, паводле Спінозы сумам, цемрай і мэлянхоліяй беларускай прыроды, вызваляе… ня “унія”, не вялікая збаўчая “гарадэльская унія“, але — сьмерць... У другім месцы праф. Зьдзехоўскі кажа, што ў Сыракомлі гэтая мэлянхолія “лагодная”... Далей мы пабачым, што гэта значыць, як гэтая “лагодная мэлянхолія” адбіваецца ў найважнейшых творах паэта, якія якраз акрэсьляліся не беларускай прыродай, але польскім духам — якраз гэтай “уніяй” паміж гэтай, як думае праф. Зьдзехоўскі, гістарычнай прызначанай адна для другое парай... Бо — ані “Літвы бяз Польшчы — ані Польшчы бяз Літвы”!..

Калі адна сьмерць можа вызваліць беларускую душу з паняволеньня забойчаму суму яе “прыроды”, дык які адказ можа даць нам, зразумела, не ў палітычным тосьце на якой небудзь урачыстасьці — у Пазнані ці дзе інш, — але ў найглыбейшых крыніцах і тайніках духоўнае споведзі, у сваей паэзіі паэт — аб гэтай “уніі”?.. Калі гэта мэлянхолія ў народзе актыўнага тыпу, які ня можа і ня хоча мірыцца з “няволяй Прыродзе” з аднаго боку, і з бязьсільлем, ці можа чым горшым, са шкоднасьцяй гэтай уніі — бо сацыяльнай і нацыянальнай няволяй з другога, тады, як гэта і бывала, калісьці ў Беларусі, а яшчэ больш на Украіне, і калі не ў 15, дык у 16 веку, — “народная душа” адказывае аружным паўстаньнем... Гэткага роду “мэлянхолія” адбілася, напр. у паэзіі Марцінкевіча, якой Сыракомля закідаў “niewсzesne drażnienie starej niechęci między klasąmi”... А калі, мэлянхолія “лагоднага” тыпу, як правільна азначыў пр. Зьдзехоўскі ў Сыракомлі, дык такая “душа” адказывае на... пагрозу сьмерці — запраўды цудоўным вершам — “Сuріо dissolvі”, гэта значыць — “хачу разчыніцца ў сусьвеце — зьнікнуць”...

Сам праф. Зьдзехоўскі падкрэсьлівае, што гэты верш “stanowi najgłębszy wyraz religji” Сыракомлі.

“Dałeś (унія з Польскім духам?) mi mowę, cуż ona znaczy? Czyż choć cień myśli mej wytłumaczy?! ............................ W uszu i w oku, w smaku i woni Tylko się samo złudzenie chroni, Tylko przeszkoda duszy człowieczej, By doskonalej pojęła rzeczy”. (“Dwa obrazy”). Вось як ашукаў паэта гэты фальшывы, бо чужы і варожы, Дух, даўшы яму нягодную, бо не яго ўласную родную “мову”, у тым шырокім сэнсе гэтага выразу, які даў калісь нямецкі фылёзоф Фіхтэ ў сваіх слаўных прамовах да нямецкага народу.

Можна згадзіцца з праф. Зьдзехоўскім, што “філёзофічны зьмест” гэтага вершу Сыракомлі запраўды “найглыбейшы”, але яшчэ глыбейшы — бо папросту жудасна-страшны! — першы, пачатна-біолёгічны, вадліва-рэлігійны, душэўна руйнуючы, самазабойчы яго зьмест — з нашага пункту гледжаньня... I не дарма сам праф. Зьдзехоўскі прызнае, што “Сыракомля быў за сто міль ад філёзофіі” (С. 16). I можа гэтая “рэлігія сэрца”, гэтая “лагодная мэлянхолія” беларускай душы, вельмі падабаецца душы польскай, у якой, як сьцьвярджяе праф. Зьдзехоўскі, гэтай мэлянхоліі зусім няма, — настолькі, што польская душа “koraniarza” нават не разумее беларускай душы, а толькі гатова... памагчы ёй у яе “жаданьні расчыненьня” і зьніштажэньня. Але з нашага сучаснага пагляду запраўды жывой рэлігійнай сьвядомасьці, якая ад Адраджэньня і Спінозы лягла ў аснову рэспубліканскага дэмакратычнага самапачуцьця народаў, як жывы прынцып грамадзкай і палітычнай арганізацыі, гэтая “рэлігія сэрца”, аснованая на “лагоднай мэлянхоліі”, на зрэзыгнаваным самазьніштажэньні — на духоўнай пасыўнасьці павінна быць асуджана да канца, як найвялікшае праступленьне перад сабой, сваім народам, — перад людзкасьцю, — засуджана, як найвялікшы грэх, як хула на Духа, якая не даруецца ніколі!.. I гэты “cmentarny”, хаўтурны “пафос” якраз і прасякае ўсю паэзію Сыракомлі... Гэты “пафос” “урос у душу” яго “Янкі Цмэнтарніка”, які прадстаўляе якраз той тып беларуса, які створаны “гарадэльскай уніяй” польскага пана з беларускім “хлопам”, якога мела, паводле праф. Зьдзехоўскага, падняць да сябе — да сьвятла і радасьці, як “роўнага з роўным” польская душа... Дзе-ж ужо там казаць аб палітычным выніку гэтай “духовае уніі” — аб “łączności dworu i chaty wobec wspуlnego wroga”, якая, паводле праф. Зьдзехоўскага, была “ukochanym marzeniem poety” (С. 26). Бо — як-жа напраўды сабе прадстаўляе аўтор гэтую “łączność”, калі сам ён кажа, што “найвялікшае спачуцьцё ў ім (паэце) будзіў закінуты цягнучы ярмо паншчыны сялянскі люд”... (С. 25). “Лагодная мэлянхолія” аднолькава пасыўна, хаця можа і вельмі паэтычна, прыймае як сваё, так сама і чужое “upośledzenie”…

Гэта “лагодная мэлянхолія” страціўшага запраўдную родную, супольную з усім народам “мову”, ашуканага ў сваіх пачатных, актыўных інстынктах, спольшчанага беларуса, зразумела абаўе ўсялякае жыцьцёвае паражэньне, усялякую ціхую сьмерць, усялякую жыцьцёвую пасыўнасьць у найхарашэйшыя, запраўды паэтычныя, “roz­rzew niające do łez”175 вопраткі. Руіна шляхціча “Лагоды” ў спорцы за арэнду з шляхцічам “Заборай” (“Kęs chleba”)...

Цікавы тып польска-беларускага Донкіхота — “Filip z Konopi”, якога б’ець кожны і ўсюды за яго найшляхэтнейшыя чыны... I — урэшце, як запраўдная “апотэоза” гэтай прынцыповай самаахвярнасьці біолёгічна-ашуканай душы, — абраз “Margiera” і яго таварышоў, якія, ня хочучы аддацца ў рукі крыжакоў, “самі сябе на каcтры ў ахвяру сваім багам забівалі”... (С. 23). Усе гэтыя створаныя гэтым пасыўна-хрысьціянскім тыпам паэзіі прыпцыпова ашуканай душы, найлепей характарызуюць таго паэта, хто, як Сыракомля, — “ад сваіх адстаў, але да чужых ня прыстаў”...

“Не малюй жыцьця інакш як з неба”, запраўды пекна казаў паэт... Але новае неба над галавой сучаснага чалавека зусім не вымагае гэткай рэлігіі самаадрачэньня. Апошняе мае пэўны сэнс у асобным чалавеку на карысьць другога, ці — на карысьць роднага народу, ці агульналюдзкай ідэі... Але яно ня мае ніякога сэнсу ў адносінах да цэлага жывога народу, якога ніхто ня мае права прынасіць у ахвяру ніякой цэннасьці ні на зямлі ці на небе!.. Цытаваны ўжо намі Фіхтэ ў тых-жа “Прамовах да нямецкага народу”, кажа, што народ можа запраўды жыць і разьвівацца, толькі маючы запраўдную жывую родную мову... У гэтай мове — жывая крыніца духоўнай самабытнасьці народу, крыніца яго сілы і яго першатворнага оптымізму.

Какі якімсь гістарычным няшчасьцем народ траціць сваю родную жывую мову, а на яго жывым карані, на яго сырым камлі “прышчапляецца, — як кажа Фіхтэ, — плоская і мёртвая гісторыя чужога разьвіцьця”, дык у канцы канцоў засыхае і самы корань...

Пачынаецца доўгі, можа нават вельмі “паэтычны”, працэс засыханьня, уміраньня гэтага жывога народнага караня... Гэты об’ектыўны працэс, як мы ведаем з Спінозы, адбіваецца ў народнай сьвядомасьці — у паэзіі — сумам і жудой.

Адбіваецца якраз тым, што трафна назваў крытык Сыракомлі — “лагоднай мэлянхоліяй”!...

“Лагодная мэлянхолія” ў народнага паэта — дык жа-ж гэта — адбіцьцё запраўднага ўміраньня гэтага народу!.. Трэба-ж нарэшце гэта ўжо зразумець, і не закрываць “рэлігійнай” ці “філёзофічнай” фразэолёгіяй запраўднага зьместу гэтага страшнога зьявішча!.. Ці-ж расейская паэзія і наагул літэратура не навучыла яшчэ гэтай “навукі першага чытаньня” паэтычных твораў?!. Можа вельмі “цёмныя сілы” правяць, паводле праф. Зьдзехоўскага, за ўсходняй граніцай Польшчы... Але вялікая моц гэтых “цёмных сілаў” — у тым, што яны будзяць жывы дух уваскрасеньня ў заняпаўшых за часаў царызму народных масаў — у шматмільённага расейскага, украінскага і беларускага сялянства!..

Гэта таксама трэба ўжо зразумець! “Паэзія Сыракомлі, кажа праф. Зьдзехоўскі, становіць духоўную граніцу паміж Літвой (Беларусьсю) і Каронай (Польшчай)”... «Там, дзе “rzewność” гэтай паэзіі ня выклікае водгуку, — гэта знак, што мы апынуліся ў іншым краі, у іншым псыхолёгічным клімаце, — пасярод людзей, інакш адчуваючых, інакш прывязаных да бацькаўшчыны» (С. 22).

На простай і яснай мове, — на палітычнай мове (бо толькі на ёй гавораць цяпер з нашым пакрыўджаным народам, і толькі на гэтай мове павінны і мы адказываць варожа ўзброенай проці нас “польскай душы”), — гэта значыць, што беларускай душы польская ніколі не зразумее! — Нават тады, калі гэтая беларуская душа будзе разтлумачана польскай з такім талентам, з такой глыбінёй, з такім спачуцьцём, з якім зрабіў гэта ў сваім натхнёным слове аб Сыракомлі — сам праф. Зьдзехоўскі!..

Бо мы-ж бачылі, што нават і ён ня можа дагаварыць да канца ўсіх вывадаў з сваіх ўласных, вельмі трафным досьледаў і палажэньняў...

А нават і гэткае, не да канца ідучае, разуменьне беларускай душы робіць ужо вельмі непапулярным шляхетнага польскага мысьліцеля-крытыка ў польскім грамадзянстве... Вывад адсюль для нас — ясны: усе свае надзеі беларускаму народу трэба ўзлажыць толькі на самога сябе...

Галоўнае зьявішча нашых часоў гэта — тое, што старая сумная беларуская душа, якая гэтак падабаецца польскаму пану, а нават праф. Зьдзехоўскаму, — памерла і — ужо не ўваскросьне...

А нараджаецца новая, моцная, радасная — “аблечоная ў сонца”!