Пра пана Ленскага
Пра пана Ленскага Верш Аўтар: Карусь Каганец |
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Pra_pana_Lenskaha.html |
...Ой, у нядзелю параненьку
Ва ўсе званы звоняць,
А панове старастове
У лес на дровы гоняць.
Ой, панове старастове,
Каб вы не даждалі!
Штоб мы вам па дровы
У нядзелю ехалі!
У нашага аканома
Светлыя аконцы,—
Выганяе на паншчыну
Да ўсходу сонца.
У нашага Аляксандры
З галонам капялюш,—
Прыказуе аконаму:
«Маіх людзей не руш!»
У нашага камісара
Шоўкавая хустка,—
Як пойдзе да Старынак,
Не адна будзе пуста.
Ідзе цівун і аконам
Нагайкаю трусіць.
Нагайкаю трусіць,
Бо ён біці мусіць.
У нашага войта
Белыя анучы,—
Выганяе на паншчыну,
Сам плача ідучы.
Белыя анучы,
Белыя запяткі,
Выганяе на паншчыну
Дробныя дзяўчаткі.
У нашых Старынак
Зацвіла лілея,
У нашага Ленскага
Не вольна нядзеля.
1893?