Прачхніся, беларусе!/Кірылізацыя
Прачніся, беларусе! Публіцыстыка Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі 1933 год Крыніца: часопіс «Жыве Беларусь!» (Менск), 1943, № 4-5, кастрычнік-лістапад, б. 18 |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прачхніся, беларусе! |
Прачхніся, беларусе!
Звалі з сябе вяковую, маной сашытую дзяругу.
Страсі стагодні пыл, што засьцілае твае вочы.
Падніміся!
Глянь на сваё, ліхазельлем парослае поле. Глянь і паслухай, як прагавіта дзяруцца суседзі, што, карыстаючыся сном тваім, гаруць аблудай тваю Зямліцу і засяваюць маной твае родныя гоні.
Паслухай!
Якім страхацьцём адчуваецца рогат сытых тваёй цемнатою суседзяў!..
Дзеці твае плачуць.
Плачуць над сваёй нядоляй, песьцяць мазалямі сваю Родную Зямліцу і просяць, каб дала ім кусочак чорнага хлеба.
Яна—Зямліца—сама у нядолі.
На яе пасягаюць прагавітыя рукі чужынцаў і засяваюць зярняты пагана-зманлівае зрады.
Дык устань, гаспадару!
Устань, браце!
Памажы працаваць тым, што прачхнуліся, бо прагавітыя суседзі сьмяюцца, што нас мала на родных гонях, што мы ня умеем, што ня здольныя гаспадарыць на сваёй Зямельцы.
Прачхніся, беларусе!
Звалі з сябе камень цемнаты. Глянь зрокам вольных прадзедаў-волатаў, зрокам, пранікаючым у тайніцы руінаў, раскрываючым агіду стагодзьдзяў, заглядаючым у курганы, раскіданыя па усёй нашай Зямліцы.
Глянь вокам арліным!
Вокам, што ня сплушчыцца ад зманлівага бліску шляхоцка-панскае справядлівасьці.
Ідзі!
Гары і засявай потам аблітае поле. Працуй і сьпявай вольныя песьні.
Сьпявай!
Каб зашумелі рэхам свабоды беларускія непраходныя пушчы; каб усьцешыліся раскіданыя па курганох беларускае Зямліцы прадзедаў косьці.
І засявай свае гоні!
Засявай зярном справядлівасьці, каб яно вырасла і заглушыла ману, каб пракарміла тваіх працоўных унукаў і дало ім сілу і бесперарыўную бадзёрасьць, каб яны ніколі не заснулі, а цягнулі пачатую табою вольную, працоўную, адраджэнскую беларускую песьню!
Казлоўшчык