Прозалаць (1926)/Шэлест радасьці/Вуліца

Мая песьня Вуліца
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1926 год
За іголкай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вуліца (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВУЛІЦА

Сягоньня я акінуў вокам
вуліцы — вірлівае жыцьцё.
Па каменьнях-бруку, цьвёрдым крокам
я іду… ўздымаю пыл высока,
топчучы мяшчанскае сьмяцьцё:
Вуліца… Ой, спавіла мяне ты
сваім гоманам, аголеным, глухім…
Квіта!
Больш ня буду звонкаю манетай
песьні разьліваць па кафэ-піўным.
Хай дурэюць, хай сваволяць
для валацугі —
тротуар папас.
Я зьдзівіўся, як ніколі,
я зьдзівіўся ў першы раз:

Гул гораду
па бруку
ракашэтам
водзіць суматоху,
як п‘яніца-вясна.
А горды
вечар
ківаецца
электро-сьветам,
ён выпіў троху
вабіць
выпіць
нас.
Кіно.
Тэатр,
ізвошчык,
прастытутка
гарадзкога шуму
неўгамонны чад.
Віно
азарт
налошчыць
І тут, як тут-ка
піўная:
„Летні сад“.

У «Летнім садзе»
шклянкамі гручэлі
як-бы спраста
браткі, не наш
народ.
А на эстрадзе
на веліончэлі
мастак
«абнашываў»
фокстрот.
І тут падросткі,
спрытныя дзяўчаткі,
кветкі ім падносяць:
цюльпаны, розы.
ландыш…
і проста-проста
сінь іх вачанятак
калосіць
ненавісьць
да нэпманскае
банды…

Ну чаго-ж тут, вечар?
— добры, цёплы вечар,
лёгкі вецер,
слаўны,
ну чаго-ж?…
Толькі мне тут чалавеча,
мне ня быць у гэтым сьвеце…
Гэты гоман, эх, забаўны
ў грудзі б‘е, як фінскі нож.
Па завалку
бяз прытулку
валацугай
сьлібізую.
Сэрца туга
зашнуруе
і спаўе у задуменьні
мае думкі — лятуценьні…
Ўсё-ж люблю,
а хто ня любіць
вуліцу — раўніну?
ідучы зайшоў у клюб,
у клюбе
акцябрыны.
радасьць хвалямі крынічыць,
радасьць тут, о, не ў гасьцёх!
...........
Толькі тут ў сям‘і, фабрычнай
тут запраўднае жыцьцё.

24/VI—25 г.