Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/XIV

Раздзел XIII Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел XIV
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел XV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ XIV
ШВЭЙК ЗА ДЗЯНШЧЫКА Ў ПАРУЧНІКА ЛУКАША

Швэйкавае шчасьце трывала нядоўга. Жорсткі лёс перацяў ягоную дружбу з фэльдкуратам. Калі да гэтай пары чытач меў фэльдкурата за асобу сымпатычную, дык ніжэйпаказаны яго ўчынак зрывае з яго гэтую маску.

Фэльдкурат прадаў Швэйка паручніку Лукашу ці, правільней сказаўшы, прайграў яго ў карты, як калісьці прайгравалі ў Расіі прыгоньнікаў.

Вышла гэта цалкам выпадкова. У паручніка Лукаша сышлася неяк цёплая кампанія. Ігралі ў „дваццаць адно“. Фэльдкурат прайграўся ўшчэнт і заявіў:

— Панове! Дасьцё мне пад майго дзяншчыка? Страшэнны ёлуп, але фігура найпацешная, нешта non plus ultra[1]. Кладу галаву, што гэткага дзяншчыка ні ў якога з вас ня было.

— Я дам сто крон, — прапанаваў паручнік Лукаш. — Калі да пазаўтрага іх не аддасі, дык пашлеш мне гэты рэдкі экзэмпляр. Мой дзяншчык ні к чорту варты, — вечна ўздыхае, піша лісты дахаты і да таго яшчэ крадзе што-пападзя. Біў я яго — нічагутка. Выкрышыў яму два кірмашовыя зубы, дык і тое не памагло.

— Згода, — лёгкадумна сказаў фэльдкурат. — Атрымаеш пазаўтраму хоць сто крон, а хоць Швэйка.

Ён прайграў і гэтыя сто крон і засмучоны пацягнуўся дахаты. Ён ані ні не сумняваўся, што да пазаўтрага ён нідзе гэтулькі грошай не назьбірае і што наогул Швэйка ён да крыўды танна прадаў.

„Мне трэба было ўзяць за яго дзьвесьце крон“, — папікаў ён сябе. Але ў трамваі найшло на яго нешта накшталт прыпадку сантымэнтальнасьці і сардэчных згрызотаў.

„Гэта з майго боку няпрыгожа, — думаў ён, як званіў да сябе на кватэру. — Як я цяпер зірну ў яго дурныя добрыя вочы...“.

— Мілы Швэйк, — сказаў ён, уваходзячы, — мне сёньня прысьпела нязвычайнае становішча. Мне страшэнна не шанцавала ў гульні. Разумееце, пашоў па банку, на руках туз, бяру дзесятку. А ў банкіра на руках быў валет, дык-жа ўсё-ткі дабраў таксама да дваццаць аднаго. Потым колькі разоў станавіў на дзесятку ці на туза, і што-раз у банкіра было столькі сама. Увагнаў усе грошы...

Ён прыпыніўся.

— ...і зрэшты прайграў вас. Узяў пад вас сто крон у пазыку, і калі да пазаўтрага іх не аддам, дык вы будзеце належаць ужо ня мне, а паручніку Лукашу. Мне, сапраўды, дужа шкода...

— Сто крон у мяне знойдзецца, — сказаў Швэйк. — Магу вам пазычыць.

— Давайце іх тады, — падбадрыўся фэльдкурат. — Я іх зараз-жа занясу Лукашу. Мне, да душы, не хацелася-б з вамі разлучыцца.

Лукаш трохі зьдзівіўся, як да яго ўрынуўся фэльдкурат.

— Прышоў паквітацца з табой, — заявіў фэльдкурат з пераможным выглядам. — Дай-тку мне карту.

— А ну-тку... — сказаў ён, бяручы яшчэ. — Усяго адно ачко перабору, — сказаў ён узяўшы карту. — Дай-тку яшча карцінку, — браў ён удругое. — Стоп! Досыць.

— Дваццаць, — сказаў банкір.

— У мяне дзевятнаццаць, — праказаў фэльдкурат троху цішэй, плоцячы ў банк астатнія сорак крон з сотні, якою Швэйк думаў адкупіцца ад новага прыгону.

Варочаючыся дадому, фэльдкурат прышоў да перакананьня, што нічога не парадзіш, што Швэйка нічым не ратуеш і што, значыцца, так ужо наканавана яму — служыць у паручніка Лукаша.

— І калі Швэйк адчыніў яму дзьверы, фэльдкурат сказаў:

— Усё дарэмна, Швэйк. Суджанага ня мінеш! Я прайграў і вас і вашыя сто крон. Я зрабіў усё, на што мая змога, але лёс мацнейшы за нас. Ён аддаў вас на зьежу паручніку Лукашу... Надышоў час нам расстацца.

— А як, ці ў вас банк сарвалі, ні на руцэ прасадзілі? — з цікавасьцю запытаў Швэйк. — Дрэнь справа, калі карты ня ідуць, але ашчэ горай, калі ўжо занадта папрэ... Жыў у Здэразе бляхар, на прозьвішча Вэйвода, і часьцяком іграў у адным шынку ў карты. Аднаго разу нячысты яго падмусьціў прапанаваць: „Ці ня згуляем хаця па маленькай?“ Ну, селі гуляць. Трымаў банк ён. На першым коне перакрыў усіх, банк вырас да дзесяткі. Стары Вэйвода хацеў і іншым даць выйграць разок і праз увесь час прыгаварваў: „Ну-тку, маленькая, благенькая, сюды“. Ці дасьцё веры, як яму не шанцавала: маленькая гэта, благенькая ня ішла — дый годзе! Банк рос, стаяла там ужо сотня. З гулыцоў ні ў кога столькі ня было, каб пайсьці на ўвесь банк, а Вэйвода аж уваўрэў чыста ўвесь. Адно і чуваць было: „Маленькая, благенькая, сюды!“ Гульцы станавілі па пяцёрцы і скрозь прайгравалі. Адзін камінар так распаліўся, што зьбегаў дадому па грошы, і як у банку было паўтары сотні, пайшоў на банк. Вэйвода хацеў сьпусьціць банк і наважыўся браць хоць да трыццацёх, абы ня выйграць, а замест гэтага адразу ўзяў два тузы. Тады ён прыкінуўся, нібы ў яго нічога няма, і кажа: „Шаснаццаць!“. А ў камінара было ўсяго са ўсім пятнаццаць. Ну хіба-ж гэта не няшчасьце?Небарака Вэйвода сядзеў, як падпечаны, а навокал ужо зачалі паціху лаяцца ды шаптацца, што, значыцца, ён падмахлёўвае і што неяк яго білі ўжо за круцельства, хоць па-праўдзе стары быў вельмі сумленны гулец. У банк сыпаліся крона за кронай. Стаяла там ужо пяцьсот крон. Тут сам шынкар ня вытрымаў. У яго, як на тое ліха, былі нарыхтаваны грошы на разьлік з броварам. Ён іх выняў, падсеў да стала, перш прасадзіў двойчы па сто крон, а потым заплюшчыў вочы, перавярнуў стул на шчасьце і заявіў, што ідзе на банк. „Гуляем на-адкрыта!“ — сказаў ён. Стары Вэйвода, здаецца, усё на сьвеце аддаў-бы за ўсё, каб прайграць. Усе зьдзівіліся, калі ён пакінуў сабе сёмку, што выпала. Шынкар ухмыльнуўся сабе ў бараду, у яго было дваццаць адно. Стары ўзяў другую сёмку і зноў яе сабе пакінуў. „Цяпер выйдзе туз ці дзесятка“, — зазначыў зларадна шынкар. — „Кладу галаву, што вам прышоў капут“.

Усе зацялі дух. Вэйвода цягне, і зьяўляецца... трэцяя сёмка. Шынкар зьбялеў, як сьнег (гэта былі ў яго апошнія грошы), і пайшоў на кухню. Праз хвіліну прыбягае хлапец, што быў у яго ў навуцы, крычыць, каб хутчэй ішлі зьняць шынкара, што ён вісіць на ваконнай ручцы. Вынялі мы яго з пятлі, аджывілі і селі гуляць далей. Грошай ні ў кога ня было, — усе грошы былі ў банку ў Вэйводы. А Вэйвода сваё: „Маленькая, благенькая, сюды“, і рады быў-бы ўсё спусьціць, але праз тое, што яму перасталі давяраць, мусіў даваць здымаць калоду і выкладаць карты на стол, — дык ніяк ня мог ані змахляваць, ані перабраць сумысьля. Ад таго, як яму шанцавала, усе ачмурэлі. Умовіліся, калі ня хопіць гатоўкі, гуляць пад расьпіскі. Гульня цягнулася колькі гадзін і, перад старым Вэйводам расьлі тысячы за тысячамі. Камінар вівават быў у банк больш, як паўтара мільёны, вугляр з Здэраза — блізка мільёну, швэйцар з „Сталетняй кавярні“ — восемсот тысяч крон, а фэльчар больш, як два мільёны. У адным толькі катле было больш, як трыста тысяч на кавалках паперы. Стары Вэйвода ішоў на ўсялякія хітрыкі: бегаў бясконца ў прыбіральню, і кожнага разу даваў банкаваць за сябе каму-небудзь іншаму, а як варочаўся, яму паведамлялі, што браў ён і што выпала яму дваццаць адно. Спасылалі па новую калоду, алеі гэта не памагло. Калі Вэйвода спыняўся на пятнаццёх, у супраціўніка было чатырнаццаць. На старога Вэйводу ўсе страшэнна злавалі, а найбольш лаяўся маставік, які ўсяго па ўсім выклаў гатоўкаю восем крон. Ён адкрыта заявіў, што чалавеку накшталт Вэйводы няма месца на белым сьвеце, і што гэткаму трэба надаваць высьпяткаў, выкінуць і затапіць, як шчанюка. Вы ня можаце сабе ўявіць роспач старога Вэйводы. Нарэшце, у яго бліснула ідэя. „Мне трэба да-ветру“, — сказаў ён камінару. — „Згуляйце за мяне, пане майстра“. І проста так, бяз шапкі, выбег на вуліцу па паліцыю, знайшоў патруль і наведаміў, што ў такім-гэткім шынку гуляюць у азардовыя гульні. Паліцыянты загадалі яму ісьці наперад і сказалі, што прыйдуць за ім сьледам. Калі Вэйвода вярнуўся ў шынок, яму сказалі, што за гэты час фэльчар прайграў больш, як два мільёны, а швэйцар больш, як тры. У катле назьбіралася расьпісак на пяцьсот тысяч. У наступны момант ўрынуліся паліцыянты, маставік крыкнуў: „Уцякай, куды каторы!“ — але было ўжо позна. На банк наклалі арышт і ўсіх чыста павялі ў паліцыю. Вугляр з Здэраса ўпінаўся, дык яго павезьлі ў „кашы“. У банку было больш, як на поўмільярда пазыковых дакумантаў ды гатоўкаю паўтары тысячы крон. „Нічога падобнага я дагэтуль ня бачыў“ — сказаў паліцэйскі інспэктар, убачыўшы такія шалёныя сумы. — Гэта мудрай, як ў Монтэ-Карла“. Усе, апроч старога Вэйводы, засталіся ў паліцэйскім камісарыяце дя раньня. Вэйводу, як даказчыка, выпусьцілі і абяцалі яму, што ён атрымае законную траціну арыштаванага банку, прыблізна сто шэсьцьдзесят мільёнаў крон.

Стары з усяго гэтага ашалеў і ўраньні хадзіў па Празе ды заказваў сабе тузінамі незгаральныя шафы... Во што значыць — пашанцавала ў карты!

Тут Швэйк пашоў гатаваць грог. Пад ноч фэльдкурат, якога Швэйк ледзьве патрапіў накіраваць у ложак, пусьціў сьлязу.

— Прадаў я, дружа, цябе, — хліпаў ён, — ганебна прадаў. Пракляні мяне, дай мне поўху — варта! Аддаў я цябе на зьежу. У вочы табе баюся зірнуць. Бі мяне, кусай, зьніштож! Лепшага я не заслужыў. Ведаеш, хто я?

І, уткнуўшы заплаканы твар у падушку, ён ціха, тонкім голасам працягнуў:

— Я слабавольны падлюга... — і ўраз заснуў, нібы камнем пашоў на дно.

Назаўтрага фэльдкурат, унікаючы Швэйкавага погляду, пашоў раненька з хаты і вярнуўся ажно пад ноч удвух з тоўстым пяхотнікам.

— Швэйк, — сказаў ён, гледзячы некуды ўбок, — пакажыце новаму дзяншчыку, дзе што ляжыць, каб ён быў у курсе спраў, і наўчыце яго гатаваць грог. Ураньні вы зьявіцеся да паручніка Лукаша.

Швэйк са сваім застаўнікам прыемна прабавіў ноч, гатуючы грог. Пад раньне таўстун ледзьве трымаўся на нагах і бурчэў сабе пад нос нясусьветную мешаніну з розных народных песень.

— Аб табе я ня турбуюся, — сказаў Швэйк. — З гэткімі здольнасьцямі ты ў фэльдкурата ўбудзеш.

Такім чынам, першае, што ўбачыў гэтым раньнем паручнік Лукаш, была сумленная, адкрытая фізыёномія ўдалага ваякі Швэйка, які рапартаваў яму:

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, я — Швэйк, прайграны панам фэльдкуратам вам у карты.

*

Інстытут дзяншчыкоў вельмі даўнага паходжаньня. Кажуць, што дзяншчыкі былі яшчэ за Аляксандрам Македонскім. У кожным разе няма сумненьня аб тым, што за эпоху фэўдалізму гэтую ролю спраўлялі рыцаравыя зброяносцы. За каго быў Санча-Панча ў Дон-Кіхота? Дзіўна, што ніхто да гэтай пары не напісаў гісторыю дзяншчыкоў. Мы прачыталі-б там, як альмавірскі гэрцаг пад час аблогі Толеда з галадоўлі зьеў свайго дзяншчыка не пасаліўшы, пра што гэрцаг сам піша ў сваіх успамінах, апавядаючы, што ягоны слуга меў мяса далікатнае, мяккае і сакавітае, на смак падобнае на нешта сярэдняе між курыцай і асьліным мясам.

У аднэй старой швабскай кнізе аб вайсковай справе ёсьць, паміж іншага, правілы дзяншчыком. Дзяншчык таго часу мусіў быць богабойлівы, дабрачынны, шчыры, сьціплы, адважны, сумленны, працавіты, — адным словам, мусіў быць за ідэал чалавека. Час у гэтым тыпе многа чаго перайначыў. Цяперашні дзяншчык за-звычай ані багабойлівы, ані дабрачынны, ані сумленны. Брэша, падманьвае свайго пана і часта абарачае жыцьцё свайго афіцэра ў пекла. Гэта — лісьлівы раб, які прыдумвае процьму ўсялякіх штук, каб атруціць жыцьцё свайму пану.

Сярод новага пакаленьня дзяншчыкоў ужо ня знойдзецца самаадданых стварэньняў накшталт добрасумленнага Фэрнанда, дзяншчыка альмавірскага гэрцага, якія-б дазволілі сваім паном зьесьці сябе не пасаліўшы. Як вынік гэтага, мы з другога боку бачым, што іхнае начальства ў змаганьні не на жыцьцё, а на сьмерць за свой аўторытэт ужывае самыя рашучыя захады, сваяасаблівы тэрор. Гэтак, прыкладам, у 1912 годзе ў Штырскім Градцы быў процэс, у якім выдатную ролю граў адзін капітан, што зьбіў свайго дзяншчыка да сьмерці. Капітана гэтага тады абязьвінілі, бо прарабіў гэта ён толькі ўдругое за сваё жыцьцё. На думку гэтага гатунку паноў, дзяншчыкова жыцьцё ня мае ніякае вартасьці. Дзявшчык — рэч, часта толькі балван, створаны для мордабою, раб з неабмежаваным лікам абавязкаў. Ня дзіва, што гэткае становішча вымагае ад раба, каб ён быў вываротлівы і лісьлівы. Яго становішча на нашай плянэце можна параўнаць адно са становішчам падшпаркаў — прыслужнікаў у шынку, у якіх выгадоўвалі пачуцьцё шляхетнасьці каўхнямі ды біцьцём.

Адылі трапляюцца і такія выпадкі, калі дзяншчык узьнімаецца да становішча ўлюбенчыка ў свайго афіцэра і робіцца гразою роты і нават батальёну. Усе унтэры намагаюцца яго падкупіць. Ад яго залежыць пабыўка. Ён можа пахадайнічаць, каб той ці іншы рапарт прынялі. Пад час вайны гэтых улюбенцаў часьцяком узнагароджвалі вялікімі і малымі сярэбранымі мэдалямі „за мужнасьць і адвагу“. У 91-м палку я знаў колькі такіх. Адзін дзяншчык дастаў вялікую сярэбраную за тое, што ўмеў цудоўна смажыць крадзеных гусей. Другі меў малую сярэбраную за тое, што атрымліваў з хаты цудоўныя пасылкі, і ягоны начальнік пад час самага адчайнага голаду абжыраўся так, што ня мог хадзіць.

Выстаўленьне да нагароды першага дзяншчыка ягоны начальнік зрэдагаваў так:

„...У нагароду за тое, што ў баёх выяўляў надзвычайную мужнасьць і адвагу, ня дбаючы аб сваім жыцьці, і не адыходзіў ані на крок ад свайго камандзіра пад моцным агнём няпрыяцельскай атакі...“.

А па-праўдзе той трос куросадні ў тыле.

Вайна зьмяніла адносіны між афіцэрам і дзяншчыком, і дзяншчык абярнуўся ў самае абрыдлае стварэньне сярод салдат. Дзяншчык меў цэлую бляшанку консэрваў, тым часам як у камандзе адну бляшанку давалі на пяць чалавек. У яго фляжцы скрозь было поўна рому ці коньяку. Праз цэлы дзень гэтая брыда жвала шоколад, жорла салодкія афіцэрскія сухары, курыла цыгаркі свайго начальніка, цэлымі гадзінамі кухарыла і атрымлівала, апроч таго, дзьве гімнасьцёркі.

Камандзіраў дзяншчык меў самыя інтымныя адносіны з ардынарцам і перакідаў яму добрыя кавалкі ад свае ежы і ад усіх прывілеяў. Да трыумвірата далучаўся за-звычай і старэйшы пісар. Гэтая тройка, маючы непасрэдную блізкасьць да камандзіра, ведала ўсе стратэгічныя пляны. Аддзяленьне, начальнік якога быў за пабраціма ў дзяншчыка камандзіра роты, было лепш за іншых аб усім інформавана. Калі дзяншчык казаў: „У трыццаць пяць хвілін на трэцюю будзем уцякаць“, дык па-праўдзе, акурат у трыццаць пяць хвілін на трэцюю аўстрыйскія салдаты давалі драла ад няпрыяцеля.

Дзяншчык меў самыя інтымныя дачыненьні да палявой кухні і ахвотна круціўся ля катла, заказваючы сабе тую ці іншую страву, нібы ён быў у рэсторане і выбіраў сабе па картцы.

— Я люблю грудзінку, — казаў ён кухару, — а ўчора ты даў мне ад хваста. Ды пакладзі мне ў крупеню шматок пячонкі, бо ведаеш, што я селязёнкі ня ем.

Спалох дзяншчык узьнімаў першы. Пад час бамбардыроўкі акопаў душа ў яго хавалася ў пяткі. У гэткім разе ён хаваўся разам з сваімі афіцэравымі манаткамі ў самым бясьпечным бліндажы і ўтуляў галаву пад коўдру, каб яго не знайшла граната. У гэтыя хвіліны ён жадаў толькі аднаго, каб ранілі ягонага камандзіра, і каб ён трапіў разам з камандзірам у тыл ды як мага далей. Сваймі „сакрэтамі“ ён павялічваў паніку. „Здаецца, ужо зьбіраюць тэлефон“, — паведамляў ён конфідэнцыяльна па аддзяленьнях, і быў шчасьлівы, калі мог потым сказаць: „Ужо сабралі“. Ніхто не адступаў з гэткай, як ён, ахвотай. У такія хвіліны ён забываўся, што над галавой у яго сьвішчуць гранаты і шрапнэлі і як мага ляцеў з манаткамі да штабу, дзе стаяў абоз. Да абозу ў яго была непераможная цяга, і ён з вялікай ахвотай езьдзіў з абозам. На ліхую прыгоду абыходзіўся і санітарнымі двухколкамі. Калі-ж яму даводзілася ісьці пеша, ён рабіў ўражаньне чалавека згубленага. У такіх выпадках ён кідаў рэчы свайго афіцэра ў акопах і валок толькі сваю ўласную маемасьць.

Калі траплялася, што афіцэр ўцякаў, а дзяншчыка бралі ў палон, дык дзяншчык не забываўся забраць з сабой і афіцэравы рэчы, якія рабіліся яго ўласнасьцю і якія ён пільнаваў як сваё вока.

Я бачыў аднаго палоннага дзяншчыка, які ішоў разам з іншымі пеша аж да Дарніцы, што пад Кіевам. У яго апроч свайго пераходнага мяшка быў яшчэ мяшок ягонага афіцэра, што ўнікнуў ад палону, апроч таго пяць чамаданаў ды дзьве коўдры і падушка, ня лічучы іншых манаткаў, што ён нёс на галаве. Ён жаліўся мне, што два чамаданы ў яго адабралі казакі. Мне не забыцца на гэтага чалавека, які так мардаваўся з сваёй маемасьцю па ўсёй Украіне. Гэта быў жывы абоз. Я ніяк не магу ўцяміць, як гата ён здолеў усё зьнесьці. Ён цягнуў манаткі колькі сот кілёмэтраў на сабе, потым вёз яго аж да Ташкента, пільнаваў, ахоўваў кожную рэч... і памёр на сваіх чамаданах ад сыпнога тыфусу ў лягеры для ваеннапалонных.

Цяперашнім часам былыя дзяншчыкі парассыпаны па ўсёй нашай рэспубліцы і апавядаюць пра свае геройскія ўчынкі. Яны, бач, штурмавалі Сокаль, Дубна, Ніш, Піяву. Кожны з іх Наполеон. „Вось тут я і кажу нашаму палкоўніку: хай кажу, пазвоніць у штаб, што можна пачынаць“.

У большасьці выпадкаў дзяншчыкі былі рэакцыянэры, і каманда іх ненавідзела. Іншыя з іх былі даказчыкі і з асаблівай асалодай глядзелі, як вязалі каторую з ахвяр іхнага доказу. Яны разьвіваліся ў асаблівую пароду людзей. Эгоізм іхні ня ведаў меж.

*

Паручнік Лукаш быў тыповы страявы афіцэр аўстрыйскае лапікавае монархіі. Кадэцкі корпус вырабіў з яго хамэлеона: на людзях ёй гаварыў па-нямецку, пісаў па-нямецку, але чытаў сяды-тады і чэскія кнігі, а як выкладаў у школе вольнапісаных, што складалася цалкам з чэхаў, дык гаварыў у школе ім таямніча: „Застанемся чэхамі, але ніхто не павінен пра гэта ведаць. Я — таксама чэх...“ Ён меў чэскі народ за сваяасаблівую таемную організацыю, ад якой найлепей быць у баку.

Але наогул чалавек ён быў ніштаваты: не баяўся начальства і клапаціўся пра сваю роту. На манэўрах ён раскватараваў сваю роту з усімі выгодамі па гумнах, па пунях і часьсцяком з свае небагатае пэнсіі станавіў салдатам бочку піва.

Лукаш дужа любіў, як салдаты пелі песьні, і тыя мусілі сьпяваць, ідучы і на вучэньне і з вучэньня. А паручнік, маршуючы са сваёй ротай, падводзіў:

А як ночка надышла,
Авёс вылез з мяшка,
Жумтарыя бум!

Салдаты былі прыхільны да яго, бо ён быў надзвычайна справядлівы і цкаваць каго-небудзь у яго ня было ў звычаі. Унтэры калаціліся перад ім. З найлюцейшага фэльдфэбеля ён на працягу месяца рабіў ягня.

Накрычаць ён быў здольны, але ніколі ня лаяўся. Словы і выразы падбіраў.

— Бачыце, галубок, — казаў ён часам салдату, які правінавачваўся, — сапраўды, мне-б не хацелася нас караць, але нічым не магу вам дапамагчы, бо ад дысцыпліны залежыць бясьпечнасьць арміі. Армія без дысцыпліны — „лазіна, якую хістае вецер“. Калі ваш мундзір не ў парадку, бракуе гузікаў ці яны дрэнна ўшыты, дык гэта значыць, што вы забываецеся на свае абавязкі ў адносінах да арміі. Можа вам здаецца незразумелым, чаму вас содзяць у арыштоўню за тое, што ўчора за аглядам у вас бракавала гузіка на гімнасьцёрцы, за гэткую дробязь, за гэткае глупства, на якое па-за службаю ніхто-б і ўвагі не зьвярнуў? На вайсковай-жа службе за гэткую неахайнасьць у вопратцы караюць. А чаму? Не аб тым клопат, што ў вас бракуе гузіка, а аб тым, каб прыучыць вас да парадку. Сёньня вы ня ўшыеце гузіка і гэты самым ужо пачынаеце лайдачыць. Заўтра вам ужо будзе цяжка разабраць і пачыніць вінтоўку, пазаўтраму вы забудзецеся ў якой-небудзь піўніцы свой штых і, нарэшце, засьніцё на варце — усё праз тое, што пачалі ад таго няшчаснага гузіка весьці жыцьцё лайдака. Вось як, галубок! Я вас караю за тое, каб зьберагчы вас ад горшага пакараньня за тыя будучыя правіны, якія-б вы маглі зрабіць, забываючыся паволі, але пэўна на свае абавязкі. Я вас саджу на пяць дзён і шчыра зычу, каб вы на хлебе і на вадзе паразважалі аб тым, што пакараньне, гэта — ня помста, а толькі спосаб выхаваньня, які мае за мэту — выправіць салдата.

Лукашу ўжо даўно трэба было быць за капітана, але не памагла яму і ягоная асьцярожнасьць у нацыянальным пытаньні, бо яму ўласьціва была занадта вялікая сьмеласьць і праўдзівасьць у адносінах да начальства і поўная адсутнасьць падлыжнасьці. Ён захаваў у сабе тыповыя рысы селяніна паўднёвае Чэхіі, адкуль ён паходзіў.

Але тым часам, як да салдат Лукаш быў справядлівы і ніколі іх не цкаваў, да дзяншчыкоў ён быў зусім інакшы: ён ненавідзеў сваіх дзяншчыкоў — мабыць таму, што дзяншчыкі яму трапляліся заўсёды самыя нягодныя і подлыя. Ён біў іх па мордзе, даваў ім каўхнёў, спрабуючы выхоўваць іх і словам і справаю. Ён марна змагаўся з імі праз цэлую чараду гадоў, заўсёды мяняў іх і заўсёды пераконваўся: „Зноў мне трапіла подлая быдляціна!“ Сваіх дзяншчыкоў ён меў за стварэньні ніжэйшага гатунку.

Жывёлу Лукаш любіў надзвычайна. У яго была канарка, ангорскі кот і пінчэр. Усе дзяншчыкі, як адзін, абыходзіліся з гэтымі стварэньнямі ня лепей, чымся паручнік з імі самымі, калі яны ўчынялі яму якое-небудзь паскудзтва: яны галадзілі канарку, адзін дзяншчык выбіў ангорскаму кату вока, пінчэра лупсавалі, абы толькі трапіў пад руку і зрэшты, адзін швэйкавы папярэднік завёў небараку да Лупекі на Панкрац і даў „спарадчыць“ яго, не пашкадаваўшы на гэтую справу дзесяць крон з свае кішэні. Паручніку ён пасьля паведаміў, што сабака зьбег ад яго на шпацыры. Назаўтрага гэты дзяншчык ужо маршаваў з ротаю на пляцы.

Як прышоў Швэйк да Лукаша і далажыў, што ад гэтага дня бярэцца за свае новыя абавязкі, паручнік увёў яго ў свой пакой і сказаў яму:

— Вас рэкомэндаваў мне пан фэльдкурат Кац. Спадзяюся, што вы не зганьбіце ягонае рэкомэндацыі. У мяне быў ужо тузін дзяншчыкоў і ніводзін з іх не наседзеў тут цёплага месца. Загадзя кажу вам, што я строгі і бязьлітасна караю за кожную подласьць і ману. Я вымагаю, каб вы скрозь гаварылі адну праўду і бесьпярэчна выконвалі ўсе мае загады. Калі я скажу: „Скачце ў вагонь“, дык вы павінны скакаць у вагонь, нават каб вам гэтага і не хацелася. Куды вы глядзіцё?

Швэйк з цікавасьцю глядзеў у бок, дзе вісела клетка з канаркаю. Пачуўшы паручнікава запытаньне, ён утаропіў у яго свае добрыя вочы і адказаў мілым дабрадушным тонам.

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, гэтая канарка гарцкая.

Перапыніўшы гэткім парадкам паручнікаву мову, Швэйк гвыструніўся і, ня міргнуўшы, утаропіўся паручніку ў твар.

Паручнік хацеў быў сказаць што-небудзь мацнейшае, але угледзеўшы бязьвінны выраз Швэйкавага твару, адно сказаў:

— Пан фэльдкурат атэставаў вас, як рэдкага ёлупа. Здаецца, што ён не памыліўся.

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, пан фэльдкурат сапраўды не памыліўся. Як служыў я ў строі, дык мяне зволілі за ідыётызм. З гэтае прычыны нас адпусьцілі з палка двух: мяне і яшчэ аднаго капітана фон-Кауніц. Той, ня пры вас кажучы, пане паручнік, ідучы вуліцаю, адначасна калупаў правай рукой у правай наздры, а левай — у левай. На вучэньні ён кожнага разу шыхаваў нас, як на парадзе, і гаварыў: „Салдаты, мейце на ўвазе... э-э... што сёньня... э-э... серада, бо... э-э... заўтра будзе чацьвер“.

Паручнік Лукаш паціснуў плячмі, не знаходзячы слоў, і засігаў ад дзьвярэй да вакна паўз Швэйка. Швэйк рабіў „раўнаньні направа“ і „раўнаньні налева“, у залежнасаці ад таго, дзе быў паручнік, з такім бязьвінным выглядам, што паручніку стала ніякава. Ён утупіў вочы і, гледзячы на дыван, сказаў без аніякае сувязі са Швэйкавымі заўвагамі пра дурнога капітана:

— Та-ак!.. У мяне, каб усё было ў парадку і чыстаце, і не маніць! Ненавіджу ману і буду за яе караць бяз літасьці. Я люблю сумленнасьць. Разумееце?

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, вельмі разумею. Няма нічога горай за таго, калі чалавек хлусіць. Калі ўжо пачаў плесьці, дык ведай, што чалавек прапашчы... Быў у нас на вёсцы настаўнік, прозьвішчам Марэк. Гэты настаўнік зьнюхаўся з дачкой лясьніка Шпэры. Лясьнік наказаў яму, што калі ён будзе сустракацца ў лесе з ягонаю дачкой, дык ён, лясьнік, абы толькі натрапіў на яго, усыпе яму са стрэльбы ў азадак набой нарэзанае шчаціны з сольлю. А настаўнік пераказаў лясьніку, што гэта — няпраўда, што з ягонаю дачкой ён не сустракаецца. Але вось аднаго разу, як чакаў ён сваю паненку ў лесе, лясьнік спасьцігнуў яго і хацеў быў ужо прарабіць над ім гэтую самую опэрацыю, ды настаўнік адбрахаўся, што, бачыце, ён адно кветкі зьбірае. Калі ўдругое злавілі яго, ён сказаў лясьніку, што ловіць жучкоў на колекцыю і гэтак забрэхваўся што далей, то болей. Канцы з канцамі, калі лясьнік злавіў яго зноў у лесе, настаўнік да таго захлусіўся, што зачаў клясьціся: я, бач, хацеў адно сілкі на зайца расставіць. Тут лясьнік згроб галубка і даставіў жандармам, а адтуль справа пайшла ў суд, і настаўнік ледзьве ня трапіў у турму за браконьерства. А хай-бы сказаў раней чыстую праўду, дык усяго па ўсім дастаў-бы порцыю шчаціны з сольлю ў азадак. Я трымаю той погляд, што найлепей шчыра павініцца і калі ўжо нарабіў чаго, дык прысьці ды сказаць: так і так, дазвольце далажыць, нарабіў таго і таго. А што да сумленнасьці, дык гэта, вядома, рэч цудоўная, а ёй чалавек далёка пойдзе. Ну, усё-роўна, як у спаборніцтве на хадзьбу: ці толькі пачнеш улягацца ды бегчы, ураз сыходзіш з кола. Гэта з маім стрэчным братам прытрапілася. Сумленнага чалавека ўсюды шануюць, паважаюць, ён сам сабой здаволены і адчувае сябе ўсёроўна, як новароджаны, калі, кладучыся спаць, можа сказаць: „Сёньня я зноў быў сумленны“.

Паручнік даўно ўжо сядзеў на крэсьле і, гледзячы на Швэйкавы боты, думаў:

„Божухна-бацюхна! Гэта-ж я і сам часьцяком нясу гэткую лухту. Адно розьніца ў форме, у якой гэта я падаю“.

Адылі, каб ня зьніжаць свайго аўторытэту, ён сказаў:

— У мяне вы павінны хадзіць у гляжаваных ботах, трымаць мундзір у парадку і каб усе гузікі былі ўшыты. Вы павінны рабіць уражаньне салдата, а ня цывільнага разьзявы. Гэта проста дзіва, да чаго ніхто з вяс ня здольны трымаць сябе па-вайсковаму. З усіх маіх дзяншчыкоў толькі ў аднаго быў баявы выгляд, дык і той, канцы з канцамі, украў у мяне парадны мундзір ды прадаў яго ў яўрэйскім квартале.

Потым паручнік пералічыў Швэйку ўсе яго абавязкі, асабліва націскаючы на тое, што Швэйк павінен быць годны давер‘я і нідзе не лапатаць аб тым, што дзеецца ў хаце.

— У мяне бываюць дамы, — падкрэсьліў ён. — Часамі іншыя каторыя астаюцца начаваць, калі мне нятрэба назаўтрага ісьці на службу. У гэткіх выпадках вы будзеце прыносіць нам каву ў ложак, але не раней, чымся я пазваню. Зразумелі?

— Дазвольце далажыць, зразумеў, пане паручнік! Каб я ўлез, не папытаўшыся, у пакой, дык магчыма, што іншай даме гэта-б здалося няёмкім. Я сам аднойчы прывёў да сябе дамоў паненку, а мая чалядніца прынесла нам каву ў ложак акурат тады, як мы з ёй вельмі міла забаўляліся. Чалядніца з перапуду ашпарыла мне каваю ўсю сьпіну, ды яшчэ і сказала: „З добрым раньнем!“ Я ўжо ведаю, як і што мае быць у тых выпадках, калі начуюць дамы.

— Вельмі добра. З дамамі мы мусім быць заўсёды тактоўныя, — сказаў паручнік, упадаючы ў добры настрой, бо гутарка чапіла таго прадмету, што запаўняў увесь яго вольны паміж кашараў, пляцу і картаў час.

Душой паручнікавае кватэры былі жанчыны. Яны зьвілі яму гнязьдзечка. Іх было колькі тузінаў, і шмат якія з іх стараліся за час свайго быцьця аздобіць яго кватэру ўсялякімі цацкамі. Адна ягоная каханка, жонка гаспадара кавярні, пражыла ў паручніка аж два тыдні, пакуль па яе ня прыехаў мужык, і вышыла паручніку за гэты час прыгожанькі абрус, парабіла азнакі на ўсёй ягонай бялізьне і скончыла-б, можа, і вышываньне дывана на сьцяну, каб яе муж ня спыніў быў гэту ідылію. Другая, па якую праз тры тыдні прыслалі бацькі, хацела зрабіць з паручнікавае спальні дамскі будуар і расставіла скрозь усялякія цацкі ды вазачкі, а над ложкам павесіла анёла-абаронцу.

Жаночая рука, якая адчувалася ўва ўсіх куточках спальні і сталовай, пранікла і на кухню, дзе можна было бачыць безьліч розных кухонных прылад, раскошны падарунак аднае закаханае жонкі фабрыканта, якая апроч свайго палу, унесла ў дом машынку, што сякуць капусту, прыладу кроіць хлеб, машынку церці пячонку, каструлі, бляхі, патэльні, чыгуны і нямаведама што яшчэ. Адылі праз тыдзень яна пашла ад паручніка, бо ня здолела пагадзіцца з думкаю, што апроч яе ў Лукаша ёсьць яшчэ блізка што дваццаць іншых каханак, што наклала пэўныя сьляды на працавітасьць гэтага чыстакроўнага бугая ў мундзіры.

Паручнік Лукаш вёў шырокую корэспондэнцыю, завёў альбом фотографій сваіх палюбоўніц і колекцыю розных рэліквій, бо апошнім часам стаў выяўляць нахіл да фэтышызму. У яго было колькі розных дамскіх падвязак, чацьвёра прыгожых вышываных нагавічак, тры празрыстыя найтанчэйшыя дамскія кашулькі, батыставыя сукенкі, колькі панчох і, нарэшце, гарсэт.

— Сёньня я на службе, — сказаў паручнік Швэйку, — і прыду дахаты позна. Упарадкуйце ўсю кватэру. Апошні мой дзяншчык за сваю няздатнасьць выправіўся сёньня з маршавай ротай на позыцыі.

Аддаўшы загады, што да канаркі і ангорскага ката, ён пашоў, не прамінуўшы яшчэ раз у дзьвярох кінуць колькі слоў пра сумленнасьць і парадак.

Як ён пашоў, Швэйк зрабіў ува ўсёй кватэры найлепшы парадак, і калі паручнік Лукаш прышоў уначы дахаты, Швэйк з поўным правам мог адрапартаваць.

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, усё як мае быць адно вось кот нарабіў шкоды — зжор вашу канарку.

— Як?! — загрымеў паручнік.

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, гэткім манерам. Я ведаў даўно, што каты канарак ня любяць і задзіраюць іх. Ды я надумаў бліжэй іх пазнаёміць і, калі часам гэтая бэстыя састроіць якую штуку, даць яму такога чосу, каб да самае сьмерці помніў, як трэба паводзіць сябе ў адчосінах да канаркі. Надта ўжо я люблю жывёлу. У нас у доме капялюшовы майстра адукаваў гэтак свайго ката. Спачатку ён зжор у яго трох канарак, а цяпер ніводнае ўжо ня жарэ, і канарка можа на яго хоць і садзіцца. Я хацеў таксама паспрабаваць, выцягнуў канарку з клеткі і даў яе кату панюхаць, а кот, сукін сын, ня ўправіўся я ахамянуцца, адкусіў канарцы галаву. Я ніяк не чакаў ад яго гэткага хамства! Каб гэта быў, пане паручнік, скажам так, верабей, дык я б яшчэ нічога не сказаў, а то-ж гэта была такая выдатная канарка, гарцкая... Ды з якой яшчэ прагавітасьцю зжор, разам з пер‘ем, і нават муркаў ад здаволеньня. Яны, каты, наогул ніякае, кажуць, зычнае адукацыі ня маюць і ня зносяць, калі пяе канарка, бо нічагутка ў гэтым, бэстыі, не разумеюць. Я ката як мае быць палаяў, але, барані божа, пальцам яго не крануў, а чакаў вас, як вы гэтую справу разважыце, што рабіць з гэтай паршывай пачварай.

Гаворачы гэта, Шээйк так простадушна глядзеў паручніку ў твар, што той, падступіўшы ўжо да яго з пэўным жорсткім замерам, адышоўся, сеў на крэсла і запытаў:

— Слухайце, Швэйк, што вы сапраўды такі ёлуп?

— Так точна, пане паручнік, — урачыста адказаў Швэйк. — З малых дзён мне не шанцуе. Я заўсёды хочу наладзіць справу, каб усё вышла на добрае, і ніколі нічога з гэтага ня выходзіць, апроч няпрыемнасьці і мне і іншым. Я адно хацеў іх абоіх пазнаёміць, каб прывыклі адно да аднаго. Чым я вінаваты, што ён зжор канарку? Колькі год таму назад у Штупгартаў быў кот, дык ён нават папугу зжор за тое, што той дражніў яго і мяўкаў па-кацінаму. І жывучыя ж гэтыя каты! Калі захочаце, пане паручнік, каб я яго спарадчыў, дык давядзецца яму дзьвярмі пераламаць сярэдзіну, іначай нічога ня выйдзе.

І Швэйк з самым бязьвінным выглядам і мілай дабрадушнай усьмешкай стаў выкладаць паручніку тэорыю, як трэба караць сьмерцю катоў, што, пэўна, давяло-б усё таварыства абароны жывёлы да вар‘яцкага дому. Швэйк выявіў тут такія спэцыяльныя веды, што паручнік Лукаш, занядбаўшы свой гнеў, запытаў яго:

— Вы ўмееце абыходзіцца з жывёлаю? Любіце яе?

— Найбольш я люблю сабак, — сказаў Швэйк, — бо гэта надта выгодная справа таму, хто ўмее імі гандляваць. Але ў мяне гандаль не павёўся, бо я заўсёды быў залішне сумленны. Дый то зьяўляліся да мяне з прэтэнзіямі, што, бачыце, я ім прадаў здыхляціну замест чыстакроўнага здаровага сабакі. Нібыццам усе сабакі павінны быць чыстакроўныя і здаровыя! Кожнаму дай пасьведчаньне аб паходжаньні! Дык прыходзілася пасьведчаньні друкаваць, і з якога-небудзь дварняга, што радзіўся на цагельні, рабіць самы чыстакроўны экзэмпляр з баварскай псярні Армін фон-Боргейма. І сапраўды, купцы былі дужа здаволены, гэтак сходна набываючы чыстакроўнага сабаку. І можна было ўперці хоць вршовіцкага шпіца замест таксы, яны-б адно дзівіліся, чаму ў гэткага рэдкага сабакі з самае Нямэччыны поўсьць кашлатая, а ногі ня крывыя. Так робіцца ўва ўсіх псярнях. Вы-б, пане паручнік, адно рот разьзявілі на ўсе жульніцтвы, што там прарабляюцца з сабачымі пасьведчаньнямі. Сабак, якія-б маглі пра сябе сказаць: „Я — чыстакроўны“, шчыра сказаўшы, мала. Хоць мамулька яго саграшыла з якім-небудзь байструком, а хоць бабулька, а хоць, нарэшце, татулек у яго было некалькі і ад кожнага ён што-небудзь узяў у спадчыну: ад аднаго татулі ў яго вушы, ад другога — хвост, ад трэцяга поўсьць, ад чацьвертага — морда, у пятага ён — клышаногі, у шостага ў рост пашоў. Калі-ж у яго гэткіх татулек дванаццаць, дык маеце ўявіць сабе, пане паручнік, які ў гэтага сабакі выгляд. Купіў я аднойчы гэткага сабаку, звалі яго Балабан, дык ён ад сваіх татулек вышаў такі брыдкі, што ўсе сабакі ад яго ўцякалі. Купіў я яго з жалю — дужа ўжо ён быў адзінотны. Сядзеў ён у мяне дома праз увесь час у кутку, такі быў сумны, што давялося прадаць яго за пінчэра. Найбольш работы было — перафарбаваць яго, каб набыў масьць перца з сольлю. Трапіў ён потым з сваім гаспадаром у Муравію і з таго часу я яго ня бачыў.

Паручніка пачало цікавіць гэткае кюнолёгічнае апавяданьне, і Швэйк мог без перашкоды гаварыць далей:

— Сабакі ня могуць фарбавацца самі, як гэта робяць дамы, аб гэтым выпадае паклапаціцца таму, хто хоча іх прадаць. Калі, прыкладам, сабака стары і сівы, а вы яго хочаце прадаць за шчанюка-аднагодка або паказваеце гэткага дзядульку за дзевяцімесячнага, дык купіце ляпісу, распусьціце яго і афарбуйце сабаку ў чорны колер — будзе выглядаць, як новы. Каб наддаць яму сілы, карміце яго мышшаком у конскіх порцыях, а зубы пачысьціце яму наждачнай паперай, якою чысьцяць іржавыя нажы. А перад тым, як весьці яго прадаваць, уліце яму ў горла гарэлкі, каб сабака быў троху пад чаркай, і ўраз ён стане ў вас бадзёры, жвавы, будзе весела брахаць і лезьці да кожнага, як п‘яны сябра гарадзкой управы. Але галоўнае тут вось у чым: з публікай, пане паручнік, трэба гаварыць, ды гаварыць так доўга, пакуль купец не ачмурэе. Калі хто хоча купіць у вас балонку, а ў вас у хаце нічога апроч паляўнічага сабакі няма, дык вы павінны прымудрыцца так загаварыць купца, каб ён павёў з сабой замест балонкі паляўнічага сабаку. Калі ж выпадкам у вас на руках адна балонка, а прыдуць купляць злога нямецкага дога вартаваць дом, дык вы павінны гаварыць датуль, пакуль купец не ашалее і не панясе з сабой у кішэні вашую балонку замест дога... Як я калісьці гандляваў сабакамі, прышла неяк раз да мяне адна дама. У яе выляцеў у сад папуга, а там гулялі тым часам хлапчукі ў індзейцаў. Хлапчукі злавілі папугу, павыдзіралі ў яго ўсё пер‘е з хваста і ўвабраліся ў яго, нібы паліцыянты. Папуга з сораму, што астаўся бязхвосты, занядужаў, а вэтэрынар даканаў яго парашкамі. Дык вось гэтая дама і кажа, што, значыцца, яна хоча купіць новага папугу, але адукаванага, а ня нейкага там грубіяна, што адно і здатны на тое, каб лаяцца. Што я меў рабіць, калі аніякага папугі ў мяне ў хаце ня было, дый на воку ня было ніводнага? А быў у мяне толькі люты бульдог, зусім сьляпы. Дык я мусіў, пане паручнік, гаварыць з гэтай дамай ад чацьвертай гадзіны дня да сёмае ўвечары, пакуль яна ня купіла замест папугі сьляпога бульдога. Гэта было мудрэй, чымся ўлагодзіць хоць якое дыплёматычнае непаразуменьне. Як яна выходзіла, я сказаў ёй: „Хай-тку цяпер хлапчукі паспрабуюць выдраць яму хвост“, — і больш мне з гэтай дамай не давялося ўжо сустрэцца: яна мусіла выехаць з Прагі, бо бульдог перакусаў увесь дом. Дайце веры, пане паручнік, што здабыць добрага сабаку вельмі і вельмі цяжка.

— Я дужа люблю сабак, — сказаў паручнік. — Некаторыя мае таварышы ўзялі на фронт сваіх сабак, дык яны пісалі мне, што ў таварыстве такога вернага і адданага друга франтавая служба праходзіць неўзаметку. Вы, я бачу, знаеце добра ўсе пароды сабак і, каб у мяне быў сабака, вы-б патрапілі яго даглядаць. Якая парода на ваш погляд найлепшая? Быў у мяне калісьці пінчэр, але я ня ведаю…

— Як на мяне, пане паручнік, дык пінчэр вельмі ўдалы сабака. Праўда, што ня кожнаму яны да ўпадобы, бо на мордзе ў іх каляная шэрсьць, як у выпушчанага катаржніка. Пачвары яны — не адгледзішся, — але разумныя. Куды да іх балванам сэн-бэрнарам! Пінчэры разумней за фокстэр‘ераў. Знаў я аднаго…

Паручнік Лукаш зірнуў на гадзіньнік і перапыніў Швэйка.

— Ужо позна, мне трэба выспацца. Заўтра ў мяне зноў дзяжурства, а вы можаце аддаць увесьдзень на тое, каб падшукаць якога-небудзь пінчэра.

Ён пашоў спаць, а Швэйк лёг на кухні на канапку і пачытаў яшчэ газэту, што прынёс з кашар.

— Бачыце вы, — зазначыў Швэйк сам сабе, з цікавасьцю азіраючы дзенныя падзеі. — Султан узнагарадзіў імпэратара Вільгельма вайсковым ордэнам, а ў мяне да гэтага часу нават малой сярэбранай мэдалі няма.

Ён задумаўся і раптам ускочыў:

— Бадай не забыўся!

І пашоў у пакой да паручніка. Паручнік моцна спаў. Швэйк узбудзіў яго.

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, ня маю загаду наконт ката.

Заспаны паручнік адно перавярнуўся на другі бок, нездаволена прамартымаў:

— На тры дні ў арыштоўню!

І заснуў зноў.

Швэйк паціху вышаў з пакою, выцягнуў няшчаснага ката з-пад канапы і сказаў яму:

— Чуеш? На тры дні ў арыштоўню! Кругом марш!

І ангорскі кот падлез назад пад канапу.

*

Швэйк толькі прыладзіўся быў пайсьці нагледзець якога-небудзь пінчэра, аж з параднага пазваніла маладая дама і заявіла, што мае гутарыць з паручнікам. У дамы былі два вялікія чамаданы, і Швэйк управіўся заўважыць насільшчыка, які ішоў уніз па сходах.

— Няма дома, — сказаў цьвёрда Швэйк, але маладая дама была ўжо ў пярэднім пакоі і катэгорычна заявіла Швэйку:

— Занясіце чамаданы ў пакой.

— Без дазволу пана паручніка гэтага ня можна, — сказаў Швэйк. — Пан паручнік загадаў, каб без яго не рабіць нічога-ніякага.

— Вы звар‘яцелі! — крыкнула дама. — Я прыехала да пана паручніка ў госьці.

— Пра гэта я нічога ня ведаю, — адказаў Швэйк. — Пан паручнік на службе і вернецца толькі ўначы, а я маю загад знайсьці пінчэра. Ні аб якіх чамаданах і ні аб якіх дамах нічога ня ведаю. Я замкну кватэру, і вельмі прасіў-бы вас выйсьці. Мне не пакінулі ніякага загаду, і я не магу чужую, невядомую мне асобу пакідаць адну ў кватэры. У нас на вуліцы ў цукерніка Бяльчынскага вось так пакінулі чужога чалавека ў доме, дык ён вытрас гардэроб і зьнік. Я гэтым нічога дрэннага пра вас ня хочу сказаць, — зрабіў увагу Швайк, убачыўшы, што дама крывіць у роспачы твар і плача. — Але заставацца тут вам ніяк ня можна, Усё-ткі вы самі павінны згадзіцца, што мне даручылі кватэру, дык я адказваю за кожную дробязь. Таму яшчэ раз шчыра прашу дарма сябе не мардаваць. Пакуль я не атрымаў загаду ад пана паручніка, для мяне роднага брата ня існуе. Мне, далібог, вельмі шкода, што выпадае з вамі ў гэткім тоне размаўляць, але на вайсковай службе перш-на-перш мусіць быць парадак.

Маладая дама тымчасам троху ахамянулася, выняла з рэдыкуля візытную картку, напісала колькі радкоў алаўком, паклала гэта ў цудоўны маленькі канвэрцік і з пакорнай лагоднасьцю сказала:

— Занясіце гэта пану паручніку, а я пачакаю тут адказу. Вось маеце пяць крон на дарогу.

— З гэтага яшчэ нічога не вынікае, — адказаў Швэйк, якому дадзела назойлівасьць неспадзяванае госьці. — Пакіньце гэтыя пяць крон сабе — вось тут яны на крэсьле, а, калі хочаце, пойдзем разам да кашар, пачакайце там мяне, а я вашу картку перадам і прынясу адказ. Заставацца-ж тут ніяк ня можна.

З гэтымі словамі ён увалок чамаданы ў пярэдні пакой і, бразгаючы ключмі, нібы той ключнік у палацы, сказаў многазначна:

— Замыкаем…

Маладая дама з недалужным выглядам вышла на сходы. Швэйк замкнуў дзьверы і пашоў наперад. Візытантка бегла за ім, як сабачка, і даганяла яго толькі як Швэйк зайшоў у крамку купіць цыгарак. Яны пашлі поплеч і дамачка памкнулася завесьці гутарку:

— А вы яму ліст перадасьцё напэўна?

— Перадам, раз сказаў.

— А знойдзеце пана паручніка?

— Ня ведаю.

Яны ішлі моўчкі поплеч, пакуль праз ладны кавалак часу Швэйкава спадарожніца не загаманіла зноў.

— Ды вы думаеце, што пана паручніка ня знойдзеце?

— Гэтага я ня думаю.

— А дзе, думаеце, ён можа быць?

— Гэтага я ня ведаю.

На гэтым гутарка была на доўгі час перарвана, пакуль зноў не аднавілася запытаньнем дамачкі:

— Вы ня згубілі ліста?

— Пакуль што не.

— Дык вы напэўна перадасьцё яго пану паручніку?

— Так.

— А знойдзеце вы яго?

— Я ўжо сказаў, што ня ведаю, — адказаў Швэйк. — Гэта проста дзіва, якія могуць быць цікавыя людзі, што скрозь пытаюцца пра адно тое самае. Гэта ўсёроўна, што я-б спыняў на вуліцы кожнага сустрэчнага і пытаўся-б, якое сёньня чысло.

На гэтым скончыліся ўсе спробы дамовіцца са Швэйкам і далейшая дарога прайшла ў поўным маўчаньні. Ля кашар Швэйк прапанаваў дамачцы пачакаць, а сам уплёўся ў гутарку пра вайну з салдатамі, што стаялі ля варот. Гутарка гэта мела даваць даме надзвычайную асалоду, мяркуючы па тым, што яна нэрвова хадзіла па тротуару і хваравіта крывіла твар, бачачы, як Швэйк выкладае стан справы на фронце з такім дурным выразам твару, які можна было бачыць хіба яшчэ толькі на аднэй фотографіі, апублікаванай у той час у „Хроніцы сусьветнай вайны“: „Насьледнік аўстрыйскага трону гутарыць з двума лётнікамі, што падстрэлілі рускі аэроплян“. Швэйк сеў на лавачку пад варотамі і апавядаў, што на Карпацкім фронце наступ нашага войска праваліўся, але затое комэндант Перамышля генэрал Кусманэк прыбыў у Кіеў. Апроч таго ў нас засталося адзінаццаць апорных пунктаў у Сэрбіі і сэрбы доўга ня ўтрываюць гнацца за нашымі. Потым ён ўбіўся ў крытыку асобных баёў і вынайшоў Амэрыку, што разьдзел, абкружаны з усіх бакоў, мусіць здацца.

Удостач нагаманіўшыся, ён улічыў за патрэбнае падыйсьці і сказаць ахопленай роспаччу дамачцы, што прыдзе зараз-жа назад, каб яна нікуды не адыходзілася, а сам пашоў нагару ў канцылярыю, дзе знайшоў паручніка Лукаша, які тлумачыў нейкаму прапаршчыку схэмы акопаў і вымаўляў яму, што ён ня ўмее чарціць і ані-ні не разумее ў геомэтрыі.

— Бачыце, вось як гэта трэба чарціць. Калі нам трэба да аднае простае правесьці просталінейную, дык мы павінны начарціць такую простую, якая ўтварыла просты кут з першай. Разумееце? Толькі ў гэтым разе вы пракладзіцё акопы правільна, — не заедзеце з імі да няпрыяцеля, а застаніцёся ў адлегласьці на шэсьцьсот мэтраў ад яго. А вы што начарцілі? Нашымі позыцыямі вы заехалі за лінію ворага і праклалі акопы простастаўна да няпрыяцеля. Патрэбен-жа кут тупы. Гэта-ж так проста, ці праўда?

Прапаршчык запасу, які за мірным часам быў касірам у банку, стаяў над плянамі ў поўнай роспачы і нічога не разумеў. Ён з палёгкай уздыхнуў, як Швэйк падышоў да паручніка і адрапартаваў:

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, нейкая дама просіць перадаць вам гэты ліст і чакае адказу.

Тут ён многазначна і фамільярна падміргнуў.

Тое, што прачытаў паручнік, не зрабіла на яго прыемнага ўражаньня.

Ліст быў напісаны па-нямецку:

„Дарагі Гэнрых! Муж гоніцца сьледам за мной. Мне канечна патрэбна пагасьцяваць у цябе дні са два. Твой слуга — грубая жывёліна. Я няшчасная.

Твая Кэці“.

Паручнік Лукаш уздыхнуў, вывеў Швэйка ў сумежную пустую канцылярыю, зачыніў дзьверы і пачаў хадзіць між сталоў. Нарэшце ён суняўся ля Швэйка.

— Гэтая дама піша, што вы скаціна. Што вы зрабілі ёй?

— Дазвольце далажыць, я ёй нічога не зрабіў, пане обэр-лейтэнант[2]. Я трымаў сябе як належыць, але-ж яна дык хацела зараз-жа ў кватэры асталявацца. А раз я не атрымаў ад вас ніякага загаду, дык я яе ў кватэры не пакінуў. Ды яшчэ да ўсяго прыехала з двума чамаданамі, быццам дахаты.

Паручнік яшчэ раз гучна ўздыхнуў, што сьледам за ім прарабіў і Швэйк.

— Што? — з пагрозай крыкнуў паручнік.

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, — гэта цяжкая прыгода. Гады з два таму на Войтэскай вуліцы ўехала да аднаго шпалерніка паненка, а ён ніяк ня мог яе выжыць. Мусіў атруціць і сябе і яе сьвяцільным газам, на тым быў і жарту канец. Чыстая бяда з бабамі! Я іх усіх бачу навылёт!

— Цяжкая прыгода, — пераказаў паручнік сьледам за Швэйкам, і ніколі яшчэ не гаварыў ён гэткае шчырае праўды.

„Дарагі Гэнрых“ сапраўды быў у брыдкім становішчы. Жонка, за якою незіркам гоніцца муж, прыяжджае да яго гасьцяваць на некалькі дзён у такі момант, калі во-во мае прыехаць з Тршэбоні пані Міцкова, якая прарабляе гэта рэгулярна раз у тры месяцы, калі прыяжджае ў Прагу з справункамі. Апроч таго пазаўтраму мае прысьці адна паненка, якая па цэлым тыдні разваг адважылася нарэшце паддацца чарам паручніка, бо ёй усёроўна праз месяц ісьці замуж за інжынэра.

Паручнік сеў на стол, пахіліў галаву і стаў думаць, але ня прыдумаў нічога лепшага, як сесьці за стол ды напісаць на службовым блянку наступнае:

„Дарагая Кэці!

Да 9 гадзіны я дзяжуру. Прыду а 10. Прашу адчуваць сябе ў мяне як дома. Што да Швэйка, дык я ўжо даў яму загад, каб усё, што ты захочаш, была выканана. Твой Гэнрых“.

— Аддайце гэты ліст пані, — сказаў паручнік. — Загадваю вам абыходзіцца з ёй ветла і выконваць усе яе жаданьні, якія павінны быць вам законам. Будзьце ў адносінах да яе далікатны. Служыце ёй з поўнаю шчырасьцю. Вось маеце сто крон, аб якіх здасьцё мне потым справы. Магчыма, што яна пашле вас па што-якое: заказаць там абед, вячэру і гэтак далей. Апроч таго купіце тры бутэлькі віна і цыгаркі „Мемфіс“. Так. Болей пакуль што нічога. Можаце ісьці. Яшча раз напамінаю, што вы павінны выконваць кожнае жаданьне пані, якое толькі прачытаецца на яе твары.

Маладая дамачка ўжо страціла ўсякую надзею ўбачыць Швэйка і зьдзівілася, як угледзела, што ён выходзіць з кашар і ідзе да яе з лістом.

Швэйк казырнуў, падаў ёй ліст і далажыў:

— Паводле загаду пана паручніка, я мушу паводзіць сябе ў адносінах да вас, пані, ветла і тактоўна, служыць вам з поўнай шчырасьцю і выконваць усе вашыя жаданьні, якія толькі прачытаю на вашым твары. Загадалі вас накарміць і купіць вам усё, чаго толькі вы захочаце. На гэта я атрымаў ад паручніка сто крон, але з гэтых грошай я мушу яшчэ купіць тры бутэлькі віна і каробку цыгарак „Мемфіз“.

Як прачытала дамачка ліст, да яе вярнулася яе самаўладаньне, якое выявілася ў тым, што яна загадала Швэйку згадзіць рамізьніка і, калі гэта ён выканаў, загадала яму сесьці да фурмана на перадок. Яны паехалі дамоў. Увайшоўшы ў дом, дамачка адыграла ролю гаспадыні, як па нотах. Швэйк мусіў перанесьці чамаданы ў спальню і выбіць на дварэ дываны. Малюсенькая павучынінка за люстэркам увяла дамачку ў моцнае абурэньне.

Усё гэта паказвала на тое, што яна мае замер на ладны час акапацца на гэтых баявых позыцыях.

Швэйк пацеў. Калі ён выбіў дываны, дамачцы ўзышло на думку, што трэба зьняць і пачысьціць фіранкі. Потым Швэйк атрымаў загад памыць вокны ў пакоі і ў кухні. Пасьля гэтага дамачка зачала перастаўляць мэблю, што яна рабіла дужа нэрвова, і калі Швэйк перавалакваў усё з кута ў кут, ёй гэта не падабалася, і яна зноў комбінавала ды прымудравала новыя перастаноўкі. Яна абярнула дагары нагамі ўвесь дом, але памалу яе энергія ва ўпарадкаваньні гнязьдзечка пачала згасаць і руйнаваньне паволі сунялося.

Новая кватэрантка выняла з камоды чыстую пасьцельную бялізну і перадзела навалкі на падушках і пярынах. Было відаць, што яна рабіла гэта з замілаваньнем да ложка. Гэты прадмет прымушаў сласнотна трапятаць яе ноздры.

Яна паслала Швэйка па абед і віно, а сама тым часам перадзелася ў празрыстую капотку, што надало ёй вельмі прывабны выгляд. За абедам яна выпіла бутэльку віна, скурыла безьліч цыгарак і лягла ў ложак. Швэйк тым часам на кухні ласаваў салдацкі хлеб, макаючы яго ў шклянку гарэлкі з цукрам.

— Швэйк, — пачулася раптам з спальні. — Швэйк!

Швэйк адчыніў дзьверы і ўбачыў дамачку ў спакусьлівым выглядзе на падушках.

— Падыйдзіце бліжэй.

Швэйк падышоў да ложка. Дамачка, неяк па-асабліваму ўсьміхаючыся, памерыла поглядам яго камляватую постаць і мясёныя ляжкі. Потым
.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Такім чынам, калі паручнік вярнуўся з кашар, удалы ваяка Швэйк мог з поўным правам яму адрапартаваць:

— Дазвольце далажыць, пане обэр-лейтэнант, — усе жаданьні пані я выканаў і працаваў з поўнай шчырасьцю, паводле вашага загаду.

— Дзякую, Швэйк, — сказаў паручнік. — Мабыць многа было капрызаў?

— Шэсьць, — адрапартаваў Швэйк. — Цяпер яна сьпіць, як забітая, ад гэтае язды. Я выканаў усе яе жаданьні, якія толькі здолеў прачытаць у яе на твары.

Тым часам, як аўстрыйскае войска, прыціснутае ворагам у лясох на Дунайцы і на рацэ Раабе, стаяла пад дажджом гранат, а знарады буйнакаліберных гранат ірвалі і засыпалі зямлёй цэлыя роты аўстрыйцаў на Карпатах, тым часам, як кругавіды на ўсіх тэатрах ваенных дзеяньняў азараліся агнём ахопленых пажарам вёсак і гарадоў, — паручнік Лукаш і Швэйк перажывалі ня надта прыемную ідылію з дамачкай, што зьбегла ад мужа і адыгрывала цяпер ролю гаспадыні дому.

Аднаго разу, скарыстаўшы адсутнасьць госьці, якая пашла на праходку, паручнік Лукаш вёў ваенную нараду з Швэйкам як-бы ад яе пазбавіцца.

— Найлепш было-б, пане обэр-лейтэнант, — сказаў Швэйк, каб яе муж, ад якога яна зьбегла і які яе шукае, як вы казалі, было ў тым лісьце, што я вам перадаў, даведаўся, што яна знаходзіцца ў нас, і што ён можа забраць яе з сабой. На дачы ў Вшэнорах[3] быў летась гэткі самы выпадак. Але тады тэлеграму мужу адбіла сама жонка, а муж прыехаў і надаваў па хары абаім. Але тыя былі абодвы цывільныя, а ў гэтым выпадку з афіцэрам ён так не адважыцца. Ды зрэшты вы ані ў чым не вінаваты, нікога вы да сябе не запрашалі, і калі яна зьбегла, дык зрабіла гэта на свой страх. Пабачыце, тэлеграма нам будзе ў добрай прыгодзе. Калі нават муж і дасьць разы са два…

— Ён вельмі інтэлігентны чалавек, — перапыніў Швэйка паручнік Лукаш, — я яго знаю. У яго гуртавы гандаль хмелем. Ня іначай, як трэба з ім пагутарыць. Тэлеграму я адаб‘ю.

Тэлеграма, якую адбіў Лукаш, была па-комэрцыйнаму ляконічная:

„Адрас вашае дружыны ў цяперашні час“… і падаваўся паручнікаў адрас.

Такім чынам, у адзін шчасьлівы дзень мадам Кэці вельмі прыкра ўразілася, як у кватэру ўрынуўся гуртовы гандляр хмелем. Ён удаў з сябе далікатнага і руплівага мужа, калі Кэці, ані не здэтанаваўшыся, пазнаёміла іх аднаго з адным.

— Мой муж… Пан паручнік Лукаш.

Нічога іншага ёй ня ўзышло на розум.

— Сядайце, калі ласка, пан Вэндлер, — ветла прапанаваў паручнік гасьцю, падстаўляючы яму крэсла, і, выняўшы партабак, падаў яго гандляру хмелем: — Маеце ахвоту?

Інтэлігентны гандляр хмелем узяў сабе дзеля далікатнасьці цыгарку і, пускаючы дым, асьцярожна запытаў:

— Хутка едзеце на позыцыю, пане паручнік?

— Я падаў рапарт аб пераводзе мяне ў дзевяцьдзесят першы полк у Будэйовіцах, куды, мабыць, паеду, як толькі буду гатовы з сваёй школай вольнапісаных. Нам трэба надта многа малодшых афіцэраў, але на жаль цяперашнім часам мы бачым сумнае зьявішча, што маладыя хлопцы, якія маюць права паступаць вольнапісанымі, унікаюць ад карыстаньня гэтым правам і ўважаюць за лепшае заставацца простымі радавымі, чымся даставаць чын малодшага афіцэра.

— Вайна моцна пашкодзіла гандлю хмелем. Адылі я мяркую, што вайна доўга не пратрывае, — зазначыў гандляр, гледзячы па чарзе то на сваю жонку, то на паручніка.

— Наша становішча не сказаць, каб было кепскае, — сказаў паручнік Лукаш. — Цяпер ніхто ўжо не сумняваецца, што вайна скончыцца парамогаю цэнтральных дзяржаў. Францыя, Англія і Расія занадта слабыя супроць аўстра-турэцка-нямецкае моцы. Праўда, што на некаторых франтох мы мелі сякія-такія нязначныя няўдачы. Аднак няма ніякага сумненьня, што абы прарвалі мы рускі фронт паміж Карпацкага сьцягу і Сярэдняга Дунайцу, — вайне прыдзе канец. З другога боку, Францыя гатова страціць у бліжэйшы час усю ўсходнюю Францыю, і нямецкае войска ўварвецца ў Парыж. Гэта зусім пэўна. Апроч таго, у Сэрбіі нашы манэўры ідуць і надалей з вялікай удачай. Адыход нашага войска, які тлумачыцца зусім іначай, ніж таго вымагае простая разважнасьць, ёсьць фактычна толькі перагрупіроўка. Зусім не па доўгім часе мы ўбачым, што нашы строга вымеркаваныя манэўры на паўднёвым тэатры ваенных дзеяньняў дадуць свае вынікі. Калі ласка, зірніце…

Паручнік Лукаш узяў гандляра хмелем далікатна за плячо, падвёў да карты ваенных дзеяньняў, што віселі на сьцяне, і, паказваючы на асобныя пункты, вёў далей тлумачэньне:

— Усходнія Бэскіды — гэта наш апорны пункт. На Карпацкіх вучастках у нас, як бачыце, тож моцная апора. Магутны ўдар па гэтай лініі, — і мы ня сунімемся аж да Масквы. Вайна скончыцца раней, чымся мы мяркуем.

— А што Турэччына? — запытаў гуртавы гандляр хмелем, разважаючы, як бы дабрацца да сутнасьці справы, г. зн. да мэты свайго прыезду.

— Туркі трымаюцца надзвычайна добра, — адказаў паручнік, падводзячы яго зноў да стала. — Старшыня турэцкага парляманту Галі-Бэй і Алі-Бэй прыехалі ў Вену. За камандуючага турэцкай дарданэльскай арміяй назначаны маршал Ліман фон-Сандэрс. Гольц-паша прыехаў з Константынопалю ў Бэрлін. Наш імпэратар узнагарадзіў ордэнамі Энвэр-пашу, віцэ-адмірала Уседом-пашу і генэрала Джэвад-пашу. Параўнаўча многа нагарод за гэткі кароткі час.

Нейкі час усе сядзелі моўчкі адзін супроць аднаго, пакуль паручнік ня ўлічыў за патрэбнае перарваць цяжкое маўчаньне словамі:

— Калі прыехалі, пане Вэндлер?

— Сёньня ўраньні.

— Я вельмі рады, што вы мяне засьпелі дома, бо я заўсёды па абедзе іду ў кашары і застаюся там на ўсю ноч. У мяне начная служба. Дзеля таго, што кватэра ўласна цэлы дзень пустая, я меў магчымасьць запрапанаваць madame скромную гасьціннасьць на час быцьця яе ў Празе. Ніхто яе тут ня турбуе. Дзеля старога знаёмства…

Гандляр хмелем кашлянуў.

— Кэці дзіўная жанчына, пане паручнік. Дазвольце шчыра падзякаваць вам за ўсё, што вы для яе зрабілі. Ні з таго ні з сяго ўздумалася ёй ехаць у Прагу лячыцца ад нэрваў. Я быў выехаўшы, прыяжджаю дамоў — дома нікога. Кэці няма…

Стараючыся зрабіць найпрыемнейшы твар, ён пагразіў пальцам і, крыва ўсьміхаючыся, запытаў яе:

— Ты, відаць, думала, што калі я паехаў па справах, дык і ты можаш паехаць з дому. Ты, вядома, і не падумала…

Заўважыўшы, што гутарка бярэ непажаданы кірунак, паручнік Лукаш зноў адвёў інтэлігентнага гандляра хмелем да карты ваенных дзеяньняў і, паказваючы на падкрэсьленыя мясьціны, сказаў:

— Я забыўся зьвярнуць вашу ўвагу на адну вельмі цікавую акалічнасьць, а менавіта на гэтую вялікую, абернутую да паўднёвага захаду дугу, дзе купа гор утварае натуральнае ўмацаваньне. Сюды накірованы наступ саюзьнікаў. Адцягнуўшы гэтую дарогу, што зьвязвае ўмацаваньне з лініяй абароны ў няпрыяцеля, мы перацінаем зносіны паміж яго правым крылом і паўночнай арміяй на Вісьле. Цяпер, я спадзяюся, вам ясна?

Гандляр хмелем адказаў, што цяпер яму ўсё зусім ясна, але схамянуўся, што гэта могуць зразумець, як закід, і з уласьцівай яму тактоўнасьцю перавёў гутарку.

— Наш хмель праз вайну страціў збыт за мяжу. Францыю, Англію, Расію і Балканы наш хмель цяперашнім часам згубіў. Мы адпраўляем пакуль што хмель у Італію, але баюся, што і Італія ўлезе ў гэтую справу. Але калі ўжо перамога будзе на нашым баку, дык дыктаваць цэны на продукты будзем мы!

— Італія трымае строгі нэўтралітэт, — супакойваў яго паручнік. — Гэта зусім…

— Але чаму-ж яна ня хоча прызнаваць, што яна злучана троістым саюзам з Аўстра-Вэнгрыяй і Нямеччынай? — усьцервіўся раптам гандляр хмелем, якому ўзышло на розум усё ўраз: і хмель, і жонка, і вайна. — Я меркаваў, што Італія выступіць супроць Сэрбіі. Тады вайне быў-бы ўжо канец. Хмель трухлее ў мяне на складах, заказы на пастаўку ўнутры краіны слабыя, экспорт роўны нулю, а Італія трымае нэўтралітэт. Дык на якое ліха Італія аднаўляла з намі троісты саюз? Што думае італійскі міністр замежных спраў маркіз дэ-Сан-Жульяна? Што гэты пан мае рабіць? Сьпіць ён, ці што? Ведаеце вы, які быў у мяне гадавы зварот перад вайной і які цяпер?.. Калі ласка, ня думайце, што я ня ў курсе падзей, — казаў ён далей, кінуўшы люты погляд на паручніка, які спакойна пускаў з роту пярсьцёнкі дыму адзін праз адзін. — Чаму немцы адышліся назад да сваёй мяжы, калі яны былі ўжо пад самым Парыжам? Чаму паміж Маасу і Мозэлю зноў ідуць жвавыя артылерыйскія баі? Ці вядома вам, што ў Комбр-а-Вэвр пад Маршам згарэлі тры бровары, куды мы пасылалі больш, як пяцьсот мяшкоў хмелю за год? Гартмансвэйлерскі бровар у Вогезах згарэў таксама. Вялізарны бровар у Нідэрспахі пад Мільгузамі зруйнаваны ўгрунт. Вось маеце ўжо тысячу дзьвесьце мяшкоў страты для мае фірмы за год. Шэсьць разоў біліся немцы з бэльгійцамі за тое, каму ўладаць броварам Клостэргек, — вось маеце яшчэ страты трыста пяцьдзесят мяшкоў за год.

Ад узрушэньня ён ня мог далей гаварыць — устаў, падышоў да свае жонкі і сказаў:

— Кэці, ты ў момант паедзеш са мною дамоў. Апранайся!

— Мяне ўсе гэтыя падзеі так нэрвуюць, — сказаў ён праз хвіліну, нібы выпраўдваючыся. — А раней я быў цалком разважны чалавек.

Калі яго жонка вышла ў другі пакой, ён ціха сказаў паручніку:

— Гэта яна вырабляе не ўпяршыню: летась яна паехала з адным настаўнікам, і я знайшоў яе аж у Загрэбе. Той раз я пакарыстаў выпадак і зрабіў умову з гарадзкім броварам на дастаўку шэсьцьсот мяшкоў хмелю. Дый што там казаць, поўдзень быў наогул для нас залатое дно. Наш хмель ішоў аж да Константынопаля. Цяпер мы на палавіну зьнішчаны. Калі ўрад абмяжуе вытворчасьць унутры краіны, дык гэтым ён зробіць нам апошні ўдар.

І, закурваючы прапанаваную паручнікам цыгарку, ён з роспаччу ў голасе праказаў:

— Адна толькі Варшава купляла ў нас дзьве тысячы трыста семдзесят мяшкоў хмелю. Найвялікшы бровар там Аўгустынскі. Прадстаўнік прыяжджаў да мяне штогод у госьці. Ёсьць з чаго ўпасьці ў роспач! Добра яшчэ, што ў мяне няма дзяцей!

Гэтая лёгічная выснова з факту штогоднага прыезду прадстаўніка Аўгустынскага заводу з Варшавы выклікала ў паручніка лёгкую ўсьмешку, якая мінула ўвагі гандляра хмелем. Таму гандляр улічыў за патрэбнае працягнуць сваю мову.

— Вэнгерскія бровары ў Шопроні і Вялікай Каніжы куплялі ў мяне хмель на сваё экспортнае піва, якое яны вывозілі аж да Александрыі, — прыблізна тысячу мяшкоў за год. Цяпер праз блёкаду яны ня хочуць рабіць ніякіх заказаў… Застой, галеча, заняпад, ды да ўсяго гэтага яшчэ сямейныя няпрыемнасьці!

Гандляр хмелем змоўк. Маўчаньне парушыла мадам Кэці, гатовая да ад‘езду.

— А што з маімі чамаданамі?

— Я па іх прышлю, Кэці, — сказаў заспакойваючыся гандляр хмелем, здаволены тым, што ўсё абышлося бяз ніякіх выбрыкаў ці далікатных сцэн. — Калі хочаш зрабіць тут якія справункі, дык нам трэба сьпяшацца. Поезд ідзе ў дваццаць хвілін на трэцюю.

Муж і жонка па-сяброўску разьвіталіся з паручнікам, а гандляр хмелем быў такі рады, што выходзячы, сказаў у пярэднім пакоі паручніку:

— Калі часам, крый божа, вас на вайне параняць, прыяжджайце да нас папраўляцца. Будзем вас шчыра даглядаць.

Вярнуўшыся ў спальню, дзе апраналася ў дарогу мадам Кэці, паручнік знайшоў на рукамыйніку чатырыста крон з наступнай запіскай.

„Пане паручнік, вы ня здолелі абараніць мяне ад гэтае малпы, майго мужа, ідыёта найвышэйшага гатунку. Вы дазволілі яму звалачы мяне, нібы нейкую рэч, якую забыліся ў вашай кватэры. Разам з гэтым вы дазволілі сабе зрабіць заўвагу, што вы прапанавалі мне сваю гасьціннасьць. Спадзяюся, што я не ўвяла вас ў большыя страты, чымся прыкладзеныя тут чатырыста крон, якія прашу падзяліць з вашым слугой“.

Паручнік Лукаш з хвіліну стаяў з запіскай у руках, потым паволі яе разадраў, з усьмешкай зірнуў на грошы, што ляжалі на рукамыйніку, і ўгледзіўшы, што ўзрушаная дамачка забылася на стале грабянец, як часалася на дарогу, далучыў грабянец да колекцыі сваіх фэтышаў.

Па абедзе вярнуўся Швэйк. Ён хадзіў шукаць пінчэра для паручніка.

— Швэйк! — сказаў паручнік, — нам пашанцавала. Дама, што жыла ў мяне, паехала. Яе павёз муж. А за ўсе паслугі, якія вы ёй зрабілі, яна пакінула вам чатырыста крон. Вы павінны ёй як мае быць падзякаваць, а таксама і мужу, бо гэта ўласна ягоны грошы. Я вам прадыктую ліст.

І ён прадыктаваў:

„Шаноўны пане! Дазвольце перадаць шчырую падзяку вашай дружыне за чатырыста крон, якія яна даравала мне за паслугі пад час быцьця яе ў Празе. Усё тое, што я для яе зрабіў, я зрабіў са свае ахвоты і таму не магу прыняць памянёныя грошы і пасылаю іх ёй“… Ну, дык пішэце далей, Швэйк! Чаго вы там муляецеся? На чым я спыніўся? — …і пасылаю іх ёй… — з трагічным надрывам у голасе пракулдыячыў Швэйк.

— Так, вельмі добра! „…пасылаю іх ёй назад з глыбокай пашанай. Пачціва цалую ручку вашай дружыне. Астаюся шчыра адданы Язэп Швэйк, дзяншчык паручніка Лукаша“… Гатова?

— Ні ў якім разе, пане обэр-лейтэнант, чысла яшчэ не хапае.

— „Дваццатага сьнежня тысяча дзевяцьсот чатырнаццатага году“. А цяпер падпішыце канвэрт, вазьміце гэтыя чатырыста крон, занясіце іх на пошту і пашліце ў той самы адрас.

І паручнік Лукаш пачаў весела высьвістваць арыю з опэрэткі „Разлучаная жонка“.

— Ды яшчэ во што, Швэйк, — сказаў паручнік, як Швэйк ішоў на пошту, — як справа з сабакам, што вы хацелі шукаць.

— Ёсьць адзін падходны, пане паручнік, надзвычайна шыкоўны сабака, але здабыць яго будзе зацяжка. Заўтра мабыць усё-ткі яго прывяду. Кусаецца.

Апошняга слова паручнік Лукаш не дачуў, а тым часам гэта было вельмі важна. „Скубе скаціна, за што пападзе“ — хацеў у другое пераказаць Швэйк, але зрэшты наважыў: „Які паручніку ўласна ўдалося да гэтага клопат? Ён хоча мець сабаку, і дастане яго“.

Яно, вядома, лёгка сказаць: „Прывядзіце мне сабаку“. Але-ж кожны гаспадар пільна сочыць за сваім сабакам, нават і за нечыстакроўным і Жужутку, якая ні да чаго больш ня здатна, як толькі грэць сваёй старой гаспадыні ногі, гаспадыня любіць і ня дасьць у крыўду.

Сам сабака, асабліва завадзкі, інстынктам разумее, што надыйдзе такі дзень, калі яго звалакуць ад гаспадара. Ён жыве ў заўсёдашнім страху, што яго ўкрадуць, абавязкова ўкрадуць. На шпацыры сабака перш сьмела адбягае ад гаспадара, гарэзуе, дурэе, гуляе з іншымі сабакамі, лезе на іх, занядбаўшы ўсякую мораль, абнюхвае слупкі, закідае ножку на кожным рагу (да рэчы, і гандлярцы на кош з бульбай), адным словам — бярэ ад жыцьця ўсё. Сьвет яму здаецца такім прыгожым, як юнаку, што атрымаў атэстат сталасьці.

Але раптам вы бачыце, што ўся ягоная жвавасьць зьнікае, сабака пачынае адчуваць, што загінуў. Тут на яго находзіць роспач. У спалоху ён пачынае лётаць туды-сюды, нюхаць паветра, скавытаць і ў паніцы, падтуліўшы хвост, заклаўшы назад вушы, кідаецца пасярод вуліцы, сам ня ведаючы куды. Хай-бы меў ён здатнасьць да мовы — закрычаў-бы: „Ой, ой, ой, Езус-Марыя! Як бач, мяне ўкрадуць!“

Былі вы калі-небудзь на сабачым рынку? Бачылі вы там абак са спалоханымі мордамі? Гэта ўсё крадзеныя. Сталіца стварыла асаблівы гатунак злодзеяў, што жывуць выключна крадзяжом сабак. Ёсьць дробныя пароды хатніх сабак, карлікавыя тэр‘еры, у велькі з рукавіцу, якія лёгка зьмесьцяцца ў кішэні ў паліце ці ў дамскай муфце: іх так і носяць. Дык і адтуль зладзеі сьцягнуць у вас небараку. Злога нямецкага плямістага дога, які люта сьцеражэ загародны асабняк, крадуць сярод ночы. Паліцэйскага сабаку стыраць у паліцыянта з-пад носу. Калі вы вядзіцё сабаку на раменьчыку, у вас перарэжуць раменьчык і зьнікнуць разам з сабакам, а вам выпадзе толькі, асалапеўшы, разглядаць перарэзаны раменьчык. Пяцьдзесят процантаў сабак, якіх сустрэлі вы на вуліцы, некалькі разоў зьмянялі сваіх гаспадароў. Трапляецца часта, што чалавек купляе свайго ўласнага сабаку, якога ў яго колькі год таму ўкралі яшчэ шчанём.

Найбольшая небясьпека, што яго ўкрадуць, пагражае сабаку ў той момант, як выводзяць яе з малой ці вялікай фізыолёгічнай патрэбай. Асабліва многа прападае іх за гэтым другім фактам. Таму-ж усе сабакі і азіраюцца ў гэты час на бакі.

Ёсьць колькі мэтодаў красьці сабак. Крадуць сабаку хоць проста, непасрэдна, накшталт кішэннага зладзейства, а хоць няшчаснае стварэньне ліхамысным спосабам падманьваюць. Сабака верны, але адно ў хрэстаматыях ды ў падручніках прыродазнаўства. Дайце найвярнейшаму сабаку панюхаць смажаную кілбасу з кепскага мяса, і ён загінуў. Занядбаўшы гаспадара, за якім цягнуўся, ён мяняе кірунак і бяжыць за вамі. З роту ў яго цячэ сьліна і ў прачуваньні смаку кілбаскі ён ветла віляе хвастом і расьпінае ноздры, як буяны жарабок, якога вядуць да кабылы.

На Малой Стране ля палацовых сходаў прытулілася невялічкая піўніца. Аднаго вечару ў гэтай піўніцы ў заднім кутку ў поўзмроку сядзелі двое: салдат і цывільны. Нахіліўшыся адзін да аднаго, яны таемна шапталіся. У абодвых быў выгляд змоўнікаў з пары вэнэцыянскай рэспублікі.

— Штодня а восьмай гадзіне ўраньні, — казаў цывільны салдату, — чалядніца водзіць яго на сквэр, на рагу Гаўлічковага пляцу. Але кусаецца, сьцерва! І паглядзець не дае.

І нахіліўшыся яшчэ бліжэй да салдата, цывільны зашаптаў яму на вуха:

— Нават паляўнічых кілбасак не жарэ.

— А смажаныя?

— І смажаных не жарэ.

Абодва плюнулі.

— Дык што-ж гэтая сьцерва жарэ?

— А бог яе ведае, што! Бываюць такія сьпеставаныя ды здураныя, што твой арцыбіскуп.

Салдат і цывільны стукнуліся чаркамі, і цывільны зноў зашаптаў:

— Неяк раз адзін шпіц, які мне, як дыхнуць, быў патрабен для псярні ў Клімоўцы, таксама ніяк не хацеў браць у мяне кілбасу. Хадзіў я за ім тры дні, нарэшце ня вытрымаў і проста запытаў у гаспадыні, якая вадзіла яго, што, уласна, гэты шпіц жарэ. Надта ўжо ён прыгожы. Гаспадыні гэта было да ўпадобы, і яна сказала, што шпіц найбольш любіць біткі. Купіў я яму шніцэль, бяз костачкі. Маслам, думаю, кашы не папсуеш. А шпіц, сьцерва, разумееш, на шніцэль нават і ня зірнуў, бо мяса было цялячае, а ён, бач, апроч сьвініны нічога не прызнаваў. Мусіў купіць сьвіны біток. Даў я яму біток панюхаць, а сам бегчы. Сабака за мной. Гаспадыня як заскаголіць: „Пунцік! Пунцік!“ Дзе там твой Пунцік! Пунцік ляцеў за бітком аж да рогу, а там я ўзьдзеў яму ланцуг на шыю, і ўжо назаўтрага сабака быў на псярні. На грудзёх у яго былі дзьве белыя плямы, дык я іх вычарніў, ніхто-б не пазнаў… Але іншыя сабакі (а іх было ці мала) ішлі добра на кілбасу з каніны… Найлепей было-б, Швэйк, каб ты запытаўся ў чалядніцы, што гэты сабака лепш за ўсё любіць. Ты вайсковы, на фігуру зграбны — табе яна хутчэй скажа. Я ўжо раз пытаўся ў яе, дык яна на мяне зірнула, нібы ражном прапёрла: „А вам які клопат?“ Яна з выгляду ня надта пекная, па-просту сказаўшы — малпа, але з вайсковым гутарыць будзе.

— А гэта сапраўды чыстапародны пінчэр? Мой обэр-лейтэнант пра іншага і слухаць ня хоча.

— Пінчэр, як лялька! Перац з сольлю, самы сапраўдны, чыстакроўны! Гэта такая-ж праўда, як тое, што ты — Швэйк, а я — Благнік. Мне галоўнае — даведацца, што ён жарэ. Я яму гэтага дам і прывяду яго да цябе.

Абодвы сябры зноў стукнуліся чаркамі. Калі Швэйк да вайсковае службы займаўся продажам сабак, іх дастаўляў яму Благнік. Гэта быў спэцыяліст у сваёй справе. Казалі, што ён з-пад палы купляў у лупекаў падазроных на шаленства сабак і спускаў іх далей. У яго ўжо было раз шаленства, і ў Венскім пастэраўскім інстытуце ён быў за свайго чалавека. Цяпер ён меў за свой абавязак шчыра, без інтарэсу, памагчы Швэйку салдату. Ён знаў усіх сабак у Празе і ваколіцах, і ў піўніцы гаварыў шопатам, каб ня выдаць сябе перад гаспадаром піўніцы, у якога ён паўгода таму вынесе пад палой шчанюка-таксу, даўшы яму пассаць малака з дзіцячай сусолкі. Дурны шчанюк, відаць, улічыў яго за сваю матку і нават ні разу ня піснуў яго з-пад паліта.

Благнік прынцыпова краў толькі чыстакроўных сабак і мог-бы быць за судэбнага экспэрта па сабачых справах. Ён дастаўляў тавар як на псярні, так і прыватным асобам. Часта на вуліцы на яго гурчэлі сабакі, якіх ён некалі ўкраў. Траплялася, што калі ён спыняўся дзе перад вітрынамі, дык якая-небудзь ягоная ахвяра з помсты закідвала ў яго за плячмі ножку і абпырсквала яму штаны.

*

Назаўтрага а восьмай гадзіне ўраньні ўдалы ваяка Швэйк шпацыраваў па сквэры на рагу Гаўлічковага пляцу і чакаў чалядніцу з пінчэрам. Нарэшце ён дачакаўся. Перш паўз яго прабег усшэршаны з доўгай поўсьцю блакітнавокі сабака, вясёлы, як усе сабакі, што справілі свае фізыолёгічныя патрэбы. Сабака кідаўся на вераб‘ёў, якія сьнедалі конскім гноем.

Потым міма Швэйка прайшла тая, якой даручаны быў догляд за сабакам. Гэта была старая дзеўка з сьціпла заплеценымі навакал галавы коскамі. Яна пасьвіствала на сабаку і махала ланцужком і прыгожым гарапнікам.

Швэйк загаманіў з ёй.

— Прабачайце, паненачка, кудою прайсьці на Жыжкаў?

Яна спынілася, паглядзела на яго, ці няма тут якога падступства, але адкрыты добры Швэйкавы погляд гаварыў ёй, што сапраўды гэтаму салдаціку трэба на Жыжкаў. Выраз яе твару памякчэў і яна ветла растлумачыла яму, як трэба ісьці.

— Мяне перавялі нядаўна ў Прагу, — сказаў Швэйк.

— Я ня тутэйшы, з провінцыі. Вы таксама ня з Прагі?

— Я з Вадзян.

— Дык мы блізка што землякі. Я з Працівіна.

Веданьне географіі чэскага поўдня, якое набыў Швэйк калісьці на манэўрах у той акрузе, напоўніла сэрца дзяўчыны зямляцкай сымпатыяй.

— Дык вы мабыць знаеце ў Працівіне на пляцы разьніка Пэпхара?

— Чаму-ж не! Гэта мой стрэчны брат. Яго там у нас усе любяць. Чалавек добры, паслужны, прадзе добрае мяса і ніколі не ашукае вагою.

— Дык ці ня з Ярэшаў вы? — запытала дзяўчына, пачынаючы адчуваць сымпатыю да незнаёмага салдаціка.

— Я як-жа? З іх.

— А чый вы, якога Ярэша, таго што з Керчы, пад Працівіным, ці з Ражыц?

— Ражыц.

— Ну як ён там? Усё яшчэ развозіць піва?

— Усё яшчэ развозіць.

— Але-ж яму мабыць куды больш, як шэсьцьдзесят год?

— У вясну мінула яму шэсьцьдзесят восем. Нядаўна ён, — спакойна адказаў Швэйк, — завёў сабе сабаку, дык цяпер яму весялей езьдзіць. Сабака сядзіць на возе, акурат такі сабачка, як вунь той, што вераб‘ёў ганяе. І добры сабачка, дужа добры.

— Гэта наш, — растлумачыла яму яго новая знаёмая. — Я тут служу ў пана палкоўніка. Знаеце нашага палкоўніка?

— Знаю. Вельмі інтэлігентны пан. У нас у Бедэйовіцах быў таксама адзін палкоўнік…

— У нас гаспадар строгі. Калі нядаўна пайшлі чуткі, што нас у Сэрбіі пашкуматалі, ён прышоў дамоў, як шалёны. Параскідаў на кухні ўсе талеркі і мяне хацеў разьлічыць.

— Дык гэта, значыць, ваш сабачка? — перапыніў яе Швэйк. — Шкода, што мой обэр-лейтэнант страшэнна ня любіць сабак. Я іх дужа люблю.

Ён зрабіў паузу і раптам адпаліў:

— А вось таксама ня кожны сабака ўсё есьць.

— Наш Люкс страшэнна пераборлівы. Нейкі час ён зусім не хацеў есьці мяса.

— А што ён найбольш любіць?

— Пячонку. Вараную пячонку.

— Цялячую ці сьвіную?

— Ну, гэта яму ўсёроўна, — усьміхнулася Швэйкава „зямлячка“, улічыўшы гэтае запытаньне за няўдалую спробу пажартаваць.

Яны гулялі яшчэ нейкі час. Потым да іх далучыўся і пінчэр, якога яна навязала на ланцужок. Ён абыходзіўся з Швэйкам вельмі фамільярна, скакаў на яго і памыкаўся хоць наморднікам разадраць яму порткі. Але раптам нібы пачуўшы Швэйкаў замер, суняўся скакаць і пацягнуўся з смутным прыбітым выглядам, скоса пазіраючы на Швэйка, быццам хацеў сказаць: „Значыць, і мяне гэта чакае!“

Старая дзеўка расказала Швэйку, што яна гуляе тут з сабачкам штодня ўраньні і а шостай гадзіне ўвечары і што яна ўжо ніводнаму мужчыну з Прагі ня верыць. Аднойчы яна дала ў газэту абвестку, што хоча выйсьці замуж, прышоў адзін сьлёсар, выцягнуў у яе восемсот крон на нейкае вынаходзтва і зьнік. У провінцыі людзі, бязумоўна, куды больш сумленныя. Калі ўжо і выходзіць замуж, дык толькі за вясковага дый то толькі пасьля вайны. Ісьці-ж замуж пад час вайны яна лічыць, неразумна, бо гэта злучана з небясьпекай застацца ўдавой.

Швэйк пасеяў у яе сэрцы безьліч надзей, сказаўшы, што прыдзе а шостай гадзіне зноў, і пашоў паведаміць свайму прыяцелю Благніку, што сабака жарэ пячонку ўсякага гатунку.

— Пачастую яго кароўскай, — пастанавіў Благнік. — На кароўскую ў мяне ўзяўся сэн-бэрнар фабрыканта Выдры, вельмі верны сабака. Заўтра прывяду табе сабаку ў поўным парадку.

Благнік спраўдзіў сваё слова. Калі Швэйк скончыў ураньні прыбіраць пакоі, за дзьвярмі пачуўся брэх, і Благнік увалок у кватэру пінчэра. Ён упінаўся і быў яшчэ больш усшэршаны, чымся ўсшэршыла яго прырода. Сабака дзіка пазіраў з-пад ілба і дзіка варочаў вачмі, быццам галодная тыгра, якая азірае з сваёй клеткі якога-небудзь наведніка зоолёгічнага саду, ляскаў зубамі і гурчаў, нібы гаварыў: „Разарву, зьем!“ Сабаку навязалі да кухоннага стала, і Благнік расказаў пунктоўна, адно за адным, увесь ход адабраньня з уласнасьці сабакі.

— Прайшоў я сумысьля паўз яго, а ў руцэ трымаю вараную пячонку ў паперы. Сабака стаў прынюхвацца ды скакаць навокал мяне. Я яму нічога не даю і іду далей. Сабака за мной. Тады я збочыў са сквэра на Брэдаўскую вуліцу і там даў яму першы кавалак. Ён жор на хаду, каб ня губляць мяне з вока. Я збочыў на Інджыскую вуліцу, дзе даў яму яшчэ порцыю. Як сабака нажорся, я навязаў яго на ланцужок і павалок цераз Вацлаўскі пляц на Вінаграды аж да Вршовіц. Дарогаю сабака вырабляў чыстыя дзівосы. Як я пераходзіў цераз трамвайную лінію, ён лёг на рэйкі і не хацеў рушыцца з месца: мабыць хацеў скончыць жыцьцё самагубствам… Вось, дарэчы, я прынёс з сабой чыстую блянку на атэстат, купіў у папяровым магазыне ў Фукса. Табе прыдзецца падрабіць атэстат самому, Швэйк.

— Глядзі, што лепей, каб было гэта напісана тваей рукой. Напішы, што сабака паходзіць з Лейпцыга, з псярні фон-Бюлава. Бацька — Арнгейм фон-Кальсберг, маці — Эмма фон- Траутэнсдорф, што паходзіць ад Зыгфрыда фон-Бузэнталь. Бацька атрымаў першы прыз на бэрлінскай выстаўцы пінчараў тысяча дзевяцьсот дванаццатага году. Маці ўзнагароджана мэдальлю нюрэнбэрскага таварыства разьвядзеньня чыстакроўных сабак. Як мяркуеш, колькі яму год?

— На зубы гады два будзе.

— Пішы паўтара.

— Ён дрэнна абсечаны, Швэйк. Зірні на вушы.

— Гэта можна паправіць. Падстрыжом пазьней, як абжывецца. А цяпер сабака яшчэ больш раззлаваўся-б.

Украдзены люта гурчэў, соп, кідаўся і нарэшце лёг змораны, высалупіўшы язык, і стаў чакаць, што з ім будзе далей.

Ён відочна спакайнеў і толькі раз-по-раз жаласна скавытаў.

Швэйк прапанаваў сабаку выстанкі пячонкі, што прынёс Благнік. Адылі да пячонкі сабака нават не дакрануўся і адно абвёў абодвых поглядам, які гаварыў: „Ужо адзін раз уліп — жарыце самі!“ Сабака ляжаў з пакорным выглядам і прыкідваўся, што дрэмле, але раптам яму ўвайшло нешта ў галаву і, стаўшы на заднія лапы, ён стаў пярэднімі прасіць. Сабака здаваўся. Але на Швэйка гэтая жаласная сцэна не зрабіла аніякага ўплыву.

— Ляжаш ты? — крыкнуў ён на небараку.

Небарака лёг, жаласна заскавытаўшы.

— Якую мянушку запісаць яму ў атэстат, — запытаў Благнік.

— Звалі яго Люкс. Трэба падабраць што-небудзь падобнае, каб разумеў.

— Назавём яго хоць сабе і Макс. Паглядзі-тку, Благнік, як вушамі заварушыў! Устань, Макс!

Няшчасны пінчэр, у якога адабралі і родны прытулак і роднае імя, устаў, чакаючы далейшых загадаў.

— Я думаю яго можна адвязаць, — наважыў Швэйк. — Паглядзім, што ён будзе рабіць.

Як сабаку адвязалі, першы рух яго быў да дзьвярэй. Ён тройчы адрыўчата брахануў на клямку, відочна спадзяючыся на вялікадушнасьць гэтых ліхіх людзей. Адылі, убачыўшы, што яго імкненьня на волю не разумеюць, ён нарабіў пад дзьверы лужыну, упэўнены, што яго за гэта выкінуць, як калісьці гэта рабілі ў пару яго юнацтва, калі палкоўнік строга, па-вайсковаму навучыў яго трымаць чыстату.

— Замест гэтага Швэйк зазначыў:

— Э, дык ён-жа хітры! Гэта проста езувіцкая штука.

Аперазаў Макса дзягаю ды ўсадзіў яго мордай у лужыну так, што той доўга ня мог на-чыста аблізацца.

Сабака заенчыў ад сваёй ганьбы і зачаў бегаць па кухні, з роспачы абнюхваючы свой уласны сьлед. Потым ні з таго ні з сяго падышоў да стала, зьеў пакладзеныя на падлозе выстанкі пячонкі, лёг да печкі і заснуў пасьля ўсіх трывог.

— Колькі я табе вінават? — запытаў Швэйк Благніка, разьвітаючыся.

— Кінь чмурыць, — мякка сказаў Благін. — Для старога таварыша я ўсё рады зрабіць, асабліва калі ён на вайсковай службе. Бывай здароў, галубок, ды не вадзі яго ніколі цераз Гаўлічковы пляц, каб ня здарылася бяды. Калі табе спатрэбіцца які-небудзь сабака — ты ведаеш, дзе я жыву.

Швэйк даў Максу як сьлед адаспацца, а тым часам купіў у разьніка чвэртку кілёграма пячонкі, адварыў яе і, паклаўшы Максу пад нос цёплы кавалак, стаў чакаць, калі ён прачнецца, Макс спрасонку стаў аблізвацца, пацягнуўся, аблюхаў пячонку і праглынуў яе. Потым ён падышоў да дзьвярэй і яшчэ раз прарабіў сваю практыку з брахнёй на клямку.

— Макс! — паклікаў яго Швэйк, — хадзі сюды! — Макс недаверліва падышоў, Швэйк узяў яго на ўлоньне і стаў гладзіць. Тут Макс упяршыню па-сяброўску завіляў рэшткаю свайго абцятага хваста і асьцярожна стаў хапаць Швэйка за рукі, узіраючыся ў Швэйка разумным поглядам, нібы гаворачы:

„Нічога, брат, не парадзіш, бачу, што справа прайграная“.

Не пакідаючы гладзіць сабаку, Швэйк стаў пяшчотным голасам казаць казку.

— Жыў-быў на сьвеце сабачка, звалі яго Люкс, а жыў ён у палкоўніка і вадзіла яго чалядніца гуляць. Але вось прышоў аднойчы адзін чалавек дый Люкса і стырыў. Трапіў Люкс на вайсковую службу да аднаго обэр-лейтэнанта і празвалі яго Макс… Макс, дай лапу!.. Значыць, будзем з табой, сукін сын, прыяцелі, калі толькі будзеш слухацца. А не, дык вайсковая служба табе добра дадзене.

Макс саскочыў з улоньня і жартам стаў кідацца на Швэйка. Пакуль прышоў паручнік, Швэйк і Макс ужо былі сябры. Гледзячы на Макса, Швэйк філёзофаваў:

— Калі вось зірнуць з боку, дык уласна, кожны салдат украдзены з свае хаты.

Паручнік Лукаш прыемна зьдзівіўся, убачыўшы Макса, які таксама выявіў радасьць, зноў убачыўшы чалавека з шабляю. На паручнікава запытаньне, дзе Швэйк здабыў сабаку, Швэйк з олімпійскай спакойнасьцю паведаміў, што сабаку падараваў яму адзін прыяцель, якога вось толькі забралі ў войска.

— Вельмі добра, Швэйк, — сказаў паручнік, гуляючы з сабакам. — Першага чысла атрымаеце ад мяне пяцьдзесят крон за сабаку.

— Не магу ўзяць, пане паручнік.

— Швэйк! — сказаў паручнік строга. — Калі вы паступілі да мяне на службу, дык я вам сказаў, што вы павінны слухаць кожнага майго слова. Калі я вам кажу, што вы атрымаеце ад мяне пяцьдзесят крон, дык вы павінны іх узяць і прапіць. Што вы зробіце з гэтымі пяцьдзесяцьцю кронамі?

— Так точна, пане обэр-лейтэнант, прап‘ю згодна загаду.

— А калі я забудуся іх вам даць, дык загадваю вам, Швэйк, напамянуць мне, што я павінен вам даць за сабаку пяцьдзесят крон. Зразумелі? Ці няма ў яго блох? Лепш за ўсё пакупайце яго ды расчашыце яму поўсьць. Заўтра я на службе, а пазаўтраму пайду з ім гуляць.

Тым часам, як Швэйк купаў сабаку, палкоўнік, яго былы гаспадар, у сябе дома лаяўся на ўсе застаўкі і пагражаў невядомаму злодзею, што аддасьць яго на вайскова-палявы суд і загадае яго расстраляць, павесіць, засадзіць на дваццаць год у турму і пасячы на дробныя кавалачкі.

— Каб ён спрах, гэты нягоднік, — разьлягалася па палкоўнікавай кватэры, аж калаціліся шыбы. — З гэтым бандытам я ўраз расквітаюся.

Над Швэйкам і паручнікам зьвісла ў паветры катастрофа.


  1. Непаўторнае.
  2. Швэйк тытулуе паручніка Лукаша то па-чэску, то па-нямецку.
  3. Дачная мясцовасьць пад Прагай.