Прывід надзеі
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Штосьці заўжды мне стаіць перад зрокам
Нібы сапраўды, нібыта ў яўленні:
То быццам казачны прывід далёкі,
То як цень нейкі ці свет паміж ценяў.

Дзіўны той прывід або рассыпае
Кветкі цудоўныя перада мною,
То па прасторы гулліва лунае
І то ўцячэ, то стаіць за спіною.

То свет напоўніць істотаю ўласнай,
То драбязою, як атамам стане,
Падае ў бездань ды зоркаю яснай
Вырасце й свет забярэ ва ўладанне.

То ён без руху стаіць, як статуя,
Моўчкі, паважна ў задуме глыбокай,
Нібы ў палёт сябе нейкі рыхтуе
Ці адлятае ў туманныя змрокі.

То ў сумаванне захоча змяніцца,
Слёзкаю выльецца кшталтам тапаза,
То запалае, ды не бліскавіцай,
А як свяцільнік якісь невыразны…

Часам вясёлую форму прымае,
Дух ахіне пачуццём асалоды,
Змрокам маім скрозь усё пранікае
І засланяе ад кожнай нягоды.

О, я ўжо бачу далёкі час гэты,
Як адраджаецца род чалавечы,
Як люд яднаецца з цэлага свету,
Праўда — ягонаю ўладаю вечнай,

Дык не жадаю тады я ўжо неба,—
Цеснае неба для духа жывога,
Бо і на небе ліслівым быць трэба,
З неслухам там абыходзяцца строга.

Але, як прывід адступіць, бывала,
Роспаччу сэрца тады разварушу,
Моцна пакутую, кшталтам Тантала,
І ненавідзець свет мушу.

Дарма зажмурыць стараюся вочы,
Дарма глядзець не хачу ў наваколле,
Фальш і нахабства мне зрэнкі марочыць,
Праўда знікае й не свеціцца болей.

Бачу выразна, як шырыцца здрада,
Чэснай паказвацца мае ахвоту,
Бачу злачынства, як тоіцца задам,
З мэтай праціснуцца ў хорамы цноты.

Сукню ўдавы апранае мамона,
Дробненькі шэляг яна ахвяруе,
А як збярэцца манеты даронай,
Схопіць усё, да граша абрабуе.

А як хачу скараціць свае мукі
І запыніць дум благіх існаванне,
Прывід-Надзея бярэ мяне ў рукі,
Зноў марай добраю стане.