Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурныя справы/Аб «фальшы камэртонаў»
← На ідэолёгічным фронце | Аб „фальшы камэртонаў“ Крытыка Аўтар: Алесь Дудар 1928 год |
„Вельмі многа слоў“ → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб «фальшы камэртонаў». |
АБ „ФАЛЬШЫ КАМЭРТОНАЎ“
(Некаторыя ўвагі да становішча беларускай літаратуры)
Як і ўсякая галіна чалавечае дзейнасьці, літатаратура ў сваім разьвіцьці вызначае сваё месца ў залежнасьці ад таго стану, у якім у даны момант знаходзіцца гаспадарчае разьвіцьцё краіны. Лішні раз даводзіць гэта ня прыходзіцца, а таму і ў гэтым артыкуле, разглядаючы падзеі ў літаратурным жыцьці нашай краіны, мы будзем адыходзіць ад поступу яе гаспадарчага будаўніцтва.
Мінулы год прайшоў ва ўсіх саюзных рэспубліках пад знакам вялікага гаспадарчага ўзросту. Мерапрыемствы па зьніжэньні цэн на прамысловыя тавары, зьніжэньне с.-г. падатку, ажыўленьне экономічных сувязяй з загранічным рынкам, — усё гэта падняла нашу сельскую гаспадарку на даваенны ўзровень і палажыла пачатак яе далейшаму разгортваньню. Цяпер справа гаспадарчага будаўніцтва ўступіла ў пару адраджэньня прамысловасьці. І тут мы ўжо маем значныя посьпехі. Барацьба за павышэньне вытворчасьці і палепшаньне якасьці продукцыі дала ўжо багатыя вынікі. Аб гэтым красамоўна кажуць лічбы, гэта паказваюць і тавары нашага вырабу, якія па якасьці часамі пераважваюць і замежныя.
Для нас, у нашым артыкуле, прадстаўляюць асаблівую цікавасьць тыя соцыяльныя процэсы, якія былі выкліканы да жыцьця поступам гаспадарчага адраджэньня краіны. Літаратура адбівае ў мастацкіх вобразах соцыяльную сапраўднасьць і заўсёды дыфэрэнтуецца адпаведна тым напрамкам, па якіх імкнецца жыцьцё паасобных груп грамады; кожны літаратурны твор зьяўляецца вынікам сьветаадчуваньня тае ці іншае групы і об‘ектыўна накіраваны на абарону і апраўданьне яе жыцьцёвых інтарэсаў. Нездарма дваранская і буржуазная літаратура, монополізаваўшы абслугоўваньне эстэтычных патрэбнасьцяй усіх пластоў грамады, старалася концэнтраваць увагу працоўных на об‘ектах, далёкіх і ад клясавага падзелу, і ад соцыяльнай несправядлівасьці, і ад клясавай барацьбы. У гэтым быў яе (буржуазіі) жыцьцёвы інтарэс, у гэтым было апраўданьне яе гаспадараньня і забясьпечаньне свайго добрага становішча ад справядлівых прэтэнзій з боку працоўных.
У нашай пераважна сялянскай краіне нашу ўвагу ў першую чаргу павінен сьпыніць той процэс, які адбываецца цяпер у нашай вёсцы і які мы называем распластаваньнем сялянства. Гаспадарчы ўздым вёскі выклікае на вёсцы накапленьне каштоўнасьцяй; гэта накапленьне, бязумоўна, не магло праходзіць роўнамерна, узбагачваючы аднолькава ўсе групы сялянства. Больш слабыя гаспадаркі ў процэсе адраджэньня сельскай гаспадаркі адсталі больш моцныя, яшчэ больш разгарнуліся, і ў выніку з компактнай масы сялянства, якая пасьля рэволюцыі апынулася была бадай што ў аднолькавых матэрыяльных умовах, пачалі аформляцца асноўныя групы, існаваўшыя і да рэволюцыі, — кулакі, сераднякі і беднякі, — з асаблівым узмацненьнем другой групы. Бязумоўна, гэтыя асноўныя групы маюць паміж сабою цэлы шэраг праслоек, якія часта перашкаджаюць правесьці больш-менш сталы падзел паміж гэтымі групамі.
Разам з узростам і ажыўленьнем экономічных узаемаадносін пачынае ўзрастаць і політычная актыўнасьць усіх пластоў насельніцтва. Перавыбары саветаў за апошнія два гады паказалі вялікую актыўнасьць з боку кулакоў, якія часта ўтваралі на сходах свае фракцыі і выстаўлялі свае кандыдатуры ў саветы, і гэты факт адкрытых політычных выступленьняў падкрэсьлівае налічнасьць спроб наступу ў іншых галінах грамадзкага жыцьця, у тым ліку і ў галіне духоўнай культуры, у сфэры ідэолёгіі.
Вось тут барацьба, дзякуючы сваім захаваным формам, мае вельмі востры і небясьпечны характар, таму што заўладаньне сфэрай духоўнай культуры дае ў рукі перамогшай групы вельмі моцную зброю. Барацьба за заўладаньне ідэолёгічнымі высотамі ў мастацтве і літаратуры набывае востры характар яшчэ і таму, што ў гэтых галінах грамадзкага жыцьця патрэбна асабліва тонкае чуцьцё, асабліва моцная падрыхтоўка, каб адрозьніць сваё ад чужога, каб організаваць паасобныя моманты ў нешта суцэльнае і выразнае і ня ўпасьці ў супярэчнасьці. У літаратуры і мастацтве найболей пераплятаюцца і розныя праслоечныя ўплывы, што яшчэ болей заблытвае ўзаемаадносіны.
Ні ў адным з сваіх выступленьняў заможныя групы сялянства посьпеху нідзе ня мелі. Аднак, нельга думаць, што няўдачы ахаладзілі іх жар. Ва ўсякім выпадку, паасобныя выступленьні ня спыняліся праз увесь час. Як, напрыклад, расцэньваць чорнасоценна-русіфікатарскае выступленьне Пшчолкі на Полаччыне, дзе ёсьць значныя кадры вялікарускага заможнага сялянства, ці справу Лістапада на Случчыне, дзе шовіністычна настроенае кулацтва ў 1920 годзе памыкалася са зброяй у руках выступіць супроць савецкае ўлады (якраз Лістапад і меў дачыненьне да гэтай авантуры)? у гэтых выступленьнях якраз і адбіваецца абуджэньне політычнай актыўнасьці кулацтва. Кожная барацьба мае сваю тактыку. Праваліўшыся з адкрытымі выступленьнямі, кулацтва пераходзіць да захаваных мэтодаў барацьбы, якія зводзяцца, па сутнасьці, да абходу позыцыі дыктатуры пролетарыяту, да розных падкопаў і падвохаў. Адным з мэтодаў гэтай барацьбы зьяўляецца хаваньне за чужыя плечы за плечы людзей, якія часта самі не заўважаюць, куды яны ідуць, якім здаецца, што дарога іх зусім самастойная і не залежыць ні ад чыіх уплываў.
Пераходзячы да пытаньня аб адбіцьці соцыяльных перагрупаваньняў на мастацкай літаратуры, трэба яшчэ раз падкрэсьліць апошняе палажэньне, а таксама і тое, што ў літаратуры перагрупаваньні сіл маюць не такі рэзкі характар: гэта хаваецца ў асаблівасьцях літаратуры, як вобразнага мастацтва. Мы ня можам, напрыклад, сказаць, што вось такі-та пісьменьнік Ікс выразна адбівае ідэолёгію кулацтва, а такі-та Ігрэк — ідэолёгію пролетарыяту. Гэткі погляд быў-бы недарэчным і з пункту погляду тактыкі барацьбы за ўплывы, і з пункту погляду об‘ектыўных умоў літаратурнага жыцьця.
Калі мы паглядзім, як праходзіў процэс распластаваньня вёскі на Украіне і на Беларусі, дык убачым, што ў абедзьвюх рэспубліках ён праходзіў бадай што аднолькавым тэмпам і ў адзін і той-жа час. Тая ці іншая розьніца ў зьмесьце тлумачыцца некатораю неаднастайнасьцю экономічных узаемаадносін на Украіне і на Беларусі.
Перагрупаваньні сіл украінскай літаратуры вельмі цікавы сваёю аналёгіяй з апошнімі падзеямі ў літаратурным жыцьці Беларусі.
Паміж украінскімі літаратурнымі організацыямі „Гартам“ і „Плугам“ вынікае дыскусія. Дыскусія гэта цягнецца вельмі доўга, асаблівую вастрату набывае ў 1924—25 г. г. і заканчваецца ў канцы 1925 году поўным перагрупаваньнем сіл. Цяпер становішча на Украіне такое: на крайнім правым флангу украінскай літаратуры стаіць група дробна-буржуазных пісьменьнікаў, т. зв. „нэоклясыкаў“. Гэта група ня мае сваёй уласнай дэклярацыі, але ў сваёй ідэолёгічнай пляцформе солідарызуецца з маскоўскаю групаю „неоклассиков“, якая ўтварылася ў 1922 годзе і за аснову сваёй пляцформы ўзяла такія палажэньні:
„Революция входит в линию традиции. Необходимость, насилие — слабеют. Мы ждем: милосердие и человечность возвратятся в мир. Из глубины человеческих душ поднимается с каждым днем все сильнее жажда ясности, гармонии, простоты. Вот почему так влечет нас классика, строгость ее форм, равновесие ее частей, точность ее просодии. Вот почему, как дуновение свежего ветра, вдыхаем мы веяние классической традиции прошлого“.
Гэтыя радкі былі надрукаваны ў 1922 годзе ў № 1 часопісі „Лирический круг“. Асаблівага тлумачэньня яны не вымагаюць. Украінскія нэоклясыкі розьняцца ад расійскіх толькі ў абхваце разуменьня „клясыка“. У той час, калі расійскія нэоклясыкі за ідэальную клясычную творчасьць лічаць творчасьць Пушкіна, ня выходзячы, такім чынам, з нацыянальных рамак, украінскія нэоклясыкі за ідэал лічаць старую рымскую клясыку і схіляюцца, такім чынам, да традыцый францускага псэўдоклясыцызму. Сваіх украінскіх клясыкаў нэоклясыкі не прызнаюць.
Процілеглаю нэоклясыкам групаю зьяўляецца аб‘яднаньне сялянскіх пісьменьнікаў „Плуг“. Гэта організацыя зьяўляецца аналёгічнай беларускаму „Маладняку“, грунтуючыся на прынцыпах будаваньня пролетарскай літаратуры. „Плуг“ прадстаўляе шырокую організацыю, вакол якой гуртуецца ўся літаратурная моладзь і нарастаюць новыя кадры літаратурных сіл.
Трэцяя організацыя, якая ўтварылася пасьля расколу „Гарту“ з лепшай яго часьціны, гэта Вольная Акадэмія Пролетарскай Літаратуры — „Ваплітэ“. Сюды ўвашло 25 выдатных пісьменьнікаў, як М. Хвылёвы, В. Сосюра, П. Тычына і інш. „Ваплітэ“ лічыць немэтазгодным існаваньне масавай літаратурнай організацыі і няпрыхільна адносіцца да літаратурнай моладзі. Наадварот, „ваплітаўцы“ лічаць больш магчымым для сябе збліжэньне з неоклясыкамі. У перадавым артыкуле № 1 часопісі „Ваплітэ“ О. Досьвітны даводзіць, што нэоклясыкі імкнуцца ўспрыняць рэволюцыю, што ў іх творчасьці зьяўляюцца моманты, збліжаючыя іх з рэволюцыяй, што, па сутнасьці, гэта не такая ўжо буржуазная група і што, ва ўсякім выпадку, лепей ісьці з нэоклясыкамі, чым з літаратурнаю моладзьдзю. У сваёй політычнай лініі „Ваплітэ“ зрабіла ўхіл у бок нацыяналістычнай тэорыі „барацьбы дзьвёх культур“. Ідэолёг групы М. Хвылёвы прапаведваў поўнае адмежаваньне украінскай культуры ад расійскай і орыентацыю на Эўропу і яе культуру. З боку соцыяльнага, гэта тэорыя характарызуецца наступнаю заяваю Хвылёвага:
„Характарна тое, што ў саюзьнікі сабе мы ўзялі таксама часьціну украінскай інтэлігенцыі, якая перайшла ў горад. Праўда, адсюль на нас можа зрабіць нечаканы ўплыў гарадзкі буржуа, але таксама праўда, што з дзьвёх бед трэба выбіраць меншую“.
На аснове гэтай заявы і некаторых іншых момантаў у агульнай лініі Хвылёвага т. Скрыпнік робіць наступныя падагульненьні:
„Цяпер нам зразумелы соцыяльныя карэньні заявы тав. Хвылёвага. Гарадзкая украінская буржуазія, як гэта зазначана вышэй, за шлях нацыянальнага самавызначэньня бярэ звычайны стан буржуазнага самавызначэньня нацыі і нацыянальнай культуры, шлях процістаўленьня суседняй буржуазнай культуры, а менавіта, шлях барацьбы дзьвёх культур. І ў гэтай барацьбе дзьвёх культур украінская гарадзкая буржуазія, па сваёй істоце, шукае саюзьніка не ў расійскай рабочай клясе ды сялянстве, а ў закардоннай імпэрыялістычнай буржуазіі. Таму украінская гарадзкая буржуазія заўсёды мела орыентацыю ні ў якім разе і бяз усякіх выключэньняў не на Расію, а тым болей на Савецкую Расію, а на „Эўропу“, „на якую хочаце“ Эўропу, а колькі там улады рабочых яшчэ няма, то знача, на Эўропу буржуазную“.
Адгэтуль мы бачым, што „Ваплітэ“ знаходзіцца пад моцным уплывам гарадзкой дэклясаванай інтэлігенцыі, якая, сьвядома ці несьвядома, адбівае погляды украінскай гарадзкой буржуазіі, праяўляючай, такім чынам, сваю актыўнасьць у галіне мастацтва.
Беларусь, пазбаўленая буйных індустрыяльных асяродкаў, пазбаўленая, такім чынам, напластаваньняў буйнай прамысловай буржуазіі, не пазбавілася, аднак, ад тых жа соцыяльных процэсаў, якія адбываюцца і ў Расіі і на Украіне. І ў нас заможнейшыя групы сялянства і гандлёвыя колы гораду і мястэчка стараюцца аформіць элемэнты сваёй ідэолёгіі і прывіць іх частцы дэклясаванай інтэлігенцыі. Абыватальшчына, мяшчанства — гэта групы, якіх ніколі нішто ня можа задаволіць, апрача цёплага кутка з грамафонам і канарэйкай, двохспальнага ўюту і абсолютнага спакою. Наша вялікае будаўніцтва ня можа гарантаваць такога спакою. Дух эпохі, трывожны дух шуканьняў, ломак і поступу трывожыць мешчаніна і выклікае яго нездавальненьне. І гэта нездавальненьне праз тую частку інтэлігенцыі, якая яшчэ ня зусім пераварылася ў катле нашага будаўніцтва, таксама робіць пэўны ўплыў на тую нявыразную формацыю, якую памыкаюцца стварыць вяршыны гандлярства і заможнага сялянства.
Бязумоўна, у гэтым нарастаньні дробна-буржуазных мяшчанскіх ідэолёгічных формацый у значнай меры караняцца прычыны, выклікаўшыя адыход ад „Маладняка“ групы поэтаў і пісьменьнікаў і ўтварэньне новага літаратурна-мастацкага згуртаваньня „Узвышша“.
„Маладняк“ распачаў сваю працу задоўга да свайго організацыйнага аформленьня. Заснаваньне „Маладняка“, як організацыі, азначала сабою як-бы завяршэньне пэрыоду рэволюцыі ў беларускай літаратуры, які распачаўся поэмаю „Босыя на вогнішчы“, а закончыўся заснаваньнем аб‘яднаньня „Маладняка“ і гучным прывітаньнем Янкі Купалы:
Гэй, узьвейце сваім крыльлем, |
Аднак, ужо чуць ня з самага пачатку працы „Маладняка“ ў ім пачалі вынікаць спрэчкі і аформляцца будучыя дзьве плыні ў організацыі. На першым пленуме ЦБ „Маладняка“ А. Бабарэка выстаўляе недарэчную тэорыю новага літаратурна-грамадзкага напрамку — „маладнякізму“, проціпастаўляючы яго „адраджанізму“. Ужо тады вызначылася група, якая заяўляла, што ніякіх формальных школ нам ня трэба, што мы павінны ў сваёй творчасьці выкарыстоўваць усе мастацкія напрамкі, выбіраць з іх усё лепшае, каб адбіць бурны поступ маладой Беларусі, тэмп распачатага вялікага будаўніцтва. Мы чулі тады і другія галасы, галасы, якія настайвалі на тым, што форма мастацкага твору — найважнейшы яго элемэнт, што зьмест, — гэта нешта, што „прыложыцца“, і г. д. І калі за першае палажэньне стаялі поэты і пісьменьнікі, якія вядомы ўсёй Беларусі, як першыя закладчыкі элемэнтаў пролетарскай ідэолёгіі ў беларускай мастацкай творчасьці — М. Чарот, М. Зарэцкі і інш., то на чале „маладнякістых“ сталі Бабарэка — дамарошчаны „крытык“ імпрэсыоністы, Пушча — поэта сьлінява-інтэлігенцкіх настрояў, і некаторыя другія.
Спрэчкі ня змоўклі пасьля пленуму. Яны вырасталі і разьвіваліся, і ўжо на Усебеларускім зьезьдзе „Маладняка“ Бабарэка выступае з сваёю ацэнкаю гісторыі, як „вызваленьне беларускае душы“, зусім замяняючы клясавую барацьбу і адкідаючы яе. Пазьней пачынаюцца бабарэкаўскія тэорыі аб тым, што ў процэсе вялікіх пераломаў мяняюцца толькі формы жыцьця, а існасьць яго застаецца ранейшаю. Ад гэтага ўжо зусім павявае мяшчанскім вузкім кругаглядам, які ня можа ахапіць і ўспрыняць новыя мотывы жыцьця. Тут Бабарэку трэба было-б павучыцца ў старых песьняроў нямецкага буржуазнага адраджэньня.
Neue Zeiten — |
Вось словы нямецкага лірыка пачатку XIX веку, калі эпоха буржуазных рэволюцый адкрывае эру адраджэньня буржуазнай духоўнай культуры. Але ў нашых „маладнякістых“ шлях зусім інакшы. Іх шлях ляжыць на недасяжнае, зачарованае ўзвышша, абгароджанае высокімі сьценамі; „легче верблюду пройти сквозь игольное ушко“, чым чалавеку, не адзначанаму „вышэйшым дарам“ папасьці ў гэту „землю обетованную“.
Бо поэта — гэта ня звычайны чалавек, гэта — гені, гэта — вышэйшая парода людзей. „З імі лічацца, як з людзьмі, якія маюць вялікія творчыя магчымасьці і якія могуць даць ня толькі для сябе, але і для сьвету (якое вялікадушша!) каштоўнае і патрэбнае для жыцьця сьветлага і прыгожага“. Так піша Бабарэка сягоньня.
А як вы думаеце, таварыш Бабарэка, ці надоўга хопіць пораху ў поэты, якога вы адгароджваеце кітайскаю сьцяною ад жыцьця, і ці многа ён дасьць „каштоўнага і патрэбнага для жыцьця сьветлага і прыгожага“?
Але што „маладнякістым“ да гэтага? Яны ж ня звычайныя людзі, яны поэты. У. Дубоўка ў 1925 г. піша:
„У душы поэты чорт зламае карак…“ |
Гэтыя самыя словы ў 1924 годзе гучэлі ў вершы Марыенгофа так:
„кто разберет — чорт ногу сломит |
Тут цікава ня тое, што і Дубоўка і Марыенгоф маюць аднолькавыя сымпатыі да чорта і яго зломанага карку (па Марыенгофу — нагі), а тое, што Марыенгоф — гэты прадстаўнік групы імажыністых, далёкай і ад клясавай барацьбы і, тым больш, ад пролетарыяту, зьявіўся аднадумцам Дубоўкі, правадыра групы, адышоўшай ад „Маладняка“. Той факт, што радкі імажыністага Марыенгофа паўтараюцца ў Дубоўкі, не выпадковы, як не выпадковымі былі ўсе этапы, пройдзеныя яго групаю.
Возьмем 1925 год — пэрыод організацыйнага росту „Маладняка“, пэрыод жыцьця радаснага творчага ўздыму, які адбіваў заўзяты тэмп будаўніцтва, калі заканчвалася праца па адраджэньні сельскай гаспадаркі і калі… яшчэ ішлі актыўныя спробы заможнага сялянства перамагчы беднату на перавыбарах у саветы, захапіць політычны ўплыў на серадняцтва. У творчасьці нашых поэтаў гэты пэрыод адбіўся парознаму.
Першы — Язэп Пушча. 1925 год Язэп Пушча прывітаў сьмелым, поўным уздыму і надзеі вобразам „рыкаючай раніцы“.
Зазванеце, зоры, па-над кручай! |
І вось мінуў 1925 год. Выявілася, што кулаком у саветах не перамагчы, што нэп — гэта ўсё ж такі нэп, а не паварот да капіталізму, што справа сапраўды ідзе да таго, каб „сыгнал электрыкі бліскучай мільгануў у лучнік сялянскі“. І вось у Язэпа Пушчы ападаюць крыльлі. Яго здаровыя моцныя вобразы зьмяняюцца на плаксівыя, ня маючыя нават і формальнай каштоўнасьці, аднастайныя дрындушкі. Пушча выстаўляе тэорыю „вітаізму“ — „сугучнасьці романтызму жыцьця з яго рэалізмам“. Гэта формула ў інакшым крыху выглядзе была калісьці высунута на Украіне Хвылёвым. У Пушчы гэта „сучаснасьць“ выглядае так:
Жыцьцё! |
Вось куды прышоў Язэп Пушча! І ня толькі lа гэтага прышоў. Прышоў ён і да таго, што ў яго апошнім зборніку толькі 3—4 вершыкі заслугоўваюць увагі па сваёй мастацкай форме, а рэшта — гэта толькі „фальш камэртонаў“, якой так баіцца Пушча. Нездарма-ж кажуць: „дзе хто лятае, той там і сядзе“, так вось і з Пушчам здарылася.
„Фальш камэртонаў“ — гэта лёс ня толькі Пушчы. Параўнайце творчасьць Кузьмы Чорнага пачатку 1925 году з яго творамі канца гэтага году. Жывы энтузыязм будаўніцтва, творчы ўздым замяняюцца на нікчэмнае калупаньне ўнутры сваёй псыхікі і бясконцае, бязмэтнае блуканьне ў цеснай клетцы свайго індывідуальнага сьвету. І заместа „ жалезнага крыку“ сталёвага каня, заместа „срэбра жыцьця“, застаецца перадсьмяротнае хрыпеньне старога дыхавічнага каня (Буланы), ды рэдзенькія памыі расслабленага хныканьня страціўшага грунт чалавека. „Вечар“ — гэта пара пасьля закату літаратурнага сонца К. Чорнага. Ад сакавітых здаровых кавалкаў жыцьця ў Чорнага застаўся толькі стыль — пустая скарлупа, начыненая абрыўкамі Гамсуна, Ібсэна, Пшыбышэўскага і другіх індывідуалістых.
Што сказаць аб творчасьці У. Дубоўкі? Гэта яскравы прадстаўнік тае нязначнае групы інтэлігенцыі, якая ня можа стала вызначыць сваё месца ў грамадзе. Гэта група, ня маючы пад сабою сталага грунту, мечацца і ня можа выблытацца з цэлага шэрагу фіктыўных супярэчнасьцяй.
У Дубоўкі мірна зжываюцца і істэрычная крыклівасьць, і стройныя мотывы клясавай барацьбы і пролетарскай рэволюцыі. Многія помняць, як многія слабыя на сьлязу дзяўчаты з Белпэдтэхнікуму пралівалі горкія сьлёзы над „Апошняю песьняю“, якая прадстаўляе сабою тыповы вынік істэрычнага настрою Дубоўкі і мае на мэце паказаць, што ён, Дубоўка, вышэй усяго зямнога, і ніякія перашкоды (фактычна ніколі не існаваўшыя) ня спыняць яго, пакрыўджанага жыцьцём і людзьмі, поэты:
І пайду да мэты, сьцяўшы зубы, моўчкі, |
Шчыра кажучы, імя Ван-Чжао-Цзюн (жанчыны з кітайскай гісторыі, па тлумачэньні Дубоўкі) ужыта тут ня зусім дарэчы (нам гісторыя гэта таксама трошкі вядома), а проста для таго, каб паказаць, што аўтар „шыбка граматны“. І ад ўсіх твораў Дубоўкі павявае гэтаю „граматнасьцю“.
На многіх літаратурных вечарох прыходзіцца чытаць гэткія запіскі:
„Каб зразумець творы Дубоўкі, трэба мець вышэйшую адукацыю“.
Чамусьці здаецца, што і вышэйшая адукацыя тут мала дапаможа.
Дайлідзіць духу трыкліні… — |
вось вобраз лексыкону Дубоўкі. Выкапваць такія словы, якія нідзе ўжо ня ўжываюцца, мёртвыя словы, альбо выдумляць новыя, якіх ніколі ніхто не зразумее, — у гэтым з Дубоўкам мала хто можа спрачацца. Але што Дубоўку да гэтага? Ён поэта, а —
кто разберет — чорт ногу сломит |
так піша Дубоўка… ці то Анатоль Марыенгоф.
Бадай што ня прыходзіцца спыняцца на творчасьці З. Бядулі. Гэты поэта ў працягу 15 год сваёй працы столькі блытаўся паміж рознымі стылямі, станамі і напрамкамі, што наўрад ці можна спадзявацца, што ён вызначыць, нарэшце, сваё сталае месца ў літаратуры. Занадта многа скакаў Бядуля ад містыцызму да „поэзіі казённай радасьці“, ад „зачарованых гоняў“ да таго нявыразнага блытанага напрамку, які ў нас чамусьці звыклі называць рэволюцыйнымі мотывамі ў творчасьці Бядулі. Цяжка цяпер зрабіць яшчэ які піруэт: ніхто не паверыць.
Рэшта ў гэтай групе „таленавітых адзінак“, за выключэньнем, хіба, Крапівы, — гэта альбо маладыя хлопцы, якія, напісаўшы па дзесятку вершаў, уявілі сябе „гэніямі“, альбо такія-ж самыя „гэніі“, якія яшчэ ні разу не паказалі сьвету сваёй творчасьці. Ня прыходзіцца называць іх імёнаў, бо імёны гэтыя наўрад ці скажуць што чытаючай публіцы.
У заключэньне яшчэ некалькі слоў аб соцыяльным грунце „Узвышшаў. Як і украінская „Ваплітэ“, група орыентуецца на пласты высока кваліфікаванай гарадзкой інтэлігенцыі. Вельмі цікава адзначыць, што „ідэолёг“ групы Бабарэка праз увесь час стараецца ў сваіх артыкулах абмінуць тэрмін „пролетарыят“ і замяніць яго тэрмінам „працоўны люд“. Толькі на першым Усебеларускім зьезьдзе „Маладняка“ Бабарэка заяўляе, што „маладнякізм — гэта форма, у якой матэрыялізуецца клясавая сьвядомасьць пролетарска-сялянскай клясы (так і сказана — пролетарска-сялянскай клясы!) у эпоху Кастрычніка на Беларусі“. Хаця гэтыя радкі толькі падкрэсьліваюць некалькі паніжаны ўзровень політычнай пісьменнасьці паважанага „ідэолёга“, але ўсё гэта магло здавацца выпадковым толькі да апошняга часу. У артыкуле „За культуру мастацтва“ Бабарэка перастаў хаваць свой твар за сваю славутую формулу „матэрыялізму, марксызму і ленінізму“. Вось сучасны погляд Бабарэкі на літаратуру:
„У беларускім прыгожым пісьменстве ёсьць розныя творы. І гэта ад таго, што ня ўсякі пісьменьнік імкнецца даць мастацкі твор, а часта кіруецца ўсякімі пабочнымі патрэбамі ці інтарэсамі таго ці іншага дня, або тэй ці іншай грамады людзей, якую ён выражае ў пісьменстве“.
Вось вам і ленінізм, і марксызм, і матэрыялізм. Выходзіць, па Бабарэку, што твор, які адбівае інтарэсы пролетарыяту, ня можа быць аднесены да мастацкіх твораў, а сапраўды мастацкім творам зьяўляецца той, які ня зьвязаны з пэўнаю клясаю, не адбівае духу эпохі, а знаходзіцца, так сказаць „вне времени и пространства“, вітаючы на нейкіх завоблачных узвышшах. Паслухайце, таварыш Бабарэка, што кажуць па гэтым пытаньні марксыцкія тэорэтыкі мастацтва.
Ф. Мэрынг. „Пакуль грамада расколата на клясы (а да такога расколу мастацтва, як такога, яшчэ ня было), існуе толькі часьцінна-людзкае, і ніколі — агульна-людзкае“.
(Эстэтычныя экскурсіі).
Фрычэ. Мастацкі стыль — гэта толькі другі бок грамадзка-пабытовага і соцыяльна-псыхолёгічнага стылю эпохі.
(Нарысы па мастацтву).
Нават нямецкі фашысты Бартэльс, і той трымаецца такога погляду:
„Бязумоўна, кожны поэтычны твор мусіць нараджацца з жыцьця свайго часу. Няма ніякага „вышэйшага мастацтва“, якое не стаяла-б у сувязі з жыцьцём народу, нацыі“.
Але Бабарэка мае і сваю соцыяльную падставу. У канцы артыкулу „За культуру мастацтва“ Бабарэка ўжо адкрыта гаворыць аб „справе стварэньня сялянскага (!) і пролетарскага мастацтва“. Вось тут канчаткова адкрываецца твар Бабарэкі. Адсутнасьць адзінай сялянскай ідэолёгіі (мастацтва — мова псыхікі) ставіць пытаньне аб стварэньні, „сялянскага“ мастацтва перад нямінучаю і няўхільнаю дыфэрэнцыяцыяй, абумоўленай соцыяльнай дыфэрэнцыяцыяй унутры сялянства. Нават дапусьціўшы, што зьмест гэтага новага мастацтва будзе адзіным і суцэльным, нават тады гэты зьмест будзе складацца з элемэнтаў ідэолёгіі аднэй групы. Гэта ня будуць элемэнты бядняцкай ідэолёгіі. Такія пэрлы, як „мастацтва, незалежнае ад інтарэсаў тае ці іншае грамады, таго ці іншага часу“, могуць вырасьці толькі там, дзе трэба адцягваць увагу масы ад надзенных інтарэсаў, дзе трэба нечага баяцца, дзе трэба нечым засланіць сваю соцыяльную сутнасьць. Мы ведаем, у інтарэсы якой групы гэта ўваходзіць, і гэту групу ў скале распластаваньня сялянства некаторыя таварышы ўпарта адзначаюць вышэй сераднякоў.
Аб‘яднаньне „Маладняк“ ад выхаду „маладнякістых“ многа ня страціла. Застаючыся на грунце будаваньня пролетарскай літаратуры, „Маладняк“ яшчэ не аднаго выдатнага пісьменьніка выявіць з гушчы рабочых і сялян, дзе ён разгортвае сваю працу. Экономічнае адраджэньне, соцыяльныя процэсы ў розных пластох насельніцтва нададуць „Маладняку“ яшчэ болей гарту і сіл на яго клясавых позыцыях. „Маладняк“ не пакоціцца з узвышшаў у даліну, яго мэлёдый не атруціць плаксівая „фальш камэртонаў“, і ён не замкнецца ў вузкім зачарованым кругу таго мяшчанскага балота, якое некаторыя недалёкія людзі называюць літаратурным узвышшам.
Кастрычнік. 1926 г.
- ↑ Новыя часы —
Новыя птушкі,
Новыя людзі —
Новыя песьні.