Пра папоў пісаў я многа,
А як глянем — выйдзе мала…
Значыць — новая дарога:
Ну, кабылка, што прыстала!
Едзем проста у Паляны.
Азярычына пад бокам.
Натапырым свае вушы
І паглядзім шчырым вокам.
Адчыняй, Лукаш, вароты
Ды ня бойся — з Менску госьці:
За пакорм грашмі заплоцім,
Калі там якое штосьці:
Зьлез Лукаш старэнькі з печы,
Браму насьцеж: „Калі ласка,
Просім ў хату… Гэй, яешню
Прыпячы хутчэй, Параска!“
Стол засьцелены абрусам,
Чыста вымытыя лавы,
Сам Лукаш ў кашулі чыстай,
Стогадовы, але жвавы.
Адпалуднаваўшы разам,
Покуль стол прыбрала маці, З Лукашом для адпачынку
Мы ўжо ўзьлезлі на палаці:
І вось тут мне давялося
Чуць уласнымі вушамі
Пра папоўскае абжорства…
Падзялюся-ж гэтым з вамі:
„Поп у нас такі абжора,
Што на сьвеце не знайсьці,
Самагонкі вып‘е мора,
Зьесьць адразу тры куцьці:
Як разыдзецца кудлаты —
Пераверне ўсё сяло,
Сьцісьне жонку ў тры абхваты,
Як якое памяло!
Бо здароў, як чорт, бяз меры —
Далі бог — я вам ня лгу:
З ушакамі вырве дзьверы,
Слуп сагне вам у дугу.
Калі ступіць дзе — адразу
Ходзіць ходарам зямля!
І ня дзіва: без адказу
Мог ён зьесьці хоць цяля,
Дай авечку — пойдзе клінам!
З тварагом аладак стус —
Перамеле блін за блінам!
Хай жывот, як той гарбуз,
Хай на лоб вылазяць вочы —
І тады не аддыхне: Будзе жорці аж да ночы,
А ня лезе — пальцам пхне!
Вось дык поп! Такія справы
Не падолеў-бы япрук!
Трэ‘ мець кішкі, як халявы,
З торбу добрую кіндзюк!
Але ўсё — говораць — мае
На зямельцы свой канец:
Ліха нейкае спаткае
І глядзіш — гатоў капец!
Так і тут. У фэст, на Яна
Ў Азярычыне у нас
Поп служыў абедню зрана
І сьпяваў, як рыжы бас.
Пападзьдзя — папу падмога:
Алялюіла, як дзяк,
А малілася-ж ня многа:
Дьзве кабеты і жабрак.
Па абедні, як вядзецца,
Поп пашоў да Міхася:
Носам чуў, што там пячэцца
Не адно ўжо парася!
Гаспадар баклагу з пуні…
З пападзьдзёю поп у кутку,
Аж на стол пусьцілі сьлюні
Быццам пчолкі на мядку!
Гаспадыня цягне з печы
Чуць ня дзесяць скаварод, Тут усё, што чалавечы
Розум выдумаў за год!
Парасят — бадай — чатыры,
Два задкі ад бараноў,
Кілбасы бяз ліку-меры
І капы са дзьве бліноў,
Збан сьмятаны, дзежка сала,
Міса масла, твораг, сыр —
Словам, ўсё, што назьбірала…
Поп разьдзьмуўся, як пухір,
І прыняўся з воўчым смакам:
Круціць-верціць, меле-мне!
ў Міхася пабеглі ракам
Аж мурашкі па сьпіне.
Праз якое поўгадзіны —
Вось кудлатая брыда!
Ад бараніны-сьвініны
Ня было ужо і сьляда.
Поп, як смоўж, гарэлку шклянкай
Ўжо глытаў ў дзесяты пот,
Покуль раптам, як маланкай,
Не схапіўся за жывот.
„Дайце раду — паміраю!
Ой, ратуйце: лопне брух!
Сьмерць мая прыходзіць — знаю:
Цераз горла лезе дух!“
Пападзьдзя, як мел той, стала…
Дактароў тут ня было: Драў Міхась па канавала
У суседняе сяло.
Канавал ня даўся дзіву
(Быў ён родам з-пад Міра), —
Узяў адразу леватыву
І рыцыны з поўвядра.
Беглі — проста аж курэла!
Ў хаце быў праўдзівы сход,
Грамада сялян гудзела —
Цешыў іх стары Хвядот:
„Гэтай прорве — хай — ня шкодзіць!
Што? прышпіліў страшны суд?“
Поп вачыма толькi водзіць,
Як апушаны вярблюд…
У гарляк усю да кроплі
Льлюць рыцыну — ня iдзе!
І цячэ, як тыя соплі,
У папа па барадзе…
Канавал — з другога боку —
Што за трасца? Хоць ты рэж —
Ой, лягчэй скасіць валоку!
Леватывы не ваб‘еш!
Мусіць цэглаю зарвала
Ў папоўскім, у мяшку!
Мчы, Міхась — бо, рады мала —
Па пажарную кішку.
Прывязьлі кішку… Дзьве бочкі,
Густа мыленай вады І да самай цёмнай ночкі
Гналі жужалем „туды“.
Стаў расьці жывот, як вата…
Посьле раптам — зразу — бух!
Быццам стрэльнула гармата
І — ў шматы увесь трыбух!
Грамадзяне з перапуду
Хто у дзьверы, хто ў вакно…
Што далей было — ня буду
Гаварыць, скажу адно:
Што на вуліцы — ня кпіны —
Кожны доўга сьвітку трос,
І ва ўсіх — не бяз прычыны!
Ў бок служыў чамусьці нос…
Вось і ўсё! „Сьцялі Мар‘яна! —
Загадаў дачцы Лукаш:
Спаць пара. Ужо ня рана —
Заўтра трэба на кірмаш“…
Ўсіх, хто гэта прачытае,
Я бяз хітрасьці прашу,
Хай падзяку спачувае
Толькі к дзеду Лукашу.
|