Пра паэзію (Маракоў)

Пра паэзію
Аўтар: Валеры Маракоў
1933
Крыніца: ЛіМ, 26 чэрвеня, 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Што такое сяброўства?

Сяброўства — гайка, што яднае дзве рэйкі ў адну істоту, па якой прабягаюць блакітныя экспрэсы чалавечых надзей. Роўны, просты, адкрыты шлях з зялёным семафорам наперадзе!

За экспрэсамі — над гарадамі і над вёскамі, палямі і лугамі бягуць вятры. Вятрамі ж народжана музыка правадоў. Гэта дваццаты век — век электрычнасці, век радыё.

Гнуцца рэйкі пад цяжкімі коламі, гнуцца і стогнуць, але не разыдуцца, пакуль не лопне гайка.

А калі лопне — каюк! І тут тлумачыць непатрэбна, што бывае далей: блакітныя экспрэсы лятуць у нябыт.

Назаўтра злітуюцца рэйкі і пабягуць па іх новыя цягнікі, але ніколі не вяртаецца згубленае. Гайка надзей, што злучала дзве істоты ў адну, здрадзіла, а здрада не паўтараецца. Так у сяброўстве.

Што ж такое паэзія?

Паэзія — таксама гайка, але гайка, што яднае адну істоту з тысячамі другіх істот і, пад сакрэтам кажучы, робіць іх паміж сабою сябрамі сэрца.

Калісьці даўно ў сівой мінуўшчыне складаліся доўгія падрабязныя паэмы пра жыццё і славу адысеяў. На многіх старонках гэтых цягучых паэм апавядалася пра тое, як людзі елі, пілі, кахаліся і ваявалі. Гэта і зразумела: куды было спяшацца? Над галавой ззяла празрыстае элінскае неба, вялікія багі лагодна ўсміхаліся людской мудрасці і светлагрывыя пегасы мора экспартавалі песні. І ўсё ж і тады, на туманнай зары чалавецтва, паэзія, як тая гайка, звязвала тысячы істот у адну істоту і вяла іх адною дарогай да пэўнае мэты. Паэзія і тады не была цацкаю: яна праслаўляла герояў і ганьбавала тых, хто быў пераможаны ў крывавых бойках.

У наш дваццаты век — век электрычнасці, век радыё, век вялікіх класавых боек, нельга апавядаць на дваццаці старонках пра тое, як чалавек з’еў міску заціркі, або выпіў куфаль піва. (Успаміны Гамера!). Нельга і распісваць з асалодай на дзесятках і сотнях старонках, як гэта рабіў брытанскі лорд і паэта Байран, прыгоды ўдалага Дон-Жуана.

І ўсё ж, зусім зразумела тое, што Байран быў уладаром дум свайго веку. Сытыя, узгадаваныя на жабрацтве мільёнаў, маладыя гультаі з багатых і славутых сем’яў не ведалі, куды кінуцца ад нуды. Працаваць яны не хацелі і не маглі, і адно, што ім заставалася — распуста, віно, прыгоды. Паэзія ж Байрана, дзякуючы суроваму і мяцежнаму генію яе творцы, была сугучна гэтым людзям. Бунт Байрана — бунт сытага чалавека.

Наш час патрабуе дынамікі. Учарайшы Дон-Жуан паступае сёння ў фашыстоўскую паліцыю і расстрэльвае рабочых. І цяпер яму непатрэбна блукаць па морах і акіянах у пошуках крывавых прыгод. О, не! Ён забаўляецца сёння ў родным горадзе на роднай вуліцы. Гэта не так небяспечна і лепш аплачваецца. Барбары дваццатага веку, якія душаць нямецкую рэвалюцыю і спалілі нямецкую культуру, не раўня барбарам Байрана! Новым барбарам служыць новая тэхніка знішчэння і згубы, тэхніка смерці, і таму наш век патрабуе рэвалюцыйнай дынамікі ў барацьбе з пошасцю мінулага, з чорнымі сіламі капіталізму. І ў гэтых адносінах наша паэзія павінна быць рэвалюцыйна-дынамічнай і класава пільнай. Калі ж паэта здраджвае свайму класу, ён здраджвае і паэзіі.

У адзін гарачы жнівеньскі дзень я прайшоў многа цяжкіх вёрст доўгаю дарогай да горада. Сонца няшчадна пякло, і ў грудзёх у мяне варушылася цэлае шалёнае пекла агню. Было цяжка ісці, і мае патрэсканыя вусны паліла смага.

І толькі ў надвечар, калі задыміліся змрокам палі і постаці лёгкіх ценяў леглі на зямлю, я напаткаў крыніцу студзёнай вады, што пералівалася з ціхім журлівым звонам з каменьчыка на каменьчык і спявала нязнаныя песні. Я прыпаў апаленымі вуснамі да крыніцы і піў яе празрыстае віно, аж покуль не пацямнела ў вачох.

А тады? Тады я аглянуўся на пройдзены шлях, і мяне як бы што скаланула. Мяне зачаравала хараство пройдзенага, і яшчэ раз захацелася прайсці той жа дарогай, каб зноўку, з такім жа захапленнем, з такой жа асалодай упіцца гаючай атрутай крыніцы.

Так і ў паэзіі. Калі вы праходзіце цяжкім і суровым шляхам жыцця і змагання, то з якой асалодай вы будзеце піць тую ісціну і тое хараство, што выказалі вусны, каб з новымі сіламі рушыцца ў новую дарогу. Слава таму паэту, да паэзіі якога хочацца прылажыцца двойчы. Паэзія павінна рухаць, як кроў, і ззяць, як алмаз. У гэтым яе спецыфіка. Нельга змешваць паэзію, як гэта часта робяць, з газетнымі артыкуламі і артыкульнымі вершамі.

Мы супроць Багдановіча, калі ён дае перавагу васількам над збожжам, але мы не супроць васількоў. Мы любім хараство жыцця і знаем, што з ім лягчэй ісці да вызначанай мэты.

Я п’ю прагнымі вуснамі яд крыніц Лермантава. Я ўпіваюся ім і зноўку хачу жыць, будаваць, змагацца, каб знайсці новыя крыніцы, напіўшыся ад якіх, змог бы зноўку стаць у захапленні перад сваім пройдзеным шляхам і ўславіць яго поўным сэрцам.

Звычайна ў нашых школах — у сямігодках, тэхнікумах, інстытутах — пачынаюць вывучэнне беларускай літаратуры з Рыпінскага, Чачота, Баршчэўскага і канчаюць Александровічам. Можа, гэта, з гістарычнага і акадэмічнага пунктаў погляду, і правільна, але дазвольце на гэты раз не згадзіцца.

Баршчэўскі, Неслухоўскі, Марцінкевіч! — Ды, па сутнасці кажучы, якія гэта паэты? Што ў іх агульнага з паэзіяй?! Можа, толькі тое, што яны пісалі рыфмованай прозай і не рабілі тых памылак, якімі грашаць паэты нашага часу?!

Зразумела, вы можаце заўважыць, што да ўсякай рэчы трэба падыходзіць гістарычна. Згодзен. Не будзем патрабаваць ад „старыкоў“ дасканалай тэхнікі верша, не будзем шукаць у іхніх творах вырашэння вялікіх і складаных ідэй, але мы ў праве патрабаваць ад кожнага паэта хоць нязначнай граматнасці ў напрамку рытмікі, рыфмы, вобразу. Апроч таго мы не можам не патрабаваць ад паэта праўдзівага і сур’ёзнага паказу сваёй эпохі.

Што ж мы маем у „старыкоў“? У большасці, як гэта нам ужо вядома, „старыкі“ беларускай паэзіі былі прадстаўнікамі вышэйшых класаў грамадства і з’яўляліся высока адукаванымі людзьмі. Таму мы і павінны былі б, пры пераглядзе культурнай спадчыны, знайсці ў іхніх творах хоць нязначныя іскаркі гэтай культуры. Аднак, апроч настаўлення „дурным мужыкам“ не піць гарэлкі і слухацца „бацькі-пана“, мы нічога тут не знаходзім. Калі ж браць фармальны бок творчасці „старыкоў“, то трэба сказаць, што вучні звычайнай сярэдняй сямігодкі пакінулі іх на сённяшні дзень далёка па-за сабой. Які ж, у такім разе, бок культурнай спадчыны мы можам выкарыстаць „старыкоў“ для сябе? Адказ можа быць толькі адзін і толькі адмоўнага парадку.

Першае слова беларускай паэзіі сказалі Янка Купала і Якуб Колас. Вось вытокі беларускай паэзіі.

Наогул жа — бліжэй да сучаснасці. Нашымі навуковымі работнікамі, нашай крытыкай ганебна мала звяртаецца ўвагі на паэзію нашых сучаснікаў. Мы не маем па паэзіі ніводнае сур’ёзнай работы, ніводнага сумленнага артыкула. Гэтая вобласць літаратуры забыта крытыкай, як быццам яна з’яўляецца зусім нязначнай. Аднак гэта не так.

Вось гэты лёгкі падыход да паэзіі прыводзіў некаторых рэцэнзентаў да патрабавання ад паэты „павелічэння грамадазнаўчых матываў“, або адказу на тое, чаму паэта ўжывае блакітавы край, а не іншы які, бо ў Беларусі ж усяго толькі 50-60 сонечных дзён. Гэта, па сутнасці кажучы, дужа падобна да таго дурня ў Александровічавым „Напоры“, які пасля кожнага слова пытаецца: „А чаму ж?“.

Гэтымі днямі я неяк чытаў допіс пра тое, што адзін літаратурны гурток пачаў сваю працу з падрыхтоўкі да атрымання мандатаў на ўсебеларускі з’езд савецкіх пісьменнікаў. Атрыманне мандата — гэта, зразумела, рэч добрая, але тут хочацца пажадаць, каб не выйшла так, як у байцы нашага паважанага сатырыка Кандрата Крапівы, калі галаву заменьваюць мандатам. Таварышы! Я думаю, што нарэшце мы выраслі, каб расцэньваць паэту па творчасці, а не па мандаце.

Перада мной артыкул паэты Пятра Глебкі „Думкі пра нашу паэзію“. Я перачытваю яго ў другі раз, і ён мяне канчаткова здзіўляе.

Згаджаючыся, таварыш Глебка, з цэлым шэрагам тваіх правільных думак пра літаратуру, як зброю класавай барацьбы, і прымаючы „асноўныя пункты тваёй паэтычнай праграмы“, дазволь мне не пагадзіцца з некаторымі тваімі палажэннямі.

а) Ні ў якім разе нельга адрываць Янку Купалу і Якуба Коласа ад усёй беларускай савецкай паэзіі і адводзіць ім асобны кірунак. Гэта зусім няправільна, тым больш, што гэты кірунак абгрунтоўваецца карэннай перабудовай гэтых паэтаў і тым, што і „наша рэчаіснасць пачынае біцца ў іх вершах поўным здаровым пульсам“. У наш час нікому не патрэбна даказваць, што здаровы пульс рэчаіснасці і карэнная перабудова маецца не толькі ў творах Купалы і Коласа, а і ў цэлага шэрагу другіх савецкіх пісьменнікаў, якія выходзяць на рэйкі сацыялістычнага рэалізму.

б) Правільная думка, што Куляшоў і Зарыцкі разбураюць дашчэнту спецыфічную розніцу паміж вершамі і прозай, псуецца заяўленнем, што ў гэтым вінавата эпічнасць рытмікі Куляшова і Зарыцкага, якая набліжаецца да мовы звычайнай гутаркі. Справа тут не ў эпічнасці, а ў тым, што і Зарыцкі, і Куляшоў пішуць звычайнай рыфмаванай прозай. „А ты, Чырка, жоўтароты варабей, Цыц! Я яшчэ з тваім дзедам у адной лазні мыўся. Не тое, каб мы былі з ім прыяцелямі, не любіў я твайго дзеда. Дужа ён не падобны быў да цябе: чыркае, чыркае, а сілы няма...“. Вось вам прыклад з „вершаванага“ твору Куляшова „Аманал“. Я не ведаю — каму гэта можна ўбіць у галаву, што вышэйпададзеныя радкі з’яўляюцца вершаванымі, або больш таго — паэтычнымі радкамі? А гэткае ж з’явішча мы маем на кожнай старонцы.