Праф. Рудольф Абіхт (Луцкевіч)

Праф. Рудольф Абіхт: Жалобны ўспамін
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1921
Крыніца: НДумка. 1921. 1 ліп

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі нямецкія войскі, у пабедным паходзе на ўсход, увосень 1915 году занялі заходнюю Беларусь, — ня толькі нямецкія палітыкі, але і нямецкія вучоныя зацікавіліся беларускім народам і беларускай справай. І гэтая цікаўнасьць прадстаўнікоў нямецкае навукі не была бясплодная: пад той час, як у лютым 1916 году фэльдмаршалак Гіндэнбург выдае свой дэкрэт аб прызнаньні правоў беларускай мовы ў школе і ўва ўсім грамадзкім жыцьці краю (гэта першае прызнаньне з боку ўрадовае ўлады наагул!), — пад гэты час вядомы славіст прафэсар Вроцлаўскага унівэрсытэту д-р Рудольф Абіхт на 66-м годзе жыцьця пачынае вучыцца беларускае мовы па кніжках — зусім ня чуўшы жывога беларускага слова, ды ўвосень таго ж 1916 году чытае курс беларускага языка на катэдры славяназнаўства. Вясной 1917 году ў Вільню прыяжджаюць ужо першыя вучні праф. Абіхта, каб пазнаёміцца зь беларушчынай на практыцы.

У канцы таго ж 1916 году мне давялося першы раз бяседаваць з праф. там — хоць толькі на пісьме. Першае пісьмо яго было па-нямецку. У ім праф. Абіхт высказаў шмат цікавых думак аб беларускай мове наогул і аб беларускім шрыфце асабліва. Староньнік лацінкі, ён хоча правясьці ў ёй радыкальную рэформу: зьмякчаць зычныя не ўстаўляючы i (як гэта ў нас цяпер робіцца за польскім прыкладам), а пры помачы значкоў мяккасьці ня толькі для ж, њ і с, [а] для ўсіх зычных (як у чэхаў); выкінуць зусім вялікія (прапісныя) літары, завясьці новыя знакі для гукаў dz і ch і т. д. А цераз два гады — у 1918 годзе — выпускае ён сваім коштам кніжачку беларускую: «Prosty sposab stacca » karotkim casie hramatnym», маленькі буквар па новай сыстэме, апрацованы пры ўчасьці грам. Янкі Станкевіча. Далейшая карэспандэнцыя з праф. Абіхтам вялася толькі па-беларуску, і ў кожным пісьме, поўным розных пытаньняў аб асаблівасьцях мовы, незразумелых словах і зваротах, поўным вельмі цэнных уваг аб тэй ці іншай справе, была ў канцы просьба: паправіць беларускую мову пісьма і з гэтымі папраўкамі вярнуць самае пісьмо.

Сваю цікаўнасьць да беларушчыны праф. Абіхт давёў да таго, што пераклаў на нямецкую мову некалькі беларускіх вершаў (у тым ліку верш Янкі Купалы «Роднае слова», друкаваны ў «Wilnaer Zeitung»), напісаў абшырны агляд гісторыі Беларусі, друкаваны ў віленскай газэце «Zeitung der 10. Armee», прысылаў да «Гоману» невялічкія заметкі па-беларуску (у тым ліку невялічкі досьлед «Калі быў напісаны «Тарас на Парнасе»). Даваў ён заметкі і стацьці аб беларускай мове і ў розныя часопісі ў Нямеччыне.

Апошні раз перапісваўся я з праф. Абіхтам у 1919 годзе, калі мне давялося быць нейкі час у Бэрліне і арганізоўваць тамака выпуск інфармацыйнай кніжкі аб беларусах у нямецкай мове («Weissruthenien»), якая і выйшла пад тэхнічнай рэдакцыяй нямецкага публіцыстага Вальтэра Егера. Я зьвярнуўся да праф. Абіхта з просьбай прылажыць сваю руку да праектаванай працы. На гэта атрымаў вельмі сымпатычны адказ, у якім праф. Абіхт горача падтрымліваў ідэю кніжкі і абяцаўся нешта прыслаць. І сапраўды прыслаў: ня толькі свае пераклады народных казак і вершаў, але, разам з жонкай свайго таварыша грам. Эльзай Вэцман, пераклаў жменю беларускіх народных песень і ўпісаў іх на ноты народных мэлёдыяў. Усё гэта безь ніякага ганарару было надрукована ў сказанай кніжцы «Weissruthenien».

Пераглядаючы цяпер — з прычыны сумнае весткі аб сьмерці праф. Абіхта — усю нашу зь ім перапіску, перад вачыма ўстае зь незвычайнай яркасьцю духовы абраз гэтага праўдзівага мужа навукі, які на вечныя часы зьвязаў сваё імя зь беларускай філялёгіяй: ён — першы вучоны, каторы чытаў унівэрсытэцкі курс беларускай мовы. Ні «браты» расейцы, ані палякі, а немцы былі тут першымі. Раўнуючы праф. Абіхта да тых «вучоных» братніх народаў, якія ня толькі самі цураюцца прамовіць слова пабеларуску, але нават забараняюць сваім студэнтам зварочвацца да іх на лекцыях беларускае мовы ў гэтай жа мове (у Віленскім унівэрсітэце), — я з асаблівай пашанай схіляю галаву перад гэтым нямецкім вучоным, ушанаваўшым мову майго народу, і з шчырым жалем з прычыны сьмерці яго шлю яму гэтыя традыцыйныя словы:

Sit Tibi terra levis!