Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурную крытыку
Пра літаратурную крытыку Крытыка Аўтар: Алесь Дудар 1928 год |
Шляхам Кастрычніка → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пра літаратурную крытыку (Дудар). |
ПРА ЛІТАРАТУРНУЮ КРЫТЫКУ
У разьвіцьці мастацкай літаратуры афармленьне літаратурнай крытыкі заўсёды і ўсюды адыгрывае рашаючую ролю. Каб ня было ў расійскай літаратуры Бялінскага, зусім не такое месца займалі-б у ёй і Пушкін і Гогаль. Вартыя для свайго часу, цікавыя для сваёй эпохі, яны маглі б памерці для будучыны, каб „неистовый Виссарион“ ня ўскрыў сваім крытычным скальпелем самую сутнасьць іх творчасьці, не навучыў-бы вялікарускую нацыю разумець і цаніць яе вялікіх пісьменьнікаў. Падобную ж ролю адыгрывала крытыка і ў адносінах да многіх іншых сусьветных клясыкаў. Літаратурная крытыка аформляе і сыстэматызуе той літаратурна-мастацкі матэрыял, які назапашваецца ў процэсе формаваньня тэй ці іншай літаратуры, вылучае з яго найбольш важнае і каштоўнае і дае належную ацэнку літаратурным творам. Мы ведаем цэлы шэраг пісьменьнікаў, якія ўвайшлі ў літаратуру толькі дзякуючы аднаму з сваіх твораў, як Грыбаедаў, Шарль дэ-Костэр ды інш.; а пісалі яны шмат. Толькі літаратурная крытыка магла сярод многіх бескарысных і малакаштоўных літаратурных спроб знайсьці сапраўдныя пэрлы мастацтва, поўныя непараўнанай мастацкай сілы.
Як спэцыфічная галіна літаратуры, крытыка падначальваецца пэўным законам, у межах якіх яна разьвіваецца і расьце. Крытыка выпрацоўвае найлепшыя мэтоды дасьледваньня мастацкай творчасьці ў залежнасьці ад самых рознастайных акалічнасьцяй, і, зразумела, для ўтварэньня крытыкі ў першую чаргу неабходнаю ўмоваю зьяўляецца наяўнасьць літаратуры. Гэта адзін з асноўных законаў крытыкі. Адно з найбольш важных патрабаваньняў, якое ставіцца перад крытыкай, — гэта яе об‘ектыўнасьць. Але тут заўсёды павінна ўносіцца пэўная агаворка. Абсолютнай об‘ектыўнасьці няма і ня можа быць. Некалі той самы Бялінскі злосна ганіў творчасьць Тараса Шэўчэнкі. Цяпер з поглядамі Бялінскага на вялікага украінскага песьняра маглі-б, пэўна, згадзіцца толькі выразныя дэгенэраты ды чорнасотнікі. У чым справа? Ці быў Бялінскі об‘ектыўным у падыходзе да Шэўчэнкі? Бязумоўна, быў. Але ён быў об‘ектыўным з пункту погляду тае соцыяльнае групы, якая гаварыла яго вуснамі. Ён быў об‘ектыўным з пункту погляду маскоўскіх колёнізатараў, для якіх самая думка пра самабытнасьць украінскага народу была ненавіснаю і варожаю. Такім чынам, об‘ектыўнасьць крытыкі можа быць толькі ўмоўнаю, павінна насіць клясавы характар, і адгэтуль ужо вынікае неабходнасьць соцыяльна-клясавай базы і для самой крытыкі. А той соцыяльны грунт, на якім вырастае крытыка разам з усёю літаратураю, вызначае і мэтоды, якімі яна карыстаецца, і стварае пэўныя меркі, з якімі яна падыходзіць да мастацкага твору.
Асобна стаіць пытаньне аб гуртковай крытыцы, г. зн. аб крытыцы, якая ў аснове сваёй мае моманты асабістага характару: пра гэта ніжэй.
Мы знарок спыніліся на гэтых элемэнтарнейшых палажэньнях, каб у далейшым нам лягчэй было выявіць характэрнейшыя рыскі сучаснага становішча нашай літаратурнай крытыкі. Гадоў дзесяць таму назад літаратурнай крытыкі ў нас ня было яшчэ і ў паміне. Ня было яе таму, што вельмі яшчэ слабенькая была наша мастацкая літаратура. За гэтыя дзесяць год наша літаратура вырастала такім шпаркім тэмпам, што ў іншых умовах і за дзесяткі год яна не магла-б дабіцца такіх вынікаў, як за гэта адно дзесяцёхгодзьдзе. Зьяўляюцца монумэнтальныя творы: поэмы, аповесьці, романы; узмацняецца наогул мастацкая проза і г. д.
Але крытыкі ў поўным сэнсе гэтага слова ў нас яшчэ і цяпер няма. Ёсьць спробы крытыкі, першыя яе расткі, але яны яшчэ не складаюць сабою крытыкі, і вялікія томы Купалы ды Коласа яшчэ сіратліва чакаюць сапраўднай, сур‘ёзнай крытыкі. Наша літаратура пасьля нядоўгіх і нязначных хістаньняў цалкам стала на шлях афармленьня ў пролетарскую літаратуру. Яе пролетарскае ядро расьце і ўзмацняецца; яно паступова заглушае галасы ныцікаў ды заняпаднікаў, якія галоўным чынам гуртуюцца вакол дробна-буржуазнага „Узвышша“ (хаця можна знайсьці іх і ў іншых організацыях). У гэтым-жа напрамку разьвіваюцца і тыя спробы крытыкі, якія ў нас ужо ёсьць. Прынамсі тэрмін, „марксыцкая крытыка“ ў нашых літаратурных колах зрабіўся сынонімам „добрай крытыкі“, „сталай крытыкі“. Кожны паважаючы сябе „крытык“ гвалтам пнецца на „марксыцкую пляцформу“, у той час як конкурэнты яго з гэтай пляцформы сьцягваюць. Іншы маладзец яшчэ і пяра добра ў руках трымаць ня ўмее, але яго ня прызналі за пісьменьніка, і ён, палаючы адвагаю, бярэцца за пяро „марксыцкага крытыка“. Працуе ён гэтым пяром на манер дубіны, прычым часамі і сам ня ведае добра, куды гэту дубіну накіраваць.
Такім спосабам, гэткія літаратурныя недацяпы мэтоды першабытнага комунізму (калі не ранейшай пары) прыстасоўваюць да сучаснай тэхнікі і выдаюць іх за марксыцкі прынцып.
Такі мэтод па геніяльнасьці нічым не адрозьніваецца ад мэтоду славутага напостаўца Лелевіча, які сурова асудзіў В. Інбэр за тое, што ў яе вершы „Сеттер Джек“ памянёны сэтэр дазволіў сабе некаторы ідэолёгічны ўхіл і ня выявіў цалкам клясавай сьвядомасьці.
Гэткаму зухаватаму, „марксысту“ патрэбен усё той-жа штамп, усё тая-ж вульгарная агітка, якая толькі шкодзіць справе будаваньня пролетарскай літаратуры. Менавіта супроць гэткіх мэтодаў горача выступаў некалі стары марксыст Антоніо Лябрыола:
„Зьвесьці ўсе пытаньні этыкі, эстэтыкі, філёлёгіі, гістарычнай крытыкі і філёзофіі да аднаго адзінага пытаньня і вызваліцца такім чынам ад усіх цяжкасьцяй! Такім чынам блазны маглі-б зьвесьці ўсю гісторыю да ступені комэрцыйнай арытмэтыкі і ў канцы канцоў новае орыгінальнае тлумачэньне твору Дантэ магло-б прадставіць нам „Comedia Divina“ ў сьвятле тых рахункаў на суконныя тавары, якімі жулікаватыя флёрэнцкія гандляры гандлявалі з вялікаю для сябе выгадай“.
Часамі бывае, што і больш сур’ёзныя крытыкі няпрыкметна прыходзяць да вульгарызацыі марксыцкага мэтоду. Ня так даўно ў „Зьвязьдзе“[1] быў зьмешчаны артыкул т. Сянькевіча пра Пушчавы „сабачыя лісты“. Правільна выявіўшы політычную сутнасьць „сабачых лістоў“, аўтар схібіў у справе мэтодолёгіі і таму зусім не зьвярнуў увагі на некаторыя вельмі і вельмі характарныя асаблівасьці гэтых „лістоў“. Аўтар затрымаўся на выяўленьні соцыолёгічнага эквіваленту „сабачых лістоў“ і да пытаньняў формы так і не перайшоў. А тымчасам іх стыль, іх композыцыя, іх вобразнасьць знаходзяцца ў поўнай гармоніі са зьместам і, больш таго, характарызуюць цэлую літаратурную плынь, да якой далучаюцца Дубоўка, Жылка ды інш. Нездарма Пляханаў так настойна раіў пры дасьледаваньні мастацкага твору шчыльна ўвязваць адшуканьне соцыолёгічнага эквіваленту з формальным аналізам.
Першае, што вымагаецца ад крытыка, — гэта ўменьне разабрацца ў мастацкім творы і ў першую чаргу — уменьне адрозьніць яго паасобныя элемэнты. Бяз гэтага крытык, нават калі ён будзе мець моцную эрудыцыю, неабходную для дасьледчыка мастацкага твору, ніколі ня здолее даць яму належную ацэнку; крытык павінен рабіць дасьледваньне па пэўных мэтодах, а не па бурсацкаму прынцыпу „мала куча“.
Характарным прадстаўніком так званай гуртковай крытыкі зьяўляецца ў нас такі патэнтованы „крытык“, як М. Гарэцкі. Яго мяшчанская тэндэнцыя зводзіць асабістыя рахункі на старонках друку яскрава выявілася ў артыкулах пра творчасьць М. Зарэцкага, М. Чарота і асабліва ў артыкуле, зьмешчаным у № 4 „Маладняка“. Больш падрабязна на дзейнасьці гэтага „крытыка“ мы спыняцца ня будзем.
Апрача мэтодычных хібаў мы часта сустракаемся з абсолютным неразуменьнем сутнасьці і задач крытыкі літаратурнага твору. У № 1 „Полымя“ В. Сташэўскі даволі разьвязна выступае „на абарону“ маладых пісьменьнікаў. Абараняючы нібыта Труса, паважаны крытык піша:
„Васемнаццацігадовага Труса (да рэчы П. Трусу ня 18, а 24 гады. П. Г.) палічылі за дарослага чалавека і немаладога пісьменьніка адсюль страшны, суровы суд.
Экспэртыза „заработала во-всю“.
Адзін падлічае словы ў зборніку, другі грызе творы Шэўчэнкі, трэці сьлібізуе Сосюру, чацьверты калупаецца ў творах Есеніна“.І далей:
Устаноўка на дзіва няпісьменная! Папершае якая можа быць большая ўвага, калі пералічваюцца нават словы ў зборніку і на факце даводзіцца слоўная беднасьць поэты? Ці ня гэтаю слоўнаю беднасьцю творчасьць Труса блізкая да народнай, якая налічвае сотні тысяч слоў? Ці можна адносіцца да П. Труса, які ўжо даўно працуе на літаратурнай ніве, як да пачынаючага пісьменьніка? І, нарэшце, як павінна адносіцца крытыка да маладых пісьменьнікаў? Расхваліваць іх слабыя творы і гэтым самым патураць іх памылкам — гэта значыць губіць іх талент у самым пачатку і зачыняць ім далейшую дарогу да разьвіцьця.
Між іншым мы мусім спыніцца на адным моманце, які закрануў Сташэўскі. Гэта так званая „блізкасьць да народнае творчасьці“. У нас яшчэ дужа моцная тэндэнцыя ўпрашчэнства ды прымітыўных форм. Лічыцца, што для рабочага, для селяніна трэба перажаваць тую ці іншую ідэю і абавязкова апрануць яе ў так званую „популярную“ форму. На наш погляд, гэта аддае тымі самымі народніцкімі тэндэнцыямі, пра якія Ленін некалі пісаў:
„Неабходна як найбольш клапаціцца аб павышэньні ўзроўню сьвядомасьці рабочых наогул, дзеля гэтага неабходна, каб рабочыя не замыкаліся ў штучна звужаныя рамкі „літаратуры для рабочых“, а вучыліся-б усё больш ды больш апаноўваць агульную літаратуру. Праўдзівей нават было-б сказаць замест „замыкаліся“ — „іх замыкалі“, бо рабочыя самі чытаюць і хочуць чытаць усё, што пішуць і для інтэлігенцыі, і толькі некаторыя (дрэнныя) інтэлігенты думаюць, што „для рабочых“ даволі апавядаць пра парадкі на фабрычным двары, ды перажоўваць даўно вядомае“. (Собр. соч., т. V. Курсіў Леніна).
І сапраўды, упрашчэнцкія тэндэнцыі ў нашы дні гучаць абразай для пролетарыяту дый для значнай часткі сялянства. Няўжо кляса, якая здолела выцягнуць з заняпаду шостую частку сьвету, да гэтага часу не адышла ад таго становішча, у якім была ў часы „хождения в народ“, і замест сапраўднай літаратуры павінна атрымліваць пятаковую высмактаную жвачку?
Апошнім пытаньнем нашых нататак зьяўляецца пытаньне пра так званую гурткоўшчыну. Гурткоўшчына ў нас ёсьць, але мае яна зусім ня той характар, які ёй часамі імкнуцца надаць некаторыя дэмагогічна настроеныя людзі. Мы добра знаёмы з пляцформамі існуючых у нас організацый і з іх узаемаадносінамі. „Маладняк“, напрыклад, „Полымя“ ніякім чынам не маглі-б заняць у адносінах да „Узвышша“ інакшай позыцыі, як позыцыя вострай крытыкі, асабліва ў галіне ідэолёгіі. Гэта зусім зразумела, бо соцыяльныя карэньні „Узвышша“ даволі ўжо выразныя, як выразныя соцыяльныя карэньні і „Маладняка“ і „Полымя“. Організацыі, якія цьвёрда сталі на грунт будаўніцтва пролетарскай літаратуры, не маглі і не павінны былі маўчаць, бачачы, як „Узвышша“ пад шыльдай пролетарскай літаратуры працягвае зусім непролетарскія тэндэнцыі.
Вось такога гатунку гурткоўшчына, гурткоўшчына, абумоўленая соцыяльным распадам, ёсьць у нас, і гэта трэба толькі вітаць, бо толькі такім чынам у нас будуць выкрышталізоўвацца элемэнты сапраўднай пролетарскай літаратуры.
Ва ўсякім выпадку перад беларускай крытыкай стаяць зараз самыя сур‘ёзныя і шырокія заданьні. Кожны, хто выступае ў гэтай галіне, павінен сур‘ёзна падрыхтавацца, павінен навучыцца добра ўладаць такою моцнаю зброяй, як марксыцкі мэтод у літаратурнай крытыцы. Павінен ён у сабе выхоўваць чулы падыход да мастацкага твору і раз назаўсёды адвучыцца ад „дубінізацыі“ крытыкі ды ад усякіх гурткавых орыентацый, ня зьвязаных з процэсамі соцыяльнага распаду.