Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/4/Швэйк у ролі расійца палоннага

Швэйк у ролі расійца палоннага
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
Арыгінальная назва: cs:Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války/Švejk v transportu ruských zajatců
Пераклад: Лукаш Калюга
Духовая ўцеха

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШВЭЙК Ў РОЛІ РАСІЙЦА ПАЛОННАГА

Калі Швэйк, як яго за расійскую форму памылкова палічылі за расійскага палоннага, што ўцёк з партыі палонных недалёка ад Фэльштэйну, калі ён выказаў распачлівы крык сваёй душы лучынкаю на сьцяне, ніхто ня ўзяў на яго ўвагі, а калі ён памкнуўся быў тады, калі пераганялі палонных у Хірувэ, вытлумачыць непаразуменьне афіцэру, што праходзіў паўз іх (палонным якраз у гэты час раздавалі пайкі чэрствага хлеба з кукурузаю), дык адзін з мадзьярскіх канвойных салдатаў выцяў яго прыкладам па плячох і сказаў:

— Я табе, станавіся ў рад, расійская сьвіньня!

Гэта адпавядала таму духу, як абыходзіліся мадзьяры з расійскімі палоннымі, ня ведаючы іх мовы.

Такім чынам Швэйк вярнуўся ў свой разьдзел, і аказаўся да палоннага, што стаяў да яго бліжэй:

— Вось, гэты канвойны выканаў свой абавязак, але ён сам мог папасьці ў бяду. Ну, а што, каб яго карабін быў набіты, а затвор застаўся адкрыты? Дык і магло-б здарыцца, што як ён гэтак біў нашага брата, а руля пазірала на яго, ён-бы і выстраліў, і ўвесь набой папаў-бы яму ў морду, і ён загінуў-бы, выконваючы свае службовыя абавязкі. От, напрыклад, у нас, у Богэмльскім лесе ў аднэй каменаломні рабочыя ўкралі дынамітныя капсулі, каб захаваць іх на зіму, калі яны будуць падрываць дрэва. Ну, а вартаўнік у каменаломні атрымаў загад ператрэсьці іх, як яны пайдуць з работы; ён старанна пачаў сваю справу і ад першага разу так неасьцярожна стукнуў самага першага рабочага па кішэні, што ў таго капсуль у кішэні ўзяў ды і разарваўся, а яны абодва паляцелі ў паветра, так што было падобна, нібыта яны ў апошнюю хвіліну хацелі абняцца.

Палонны расіец, якому Швэйк гэта гаварыў, зірнуў на яго спачувальна, бо ані слова не зразумеў.

— Не разумею… я крымскі татарын… алах акбар.

Татарын сеў, падабраўшы пад сябе ногі, на зямлі, злажыўшы рукі на грудзёх і пачаў маліцца.

— Дык, значыць, ты татарын? — сказаў Швэйк. — От гэта цікава!.. Дык тады табе трэба разумець мяне, а мне цябе, калі ты сапраўдны татарын… Гм… а ведаеш ты Яраслава фон-Штэрнбэрга? Як, ня ведаеш гэтага прозьвішча, галава ты татарская? Гэта-ж ён задаў вам перцу пад Гоштэйнам. У той час вы, татарва, уцякалі ад нас, з Моравіі, з усіх ног. Напэўна ў вас там ня вучаць гэтага ў кніжках, як у нас. Ну, Гоштэйнскую дзеву Марыю ведаеш? Зразумела, ня ведаеш. А яна ў таёй бойцы таксама была, таксама. Ну, пачакай татарская морда, цябе тут, у палоне, хутка адукуюць і перахрысьцяць. Пасьля Швэйк зьвярнуўся да другога палоннага:

— А ты гэтаксама татарын?

Той зразумеў слова «татарын» і пакруціў галавою.

— Не, не татарын, я — чаркес.

Швэйку, наогул, пашанцавала: ён апынуўся ў грамадзе прадстаўнікоў усіх усходніх народаў. У гэтай партыі палонных былі татары, грузіны, асяціны, чаркесы, мардвіны і калмыкі.

Але затое яму не пашанцавала ў другім, бо ён ня мог ні з кім з іх пагаварыць. Яго, разам з другімі, пагналі ў Дабраміл. Там павінны былі правіць чыгунку, што ішла праз Пярэмышль у Ніранковіч.

У Дабраміле іх усіх перапісалі ў канцылярыі этапу, што было вельмі цяжка зрабіць, бо з усіх трох сот палонных, прыгнаных у Дабраміл, ніхто не разумеў рускае мовы фэльдфэбэля, што сядзеў там за сталом. Гэты фэльдфэбэль напісаў у свой час рапорт, што ведае па-расійску, і цяпер выконваў ва Ўсходняй Галіччыне абавязкі перакладчыка. За тры тыдні перад гэтым ён выпісаў сабе нямецка-рускі слоўнічак і рускую граматыку, але іх яму яшчэ ня ўправіліся прыслаць, дык ён гаварыў замест рускае мовы на ломанай славацкай мове, якую ён калісьці вывучыў, як быў у Славаччыне прадстаўніком аднае венскае фірмы, што гандлявала абразкамі сьвятога Сьцяпана, келіхамі і ружанцамі.

Дзіўныя постаці, з кім ён, наогул, ня мог гаварыць, вельмі яго здэтанавалі. Ён вышаў наперад і крыкнуў:

— Хто ўмее гаварыць па-нямецку?

З групы палонных выскачыў Швейк і з вялікай радасьцю ў абліччы кінуўся да фэльдфэбэля, што загадаў яму, каб зараза-жа ён ішоў у канцылярыю.

Фэльдфэбэль сеў за стол, завалены паперамі, цалаю гарою блянак, дзе адзначалася прозьвішча, паходжаньне і часьць, да якой належыць палонны, і ў яго з Швэйкам пачалася забаўная гутарка.

— Ты… яўрэй, га? — спытаўся ён у Швэйка.

Швэйк адмоўна пакруціў галавою.

— Няма чаго табе таіцца, — упэўнена казаў фэльдфэбэль. — Кожны з вас, палонных, хто разумее па-нямецку, — яўрэй, і гаварыць няма чаго. Як цябе завуць? Швэйк? Ну, от бачыш, а ты яшчэ спрачаешся, калі ў цябе прозьвішча самае выразнае яўрэйскае. Ну, ды ў нас, браце, табе няма чаго хавацца, што ты яўрэй. У нас, у Аўстрыі, яўрэйскіх пагромаў ня робяць. Адкуль сам? Ага, з Прагі. Ведаю, ведаю. Гэта пад Варшаваю. Тыдзень перад гэтым у мяне тут таксама было два яўрэі, з Прагі з-пад Варшавы. А з якога палка? Нумар які? 91-ы?

Фэльдфэбэль дастаў даведнік і пачаў яго перагортваць.

— От. 91-ы Эрыванскі пяхотны полк. Сталы кадр. Прыпынак у Тыфлісе. Бачыш, што мы тут ведаем?!

Швэйк сапраўды зьдзіўлена пазіраў на яго, і фэльдфэбэль, падаўшы яму акурак папяросы, надзвычай сур’ёзна казаў далей:

— Гэта, браце, іншы тытун, не такі, як ваша махорка!.. — Я тут — цар і бог, разумееш, жыдок? Што-б я ні сказаў, усе павінны дрыжаць ад страху. У нас, браце, у арміі іншая дысцыпліна, ня гэткая, як у вас. Ваш цар — сукін сын, а наш цар — сьветлая галава. Хочаш, я пакажу табе адну штуку, каб ты ведаў, якая ў нас тут дысцыпліна?

Ён адчыніў дзьверы ў суседні пакой і паклікаў:

— Ганс Лефлер!

Хтосьці адклікнуўся: «Я!» і ў пакой увайшоў валяваты салдат, хлапец са Штыріі, з плаксівым выразам крэтына на твары. Ён рабіў на этапным пункце ўсю чорную работу.

— Ганс Лефлер, — загадаў яму фэльдфэбэль, — вазьмі вунь там маю люльку, сунь яе сабе ў зубы, як сабака носіць у зубах ношку, і бегай на чатырох навакола стала, пакуль я не скажу: «стой!» Ды яшчэ ты павінен брахаць, але так, каб люлька ня вывалілася з рота, а ня то я загадаю прывязаць цябе да слупа.

Валяваты штырыец стаў ракам і пачаў брахаць.

Фэльдфэбэль пераможна зірнуў на Швэйка.

— Ну, а што я табе казаў, жыдок, пра нашу дысцыпліну? — і фэльдфэбэль задаволена абярнуўся да нямое салдацкае фізіяноміі з нейкае там пастуховае хаткі і загадаў: Стой! А пяпер служы на задніх лапках і давай сюды люльку… Так. А цяпер пакажы, як у вас там у горах сьпяваюць.

І ў пакоі пачуўся дзікі роў: «Холдрыо-хо-хо, холарыо!»

Як гэты цырк скончыўся, фэльдфэбэль выцягнуў з шуфляды пісьмовага стала чатыры папяросы і вялікадушна падараваў іх штырыйцу, а пасьля, сымяючыся, сказаў Швэйку:

— Іду на заклад, што ў вашай арміі дысцыпліна не такая суровая, як у нас. Аднак бліжэй да справы. Я даручаю гэтую партыю палонных табе. Да вечара ты мне перапішаш усе прозьвішчы. Атрымаеш на ўсіх пайкі, разаб’еш партыю на групы па дзесяць чалвек і адкажаш мне галавою, калі хто ўцячэ. Так і ведай, жыдоўская морда, што калі з іх хоць адзін хто ўцячэ, дык мы цябе расстраляем.

— Я хацеў-бы пагаварыць з вамі, пане фэльдфабэль, — сказаў Швэйк.

— Толькі не таргуйся, — прамовіў фэльдфэбэль. — Я гэтага ня люблю і адразу пашлю цябе ў лягер. А ты ў нас, у Аўстрыі, вельмі хутка абжыўся… Бач яго, хоча са мной гаварыць сам-на- сам!.. От усякі раз так: чым да вашага брата палоннага лепш ставішся, тым яно выходзіць горай… Ну, хутчэй, зьбірайся. От, табе пяро і папера. Пішы сьпіс… Чаго табе яшчэ?

— Дазвольце, пане фэльдфэбэль, дазвольце паведаміць…

— Ідзі, ідзі! Бачыш, колькі ў мяне працы.

Твар фэльдфэбэля прыняў выраз чалавека надта змучанага работаю. Швэйк казырнуў яму і пашоў да палонных, пацяшаючы сябе думкаю, што цярпеньне прынясе ў свой час добрыя вынікі на славу яго імпэратарскае вялікасьці, каханага монарха.

Цяжэй было злажыць сьпісы, бо палонныя ніяк не маглі зразумець, што ім трэба называць сваё прозьвішча. Швэйк шмат чаго бачыў на сваім вяку, але гэтыя татарскія, грузінскія, мардоўскія прозьвішчы ніяк ня лезьлі яму ў галаву.

«Дапраўды-ж мне ніхто не паверыць, — думаў Швэйк, — каб чалавека звалі вось так, як гэтых татараў. — Мухлахалеем Абдурахманавым, Бэймуратам Алахаліевым, Джэрэджэй Чэрдзеджаю ці Дарлатбалеем Неўгдагалеевым. Не, тады мы маем больш прыгожыя прозьвішчы, от, напрыклад, ксяндза ў Жыдагоўшце завуць Вобэйдам».

І ён абыходзіў рады палонных, што адзін за другім выкрыквалі: — Джындралей Гіменаліеў! — Бабамулей Мірзоеў! — і г. д.

— Глядзі, не праглыні языка, — з дабрадушнаю ўсьмешкаю гаварыў Швэйк. — Ну, няўжо ня лепш, калі ў нас людзі завуцца Багуславам Шчэпанэкам, Яраславам Матоўшэкам або Ружэнаю Свабадоваю.

Калі Швэйк нарэшце, пасьля вялікіх цяжкасьцяй, перапісаў усе гэтыя барбарскія прозьвішчы, ён надумаўся яшчэ раз спрабаваць вытлумачыць фэльдфэбэлю, што ён зрабіўся ахвяраю фатальнага непаразуменьня. Аднак, як гэта ня раз ужо здавалася, на шляху, што прывёў яго ў становішча палоннага, ён і цяпер дарэмна шукаў справядлівасьці.

Фэльдфэбэль — перакладчык, што і тады ня быў зусім цьвярозы, тымчасам зусім страціў цяпер прытомнасьць.

Трымаючы перад сабою старонку з абвесткамі якоесьці нямецкае газэты, ён сьпяваў на матыў марша Радэцкага: «Мяняю на дзіцячую калысачку… Купляю тоўчанае шкло, белае і бутэльковае… Курсы бухгальтароў і рахункаводаў паводле новае завочнае сыстэмы» і г. д.

Некаторыя абвесткі нельга былое ўлажыць ў мэлёдыю марша, але фэльдфэбэль як мага стараўся перамагчы падобнага роду цяжкасьці, і таму адбіваў такт кулакамі па стале і з запалам тупаў нагамі. Кончыкі яго ліпкіх ад выпітае кантушоўкі вусоў задзірыста тарчалі з абодвых бакоў твару, нібы хто ўваткнуў у абедзьве яго шчакі пэндзлікі з абсохлым гумі-арабікам. Фэльдфэбэль вылупіў на Швэйка пухлыя ад п’янства вочы і, спыніўшы на момант стукаць кулаком і прытопчваць, пачаў сьпяваць на іншы мотыў новую абвестку: «Спрактыкаваная акушэрка прапануе свае паслугі. Поўная гарантыя таемнасьці».

Гэты тэкст ён паўтараў усё цішэй і цішэй; нарэшце змоўк і тупа ўтаропіўся ў газэтны ліст з абвесткамі, дазволіўшы такім чынам Швэйку пачаць гутарку на ламанай нямецкай мове пра тое, як здарылася з ім сумнае непаразуменьне.

Швэйк пачаў з таго, што ён меў рацыю, як казаў, што трэба было ісьці ў Фэльдштэйн берагам ручаінкі, і што няма ў тым яго віны, калі нейкі невядомы яму рускі салдат уцёк з палону і ўздумаў пакупацца ў возеры, паўз якое давялося праходзіць яму, Швэйку, бо ягоны абавязак, як кватэр’ера, загадаў яму ісьці ў Фэльдштэйн найкарацейшаю дарогаю. Вядома, расеец задаў лататы, як толькі яго ўбачыў, і кінуў сваю форменую вопратку на волю лёсу. Ну, а ён, Швэйк, чуў, што на фронце скарыстоўваюць форму забітых варожых салдатаў, як ідуць на разьведку, дык і ён апрануў на сябе пакінутую вопратку, каб пераканацца, як бы ён адчуваў сябе ў такім выпадку ў чужой форме.

Калі такім чынам Швэйк растлумачыў усё гэтае непаразуменьне, дык заўважыў, што дарам толькі траціў словы, бо фэльдфэбэль ужо моцна спаў яшчэ раней, чым Шзэйк дайшоў да возера.

Швэйк падыйшоў да яго і фамільярна патрос за плячо. Гэтага было даволі, каб той адразу зваліўся з крэсла на падлогу, ня спыняючы скапойнага храпу.

— Даруйце, пане фэльдфэбэль, — прамовіў Швэйк, казырнуў і вышаў з канцылярыі.

Тымчасам вайскова-будаўнічая часьць зьмяніла свае пляны і загадала, каб група палонных, дзе быў Швэйк, пайшла проста ў Пярэмышль, каб адрамантаваць чыгунку Пярэмышль–Любачаў.

Дык усё засталася, як і было, і Швэйк далей цягнуў сваю одысэю ў палонных расейцах. Канвойныя мадзьяры форсаваным маршам гналі партыю наперад і наперад.

У нейкай вёсачцы, дзе прыпыніліся, яны натрапілі на абоз. У баку ад хурманак стаяў афіцэр і з цікавасьцю разглядаў палонных. Швэйк выскачыў з шэрагаў, выцягнуўся перад афіцэрам і крыкнуў:

— Пане паручык, дазвольце паведаміць…

Але яму так і не ўдалося закончыць сказ, бо за ім вырасьлі зараз-жа два канвойныя мадзьяры, што прыкладамі загналі яго назад у строй.

Афіцэр кінуў яму акурак, але яго спрытна злавіў на ляту другі палонны. А пасьля афіцэр вытлумачыў капралу, што стаяў каля яго, што ў Расіі жывуць немцы колёністы і іх таксама прымушаюць ваяваць. За ўвесь пераход да Пярэмышля Швэйк ня меў больш выпадку скардзіцца, што ён менавіта ротны ардынарац 11-ае маршавае роты, 91-га пяхотнага палка. Калі яны прышлі ў Пярэмышль, іх адразу пагналі ў зусім зруйнаваны форд, ва ўнутраным поясе крэпасьці, дзе захаваліся толькі стайні крэпасной артылерыі.

У стайныях было шмат саломы, але ў ёй было столькі тоўстых вошай, што яны поўзалі па саломінках, як мурашкі, што цягаюць будаўнічы матэрыял у свой мурашнік.

Палонным раздалі крыху чарнаватае жыжкі з аднае цукоры і па кавалку чэрствага, кукурузнага хлеба.

Пасьля партыю прыняў маёр Вольф, што ў той час быў за начальніка над усімі палоннымі, што працавалі ў крэпасьці ў Пярэмышлі і яе ваколіцах. Гэта быў чалавек солідны, што акружыў сябе цэлым штабам перакладчыкаў, якія вышуквалі сярод палонных, гледзячы паводле іх здольнасьцяй, спэцыялістаў-будаўнікоў.

У маёра Вольфа была думка, што расейцы палонныя знарок утойваюць свае таленты, бо здаралася, што на яго пытаньне: «Умееце класьці чыгунку», усе палонныя, як адзін, адказвалі: «Мы ня ведаем, бо і ня чулі. А толькі мы заўсёды жылі, як бог казаў».

Калі палонныя выстраіліся перад маёрам Вольфам і ягоным штабам, той перш-на-перш спытаўся па-нямецку, хто з іх ведае нямецкую мову.

Швэйк рашуча выступіў наперад, выцягнуўся перад маёрам, адказыраў і паведаміў, што ведае па-нямецку.

Маёр Вольф, відаць, вельмі ўзрадаваўся і зараз-жа запытаўся, ці не інжынэр ён.

— Не, я не інжынэр, а ротны ордынарац 11-ае маршавае роты, 91-га пяхотнага палка і трапіў я ў палон да нашых-жа. А здарылася гэта от як.

— Што такое? — зароў маёр.

— Так яно, пане маёр. Дазвольце паведаміць, што справа была…

— Вы, напэўна, чэх? — зноў закрычаў маёр Вольф. — Вы пераапрануліся ў расійскую форму, вы…

— Так яно, пане маёр, дазвольце паведаміць, так яно і было. Я вельмі ўсьцешыўся да душы, што вы, пане маёр, так хутка зразумелі маё становішча. Магчыма, што нашы ўжо там, дзе ваююць, а я магу тут без карысьці прашвэндацца ўсю вайну… Дык дазвольце яшчэ раз вытлумачыць, як была справа, пане маёр.

— Будзе, годзе! — закрычаў маёр і загадаў двум салдатам адвесьці Швэйка на гаўптвахту, а сам ён пайшоў сьледам за ім, размаўляючы з нейкім афіцэрам; у кожнай яго фразе згадвалася пра чэскіх сабак. І ў той час яго спадарожнік мог пераканацца, што маёр вельмі ўзрадаваўся, што яму пашанцавала, праз яго пранікавасьць, злавіць аднаго з гэтых шыбенікаў, пра здрадніцкую работу якіх месяцаў колькі перад гэтым усім командзірам былі разасланы сакрэтныя абежнікі, дзе адзначалася, што шмат хто з перабежчыкаў чэскіх палкоў зламаў прысягу, запісаўся ў расійскую армію і дапамагае ёй як разьведчык і шпіён.

Аўстрыйскае міністэрства ўнутраных спраў ня ведала яшчэ дакладна, ці існуюць у расейцаў баявыя дружыны перабежчыкаў. Яно яшчэ ня ведала пра рэволюцыйныя організацыі за межамі і толькі ў жніўні на фронце Сокал — Міляцін — Бубноў батальённыя командзіры атрымалі сакрэтны абежнік, што былы аўстрыйскі профэсар Масарык уцёк за межы, дзе распачаў антыаўстрыйскую пропаганду.

Нейкі дурань у штабе дывізіі дадаў да абежніку гэтакі загад: «У выпадку, калі давядзецца затрымаць вышэйадзначаную асобу, прапануецца зараз-жа прывесьці яе ў штаб дывізіі».

Гэта — каб увекавечыць памяць пана прэзыдэнта Масарыка, каб ён ведаў, якія жалезкі і сіло чакалі яго на лініі Сокал — Міляцін — Бубноў.

Маёру Вольфу ў той час яшчэ і ня сьнілася, як працавалі супроць Аўстрыі перабежчыкі, што, спаткаўшыся дзе-небудзь у Кіеве ці ў іншым месцы, на пытаныне: «Што ты тут робіш?» весела адказвалі: «Я здраджаю яго імпэратарскай вялікасьці!»

Маёр ведаў з абежнікаў толькі перабежчыкаў і шпегаў, адзін з якіх, от той самы, што цяпер павялі на гаўптвахту, так проста трапіў у ягоныя рукі. Маёр Вольф як чалавек чэсталюбівы ўяўляў сабе ўжо, як пахваліць яго вышэйшае начальства і якую ён атрымае ўзнагароду за сваю пільнасьць, асьцярожнасьць і дбайнасьць.

Не даходзячы яшчэ да гаўптвахты ён быў упэўнены, што пытаньне: «Хто тут гаворыць па-нямецку?» ён зрабіў знарок, бо ўжо з першага погляду гэты палонны здаўся яму падазроным.

Афіцэр, што ішоў поруч з ім, ківаў талавою і заўважыў, што давядзецца данесьці пра тое, што затрымалі гэтага чалавека начальніку гарнізону, каб той накіраваў вінаватага ў вайсковы суд. А дапытваць яго тут-жа на гаўптвахце і павесіць на першым дрэве, як прапануе пан маёр, зусім нельга. Павесіць яго напэўна павесяць, але пасьля суду і паводле закону, а перад яго сьмерцю, магчыма, калі добра дапытаць, знойдуцца спольнікі гэтага нягодніка і ягоныя дапаможнікі. Хто ведае, што тут яшчэ можа выйсьці?

Але маёра Вольфа ахапіла раптам нячуваная ўпартасьць і невядомае яму жаданьне крыві. Ён сказаў, што павесіць гэтага падлюгу зараз-жа, як дапытае, а ўсю адказнасьць за гэта прыме на сябе. Дарэчы, ён можа гэта сабе дазволіць, бо мае там уверсе моцную руку, дык на ўсё начхаць, бо тут справа стаіць зусім, як на фронце. Калі-б гэтага чалавека затрымалі адразу-ж на першай лініі акопаў, яго-б таксама дапытвалі і тут-жа павесілі. Апроч таго, пану капітану напэўна вядома, што кожнаму начальніку асобнае часткі ў чыне ня ніжэй за капітана дазваляецца ў раёне вайсковага дзеяньня вешаць усіх падазроных асоб.

Праўда, тут маёр Вольф крышку памыляўся ў гэтай гутарцы пра права вешаць. Ва Ўсходняй Галіччыне гэтае права, што бліжэй да фронту, то мелі ўсё больш нізкія чыны. Быў таксама выпадак, што начальнік патруля, капрал, загадаў павесіць дванаццацігадовага хлопчыка, што здаўся падазроным таму, што ён варыў сабе ў пакінутай вёсцы ў напаўзруйнаванай хатцы бульбу.

Спрэчка ў маёра з капітанам разгаралася.

— Вы ня маеце права, — узбуджана даводзіў капітан. — Вешаць мае права толькі вайсковы суд.

— Глупства, мы яго і бяз суду найлепш павесім, — шыпеў маёр.

Швэйк, што ішоў крышку наперадзе ад абодвых афіцэраў і чуў усю гэту цікавую гутарку, зьвярнуўся да сваіх канвойных:

— Ці кіем, ці палкай! Ці савой аб пень, ці пнём аб саву, — адна трасца! От у нас у карчме на Завадзільцы ў Лібзне таксама паспрачаліся, хто лепш выганіць вон нейкага Вашака, што заўсёды любіў паскандаліць: ці адразу лепш яго выправадзіць, як толькі ён пакажацца ў дзьвярох, ці пасьля таго, як папросіць сабе куфаль піва, заплаціць за яго і вып’е, ці калі станцуе першую польку. А гаспадар хацеў, каб яго вывелі пасьля таго, як ён разгаворыцца і больш вып’е, от тады і прымусіць яго плаціць, а пасьля адразу і ў каршэнь… А ведаеце, што той паганец зрабіў з імі? Узяў дый ня прышоў. Што вы на гэта скажаце?

Абодва салдаты, што былі родам аднекуль з Тыроля, у адзін голас адказалі:

— Не разумею па-чэску.

— Ну, а па-нямецку вы разумееце? — спакойна спытаўся Швэйк.

— А як-жа?!

— От гэта добра, — сказаў Швэйк. — У такім выпадку вы хоць у сваіх землякоў ня згубіцеся.

З гэтакімі прыемнымі гутарачкамі ўся кампанія прышла на гаўптвахту, дзе маёр Вольф далей дэбатаваў з капітанам пра лёс Швэйка, а сам Швэйк ціха расьсеўся на столачку.

Нарэшце ўсё-ж маёр згадзіўся з думкаю капітана, што гэты чалавек павінен быць павешан толькі пасьля доўгае процэдуры, якую так ласкава называюць: «Судовы прыгавор».

Калі-ж папыталіся Швэйка, якое думкі ён пра ўсё гэтае, дык ён упэўнена адказаў:

— Мне вельмі няпрыемна, пане маёр, бо маеце большы чын, як пан капітан, але мае рацыю пан капітан. Справа ў тым, што заўсёды бывае так: сьпех людзям на сьмех. От, напрыклад, у акруговым судзе ў Празе звар’яцеў раз адзін судзьдзя. Доўга нічога не заўважалі, пакуль яго вар’яцтва ня выявілася на паседжаньні суду па справе аб зьнявазе. Нейкі Знаменачак, спаткаўшы на вуліцы ксяндза Хорціка, што на лекцыях закону божага надаваў яго сынку па карку, стаў лаяцца: «Халера, зараза, ідыёт, сьвіньня, сукін сын, поскудзь, дурань!» Ну, а гэты судзьдзя быў вельмі набожны чалавек. У яго было тры сястры і ўсе яны служылі кухаркамі ў ксяндзоў, а ён быў хрышчоным бацькам усіх іх дзяцей. І от гэта на яго так уплыло, што ён раптам страціў розум і закрычаў на падсуднага: Імем яго імпэратарскае і каралеўскае вялікасьці прысуджаю да пакараньня сьмерцю на шыбеніцу. Прыгавар ня мае права апэляцыі. Пане Хорачэк, — зьвярнуўся ён да судовага прыстава, — вазьмеце от гэтага пана і павесьце яго там, ведаеце, дзе выбіваюць дываны, а пасьля прыдзеце да мяне, я дам вам на чарку». Зразумела пан Знаменачак разам з судовым прыставам стаялі, як укапаныя, але судзьдзя тупаў нагамі і крычаў: «Ці будзеце вы мяне слухаць?» Тады судовы прыстаў так перапужаўся, што пацягнуў ужо пана Знаменачака ўніз і каб не абаронца, што замяшаўся ў гэту справу і выклікаў хуткую дапамогу, дык я і ня ведаю, чым-бы ўсё гэта з панам Знаменачакам скончылася. А калі пана судзьдзю ўводзілі ў карэту хуткае дапамогі, ён усё яшчэ крычаў: «Калі вы ня знойдзеце вяроўкі, дык павесьце яго на ручніку… Мы пасьля ў канцы году разьлічымся з вамі». Швэйка, пасьля таго, як ён падпісаў складзены маёрам Вольфам протокол, адвялі пад канвоем да начальніка гарнізону. У протоколе гаварылася, што Швэйк, служачы ў аўстрыйскім войску, сьвядома і без усялякае дапамогі з боку, апрануў расійскую вайсковую форму, у якой яго і затрымала палёвая жандармерыя за лініяй фронту пасьля адыходу расейцаў. Усё гэта было сьвятая праўда і Швэйк, як праўдзівы чалавек, ня мог супроць гэтага пярэчыць. Калі-ж ён спрабаваў у часе пісаньня протоколу дадаць што-небудзь ад сябе, што магло-б больш высьветліць становішча, дык пачуўся крык пана маёра:

— Маўчы! Пра гэта я цябе ня пытаюся. Справа ясная.

Тады кожны раз Швэйк казыраў і казаў:

— Слухаю, я маўчу і, дазвольце паведаміць, справа ясная.

Пасьля таго, як Швэйка прывялі ў штаб крэпасьці, яго заперлі ў нейкую яму, што раней была складам харчоў і месцам разводу мышэй. На падлозе яшчэ ўсюды быў рассыпан рыс, а мышы зусім не баяліся чалавека і весела бегалі ўзад і наперад, падбіраючы рыс. Швэйку прынесьлі напханы саломаю сяньнік. Прывыкнуўшы да цемрадзі, ён заўважыў, што ў гэты сяньнік зараз-жа перасялілася цэлая мышыная фамілія. Ня было сумліву, што яна хацела зьвіць сабе гняздо ў астачы былое велічы — у старым аўстрыйскім саламяным сяньніку вайсковага ўзору. Швэйк пачаў барабаніць кулакамі ў дзьверы. Прышоў якісьці капрал, паляк, і Швэйк запатрабаваў, каб яго перавялі ў другое памяшканьне, бо ў іншым выпадку ён мог падушыць мышэй у сваім сяньніку і, такім чынам, зрабіць дзяржаве страту, бо ўсё, што знахлдзіцца ў провіянцкім магазыне вайсковага ведамства належыць дзяржаве.

Паляк зразумеў Швэйка толькі напалову, а таму прыгразіў яму перад зачыненымі дзьвярыма кулаком, прамармытаў некую лянку, не забыўшыся згадаць халеру, і адышоўся, мармочучы штосьці пад нос, нібы Швэйк яго нямаведама як абразіў. Ноч вязень праспаў даволі спакойна, бо мышы не прад’яўлялі да яго ніякіх запатрабаваньняў, выконваючы, відаць, сваю начную програму ў складзе вайсковых рэчаў, наладаваным салдацкімі шынэлямі і шапкамі, якія яны грызьлі без усялякага сораму. Інтэнданцтва схапілася толькі праз год і завяло дзяржаўных катоў на сваіх складах. Каты гэтыя (бяз права на пэнсію за выслугу год!) былі адзначаны ў інтэндацтве пад рубрыкаю: «Імпэрска-каралеўскія вайскова-магазынныя каты». Гэта быў стары тытул катоў, што скасавалі пасьля вайны 1866 году. Цяпер ізноў пачалі яго ўжываць.

У старыя часы, яшчэ за Марыяй-Тэрэзіяй, таксама садзілі катоў у вайсковыя склады, калі паны інтэнданты прабавалі злажыць усю адказнасьць за тое, што яны кралі, на ні ў чым невінаватых мышэй.

Але гэтыя дзяржаўныя каты часта былі не на вышыні свайго становішча, і такім чынам здарылася, што за імпэратарам Леопольдам, паводле прыгавору вайсковага суду, шэсьць катоў, што прыкомандыравалі да інтэнданцкага складу на Пагажэльцы ў Празе, былі за свае грахі павешаны. А я ўпэўнены, што ўсе, хто меў якое-небудзь дачыненьне да гэтага складу, толькі сьмяяліся сабе ў кулак!..


Разам з ранішняю каваю да Швейка ўсунулі нейкага чалавека ў расійскай форме і расійска-афіцэрскім шынэлі.

Гэты чалавек гаварыў па-чэску з польскім акцэнтам. Гэта была адна з тых гадзін, што служылі ў кожнай вайсковай часьці ў Пярэмышлі з мэтаю контрразьведкі. Ён быў членам вайсковае тайнае поліцыі і нават не пастараўся прыдумаць што-небудзь хітрае, каб спровокаваць Швэйка, а проста сказаў:

— У добрую гісторыю я трапіў толькі таму, што быў неасьцярожны! Я служыў у 28-ым палку, а ў рускіх адразу пачаў працаваць і от як падурному цяпер папаўся. Там, у расейцаў, я згадзіўся ісьці на разьведку. Я служыў у іх у 6-ай дывізіі ў Кіеве. А ты ў якім раайскім палку служыў, таварыш? Здаецца, мы ўжо з табою недзе ў Расіі бачыліся. У мяне ў Кіеве было шмат знаёмых чэхаў, што паехалі разам са мною на фронт, калі я перайшоў на бок расейцаў, але толькі я не магу прыпомніць іх прозьвішчаў і адкуль яны былі родам! Ці ня помніш ты каго-небудзь з іх? З кім ты там больш за ўсё спатыкаўся? Я вельмі хацеў-бы ведаць, хто там яшчэ з нашага 28-га палка.

Замест адказу Швэйк заплапочана прылажыў руку да яго ілба і памацаў у яго пульс. Нарэшце падвёў яго да вакенца і запрапанаваў паказаць язык. Гэты паганец не супярэчыў супроць гэтае процэдуры, бо, магчыма, думаў, што ён зьяўляецца ўмоўным знакам між змоўшчыкамі. Пасьля Швэйк пачаў барабаніць у дзьверы, і калі зьявіўся вартаўнік ды спытаўся, чаму так шумна, ён загадаў па-чэску і па-нямецку, каб зараз-жа прыслалі доктара, бо чалавек, што да яго пасадзілі, звар’яцеў.

Але і гэта не дапамагло і гэтага чалавека не адразу вывелі. Ён застаўся спакойна сядзець і далей вярзці нейкія дурніцы пра Кіеў, нібы-та ён на свае вочы бачыў там Швэйка, як той ішоў з расійскімі салдатамі.

— Паслухайце, — сказаў яму на гэта Швэйк, — вы, напэўна, абпіліся балотнае вады, як у нас зрабіў гэта няшчасны Тынецкі, што быў зусім нормальным чалавекам, пакуль аднаго разу ня выбраўся ў падарожжа ды ня трапіў у Італію. Дык от той таксама ні пра што іншае не гаварыў, як пра гэту Італію, і што там наогул адна балотная вада і няма нічога годнага на ўвагу. І што ад гэтае балотнае вады яго схапіла трасца. Яна трэсла яго чатыры разы на год: на ўсе сьвятыя, на сьвятога Язэпа, на Пятра і Паўла і на пакровы. І от, як схопіць яна, бывала, яго, дык ён усіх людзей, зусім чужых і незнаёмых, пачынае пазнаваць ну зусім, як вы мяне. От, напрыклад, пачынае з чужым чалавекам гутарку ў трамваі, што нібыта яны знаёмыя, што яны спатыкаліся ў Вене на вагзале. І з усімі людзьмі, што яму трапляліся на вуліцы, ён пазнаёміўся ці на вагзале ў Мілане, а часам у Вене, або піў разам з імі ў вінным паграбку пад ратушай у Грацы. А калі ў гэты час, што трэсла яго ліхаманка, здаралася яму зайсьці ў рэсторан, дык ён пазнаваў адразу ўсіх, хто там быў. Нібыта бачыў усіх іх на параходзіку, у якім ён езьдзіў у Вэнэцыю. І супроць гэтага ня было ніякае парады, акрамя таго, што выпрабаваў адзін санітар у Праскім жоўтым доме. Пад доглядам гэтага санітара быў адзін хворы, што праз цэлыя дні не рабіў нічога іншага, а сядзеў, скурчыўшыся, у куточку і лічыў: «Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсьць», ды зноў спачатку: «Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсьць». Гэта быў нейкі профэсар. Ну наш санітар ледзь ня лопнуў ад злосьці, калі пераканаўся, што гэты вар’ят ня можа лічыць далей за шэсьць. Перш ён хацеў угаварыць яго ціха, ладам, каб той сказаў: «Сем, восем, дзевяць, дзесяць». Але — дзе там. Профэсар не бярэ на гэтае ніякае ўвагі. Сядзіць сабе ў куточку і лічыць: «Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсьць». Тады санітар як раззлуешца ды як падскочыць да свайго хворага і, як той сказаў: «шэсьць!», калі стукне яму поўху. «От табе сем, — крыкнуў ён, — а от табе восем, а от табе дзевяць, а от табе дзесяць!» і ўсё яму: поўху, поўху! Профэсар схапіў сябе за голаву ды як завые: «Дзе гэта я?» Ну, а як яму сказалі, што ён у вар’яцкім доме, дык той адразу прыгадаў, што ён трапіў сюды праз нейкую комэту, што, як ён вылічыў, павінна была зьявіцца праз год, 18 чэрвеня, у шэсьць гадзін раніцою, а яму давялі, што гэта ягоная комэта згарэла шмат мільёнаў гадоў назад. Санітара гэтага я добра ведаю. А профэсар, як зусім ачуняў і выпісаўся з больніцы, узяў яго да сябе за камэрдынэра. І толькі было ў яго справы кожную раніцу даваць пану профэсору па чатыры аплявухі, што ён і выконваў добрасумленна і акуратна.

— Я ведаю ўсіх вашых знаёмых у Кіеве, — далей блюзьніў агент контрразведкі. — Скажэце, з вамі быў там адзін такі тоўсьценькі, а пасьля такі худы-худы? От ніяк не магу прыпомніць, як яго звалі і з якога ён палка…

— Ды ня вельмі сумуйце, — пацяшаў яго Швэйк, — гэта можа з кожным здарыцца. Дзе-ж чалавеку помніць, як завуць там усіх тоўсьценькіх або тонкіх. Яно, вядома, худых помніць яшчэ цяжэй, чым тоўстых, бо большая частка людзей на сьвеце тонкія. Яны, так сказаць, складаюць большасьць.

— Камрад, — адазваўся з жальбою ў голасе провокатар, — чаму вы ня хочаце даверыцца мне? Нас-жа ўсяроўна чакае адзін лёс.

— На тое мы і салдаты, — абыякава прамовіў Швэйк. — На тое і радзілі нас нашыя маткі, каб нас потым, як апрануць у вайсковую форму, пасеклі на кавалачкі, і мы ахвоча згаджаемся на гэта, бо ведаем, што нашы косьці ня дарам будуць гнісьці. Мы пакладзем свае галовы на гонар яго вялікасьці, нашага імпэратара і яго фаміліі, якому мы заваявалі Герцэговіну. Нашы косьці стаўкуць на парашок. Гэта тлумачыў нам ужо некалькі год назад пан паручык Цымэр. «Паганцы, — казаў ён нам, — сьвіньні паросныя, дурні, таўкачы, ня ведаеце, дзе правая нага, дзе левая, нібыта вам ўсёадно, нібыта яны і цаны ня маюць. А ці ведаеце вы, паганцы, што калі вас заб’юць на вайне, дык з вашых касьцей зробяць паўкілё парашку, і пасьля на цукраварні будуць фільтраваць праз вас, ідыёты, цукер? Вам і ня сьніцца нават, якімі вы будзеце карыснымі вашым патомкам яшчэ і пасьля сьмерці. А вашыя дзеці будуць піць каву з цукрам, што будзе прафільтраваны праз вашы рэшткі». Я аднаго разу задумаўся. Ён на мяне так і накінуўся, чаго гэта я задумаўся. «Я гэта таму, дазвольце паведаміць, кажу я, — задумаўся, што парашок з паноў афіцэраў будзе каштаваль куды даражэй, як з простых салдатаў». Ну, пасьля гэтага ён мне, вядома, даў тры дні строгага карцару.

Компаньён Швэйка пастукаў у дзьверы і пра штосьці пашаптаўся з вартаўніком, які крыкнуў слоў колькі ў канцылярыю.

Хутка пасьля таго зьявіўся фэльдфэбэль і вывеў швэйкавата компаньёна.

Калі гэты гад выходзіў, ён голасна сказаў фэльдфэбэлю, паказваючы на Швэйка:

— Я яго ведаю. Гэта мой стары знаёмы з Кіева.

Праз цэлую пору Швэйк быў адзін, калі ня лічыць тых хвілін, як яму прыносілі ежу.

Уначы ён пераканаўся, што расійскі салдацкі шынэль большы і цяплейшы, як аўстрыйскі, і што зусім ужо ня так няпрыемна, калі мыш абнюхвае вуха чалавека, што возьме задрэмле. Швэйку здалося, што мыш шэпча яму штосьці пяшчотнае. Гэта цягнулася да таго часу, пакуль яго ўдосьвітку не разбудзілі і кудысьці не павялі.

Цяпер у яго зусім вылецела з памяці, што за трыбунал быў гэта, куды яго тае нешчасьлівае раніцы прывялі. Аднак нельга было сумнявацца, што гэта быў палявы суд. Ягонымі членамі былі: нейкі генэрал, пасьля палкоўнік, маёр, паручык, падпаручык, фэльдфэбэль і радавы пяхотнага палка, што нічога, патом, не рабіў, толькі падаваў запалкі іншым членам суду.

Швэйка дапытвалі нядоўга.

Больш за ўсіх выявіў цікавасьці да падсуднага маёр, бо ён гаварыў па-чэску.

— Вы здрадзілі яго імпэратарскай вялікасьці! — закрычаў ён на Швэйка.

— Езус-Марыя, калі-ж гэта? — зьдзівіўся Швэйк. — І як я мог здрадзіць яго імпэратарскай вялікасьці, нашаму каханаму монарху, за якога я ўжо столькі выцерпеў?

— Кіньце вашы жарты! — крыкнуў маёр.

— Але, пане маёр, адважуся паведаміць, што гэта ня жарты: здрадзіць яго імпэратарскай вялікасьці. Мы, вайсковыя, прысягалі нашаму імпэратару служыць вераю і праўдай, і гэту прысягу, як пяюць у тэатры, я, як верны раб, не парушаю.

— Вось тут, — сказаў маёр і паказаў на таўстую справу ў вокладках, — у нас сабраны ўсе доказы, што вы вінаваты.

Гэтыя «доказы» амаль цалкам даў суб’ект, што пасадзілі былі да Швэйка.

— Значыць, вы ня хочаце прызнавацца? — спытаў маёр. — Вы-ж самі пацьвердзілі, што, будучы на службе ў аўстрыйскай арміі, вы добрахвотна апранулі на сябе расійскую вайсковую форму. Таму я вас апошні раз пытаюся: што павяло вас на гэткі ўчынак?

— Я зрабіў гэта з уласнае добрае волі.

— Зусім добраахвотна?

— Зусім добраахвотна.

— Без усялякае прынукі з боку?

— Без усялякае прынукі.

— Вы ведаеце, што вы прапалі?

— Так, ведаю. У 91-ым пяхотным мяне ўжо напэўна даўно шукаюць, а толькі, дазвольце, пане маёр, расказаць, што можа трапіцца, калі чалавек добраахвотна адзене чужое ўбраньне. У 1908 годзе, у ліпені, пераплётчык Божэтэх, з Доўгае вуліцы ў Празе захацеў неяк пакупацца ў Бэроўне. Ну, от ён распрануўся, палажыў сваё адзеньне пад вербалозам і быў вельмі задаволены, кал ў вадзе да яго далучыўся яшчэ адзін пан. Вядома, слова да слова — пазнаёміліся, пачалі плюскацца, пырскацца ды так і правялі час да самага вечару. Пасля гэты чужы чалавек першы вылез з вады, бо, казаў ён, пара вячэраць. А пан Божэтэх яшчэ крышачку застаўся пасядзець, а як таксама сабраўся выходзіць, дык убачыў, што няма яго адзеньня, а замест яго знайшоў нейкія лахманы, што носяць толькі валацугі, і да іх была прышпілена пісулька: «Я доўга быў ня ўпэўнен, што мне рабіць. Таму што мы так міла правялі час у вадзе, дык я сарваў кветку рамону і загадаў: так ці не, так, ці не. Апошні пялёстак, што я сарваў, вышаў — «так!» Таму я і памяняўся з вамі на адзеньне. Вы ня бойцеся апрануць на сябе маё рызьзё. Вошай у ім няма, бо яно толькі на тым тыдні было ў дэзынфэкцыі ў Добжычы. А другім разам вы лепш глядзіце, з кім купаецеся. У вадзе, вядома, кожны чалавек выглядае, як дэпутат, а, між іншым, ён, магчыма, забойца ці бандыт. От, вы таксама не пацікавіліся з кім купаецеся, а толькі думалі пра купаньне. Што-ж, цяпер пад вечар вада самая прыемная. Ускочце ў яе яшчэ разок, каб вам крышку схамянуцца».

— Ну, пану Божэтэху нічога іншага ня засталося рабіць, як пачакаць, калі зьмеркнецца, — казаў далей Швэйк. — Тады ён насунуў на сябе лахманы валацугі і падыбаў у Прагу. Абходзячы гасьцінец, ён стараўся прайсьці палёвымі дарожкамі і, вядома, наскочыў на жандарскі патруль. І яго тыя забралі як валацугу, а на другі дзень раніцою прывялі ў суд, у Збраслаў, бо ўсякі мог назваць сябе Язэпам Божэтэхам, пераплётчыкам з Доўгае вуліцы, № 16, у Празе.

Сакратар суду, што вельмі мала разумеў па-чэску, падумаў, што падсудны паказвае адрас свайго супольніка і таму перапытаў яго:

— Гэта дакладны адраз: Прага, № 16, Язэп Божэтэх?

— Ці ён жыве там і цяпер, я ня ведаю, — адказаў Швэйк, — але тады, у 1908 годзе, ён бязумоўна жыў там, ён вельмі нядрэнна пераплятаў кніжкі, але толькі вельмі затрымліваў іх, таму што ён перш прачытае іх, а потым ужо робіць пераплёт згодна са зьместам. Напрыклад, калі ён даваў у кнізе чорную сьпінку, дык ня трэба было і чытаць яе, бо адразу было зразумела, што роман скончыцца вельмі сумна. Магчыма, вам патрэбна яшчэ якія падрабязкі? Дык от, каб не забыцца: ён кожны дзень сядзеў у рэсторане: «На рагу» і апавядаў зьмест усіх кніг, што давалі яму пераплятаць.

Маёр падышоў да сакратара і штосьші шапнуў яму на вуха, пасьля чаго той замазаў у протоколе адрас нібы змоўшчыка Божэтэха.

Паседжаньне суду пад старшынствам генэрала Фінка фон-Фінкенштэйна цягнулася далей.

Падобна да таго, як у некаторых людзей бывае манія зьбіраць скрыначкі ад запалак, так у гэтага генэрала была манія назначаць вайскова-палявыя суды, хоць гэта, у большасьці выпадкаў, супярэчыла законам вайсковага судоўніцтва. Гэты пан любіў паўтараць, што яму ня трэба аўдытара, што ён сам прызначае склад суду і што паганец павінен быць праз тры гадзіны на шыбеніцы. І, пакуль гэты генэрал быў на фронце, палявому суду заўсёды ставала працы.

Як іншага чалавека цягне штодня пайграць у шахматы, кеглі або карты, так і гэтага адважнага ваяку цягнула да палявога суду: ён кожны дзень быў яго старшынёю і з вялікаю сур’ёзнасьцю і радасьцю абвяшчаў падсуднаму шах і мат.

Аддаючы даніну сантымэнтальнасьці, варта было-б адзначыць, што на сумленьні гэтага чалавека быў не адзін дзесятак людзей, асабліва на ўсходнім фронце, дзе яму, паводле яго словаў, даводзілася змагацца з вялікарускаю прапагандаю сярод галічанаў. Але ў чалавека бяз сумленьня няўжо можа быць што-небудзь на сумленьні?

Справа ў тым, што ў яго сапраўды ня было сумленьня. Загадаўшы павесіць якога-небудзь настаўніка, настаўніцу, папа або цэлую сям’ю (вядома, па загаду ваенна-палявога суду!), ён спакойна вяртаўся ў сваю палатку, як азартны ігрок у брыдж вяртаецца з гасьцей і ўспамінае, як ён дубляваў і як контрпартнэры рэдублявалі, а ён абвясьціў «брыдж», і як ён выйграў у гульню і запісаў за онэры і ўзяткі і к робэру… Ён лічыў, што павесіць, гэта штосьці простае і натуральнае, штосьці падобнае да штодзеннага хлеба, і часта забываўся, выносячы прыгавар, прачытаць сакрамэнтальную формулу: «Паводле загаду яго імпэратарскае вялікасьці… суд… прыгаварыў… да кары сьмерцю праз павешаныне», а проста абвяшчаў: — Я прыгаворваю, каб вас павесілі.

Часамі ён знаходзіў у працэсе вешаньня нават комічны бок, праз што пісаў сваёй жонцы у Вену… «і ты, мая любая, ня можаш сабе, напрыклад, уявіць, як я сьмяяўся, калі гэтымі днямі прыгаварыў павесіць за шпігоўства аднаго настаўніка… У мяне ёсьць на гэтыя рэчы вельмі спрактыкаваны з вялікаю практыкаю фэльдфэбэль, што займаецца гэтымі справамі дзеля спорту. Я быў якраз дома, у палатцы, як гэты фэльдфэбэль зьявіўся і запытаўся, дзе яму павесіць прысуджанага настаўніка. Я яму кажу: на бліжэйшым дрэве. І от уяві сабе комізм такога становішча! Мы былі ў стэпе, дзе шмат міль наўкола нас толькі адна трава і ніводнага дрэўца. Ну што-ж, мой загад ёсьць загад, дык мой фэльдфэбэль узяў настаўніка і некалькі чалавек канвою і паехаў шукаць якога-небудзь дрэва, вярнуліся яны толькі пад вечар і разам з настаўнікам. Падыходзіць да мяне фэльдфэбэль і пытаецца зноў: на чым павесіць настаўніка? Я яго вылаяў, бо мой загад быў ясны: на бліжэйшым дрэве. Ну, адлажылі гэтую справу да раніцы, а раніцою зьяўляецца мой фэльдфэбэль да мяне белы, як палатно, і дакладвае, што настаўнік ўначы уцёк з-пад варты. Мне гэта выдалася такім сьмешным, што я ўсім дараваў, хто яго вартаваў і яшчэ пасьмяяўся, што настаўнік напэўна сам пашоў шукаць сабе адпаведнага дрэва. Дык от бачыш, любая Тэрэза, мы тут ня сумуем. І скажы нашаму сынку, што татка яго моцна цалуе іхутка прышле яму жывога расейца, на якім ён зможа езьдзіць верхам, як на коніку. Ах, от яшчэ, я ўспомніў адзін комічны выпадак, мая любая. Гэтымі днямі мы павесілі аднаго шпэга, яўрэя. Гэты тып трапіўся нам у такім месцы, дзе яму зусім ия было чаго рабіць і прысягаў, што ён толькі прадае папяросы. Такім чынам, яго павесілі, але толькі на некалькі сэкунд, бо абарвалася вяроўка; ён зваліўся, зараз-жа апамятаваўся і пачаў прасіць: «Прашу вас адпусьцеце мяне дахаты, бо вы мяне ўжо раз павесілі, а паводле закону мяне нельга два разы павесіць за адну і тую-ж справу». Я расьсьмяяўся і мы пусьцілі гэтага яўрэя. Так, любая, у нас жывецца весела…»

Калі генэрала Фінка прызначылі за начальніка гарнізону Пярэмышля, ён ня меў такіх частых выпадкаў забаўлянца вешаньнем, таму ён з радасьцю ўхапіўся за справу Швэйка.

Такім чынам, Швэйк стаяў перад гэтым тыграм у асобе чалавека, што, седзячы за доўгім сталом, курыў адна за аднэю папяросы і слухаў развагі нашага добрага ваякі, якія яму тут-жа перакладаліся на нямецкую мову.

Маёр запрапанаваў тэлеграфна запытацца ў брыгадзе, дзе знаходзіцца 11-ая маршавгая рота 91-га палка, у лік салдат якое ўваходзіць, паводле яго ўласных слоў, і падсудны.

Генерал пачаў супярэчыць і даводзіць, што гэткае адцягваньне справы зводзіць да нічога вайскова-палявыя суды і самы сэнс гэтае інстытуцыі. А ў справе мы маем, што падсудны сам ва ўсім прызнаўся, прызнаўся, што ён апрануў расійскую вайсковую форму, а пасьля ёсьць вельмі важныя паказаньні сьведкі, што падсудны быў у Кіеве. Таму ён як старшыня прапануе пайсьці на нараду. Пасьля нарады прыгавар можа быць зараз-жа абвешчаны і выкананы.

Аднак маёр настойваў устанавіць асобу падсуднага, бо ўся гэтая справа на яго думку мае вялізарнае політычнае значэньне. Калі яны ўстановяць, што гэта за асоба, тады няцяжка будзе вылавіць і ўсіх, хто дапамагаў гэтаму нягодніку.

Маёр, відаць, быў вялікі рамантык, што любіў лятуцець. Ён казаў яшчэ пра тое, што менавіта трэба шукаць нейкія ніці і што мала адаслаць на той сьвет аднаго толькі чалавека, бо кара сьмерцю зьяўляецца толькі вынікам папярэдняга следзтва, якое нізаводня дасьць поўны малюнак, які… і ніці, якія…

Ён так і ня мог вылезьці з гэтых «ніцяй», але ўсе яго зразумелі і на знак згоды заківалі галовамі і нават сам генэрал, каму маёравы «ніці» асабліва падабаліся, як ён уявіў сабе, колькі на іх канцох завісьне новых вайскова-палявых судоў. Таму ён больш не пярэчыў і загадаў, каб пазванілі ў брыгаду, ці сапраўды ў складзе 91-га пяхотнага палка лічыцца ордынарац Язэп Швэйк і калі і ў якіх абставінах ён перайшоў на бок расейцаў.

На працягу ўсіх гэтых перагавораў, Швэйка вартавалі ў калідоры два штыхі; пасьля яго ізноў паклікалі і яшчэ раз спыталіся, якога ён палка. Нарэшце яго адвялі ў гарнізонную турму.


Як генэрал Фінк вярнуўся дадому пасьля гэтага паседжаньня палявога суду, што скончылася без усялякіх вынікаў, ён лёг на канапу і задумаўся, як-бы паскорыць справу.

Ён цьвёрда быў упэўнен, што адказ атрымае зараз-жа, але усё-ж ня так хутка, як гэта рабілася ў вайскова-палявых судох; акрамя таго, наперадзе была яшчэ процэдура духовае ўцехі прысуджанага, што дарма толькі адцягвала самую кару на цэлых дзьве гадзіны.

— Усёроўна, — разважаў генэрал Фінк, — мы можам зараз, каб не марнаваць часу, даць яму духоўную ўцеху і да таго, як будзе вынесен прыгавор. Як-бы там ні было, а ён будзе вісець.

Генэрал Фінк загадаў паклікаць фэльдкурата Мартынеца.

Гэта быў няшчасны катэхэт з Моравіі. У яго начальнік ксёндз быў такім гадам, што ён наважыў лепш уцячы на вайсковую службу. Ён быў чалавекам шчырае веры і з жалем успамінаў свайго духовага айца, што павольна, але напэўна ішоў да загубы свае ўласнае душы, бо піў сьлівавіцу, як шавец, а неяк уночы гвалтам зацягнуў да яго, нявіннага, у пасьцель маладую цыганку з табару, што папаў, як п’яны вяртаўся з карчмы.

Фэльдкурат Мартынец думаў, што ў войску на полі бойкі ён адпакутуе і сваю віну і за свайго няшчаснага ксяндза, што, як позна вяртаўся дахаты, меў звычай будзіць яго і прыставаць:

— Эх, браток, браток! Мне-б цяпер толькі здаровую бабу і больш мне нічога на сьвеце ня трэба!

Але надзеі Мартынеца ня збыліся. Яго пераводзілі з гарнізону ў гарнізон, дзе ён ня меў ніякае іншае работы, як толькі раз на два тыдні чытаць казаньне ў гарнізонным касьцёле салдатам і ратаваць сваю душу ад спакусы, што выходзіла з афіцэрскага сабраньня, дзе можна было пачуць такія гутаркі, што развагі яго былога начальства пра здаровую бабу здаваліся ў параўнаньні з імі малітваю анёла-абаронцу.

Да генэрала Фінка яго звычайна клікалі пад час вялікіх вайсковых опэрацый, як трэба было адсьвяткаваць якую перамогу аўстрыйскае арміі; у такіх выпадках генэрал Фінк з такою самаю любасьцю, як вешаў, наладжваў малебны.

Генэрал Фінк быў такім аўстрыйскім патрыётам, што пра перамогу нямецкае, турэцкае або баўгарскае зброі ён не маліўся. А калі немцы атрымлівалі перамогу над французамі або ангельцамі, ён гэтыя выпадкі абыходзіў зусім моўчкі.

Затое нязначная сутычка аўстрыйскіх разьведчыкаў з расійскім патрулём, з якое штаб рабіў вялізную мыльную бурбалку паражэньня ўсяе расійскае арміі, давала генэралу Фінку прычыну да ўрачыстае імшы, так што ў няшчаснага фэльдкурата Мартынеца атрымлівалася ўяўленьне, нібыта генэрал Фінк зьяўляецца таксама і шэфам каталіцкае царквы ў Пярэмышлі.

Генэрал Фінк ладзіў цырамонію такой службы. Часьцей за ўсё, паводле прыкладу службы ў дзень божага цела, у яго быў звычай пасьля таго, як падымалі сьвятыя дары, вылецець наўзавады на кані на пляц да самага алтара і тройчы крыкнуць: «Гура, гура, гура!»

Фэльдкурат Мартынец, душа чыстая і пэўная, перш ня вельмі ахвоча хадзіў да генэрала Фінка. Той, скончыўшы з загадамі па гарнізону, звычайна казаў наліць сабе чаго больш моцнага і пачынаў расказваць самыя новыя анэкдоты з ідыёцкіх кніжачак, што выдавала рэдакцыя аднае гумарыстычнае часопісі знарок дзеля вайсковых. У яго была цэлая бібліотэчка гэткіх кніжачак з самымі дзікімі назвамі. Каб было весялей, ён пачынаў сьпяваць удалую песьню з салдацкага песельніка і не забываўся ўвесь час старанна падліваць фэльдкурату і ўгаворваць яго, каб той выпіў і сьпеў што-небудзь у два галасы разам з ім. Пасьля ён пачынаў гаварыць няпрыстойнасьці і бедны фэльдкурат, на вялікі свой жаль, мог пераканацца, што ён зусім ня ўступае мораўскаму ксяндзу.

Фэльдкурат Мартынец з жахам заўважваў, што ён этычна спускаецца ўсё ніжэй і ніжэй, чым часьцей сустракаецца з генэралам Фінкам.

Няшчаснаму пачалі падабацца лікёры, якімі частаваў яго генэрал. Ён пачаў з большай літасьцю ставіцца да гутарак генэрала. У яго зьявілася нейкая зусім дзікая фантазія, а п’ючы кантушоўку, гарэлку, настоеную на ялаўцы, і стары польскі мёд у сівых ад павуціньня бутэльках, ён забываўся пра бога, а паміж радкоў ягонага маліцьвеньніка скакалі перад ім жанчыны з генэральскіх анэкдотаў. Адным словам, агіда да выпіўкі з генэралам паволі трацілася.

Генэралу таксама падабаўся фэльдкурат Мартынец, што спачатку яму здаваўся нейкім сьвятым Ігнатам Лёёлам, але цяпер паволі зжываўся з вакольным народам.

Неяк раз генэрал запрасіў да сябе двух міласэрдных сясьцёр з палявога лазарэту, што менавіта там зусім не працавалі, а былі толькі прыпісаны да яго і атрымлівалі пэнсію там, павялічваючы свае прыбыткі простытуцыяй, як гэта было вельмі распаўсюджана ў той цяжкі час. Ён загадаў паклікаць і фэльдкурата Мартынеца, у якога тады ўжо грэх запусьціў глыбока кіпці, і наладзіў з ім дзікую оргію… Пасьля фэльдкурат Мартынец доўга дакараў сябе за свае цяжкія правіны, чаго ня мог паправіць у тую ноч нават тым, што па дарозе дахаты цераз парк, памыліўшыся, горача памаліўся перад статуяй былога падрадчыка, а пасьля бургамістра гораду Пярэмышлю пана Грабоўскага, што ў васьмідзесятых гадох карыстаўся вялікаю популярнасьцю.

Толькі цяжкія крокі патруля парушылі яго праніклівыя словы:

— О божа, ня судзі раба твайго, бо ня знойдзецца ніводнага чалавека перад тваім абліччам, калі ня зьлітуешся ты і не даруеш яму яго грэхі. Няхай будзе твая сьвятая воля ня надта суровая. Прашу твае дапамогі я і ў твае рукі аддаю дух свой.

З таго часу ён разоў колькі прабаваў, як яго клікалі да генэрала Фінка, зрачыся ўсіх забаваў сьвету, кажучы, што ён мае вольнасьць і яму баліць жывот. Такую ману ён дазваляў сабе ў імя збавеньня, каб яго душа магла ўнікнуць пекла, бо з другога боку ён лічыў, што па моцы вайсковае дысцыпліны які-небудзь фэльдкурат, калі генэрал загадвае яму выпіць, павінен не пярэчачы выканаць загад, хоць з павагі да большага чыну.

Праўда, часам яму гэта не ўдавалася, асабліва тады, калі генэрал пасьля ўрачыстае богаслужбы наладжваў яшчэ больш урачыстыя баляваньні за рахунак дзяржавы. У такіх выпадках грошы бралі проста з гарнізоннае касы ці адкуль даводзілася, і фэльдкурат дакладна ўяўляў сабе, як ён усё больш і больш духова зьніжаецца, як усё больш абнімае яго грэх.

Ён хадзіў, як у тумане, і, трацячы ў гэтым хаосе веры ў бога, пачынаў сур’ёзна думаць пра тое, ці не пачаць яму кожны дзень самога сябе лупцаваць бізунамі.

От у такім настроі ён зьявіўся на апошняе запрашэньне генэрала, што ўвесь зазьзяў, устаўшы яму насустрач.

— А вы ўжо чулі, — захоплена крыкнуў ён, — пра мой вайскова-палявы суд? Мы зьбіраемся даведацца аднаго вашага земляка.

Пры слове «зямляк» фэльдкурат з немым докарам зірнуў на генэрала. Ужо ня раз ён рашуча протэставаў супроць таго, што яго маюць за чэха, і ня раз тлумачыў, што ў яго мораўскай парафіі жыхары дзяліліся на дзьве паловы — адна нямецкая, адна чэская і што яму часта даводзілася гаварыць казаньні аднае нядзелі чэхам, а другое немцам. А таму, што чэхі ня мелі чэскае школы, а была нямецкая, дык ён у абедзьвюх вобшчынах выкладаў на нямецкай мове. От чаму ён ніяк ня можа быць чэхам. І гэты лёгічны вынік зьявіўся прычынаю пажартаваць аднаму маёру за сталом, што фэльдкурат з Моравіі і што ён чэскі немец, а не нямецкі чэх.

— Ах, выбачайце, — прамовіў генэрал, — я зусім забыўся, што ён ня ваш зямляк. Ён-жа чэх, перабежчык, здраднік, што служыў у расейцаў і напэўна будзе павешан. Цяпер мы каб выканаць праформу, высьвятляем ягоную асобу, але гэта нічога. Вісець яму ўсяроўна давядзецца, адно толькі атрымаем тэлеграфны адказ.

Пасадзіўшы фэльдкурата поруч з сабою на канапе, генэрал весела казаў далей:

— Калі ў мяне прызначан вайскова-палявы суд, дык ўсё павінна адказваць хуткасьці гэткага суду. Гэткі мой прынцып. Калі я на самым пачатку вайны быў яшчэ ў Львове, мне ўдалося пакіраваць адну справу так, што праз тры хвіліны пасьля таго, як быў прачытаны прыгавор, падсудны вісеў ўжо на вяроўцы. Праўда, гэта быў яўрэй, але і аднаго русіна мы павесілі праз пяць хвілін пасьля нашае нарады.

Генэрал добрадушна расьсьмяяўся.

— І, ведаеце, у абодвых выпадках не патрэбна была духовая ўцеха. Яўрэй быў рабінам, а русін — папом. Праўда, у нашым сёнешнім выпадку справа крыху іншая, бо тут давядзецца павесіць каталіка. Але, каб не марудзічь справы, я прыдумаў цудоўную рэч: вы дасьцё яму гэту духовую ўцеху наперад. Менавіта, каб не зацягваць справы.

Генэрал пазваніў і загадаў ордынарцу:

— Прынясі там пару з урачайшае батарэі.

І, наліваючы фэльдкурату поўную шклянку, ён ласкава заўважыў:

— І вам не пашкодзіць самому крышку ўцешыцца перад гэтаю духоваю ўцехаю…


У гэтую хвіліну з-за кратаў вакна, дзе сядзеў на столку Швэйк, чулася яго песьня:

Мы адважныя салдаты,
Раз і два, раз і два!
Мы на грошы ўсе багаты,
Раз і два, раз і два!