Пра цябе не сніў і не гадаў
Пра цябе не сніў і не гадаў Аўтар: Мікола Сурначоў 1940 |
Пра цябе не сніў і не гадаў,
Сваё сэрца праз цябе не мучыў,
А сустрэўся — і ў палон папаў,
Хоць жыццём к няволі не прывучан.
Мне здалося, што такіх, як ты,
Сонца век яшчэ не грэла,
Пра такіх на скрыпках залатых
Песняй толькі марыла капела.
Скажуць: гэта выдумка мая.
Можа, так, — не думаю пярэчыць.
Я ж таксама не супроць праяў
Слабасці у сэрцы чалавечым.
Пра цябе, адзіную маю,
Раскажу я ўсё барвовым зорам.
Гай папросіць, — гаю прапяю,
Бор захоча, — не адмоўлю бору.
Цішыня. Замёр маёвы шум,
Шум вясны і гаманлівых сёлаў.
Смешна неяк: год цябе нашу
Ў самым сэрцы без твайго дазволу.