Прыгоды Мюнхаузена (1938)/1/Поўканя

Конь на стале Поўканя
Апавяданьне
Аўтар: Готфрыд Аўгуст Бюргер, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Верхам на ядры

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЎКАНЯ

На вайне я, канешне, вызначаўся надзвычайнай адвагай і першы налятаў на ворага.

Аднойчы пасля заўзятай бойкі з туркамі мы захапілі ворагаву крэпасць. Я першы ўварваўся ў яе, і, прагнаўшы з крэпасці ўсіх туркаў, прымчаўся да студні — напаіць разгарачонага каня. Конь піў і ніяк не мог сцішыць сваю смагу. Прайшло некалькі гадзін, а ён усё не адгінаўся ад студні. Што за цуда! Я быў здзіўлены. Але раптам за мною пачуўся незразумелы плеск.

Я паглядзеў назад і ад здзіўлення ледзь не зваліўся з сядла.

Выявілася, што ўся задняя частка майго каня была адрэзана начыста, і вада, якую ён піў, адразу-ж вылівалася ззаду, не затрымліваючыся ў яго ў жываце. Ад гэтага за маёю спіною ўтварылася велізарнае возера. Я быў ашаломлены. Што за праява!

Але вось прымчаўся да мяне адзін з маіх салдат, і загадка мігам высветлілася.

Калі я гнаўся за ворагамі і ўварваўся ў вароты іхняй крэпасці, туркі якраз у тую хвіліну зачынілі гэтыя вароты і адрэзалі заднюю палавіну майго каня. Нібы рассеклі яго папалам! Гэтая задняя палавіна некаторы час аставалася недалёка ад варот, брыкаючыся і разганяючы туркаў ударамі капытоў, а потым паімчалася на суседні луг.

— Яна там пасецца і цяпер! — паведаміў мне салдат.

— Пасецца? Не можа быць!

— Паглядзіце самі.

Я паімчаўся на пярэдняй палавіне каня на луг. Там я сапраўды знайшоў заднюю палавіну каня. Яна спакойна пасвілася на зялёнай палянцы. Я зараз-жа паслаў па ваеннага ўрача, і ён, доўга не думаючы, сшыў абедзве палавіны майго каня

тонкімі лаўровымі дубцамі, бо нітак у яго пад рукамі не было.

Абедзве палавіны добра зрасліся, а лаўровыя галінкі пусцілі карэнні ў целе майго каня, і праз месяц у мяне над сядлом была ўжо бяседка з лаўровых галінак.

Седзячы ў гэтай утульнай бяседцы, я зрабў нямала дзіўных геройскіх учынкаў.