Пра гаспадарчы самаўрад грамадаў і гмінаў віленска-троцкага павету

Пра гаспадарчы самаўрад грамадаў і гмінаў віленска-троцкага павету
Публіцыстыка
Аўтар: Люцыян Жалігоўскі
1937 (пераклад 2021)
Арыгінальная назва: O gospodarce samorządowej Gromad i Gmin powiatu wileńsko-trockiego
Пераклад: Gleb Leo
Крыніца: Polona.pl

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адбітка з „Kurjera Wileńsk.“ з дн. 2.XII.1937 г.

Дэпутат ген. Люцыян Жалігоўскі
Пра гаспадарчы самаўрад грамадаў і гмінаў віленска-троцкага павету

Зь першага красавіка 1938 году гміны атрымаюць самаўрад. Гэта будзе вялікай гістарычнай падзеяй, якая адгарне новую старонку гісторыі ў жыцьці вёскі, у жыцьці насельніцтва, якое мы называем: „хлопамі“[1] (Я паважаю сялянства. Будучы селянінам, ня трэба саромецца, а належыць ганарыцца. Перад імі стаіць вялікая роля ў будучай гісторыі Польшчы).

Нарэшце грамады і гміны самі, без усялякіх дарагіх нянек, пачнуць апекавацца сваімі справамі, думаць пра паляпшэньне свайго побыту, пра разьмеркаваньне сродкаў, якія гміна мае, пра рыхтаваньне гаспадарчага апарату для далейшай службы і сабе, і грамадзтву, і гаспадарству.

Вялікую ролю ў гэтай працы адыгрываюць войты гмінаў. Яны — рэчаісныя гаспадары на тэрыторыі, дзе жыве да дваццаці тысячаў асобаў. Раней такую ролю адыгрывалі толькі галовы местаў і бургамістры. Войт гміны быў звычайным ураднікам, які толькі выконваў адміністрацыйныя загады. Ён ня быў аніякай сілай ні гаспадарчай, ні грамадзкай. Ён часта будзе непадрыхтаваны да працы на тэрыторыі, дзе ад стварэньня сьвету дзейнічаў толькі загад і прымус. Сотні пакаленьняў нарадзілася і памёрла, ня ведаючы часта, што такое дзяржава, што такое справавая арганізацыя, што такое бескарысьлівая праца для супольнасьці, што такое дабрабыт, што такое грамадзянін, які грэбуе крадзежам і жабрацтвам, не цалуе крывадушна рук, а чуецца вольным грамадзянінам.

Праца ня будзе лёгкай. Войты сустрэнуцца з пасіўнасьцю, бракам даверу, панурай псыхікай людзей, якія перажылі мноства прафэсіяў. Адгалосьсе гэтага яны сустрэнуць і ў сваім сэрцы. Але ж усё гэта трэба перамагчы. Трэба памятаць, што гэта адзіны шлях, які прывядзе да мэты. Што гэта пачаткі шляху, якім пойдуць наступныя пакаленьні.

Менш словаў, а больш справаў. Добра забіты цьвік больш варты за пекна вымаўленае выказваньне. Не рабіць некалькі рэчаў адразу. Часьцей зьбіраць гмінную Раду і гаспадарчую камісію. Выслухваць парады і заахвочваць да іх. Гаспадарчыя дэбаты праводзіць на адкрытых паседжаньнях, каб людзі слухалі й вучыліся. Каб паўстала апінія. Каб пачалі шанаваць розум, шчырасьць і бескарысьлівую працу для супольнасьці.

На землях гміны існуюць рольніцкія гурткі. Якое да іх павіннае быць стаўленьне. Найзычлівейшае. Ня толькі, таму што яны ўжо вельмі дорага каштуюць і, можа, хоць троху нечага навучыліся, толькі асабліва, таму што часта ў іх найэнэргічнейшыя людзі. Бо хто ж гэтыя гуртоўнікі? Найчасьцей гэта людзі, якія шукаюць веды, жадаюць вучыцца, дамагаюцца палепшыць свае гаспадаркі. Такіх людзей трэба шанаваць, калі ж яны будуць творчым элемэнтам у гміннай гаспадарцы. Мы змагаемся не з гурткамі, а з цэлай сыстэмай, якая, забіраючы ўсе сродкі з гмінаў і павету, часта мала дае для самых гурткоў, а менавіта нічога не дае для рольніцкай масы. Зараз аграном прыяжджае пару разоў на год, а мы хочам, каб ён жыў у гміне і несупынна працаваў на тэрыторыі вёсак, несупынна радзіў, як падняць прыбыткавасьць зямлі, палепшыць гадоўлю. Сёньня гуртоўнікі ў гміне атрымліваюць некалькі мяшкоў навозу, а належыць дамагацца таго, каб гэты навоз вагонамі прывозіўся ня толькі для іх, але й для ўсіх іншых гаспадароў.

Арганізацыі рольніцкіх гурткоў занятыя сельскай гаспадаркай. У гмінах гэтага не даволі. Ёсьць мноства працы па-за ральлёй. Будаўніцтва, шпіталі, рольніцкія курсы для моладзі, каапэратывы, народныя дамы, рамёслы, вывучэньне зямлі, касы ўзаемнае дапамогi. Нічога з гэтага ня робіцца. Зрабіць гэта можа толькі супольная праца жыхароў гмінаў, гмінны самаўрад. Тут ніводны гурток ужо не дапаможа. Тут патрэбная плянавая праца войта разам з гміннай Радай і гаспадарчай Радай.

Калі мы гутарым зь вялікай сымпатыяй пра рольніцкія гурткі ў вёсках, то няма ў нас гэтай сымпатыі да акруговых таварыстваў. Яны сваёй палітыкай не паднялі нашай гаспадаркі, толькі яе разбурылі, зьнясілілі і перакрэсьлілі гмінны самаўрад. І праз гэта зрабілі вялікую шкоду і для дзяржавы, і для рольніцкай грамады.

Сёньняшнія „добраахвотныя арганізацыі“ маюць на мэце пераважна палітычныя, а не гаспадарчыя мэты. Абапіраюць свае намеры найчасьцей на цемры люду, на ягонай даверлівасьці. Гэта найгоршая палітычная з палітычных сыстэмаў. Бо добра чуецца прафэсійны палітык, абапіраючыся радыкальнымі споклічамі ў несьвядомым асяродзьдзі. Але мы кажам іншае: Нацыя мусіць прызвычаіцца да кіраваньня сваімі ўласнымі справамі. І калі гэта ня так, то губляецца ня толькі нацыя, але й дзяржава, калі ж разам са стагнацыяй мысьленьня й дзеяньня нарастае абыякавасьць адносна яе. Нацыя мусіць узмацніцца палітычна не праз розных палітыканаў, толькі праз самаўрадавую працу на ўласнай зямлі, у вагні хваляваньня пра ўласны дабрабыт, пра бескарысьлівую працу для супольнасьці. Бо самаўрад — гэта школа грамадзянскага выхаваньня, гэта практычнае навучаньне супрацы грамадзянаў зь дзяржавай.

А роля наглядальных уладаў[2]? Будзе палягаць на тым, каб не перашкаджаць у працы. Выканваць толькі нагляд, каб нічога, што канфліктуе з духам права, ня здарылася. Мусяць прыхільна прыглядацца, як на тэрыторыі павету паўстане 15 новых гаспадарчых арганізмаў, найчасьцей зусім розных, непадобных адзін да аднаго. Будуць рабіць памылкі. Няхай робяць. Найбольшай памылкай будзе, калі нічога ня будуць рабіць або будуць чакаць загады наглядальных уладаў. Сёньня наглядальныя ўлады маюць нядобрую рэпутацыю на гэтай тэрыторыі. Яны задоўга і зарашуча патранавалі ідэяй „добраахвотных арганізацыяў“. Таму на іх сумленьні сёньняшні правал самаўраду. Сёньня гэтыя арганізацыі дамагаюцца, каб з дапамогай наглядальных уладаў зноў апанаваць гаспадарчы самаўрад гмінаў, а з дапамогай гурткоў надалей вылучыць сродкі на нейкія каапэратывы. Велікароднай і службовай працай наглядальных уладаў будзе вывучыць гэтую некантраляваную дзейнасьць OTO і KR, якая страціла ўсялякі сэнс быцьця, і застаецца спадзявацца, што перастане існаваць, а на яе месцы паўстане павятовы Рольніцкі дом. Што ж да супрацы, то лёс яе зьвязаны з самаўрадам грамадаў і гмінаў. Як ён паўстане, то амаль аўтаматычна паўстане і здаровая супраца.

Як указвае нашая рэчаіснасьць і недалёкая мінуўшчына, самаўрадавая ідэя мае няшмат сяброў. Вядома, ёсьць шмат людзей, якія называюць сябе самаўрадоўцамі толькі гэты самаўрад яны разумеюць, як так зв. тэрытэрыяльны самаўрад, абмежаваны малым удзелам гмінных радаў у справе інфраструктуры, асьветы, сацыяльнай дапамогі. Затое самаўраду ў разуменьні агульнага выгляду гаспадаркі гмінаў і грамадаў у нас няма. І тады навокал сябе мы мусім шукаць сяброў. Дзе яны? Я бачу іх у дзьвюх вялікіх сілах, зрошчаных з жыцьцём вёскі: у духавенстве і настаўніцтве. Абедзьве гэтыя няўжытыя сілы, дапаўняючы адна адну, знайдуць ў ідэі самаўраду грамадаў і гмінаў, новыя шляхі духу і матэрыі. Ідучы гэтымі шляхамі, яны выконваюць вялікую задачу Нацыянальнай, Дзяржаўнай і Хрысьціянскаяй натуры.

Генэрал Л. Жалігоўскі

Заўвагі перакладчыка

правіць
  1. з польск.: сялянамі.
  2. Праваахоўных органаў.
 

Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.