Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Сярод белых мядзведзяў

Чалавек-ядро Сярод белых мядзведзяў
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Другое падарожжа на месяц

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯРОД БЕЛЫХ МЯДЗВЕДЗЯЎ

Мае сябры былі рады, што я яшчэ жывы.

Наогул у мяне было многа сяброў, і ўсе яны шчыра любілі мяне. Можаце сабе ўявіць, як яны ўзрадаваліся, калі даведаліся, што я не забіты. Яны даўно лічылі мяне мёртвым.

Асабліва радаваўся славуты падарожнік Фіпс, які збіраўся ў гэты час у экспедыцыю на паўночны полюс.

— Мілы Мюнхаузен, я ў захапленні, што магу вас абняць! — усклікнуў Фіпс, як толькі я з‘явіўся на парозе яго габінета. — Вы павінны зараз-жа ехаць са мною, у якасці майго бліжэйшага прыяцеля! Я ведаю, што без вашых мудрых парад мне не будзе ўдачы!

Я, вядома, адразу-ж згадзіўся, і праз месяц мы ўжо былі недалёка ад полюса.

Аднойчы, стоячы на палубе, я заўважыў здалёк высокую ледзяную гару, на якой валтузіліся два белыя мядзведзі.

Я схапіў стрэльбу і скокнуў з карабля проста на ільдзіну, якая праплывала міма нас. Трудна было мне карабкацца па гладкіх як люстра ледзяных скалах, кожную хвіліну скочваючыся ўніз і рызыкуючы праваліцца ў бяздонне, але, не гледзячы на перашкоды, я дабраўся на самы верх крыгі і падышоў зусім блізка да мядзведзяў.

І раптам са мною здарылася няшчасце: збіраючыся стрэліць, я паслізнуўся на лёдзе і ўпаў, прычым стукнуўся галавою аб лёд і ў тую-ж хвіліну страціў прытомнасць.

Калі праз поўгадзіны прытомнасць вярнулася да мяне, я ледзь не закрычаў ад страху: велізарны белы мядзведзь падабраў мяне пад сябе і, разявіўшы ляпу, рыхтаваўся павячэраць мною.

Стрэльба мая ляжала далёка на снягу.

Між іншым, стрэльба была-б тут бескарысна, бо мядзведзь усім сваім цяжарам наваліўся мне на спіну і не даваў паварушыцца.

З вялікімі намаганнямі я выцягнуў з кішэні мой маленькі складаны ножык і, доўга не думаючы, адсек мядзведзю тры пальцы на задняй назе.

Ён зароў ад болю і на хвіліну выпусціў мяне з сваіх страшэнных абдымкаў.

Скарыстаўшы гэты момант, я са сваёю звычайнай адвагай падбег да стрэльбы і выстраліў у лютага звера. Звер так і зваліўся ў снег.

Але на гэтым не скончыліся мае ліхія прыгоды: стрэл разбудзіў некалькі тысяч мядзведзяў, якія спалі на лёдзе недалёка ад мяне.

Вы толькі ўявіце сабе: некалькі тысяч мядзведзяў! Яны ўсёй зграяй накіраваліся проста да мяне. Што мне было рабіць? Яшчэ хвіліна, і мяне разарвуць раз‘юшаныя драпежнікі. І раптам у мяне мільганула бліскучая думка. Я схапіў нож, падбег да забітага мядзведзя, садраў з яго скуру і нацягнуў яе на сябе. Так, я нацягнуў на сябе мядзвежую скуру.

Мядзведзі абступілі мяне. Я быў упэўнены, што яны выцягнуць мяне з маёй скуры і разарвуць на шматочкі. Але яны абнюхвалі мяне і, палічыўшы за

мядзведзя, спакойна адыходзілі адзін за адным.

Хутка я навучыўся рычаць па-мядзвежаму і ссаў сваю лапу так як мядзведзь.

Зверы аднесліся да мяне вельмі даверліва, і я парашыў выкарыстаць гэта.

Адзін доктар расказваў мне, што рана, зробленая ў патыліцу, прыносіць раптоўную смерць. Я падышоў да бліжэйшага мядзведзя і ўсадзіў яму свой нож проста ў патыліцу. Я не сумняваўся, што, калі звер уцалее, ён неадкладна разарве мяне. На шчасце, мой вопыт удаўся. Мядзведзь зваліўся мёртвым, не паспеўшы нават раўнуць.

Тады я парашыў тым-жа спосабам расправіцца і з астатнімі мядзведзямі. Гэта мне ўдалося не так цяжка. Хоць яны бачылі, як падалі іх таварышы, але калі яны лічылі мяне за мядзведзя, дык і не маглі здагадацца, што іх забіваю я.

За якую гадзіну я ўлажыў некалькі тысяч мядзведзяў.

Зрабіўшы гэты геройскі ўчынак, я вярнуўся на карабель да майго прыяцеля Фіпса і расказаў яму пра ўсё.

Ён даў у маё распараджэнне сотню самых дужых матросаў, і я павёў іх на ільдзіну. Яны знялі скуры з забітых мядзведзяў і перацягнулі мядзвежыя тушы на карабель.

Тушаў было так многа, што карабель не мог плысці далей. Нам прышлося вярнуцца дамоў, не даехаўшы да месца свайго прызначэння.

Вось чаму капітан Фіпс так і не адкрыў паўночнага полюса.

Між іншым, мы не шкадавалі аб гэтым, таму што мядзвежае мяса, прывезенае намі, было надзвычайна смачнае.