Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурныя справы/Аб чым пішуць

„Ледзяная гітара“ Аб чым пішуць
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
На ідэолёгічным фронце
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб чым пішуць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АБ ЧЫМ ПІШУЦЬ

У апошні час усё часьцей і часьцей даводзіцца чуць ад чытачоў нездавальненьне сучаснымі творамі беларускай поэзіі. Кажуць, што там толькі звоны ды васількі, кветкі ды ручайкі — болей нічога няма. Бязумоўна, гэткі настрой у большай ці меншай меры адбіваецца і на кніжным рынку.

А пытаньне з тэматыкай у нас з кожным днём робіцца ўсё вастрэйшым. Мы ўжо ў адным з папярэдніх артыкулаў прыводзілі выпадак з „слуцкімі песьнярамі“, дзе пераблыталіся і вершы і поэты, але ніхто гэтай блытаніны не заўважыў. Зусім зразумелая рэч: ніводзін з гэтых поэтаў ня меў свайго ўласнага твару, сваіх характэрных рысак. Усе вершы былі, што называецца, шыты на адзін капыл. Тэматыка бадай што ўсіх нашых маладых поэтаў за апошнія часы надзіва аднастайная. Нават, уласьціва кажучы, мала дзе можна ўлавіць акрэсьленыя тэмы. Пераважная частка мастацкай продукцыі нашай літаратурнай моладзі — гэта беспрадметная лірыка. Лірыка наогул — гэта не благая рэч, але ўсё добра ў меру. Калі-ж кожная новая кніжка вершаў, якая выходзіць з друку, да адказу перапоўнена гэтаю самаю лірыкаю, дык проста жудасна робіцца. Вершы можна чытаць з пачатку да канца і з канца да пачатку — ад гэтага вершы не мяняюцца!..

Лірыка такіх поэтаў, як Пушкін, як Лермантаў і многіх другіх, чуць не на сотню год перажыла сваіх аўтараў ня толькі таму, што была багата ўдасканаленаю рытмікаю, прыгожымі алітэрацыямі, яскравымі вобразамі, але і таму яшчэ, што мела вельмі багатую і рознастайную тэматыку.

А ў нас дзесяткі два поэтаў, працуючы па паўтара-два гады, ня могуць распрацаваць нават прыродаапісальнай лірыкі. Карыстаюцца гатовымі трафарэтамі і зусім ня дбаюць аб пашырэньні гэтай групы тэм, якая была-б асабліва ўдзячнай у нас. Нехта некалі сказаў, што беларуская прырода шэрая і аднастайная, што нічога цікавага ў нас знайсьці нельга. Гэта „мудрая“ думка ўвайшла ў традыцыю, і ў выніку поэта з палявой Аршаншчыны і поэта непраходных мазырскіх пушчаў зусім аднолькава малююць у сваіх вершах прыроду Беларусі. А між тым, нават чалавек з ня вельмі разьвітым чуцьцём можа ўлавіць самыя рознастайныя колёрыты розных мясцовасьцяй Беларусі. Гай, пушча, рэчка, поле, возера, зоры — далей гэтага ні ў аднаго поэты не хапіла адвагі пайсьці. Поруч з гэтым трэба адзначыць і перавагу зрокавых вобразаў над слыхавымі. Ці гэта тлумачыцца тугім вухам, няздольным успрымаць музычныя шумы, ці яшчэ якімі прычынамі — сказаць цяжка. Апрача невялікай колькасьці прыродаапісальных тэм, трэба яшчэ падкрэсьліць і іх стэрэотыпнасьць. Лес, напрыклад, ва ўсіх аднастайны: ён, звычайна, зялёны, цёмны ці сіні, шуміць ці гудзіць па жаданьню аўтараў на любую тэму — пра партызаншчыну, пра моладасьць, пра таемнасьць жыцьця; але ўсюды гэты лес аказваецца аднастайным — ці ён полацкага пахаджэньня, ці мазырскага. Тое самае і з балотам. Усе адзнакі тэй ці іншай тэмы як-бы канонізаваны, і ніхто ня можа асьмеліцца што-небудзь сваё дадаць да гэтых адзнакаў. Яшчэ горай справа стаіць з мотывамі каханьня. Маладыя поэты як-бы закахаліся адразу ўсе ў дзьвюх дзяўчат — адна з чорнымі косамі, другая з залатымі (блёндынка). Дзеля таго, што мотывы каханьня ёсьць ва ўсіх, можна было-б нават цэлую клясыфікацыю вершаваных твораў зрабіць… па колеру валасоў іх об‘ектаў!.. У нас вышлі дзьве унівэрсальныя, ідэальнейшыя дзяўчыны, гледзячы на якіх, пускаюць сьлюні два ці тры дзесяткі маладых поэтаў, але ніводная з іх не зьяўляецца жывым чалавекам, бо ніводзін з гэтых поэтаў не адважыўся перашагнуць устаноўленыя і абмежаваныя традыцыяй кодэксы тропаў і фігур для гэтай групы тэм.

У першыя гады нашай пасьлякастрычнікавай поэзіі, калі пачала выяўляцца новая генэрацыя поэтаў, пераважнай і бадай што выключнай тэмай вершаў зьяўлялася закліканьне да барацьбы, да замацаваньня захопленых позыцый; вершы насілі характар панегірыкаў рэволюцыі. Калі барацьба пераходзіла на ідэолёгічны фронт, на фронт барацьбы за моральнае вызваленьне — шырока разгарнуліся антырэлігійныя тэмы. Пераход на мірныя рэйкі значна ўскладніў жыцьцё і выклікаў да жыцьця шмат новых тэм, якія і павінны былі даць адбіцьцё мірнага жыцьця.

І адразу ўсе ранейшыя тэмы папалі ў апалу, атрымалі назву „агіткі“. Пры гэтым не рабілася ніякіх агаворак, ніякіх выключэньняў. Заместа таго, каб даць гэтым тэмам больш удасканаленую мастацкую форму, іх проста кінулі. Пісаць верш на тэму аб рэволюцыі, аб рэлігіі стала чуць ня дрэнным тонам! У выглядзе выключэньня ў вершах засталіся вінаватыя агаворкі пра „сягоньня“ і „заўтра“.

Поэты! Будучнасьць вітайце маршамі,
я дзень сягонешні аддам за заўтрашні…

Вось як пішуць у нас. А што гэта за заўтрашні дзень — гэтага ніхто сабе не ўяўляе.

„Заўтра“ — будзе соцыялізм, знача ўсё будзе добра.

Толькі час-ад-часу ў гэту тэму ўносіцца адна Дэталь „заўтрашняга“ дня — гэта моманты індустрыялізацыі. Але ці-ж гэтым адным вычэрпваецца гэты „заўтрашні дзень“; часта надыход „заўтрашняга“ дня атрымлівае есенінскую афарбоўку. Як Есенін пісаў некалі —

вот сдавили за шею деревню
каменные пальцы шоссе, —

так і ў нас пішуць:

… Дарогай ў далечы пайду я,
Пайду часамі без дарог,
І кожны кусьцік пацалую
На ўміраючых палёх…
Калі над цінаю імшараў
Засьвішча волат гарадоў,
Я разаб‘ю пустую чарку
На полі выпітых гадоў.

Па сутнасьці тое самае, што і ў Есеніна, толькі больш слоў і менш мастацкасьці. А гэтыя паходы „ў далечы“ парадкам такі запаланілі творы нашых маладых поэтаў. Праўда, хада іх болей напамінае „Вампуку“: крычаць „іду, іду“, а самі стаяць на месцы.

Можна было-б яшчэ спыніцца на тэмах, навеяных Есеніным; што гэтыя тэмы ў нас ёсьць і ў значным нават ліку, аб гэтым ня можа быць і спрэчак. Але гэта група тэм, апрача свайго формальнага значэньня, зьвязана з формаваньнем элемэнтаў ідэолёгіі ў нашай маладой поэзіі. Таму гаварыць аб іх мы будзем у другі раз. Цяпер-жа спынімся яшчэ на аднэй групе тэм — гэта горад. Некаторыя нашы літаратурныя публіцыстыя, кшталтам Кудзера і Бабарэкі, лічылі гарадзкія мотывы чуць не асноўнаю адзнакаю пролетарскай літаратуры. Гэтыя мотывы зьяўляюцца новымі ў нас, і першы пачаў іх распрацоўваць А. Александровіч. Па сутнасьці ён адзін і да гэтага часу застаўся поэтам гораду не па імені толькі. Ён выхапіў з жыцьця беларускага гораду шмат паасобных колёрытных сцэнак і фігур.

Сьледам за Александровічам памкнуліся ісьці некаторыя маладзейшыя поэты. Але яны папалі ў тую самую хваробу, як і ў прыродаапісальнай лірыцы.

Гэта — стэрэотыпнасьць, трафарэтнасьць форм і вобразаў. Вось прыклад. У зборніку полацкай філіі „Росквіт“ на ст. 3 зьмешчаны верш „Горад“. Прыводзім адрывак.

Горад! горад!.. каменныя вуліцы
І адвечна раскацісты гул.
Да грудзей тваіх хто ня прытуліцца,
На асфальт не паставіць нагу.
А заводы, гудкі і машыны
Я спазнаў, як калісь васількі…
І цяпер дах, увосланы дымам,
Прыгажэй за пунсовы блакіт (?) і г. д.

Верш напісаны ў Полацку і, відавочна, мае на ўвазе Полацак-жа. Мы-б не сказалі, што ў Полацку такі ўжо „адвечны раскацісты гул“, „заводы, гудкі і машыны“, „дах увосланы“ дымам. Ня зусім давяраем мы і полацкім „каменным вуліцам“, ці „асфальту“, бо ў Полацку пасьля добрага дажджу не па кожнай вуліцы можна хадзіць бяз рызыкі патануць у якой-небудзь лужыне велічынёй з добрае возера. Бухарын у „Злых заметках“ падкрэсьліваў штучнасьць усіх урбаністычных мотываў таму, што „у нас в Москве еще поют петухи“. Дык што-ж тады казаць ужо ня толькі пра Полацак, але нават і пра Менск, дзе да гэтага часу не памерла яшчэ конка[1] і ў самым цэнтры Савецкай вуліцы красуюцца аднапавярховыя драўляныя халупкі. Гэта ня значыць, бязумоўна, што ў нас няма гарадоў. Але гэтыя гарады маюць спэцыфічную афарбоўку, маюць свой характар. Гэты характар не такі ўжо бедны, не такі аднастайны. Трэба толькі ўмець паглядзець, каб убачыць у беларускім горадзе самыя яскравыя, колёрытныя зьявы, якія паказваюць на тое, што беларускі горад расьце. Адкінуць трафарэтнасьць, парваць з традыцыямі — і тады можна ўбачыць сапраўдны жывы горад. І тады сапраўды пачне спадаць з нашай маладой поэзіі маска провінцыяльнасьці і гімназістаўскіх рысак, нацягнутых на яе чужымі традыцыямі.

Аднэй з заняпалых тэматычных груп у нас зьяўляюцца тэмы гістарычныя. Беларусь мела сваю гісторыю — гэта адзін з асноўных довадаў права беларускага народу на самабытнае існаваньне. У нас часта гавораць: „навошта закапвацца ў старасьвеччыну, калі сягонешні дзень мае столькі рознастайных зьявішчаў“ — гэта, бязумоўна, правільна, але браць тэмы з гісторыі, не спэцыялізуючыся на іх, — гэта ня значыць закапвацца ў старасьвеччыну. Такія колёрытныя моманты ў жыцьці Беларусі, як казацкія паўстаньні, як паўстаньні сялян напярэдадні скасаваньня прыгону, як самы прыгон, — усё гэта адбілася ў народнай творчасьці, а ў мастацкую штучную творчасьць не папала за нязначнымі выключэньнямі. У нас ёсьць шмат твораў, прысьвечаных Каліноўскаму. А была ў нашай гісторыі такая колёрытная фігура, як Сымон Канарскі, пакараны сьмерцю ў 1838 годзе ў Вільні.

Сымон Канарскі быў эмісарам „чырвонай“ групы эмігрантаў і карыстаўся надзвычайна шырокаю популярнасьцю сярод насельніцтва. Ёсьць весткі, што, калі цела расстрэленага было закапана, дык натоўп раскапаў магілу і, зьняўшы з рук і ног яго жалезныя кайданы, паразьдзіраў іх на кавалкі. З гэтых кавалкаў пасьля рабілі пярсьцёнкі на ўспамін пра барацьбіта[2].

Ды ці мала можна было-б знайсьці цікавых тэм з беларускае гісторыі. Беларуская народная казка, беларускія звычаі — яны да гэтага часу чакаюць поэтычнай апрацоўкі.

У непасрэднай сувязі з гэтым стаіць пытаньне аб сюжэтнасьці вершаў. Наогул, верш, маючы тую ці іншую фабулу, хутчэй можа выклікаць у чытача конкрэтныя ўяўленьні, а тым самым узмацніць сілу ўплыву на сьвядомасьць чытача. З другога боку, сюжэтны верш больш прыбліжаецца да прозы, якая, бясспрэчна, мае шырэйшы круг чытачоў, як вершаваная поэзія, і мае большую ўдзельную вагу ў мастацкай літаратуры. Нашы старэйшыя пісьменьнікі, як Купала і Колас, даволі шырока культывавалі сюжэтныя вершы, апавяданьні вершам, надзвычайна лірычныя і прыгожыя. Была выпушчана некалі кніжачка: „Апавяданьні і легенды вершам“. У нас сюжэтнымі зьяўляюцца толькі поэмы і то не заўсёды. А на апрацоўку маленькіх вершаў гэтага тыпу ў нас не зьвяртаюць увагі. Такі верш, бязумоўна, цяжэй напісаць, бо тут павінна быць старанна апрацавана кожная дэталь, павінны быць выключаны ўсе лішнія словы і вобразы, павінен быць на сто процантаў выкананы конструктывістычны прынцып „грузафікацыі“ — максымальнай эксплёатацыі тэмы. Унясеньне ў верш фабулы адразу выдзяляе верш з шэрагу іншых. Такога вершу з канца да пачатку не прачытаеш. Апрача гэтага, падбор сюжэтаў, прыёмы іх распрацоўкі — усё гэта разьвівае элемэнты стылістыкі і надае спэцыфічны характар творчасьці таго ці іншага поэты, характар, уласьцівы толькі яму аднаму. Тады, бязумоўна, стануць немагчымымі і такія выпадкі, як з „слуцкімі песьнярамі“. Калі чытаеш творы расійскіх конструктывістых, як В. Інбэр, Сэльвінскі ды інш., дык знаходзіш там сапраўды орыгінальную распрацоўку сюжэтаў, сьвежасьць стылю, адсутнасьць усякай стэрэотыпнасьці. А нам і наша сучаснасьць, і наша гісторыя, і наша прырода, і народная творчасьць даюць гатовы і добры матэрыял у форме самых рознастайных сюжэтаў. Мы іх не выкарыстоўваем, а без перапынку топчамся на выбітым шляху беспрадметнай лірыкі, не стараючыся ўнесьці нічога новага, нічога сьвежага ў гэту аднастайную гармонію традыцыйных слоў, вабразоў і тэм.

Трэба, каб ня толькі буйныя жанры, як поэма, роман, аповесьць, выклікалі зацікаўленасьць чытача.

Трэба і малыя творы будаваць так, каб яны ня былі сколкамі з гатовых узораў, як не падобны да папярэдняга кожны момант у жыцьці нашай эпохі.

18-X — 27 г.


  1. У часе друкаваньня кніжкі конка сканала. Т. Г.
  2. Беларускі каляндар „Сваяк“ на 1919 г.