Прыгоды Мюнхаузена (1938)/1/Незвычайны алень

Як я злавіў кабана Незвычайны алень
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Воўк навыварат

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕЗВЫЧАЙНЫ АЛЕНЬ

Між іншым, са мною здараліся цуды яшчэ большыя.

Іду я неяк па лесе і частуюся салодкімі, сакавітымі вішнямі, якія купіў па дарозе.

І раптам проста перада мною — алень! Стройны, прыгожы, з велізарнымі галіністымі рагамі!

А ў мяне, як на ліха, ні аднае кулі.

Алень стаіць і глядзіць сабе спакойна на мяне, нібы ведае, што ў мяне стрэльба не набіта.

На шчасце, у мяне асталося яшчэ некалькі вішань, і я набіў стрэльбу заместа кулі вішнёвай костачкай. Так, так, не смейцеся, звычайнай костачкай.

Раздаўся стрэл, аднак алень толькі галавою паматаў. Костачка трапіла яму ў лоб і не зрабіла ніякае шкоды. У адзін момант ён знік у лясным гушчары.

Я вельмі шкадаваў, што ўпусціў такога прыгожага звера.

Праз год я зноў быў на паляванні ў тым-жа лесе. Канешне, да таго часу я зусім забыўся пра гісторыю з вішнёвай костачкай.

Якое-ж было маё здзіўленне, налі з ляснога гушчару проста на мяне выскачыў слаўны алень, у якога між рагамі расло высокае, купчастае вішнёвае дрэва! Ах, паверце, гэта было вельмі прыгожа: стройны алень і на галаве ў яго стройнае дрэва! Я адразу здагадаўся, што гэтае дрэва вырасла з тае маленькае костачкі, якая летась паслужыла мне куляй. На гэты раз у мяне не было недахопу ў набоях. Я нацэліўся, стрэліў, і алень мёртвым грымнуўся на зямлю. Такім чынам ад аднаго стрэлу я адразу атрымаў і свежаніну, і вішнёвы кампот, таму што дрэва было ўсыпана буйнымі спелымі вішнямі.

Павінен прызнацца, што смачнейшых вішань я не каштаваў за ўсё сваё жыццё.