Пра гуманізм і неабачлівасць

Пра гуманізм і неабачлівасць
Аўтар: Максім Багдановіч
1914
Арыгінальная назва: О гуманизме и неосмотрительности
Пераклад: VasyaRogov
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прадмет прапанаванай нататкі вельмі нескладаны. У пасяджэнні Таварыства славянскай культуры п. Курнатоўскі, робячы даклад пра межы польскай народнасці, закрануў між іншым і беларускае пытанне. Ці з’яўляюцца беларусы асобнай нацыяй, або не, - гэта, паводле меркавання дакладчыка, цяжка сказаць. Найбольш правільным уяўляецца яму погляд, што існуюць толькі няўдалыя спробы стварыць такую нацыю. Адзначыўшы гэта, п. дакладчык прапанаваў расейскаму грамадству нешта накшталт палюбоўнага падзелу: два мільёны беларусаў-католікаў адпісаць Польшчы ў мэтах іх паланізацыі, астатнюю ж частку абмаскаліць, каб беларускі народ, так бы мовіць, “рассмактаўся” паміж двума найбольш моцнымі суседнімі нацыямі.

Прысутны на сходзе П.М. Мілюкоў, адказваючы дакладчыку, дастаткова пэўна і цвёрда заявіў, што беларусы маюць такое ж права на самастойнае развіццё, як і ўсе іншыя народнасці, і што праект Курнатоўскага ўяўляецца яму недапушчальным.

З нагоды гэтага інцыдэнта я дазволю сабе сказаць некалькі слоў.

Перш за ўсё вельмі спрэчным уяўляецца мне сцверджанне п. Курнатоўскага, што спробы ўзняць беларусаў на ўзровень самастойнай нацыі апынуліся няўдалымі. Больш пэўна адваротнае: яны былі вельмі ўдалыя, нягледзячы на адміністрацыйныя пераследы, ганенні з боку расейскіх і польскіх шавіністаў і да гэтага падобныя ўмовы. За непрацяглы тэрмін, усяго толькі ў якія-небудзь восем год, была створаная беларуская прэса[1], выдана некалькі сотняў тысяч экземпляраў брашур і кніг, узраслі кадры беларускай народнай інтэлігенцыі, і на яе трывала абапіраецца справа нацыянальнага адраджэння. Амаль усё, што выдаецца па-беларуску, ідзе ў вёску, трапляе ў самыя глухія куткі, паўсюль абуджаючы нацыянальную самасвядомасць. І гэта не проста літаратура для народа, бо яна вынік пісьменніцкай працы многіх і многіх сотняў сялянскіх рук, якія на час адрываюцца ад сахі, каб узяцца за пяро. Можна ігнараваць адпорную моц гэтага руху, можна цалкам адкінуць яе са свайго разліку. Але назваць яго нежыццяздольным, мёртванароджаным – нельга. Гэта вельмі супярэчыла б рэчаіснасці.

Што тычыцца практычных планаў п. Курнатоўскага, то ў іх вельмі дзіўная адна абставіна: калі паланізаыя патрэбная для беларускага народа, то чаму п. дакладчык праектуе яе толькі для беларусаў-католікаў, а не для ўсяго беларускага народа ў цэлым? І, наадварот, калі яму неабходна русіфікацыя, то чаму яна непажаданая сярод беларусаў, якія прытрымліваюцца каталіцтва? Розніца ж у веравызнаннях не расколвае беларускі народ на дзве непадобныя па культуры велічыні. Бо ў беларуса, ці ён католік, ці праваслаўны, адзін і той жа псіхічны тып, мова, бытавы ўклад. Як жа з гэтых аб’ектыўных перадумоваў можа адначасова вынікнуць неабходнасць для беларускага народа абмаскальвання і тут жа побач неабходнасць паланізацыі, - рэчаў проста супрацьлеглых і ўзаемавыключальных?

А разгадка была простая. Распараджаючыся так бесцырымонна лёсам беларусаў, п. Курнатоўскі нават не спрабаваў задацца думкай, наколькі шкодныя ці карысныя для іх ягоныя праекты. Ён абсалютна не цікавіўся гэтым, цалкам захоплены перспектываю ўзмацнення польскага народа шляхам апалячвання двух мільёнаў беларусаў. Ён і абмаскальванне астатніх беларусаў высоўваў не як нешта каштоўнае для іх, а проста, так бы мовіць, як плату расейскаму грамадству за магчымасць бесперашкоднай паланізатарскай дзейнасці. Карацей кажучы, п. Курнатоўскі спрабаваў весці гандаль беларускім народам, які ў яго вачах з’яўляецца не суб’ектам, а аб’ектам правоў, прызначаным служыць чымсьці накшталт харчовага матэрыяла для суседніх народаў. Застаецца толькі адзначыць, што асобы, да якіх належыць п. Курнатоўскі, завуць сябе “гуманістамі”.

Але далёка не ўсё польскае грамадства ахопленае тэндэнцыямі гуманізма. Паводле паведамлення п. Л. Казлоўскага у “Киевской мысли” многія з прыстутных на сходзе палякаў паўсталі супраць прапанаванага праекту, а ў ліку іх і сам п. Казлоўскі. Але гэта не перашкодзіла апошняму ў той жа час надрукаваць у часопісе “Народы и Области России” мапу рассялення польскага народа, дзе, напрыклад, у Віленскім, Лідскім і Ашмянскім уездах Віленскай губерні лік палякаў паказаны ад 50% да 100%, у Дзісенскім, Вілейскім і Свянцянскім – ад 30% да 50%, у Мінскім таксама, у Дрысенскім (Віцебскай губ.) – ад 20 да 30% і г.д. Ствараецца ўражанне, што гэта польскі край, толькі праз памылку называны Беларуссю. А між тым тут жыве суцэльнае беларускае (часам літоўскае) насельніцтва, палякі ж ёсць толькі ў гарадах ды ў панскіх сядзібах; нарэшце, да палякаў з вялікай нацяжкай можна было б аднесці і так званую “засьцянковую шляхту”[2], але і толькі. Што ж тычыцца прыроды лічбаў, прыведзеных п. Казлоўскім, то яны і раней трапляліся ў польскіх статыстыкаў і з’яўляюцца вынікам далучэння ўсіх беларусаў-католікаў да палякаў, г.зн. вынікам махінацый, супраць якіх узбройваўся сам п. Казлоўскі. Мы не сумняемся, што ён проста быў уведзены ў аблуду пп. даследчыкамі, (якім вельмі да твару Шчадрынскі дэвіз: “Праскоўя мне цётка, а праўда мне маці”). Аднак як бы то ні было, усё ж даводзіцца канстатаваць, што з асяродку польскіх прагрэсіўных колаў беларускаму народу на нашых вачах быў нанесены ўдар, у ацэнцы якога наўрад ці магчымыя хістанні.

Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.

 
  1. У цяперашні час існуе шэсць беларускіх органаў друку, акрамя таго беларускі рух абслугоўваецца органамі на расейскай і габрэйскай мовах
  2. Мы, аднак, лічым гэта няправільным