Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/III

Раздзел II Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел III
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел IV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ ІII

ШВЭЙК ПЕРАД СУДОВЫМІ ДАКТАРАМІ

Чыстыя, прытульныя пакойчыкі краёвага крымінальнага суду зрабілі на Швэйка найлепшае ўражаньне: пабеленыя сьцены, чорныя вычышчаныя краты і сам тоўсты пан Дэмартыні — старэйшы наглядальнік дому папярэдняга ўвязьненьня, з фіялкавымі закасамі на рукавох і аблямоўкай на форменнай шапачцы.

Аднаўлялася слаўная гісторыя рымскага ўладаньня над Ерусалімам. Арыштаваных выводзілі і станавілі перад судом Пілатаў 1914 году, а судзьдзі, што вялі сьледзтва, замест таго, каб сумленна памыць рукі, пасылалі да Тэпсыга[1] за наперчаным смажэньнем і пільзенскім півам і падавалі новыя ды новыя абвінавачаньні ў дзяржаўную пракуратуру.

Тут найчасьцей зьнікала ўсякая лёгіка і перамагаў артыкул, душыў артыкул, вар‘яцеў артыкул, пырскаў артыкул, сьмяяўся артыкул, пагражаў і не дараваў артыкул. Гэта былі жонглёры законаў, служкі мёртвай літары закону, жаруны абвінавачаных, тыгры аўстрыйскіх джунгляў, якія па ліку артыкулаў вымяркоўвалі даўжыню скачка на абвінавачанага.

Выключэньне давалі колькі чалавек (акурат, як і ў паліцэйскай управе), якія ня бралі законы пад сур‘ёзную ўвагу. І сярод благога зельля заўсёды знойдзецца пшаніца.

Швэйка прывялі на сьледзтва да аднаго з гэткіх паноў. Гэта быў паджылы дабрадушны чалавек, які, каб давялося яму весьці сьледзтва над славутым забойцам Валешам, і тады не абыйшоўся-б без таго, каб не сказаць яму. „Калі ласка, сядайце, пан Валеш, вось акурат вольнае крэсла“.

Як прывялі Шэйка, судзьдзя з прыраджонай яму далікатнасьцю, запрасіў Швэйка сесьці і сказаў яму:

— Дык вы, значыць той самы пан Швэйк?

— Я мяркую, што ім і павінен быць, — адказаў Швэйк, — бо і мой татка быў Швэйк і мамка пані Швэйк. Я не магу іх абняславіць тым, што буду зракацца свайго прозьвішча.

Ласкавая ўсьмешка скаўзанулася па твары судовага сьледчага.

— Добрых спраў вы тут панарабілі! Многа вы грэху ўзялі на душу.

— У мяне заўсёды на душы многа грахоў, — сказаў Швэйк усьміхаючыся яшчэ ласкавей, чымся судовы сьледчы. — У мяне можа яшчэ болей грахоў на душы, ніж у вас, вашаскародзьдзе.

— Гэта відаць з пратаколу, які вы падпісалі, — ня менш ласкавым тонам сказаў судовы сьледчы. — Ці не рабілі вам якога прыпіску ў паліцыі?

— Што вы, вашаскародзьдзе, наадварот. Я сам пытаўся ў іх, ці павінен я гэта падпісваць, і калі мне сказалі, каб падпісаў, дык я паслухаўся. Што я буду біцца з імі за свой подпіс, ці што? Карысьці-б з гэтага я ня меў. Парадак павінен быць.

— Адчуваеце сябе, пан Швэйк, зусім здаровым?

— Зусім здаровым. Ці-тое, уласна кажучы, — не, вашаскародзьдзе, пан сьледчы, хворы на раматус, націраюся опольдэдокам.

Стары зноў ласкава ўсьміхнуўся.

— Ці ня даць вас агледзець судовым дактаром, як вы ўважаеце?

— Я мяркую, што мне ня надта ўжо і кепска, каб паны дактары марна трацілі на мяне час. Мяне ўжо аглядзеў адзін доктар у паліцэйскай управе, ці няма ў мяне трыпера.

— Ведаеце што, пан Швэйк, мы ўсё-ткі паспрабуем зьвярнуцца да судовых дактароў. Складзём невялічкую камісію, загадаем вас пасадзіць у папярэдняе ўвязьненьне, а вы тым часам як мае быць адпачніцё. Яшчэ адно запытаньне. Вы, нібы-та, паводле пратаколу, заяўлялі і пашыралі чуткі пра тое, што неўзабаве-выбухне вайна?

— Выбухне, вашаскародзьдзе, у найбліжэйшы час.

— Вы ня хворы часам на падучку?

— Прабачайце, не. Аднаго разу толькі на Карловым пляцы я ледзьве ня ўпаў, як мяне зачапіў аўтомобіль. Але гэта было ўжо даўно.

На гэтым допыт сканчыўся. Швэйк падаў судоваму сьледчаму руку і, вярнуўшыся ў сваю камеру, сказаў сваім суседзям:

— Такім чынам, мяне за забойства пана эрцгэрцага Фэрдынанда агледзяць дактары.

— Мяне гэтак сама аглядалі судовыя дактары, — сказаў дзяцюк, — як я за крадзеж дыванаў стаў перад прысяжнымі. Вызналі мяне за дуркаватага. Цяпер я прапіў малатарню, якую мне здаверылі на час, але мне нічога за гэта ня могуць зрабіць. Учора мне мой адвакат сказаў, што калі ўжо аднойчы мяне вызналі за дуркаватага, дык мне гэта прыдасца на ўсё жыцьцё.

— Я на гэтых судовых дактароў ані-ні не зьвяраюся, — зазначыў пан з інтэлігентным абліччам. — Як падрабляў я вэксалі, дык на кожны выпадак хадзіў на лекцыі профэсара Гэвэраха, і калі мяне злавілі, удаваў паралітыка акурат так, як іх апісваў нам профэсар Гэвэрах: укусіў аднаго судовага доктара за нагу, выпіў чарніла з чарнільніцы і, шануючы вашых вушэй, панове, нагадзіў у кутку перад сваёй камісіяй. Але як раз за тое, што я ўкусіў аднаго сябра камісіі за нагу, мяне вызналі зусім за здаровага, і я загінуў.

— Агляду гэтых паноў я ані не баюся, — заявіў Швэйк. — Як служыў я на вайсковай службе, дык мяне аглядаў адзін вэтэрынар і абышлося ўсё дужа добра.

— Судовыя дактары — паскуднікі! — азваўся маленькі скурчаны чалавек. — Нядаўна неяк выпадкова адкапалі на маім лузе шкілет, і судовыя дактары заявілі, што гэтага чалавека забілі нейкай тупой зброяй у галаву гадоў сорак таму назад. Мне трыццаць восем гадоў, а мяне арыштавалі, хоць у мяне ёсьць пасьведчаньне аб хрышчэньні, выпіска з мэтрычнае кнігі і дакуманты з мае абшчыны.

— Я мяркую, — сказаў Швэйк, — што на ўсё гэта трэба глядзець бесстаронна. Кожны можа памыліцца і мусіць памыліцца тым хутчэй, чым болей пра што-небудзь думае. Судовыя дактары — людзі, а людзям уласьціва памыляцца. Аднойчы ў Мусьлях, акурат каля мосту цераз Боціч[2] падышоў да мяне ўначы адзін дабрадзей і трэснуў мяне даўбешкай па галаве, і калі я паваліўся на дол, пасьвяціў на мяне дый кажа: „Гэта ня ён“, дык так раззлаваўся за сваю памылку, што апёк мяне яшчэ па сьпіне. Так ужо чалавеку наканавана — памыляцца аж да самае свае сьмерці. Адзін пан, напрыклад, знайшоў уначы напоўзамерзлага шалёнага сабаку, узяў яго з сабою дахаты і падсунуў жонцы ў пасьцелю. Як толькі сабака выграўся ды ачуняў, паперакусаў усю сям‘ю, а самага маленькага ў калысцы разадраў і зьеў. А хоць дам яшчэ прыклад, як памыліўся адзін сьлёсар з нашага дома. Адамкнуў ключом падольскі касьцёл, думаючы, што ён прышоў дахаты, разуўся ў рызьніцы, думаючы, што ён у сваёй кухні, лёг на прастол і накрыўся пакровам і сьвятымі надпісамі, думаючы, што ён дома ў ложку, а пад галовы паклаў эвангелье і яшчэ нейкія сьвятыя кнігі, каб галаве ня было нізка. Ураньні агледзеў яго царкоўны стораж, а ён яму, калі ахамянуўся, дабрадушна заявіў, што з ім здарылася памылка. „Добрая памылка! — кажа царкоўны стораж. — Праз такую памылку нам прыдзецца нанова сьвяньціць касьцёл“. Потым апынуўся гэты сьлесар перад судовымі дактарамі, і яны яму давялі, што ён быў зусім прытомны, бо, каб быў п‘яны, дык-бы напэўна не патрапіў ключом у замок на дзьвярох касьцёлу. Потым ён памёр у турме... Дам вам яшчэ адзін прыклад, як у Кладне[3] памыліўся паліцэйскі сабака-аўчарка вядомага ротмістра Роттэра. Ротмістр Роттэр муштраваў сабак і здымаў практыку на бадзягах датуль, пакуль усе бадзягі не пачалі абмінаць Кладненскі раён. Тады Роттэр загадаў, каб жандары — што-б там ні было — прывялі якога-небудзь падазроннага чалавека. Дык яму прывялі аднойчы досыць чыста апранутага чалавека, які калі на яго натрапілі, сядзеў на пні ў Ланскіх лясох. Роттэр зараз-жа загадаў адрэзаць у яго кавалак крыса ад пінжака і даў гэты кавалак панюхаць сваім паліцэйскім сабакам. Потым таго яшчэ чалавека завялі на цягельню за горад і пусьцілі па яго сьлядох муштраваных сабак, якія знайшлі яго і прывялі назад. Гэта давялося яму лезьці па драбіне на гару, драцца цераз сьцяну, скакаць у возера, а сабакі — за ім. Напасьледак выявілася, што гэты чалавек быў дэпутат-радыкал, які паехаў пагуляць у Ланскія лясы, калі яму надакучыў парлямант. Вось таму я і кажу, што людзям уласьціва памыляцца, хай будзе гэта вучоны ці дурань неадукаваны. Памыляюцца і міністры.

*

Камісія судовых дактароў, якая мела вызначыць, ці адпавядае душэўны стан Швэйка ўсім тым злачынствам, у якіх яго вінавацяць, ці не, складалася з трох надзвычайна сур‘ёзных людзей. Думкі кожнага з іх цалкам разыходзіліся з думкамі двух іншых — гэта былі прадстаўнікі трох розных школ псыхіятраў.

І калі ў выпадку са Швэйкам злучыліся ў адно ўсе тры процілежныя навуковыя лягеры, дык гэта трэба растлумачыць выключна тым вялізным уражаньнем, якое зрабіў Швэйк на ўсю камісію, калі ёй, увайшоўшы ў залю, дзе мелася адбыцца дасьледваньне яго душэўнага стану, крыкнуў, угледзіўшы, што на сьцяне вісіць портрэт аўстрыйскага імпэратара: „Хай жыве гаспадар імпэратар Франц-Іосіф Першы!“.

Справа была зусім ясная. Дзякуючы зробленай па ўласным пачыне Швэйкавай заяве, адпала цэлая чарада запытаньняў і засталася толькі некалькі найвышэйшых па сыстэме доктара псыхіятрыі Калерсона, доктара Гэвэроха ды ангельца Вэйкінда.

— Радзі цяжэйшы за волава?

— Я яго, прабачайце, ня важыў, — са сваёй мілай усьмешкай адказаў Швэйк.

— Так. Верыце ў сканчэньне сьвету?

— Перш я павінен пабачыць гэтае сканчэньне. Але ў кожным разе заўтра яго яшчэ ня будзе, — адказаў Швэйк.

— А ці здолелі-б вы вылічыць дыямэтр зямное кулі?

— Прабачайце, ня здолеў-бы, — адказаў Швэйк. — Дазвольце мне самому загадаць вам адну загадку. Стаіць трохпавярховы дом, на кожным паверсе гэтага дому па восем вакон, на страсе два коміны, на кожным паверсе жыве па два кватаранты. Цяпер адкажэце, панове, у якім годзе памерла ў швейцара яго бабулька?

Судовыя дактавы многазначна паглядзелі адзін на аднаго. Адылі адзін з іх зрабіў яшчэ запытаньне:

— Ці ня ведаеце вы, якая найбольшая глыбіня ў Ціхім акіяне?

— Прабачайце, ня ведаю, — пачуўся адказ, — але мяркую, што канечна будзе большая, чымся пад Вышградзкай скалой на Ўлтаве[4].

— Досыць? — запытаў ляконічна старшыня камісіі.

Але адзін сябра папрасіў ўсё-ткі дазволу зрабіць яшчэ наступнае запытаньне:

— Колькі будзе, калі памножыць дванаццаць тысяч восемсот дзевяцьдзесят сем на трынаццаць тысяч восемсот шэсьцьдзесят тры?

— Семсот двадцаць дзевяць, — ня плуснуўшы вокам, адказаў Швэйк.

— Я думаю — зусім досыць, — сказаў старшыня камісіі.

— Можаце абвінавачанага завесьці на старое месца.

— Дзякую вам, панове, — адказаў Швэйк, — мне гэтага таксама зусім досыць.

Як пашоў Швэйк, калегія трох прышла да аднаго адзінага выніку, што Швэйк — ідыёт паводле ўсіх законаў, вынайдзеных славутымі псыхіятрамі. У рэляцыі, пераданай судоваму сьледчаму, было, паміж іншага, напісана:

„Ніжэйпадпісаныя дактары, базуючыся на поўнай псыхічнай атупеласьці і прыраджоным крэтынізьме прадстаўленага вышэйпаказанай камісіі Швэйка Язэпа, вынікаючых з яго слоў, менавіта: „Хай жыве імпэратар Франц-Іосіф, якой заявы цалкам выстарчае, каб азначыць псыхічны стан Язэпа Швэйка, як ясна выяўленага вар‘ята — таму прапануюць:

1. Судовае сьледзтва па справе Язэпа Швэйка спыніць.

2. Накіраваць Язэпа Швэйка ў псыхіятрычную клініку на дасьледваньне і выяўленьне, у якой меры яго псыхічны стан ёсьць небясьпечны для акружаючых“.

У той час, як складалася гэтая рэляцыя. Швэйк дакладваў сваім таварышом па турме:

— На Фэрдынанда плюнулі, а чапіліся да мяне яшчэ з большай недарэчнасьцю. Зрэшты мы адзін аднаму сказалі, што нам гэтага зусім досыць, і разышліся.

— Ня йму я веры, каб усё скончылася гэтак добра, — сказаў скурчаны маленькі чалавек, на лузе ў якога выпадкова адкапалі шкілет, — усюды адно ашуканства.

— Без ашуканства ня можна, — пярэчыў Швэйк, кладучыся на саламяны сяньнік. — Каб усе людзі занадта турбаваліся аб чужым дабрабыце, дык яшчэ хутчэй-бы пабіліся адно з адным.


  1. Рэстаран.
  2. Ручай.
  3. Горад цэнтральнае Чэхіі, асяродак каменнавугольнага раёну.
  4. Найглыбейшае месца на Ўлтаве.