Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/На беларускім экране

Тварам да чытача На беларускім экране
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Беларусізацыя навыварат
Іншыя публікацыі гэтага твора: На беларускім экране.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА БЕЛАРУСКІМ ЭКРАНЕ

Пытаньне кінобудаўніцтва ў апошні час робіцца ўсё больш ды больш актуальным. Нядаўна праведзеная ўсесаюзная партнарада па пытаньнях кіно асабліва падкрэсьліла тое вялікае значэньне, якое мае для нас кіно. А ў нас на Беларусі пытаньні кіно набываюць асаблівую вострасьць, бо у процэсе разьвіцьця маладой культуры кожная яе галіна выклікае асаблівую ўвагу, асабліва востра скрыжоўвае вакол сябе погляды грамадзкасьці. У кожным выпадку расійская грамадзкасьць не аддавала столькі ўвагі пытаньням кіно, колькі грамадзкасьць беларуская; тыя тры-чатыры фільмы, якія выпушчаны Белдзяржкіно, яшчэ задоўга да іх выхаду ў сьвет жвава абгаварваліся і ў друку і на дыспутах. Праўда, першы „нацыянальны“ фільм Белдзяржкіно „Проститутка“ карыстаўся посьпехам у кожным выпадку ніжэй чым сярэднім. Але пасьля гэтага мы бачым ужо буйныя мастацкія фільмы — „Лясная быль“, „Его превосходительство“ і „Кастусь Каліноўскі“. Найбольш сьвежаю ў памяці гледача зьяўляецца карціна „Его превосходительство“; гэту карціну мы і спрабуем аналізаваць.

Сюжэт фільму „Его провосходительство“ — барацьба яўрэйскіх рабочых з царскім самаўладзтвам у „губернском городе Западного края“[1] і забойства шаўцом Гіршам Лекертам губарнатара фон-Валя. Галоўныя дзейныя асобы па дыспозыцыі — Гірш Лекерт і фон-Валь. Другарадныя — рабін, яго дачка Марыан, фабрыкант Шпіс. Нарэшце — Рывэлэ, рабочыя шаўцы, рэволюцыянэры. Узаемаадносіны іх паміж сабою наступныя.

I. Фон-Валь.

Прадстаўнік царскага ўраду і абаронца яго ўстояў. Згодна фільму, дзейнасьць яго заключаецца ў тым, што ён сядзіць у цырку, выклікае яўрэйскіх буржуа, намякае ім на магчымасьць пагрому, прысутнічае пры экзэкуцыі і… усё. Па сутнасьці ў фільму яго адміністрацыйная дзейнасьць засталася ў старане і ўся яго фігура займае вельмі малое месца ў фільму.

II. Гірш Лекерт.

Рабочы шавец. Сябра рэволюцыйнае організацыі. Выдзяляецца у фільму ў наступных мясцох: спрэчка з фабрыкантам Шпісам, нарада парткому, дзе Гірш выносіць пропозыцыю забіць фон-Валя, забойства Фон-Валя. Фігура аформлена жыва дзякуючы таму, што пры аформленьні яе была адкінута тэндэнцыя рабіць стопроцантнага гэроя. Гірш па стара-яўрэйскай традыцыі сядзіць і абедае ў шапцы; жонка з ім трымаецца, як з неадменным сваім гаспадаром — ён нават ня спыняецца перад тым, каб як належыць штурхануць жонку. Але да існуючага ладу адносіцца варожа, востра глядзіць у вочы ідэолёгу яўрэйскай буржуазіі — рабіну, гнеўна протэстуе супроць эксплёатацыі рабочых.

III. Рабін.

Самы жывы чалавек у фільму. Ідэолёг яўрэйскай буржуазіі, яе фактычны слуга, ён на гэту буржуазію пакрыківае. Ён праклінае адступнікаў рэволюцыянэраў і паддаецца просьбам беднаты — ідзе да фон-Валя прасіць міласьці для арыштаваных. Адным словам, рысы духоўніка, як паслугача буржуазнай грамады ў фігуры рабіна змазаны па незразумелых для нас меркаваньнях. Зусім інакшымі мы малюем у нашых літаратурных творах прадстаўнікоў іншых культаў; а сутнасьць-жа аднольковая, і ў нас няма ніякай падставы выдзяляць рабіна з агульнай галярэі насіцеляў буржуазнай моралі, да якой-бы нацыі буржуазія ні належала.

Ня спыняючыся на іншых фігурах фільму, мы пярэйдзем да разгляду бытавых абставін, у якіх разьвіваецца дзея. Мы ведаем з гісторыі, як разьвіваўся рабочы рух на Беларусі ў тыя часы і ў якіх умовах. Перш усяго тады якраз пачалі далучацца да рабочага руху рабочыя беларусы, якія былі дагэтуль менш актыўнымі, чымся яўрэйскія, даволі моцна зорганізаваныя „Бундам“. Але ў фільму „Его превосходительство“ рабочыя Беларусі ня ўдзельнічаюць у барацьбе супроць самаладзтва. Чаму? Ці таму, што ім, можа, лепей жылося і ня было сэнсу змагацца за лепшае жыцьцё? У кожным выпадку толькі Белдзяржкіно магло-б адказаць, чаму беларусы рабочыя і аднэю нагою не папалі ў поле яго кіно-апаратаў. Тое, што ў фільму ёсьць адзінкавыя фігуры рэволюцыянэраў у студэнцкіх тужурках, ды з бародкамі а-ля „народаволец“ — гэта не мяняе становішча: у разьвіцьці дзеі фільму „Его превосходительство“ змазана рэволюцыйная роля беларускага пролетарыяту, змазана гэтым самым пролетарская солідарнасьць нацыянальнасьцяй Беларусі. А ці бачым мы ў фільму працу і быт яўрэйскага пролетарыяту, тыя ўмовы, якія выклікаюць барацьбу? Два разы зьяўляецца перад гледачом убогая майстэрня Шпіса, ды разы тры кватэра Лекерта, дзе цёпла і заўсёды гатоў абед ня толькі для сябе, але і для гасьцей. Няужо-ж у гэтым і заключаюцца соцыяльныя ўмовы жыцьця пролетарыту, якія штурхалі яго да барацьбы? І савецкі глядач можа перастаць хадзіць у кіно, калі з ім будуць так абыходзіцца.

Пярэйдзем да высьвятленьня клясавых адносін у фільму. Яўрэйская буржуазія ў фільму, прадстаўленая некалькімі фігурамі, займае вельмі орыгінальнае з нашага пункту погляду становішча… прамежнай групы паміж яўрэйскімі рабочымі і царскаю адміністрацыяй. Фабрыкант Шпіс эксплёатуе рабочых, але дэлегацыя яўрэйскіх буржуа просіць фон-Валя „высеч“[2] зачыншчыкаў толькі дзеля таго, каб унікнуць пагрому. Гэта палажэньне выразна ілюстравана ў фільму. Там так і выходзіць, што каб не пагроза пагрому, дык яўрэйскія фабрыканты не хадзілі-б да губарнатара, не прасілі-б „высеч“ — усё было-б скончана сямейным парадкам. А рабінава візытацыя да губарнатара, пра якую мы ўспаміналі вышэй?

Нарэшце яшчэ варта зьвярнуць увагу на тое, як трактуецца ў фільму царская адміністрацыя. Ніводнае рыскі, якая паказала-б яе клясавую сутнасьць, яе твар ваяўнічага органу фэўдальна-буржуазных формацый, з якімі столькі часу змагаліся лепшыя сілы Расіі, Украіны, Беларусі… Ніводнае рыскі, якая-б дала зразумець, што ўрэшце інтарэсы буржуазіі яўрэйскай ці расійскай — гэта інтарэсы дзьвюх фракцый сусьветнага капіталу!.. Гэта сымптоматычна, таварышы з Белдзяржкіно! Варта было-б навучыцца аформляць падобныя моманты ў такіх нацыянальных організацый, як Дзяржкіно Грузіі, Азэрбайджану, Украіны. Там гэта умеюць рабіць.

Перш, чымся рабіць тыя ці іншыя вывады, мы мусім яшчэ спыніцца на формальным баку фільму. Мантаж здавальняючы, нас дзівіць толькі адно — навошта трэба было псаваць канец фільму традыцыйным „морам галоў“ і адпаведным лëзунгам. Перадапошні момант у фільму (завея) — самы прыгожы малюнак у ім: у гледача заставалася-б пэўнае закончанае ўражаньне, эмоцыянальныя процэсы, абуджаныя фільмам, незаставаліся-б „халастым стрэлам“.

А пры сучасным аформленьні глядач, зачараваны прыгожым перадапошнім малюнкам, абліваецца ледзяным холадам штампаванай сцэны і лёзунгу, які паўтараецца ў кожнай рэзолюцыі на савецкай зямлі. Некаторая цьмянасьць фільму залежыць, бязумоўна, ад якасьці ўстаноўкі, але сцэна выстралу у фон-Валя пададзена занадта цьмяна, вышла славутае:

Бой в Крыму,
все в дыму —
ничего не видно…

Але ў процілегласьць гэтаму занадта яскраваю фігураю зьяўляецца рабін, пра якога мы ўжо вышэй успаміналі. Калі гэты сымпатычны з барадою патрыарха-старац лае яўрэйскіх багацеяў, калі ён ласкава паглядае на сваю прыёмную дачку, калі ён ідзе да губарнатара — хто можа сказаць, што гэты старац з сіваю бародою — толькі разнавіднасьць папоўскай пароды, якую мы звыклі бачыць ня толькі на экране, але і ў жыцьці ў самых комічных ролях. Калі рабін праклінае дачку, што паламала межы нацыянальнай і рэлігійнай абмежаванасьці, калі высока ўздымаецца яго праклінаючая рука і выпростваецца старэчы стан, калі ўся яго фігура прадстаўляе сабою ўяўленьне нейкага высокага і моцнага прынцыпу — што супольнага мае гэты рабін хоць-бы з тым, якога мы спатыкаем у беларускіх народных казках, у паасобных літаратурных творах савецкай формацыі. Гэта фанатык, але фанатык не бязглузды, ня толькі начытаны на Торы ды Талмудзе. Рабін у „Его превосходительстве“ прадстаўляе сабою хоць і ня значны, але яскравы адбітак яўрэйскага клерыкальнага нацыяналізму ў… савецкім фільму.

Мы вядзём вялікую барацьбу з вялікадзяржаўнымі настроямі старых расійскіх чыноўнікаў, мы змагаемся з перажыткамі беларускага шовінізму сярод паасобных груп інтэлігенцыі. У гэтым мы маем значныя посьпехі, хоць многія яшчэ дазваляюць сабе думаць, што „царь-колокол“ ці „царь-пушка“ могуць мець дачыненьне да пролетарскай культуры, многія яшчэ думаюць, што выкапаны з архіву беларускі тэрмін больш каштоўны, чымся запазычаны з іншай мовы, — усё гэта, яшчэ ёсьць і навакол гэтага ламаюцца дзіды. А ў гэты час пад шумок на савецкі экран сьледам за праявамі яўрэйскай нацыянальнай абмежаванасьці высувае свой твар сінагога. Каго хацела пацешыць гэтым Белдзяржкіно, на каго разьлічыла яно свой фільм? На беларускага, на яўрэйскага рабочага? Дык яўрэйскі-ж рабочы даўно ўжо раскусіў і сваіх буржуяў і сваю сінагогу і ня мае з імі нічога супольнага, як і беларускі рабочы з царквой. Навошта яму тыя здымкі сінагогі, якія некалькі разоў паўтараюцца ў фільму?

Мы лічым, што „Его превосходительство“ вымагае яшчэ грунтоўнейшай перапрацоўкі, у часе якой адтуль трэба выкінуць усё лішняе, усё тое, што зьмяншае агульную каштоўнасьць фільму. Трэба прыслухацца, што гавораць рабочыя пра фільм, ды не чакаць, пакуль яны самі прыдуць і скажуць, а пайсьці на прадпрыемства ды запытацца, організаваць дыспут. Ленін калісьці казаў, што з усіх мастацтваў для нас цяпер самае патрэбнае — гэта кіно. Кіно — самае даступнае мастацтва, а таму ў ім трэба асабліва старанна перапрацоўваць матэрыял і яшчэ больш старанна выкідаць усякія шкодныя моманты.

Белдзяржкіно — організацыя яшчэ маладая, таму і ня дзіва, што яна ня здолела перамагчы пабочных уплываў і наогул нарабіла шмат памылак. Трэба болей прыцягнуць увагу нашай грамадзкасьці да пытаньняў кіно наогул і беларускага кіно ў прыватнасьці, — тады, лягчэй будзе выкрыць: паправіць дапушчаныя дагэтуль памылкі.


  1. У косках словы з кіно-програмы. На наш погляд для Белдзяржкіно не абавязкова ў сваіх выданьнях прытрымлівацца царскіх адміністрацыйных тэрмінаў. Т. Г.
  2. Трымаюся правапісу надпісаў на экране. Т. Г.