Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/5/Швэйк вучыцца расійскай мове

Швэйк вучыцца расійскай мове
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
Цярністы шлях
Пераклад: Тодар Кляшторны і Зьмітрок Астапенка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1

ШВЭЙК ВУЧЫЦЦА РАСІЙСКАЙ МОВЕ.

Тая акалічнасьць, што шалёная карова парвала ўсё, што зьвязвала ўдалага ваяку Швэйка з яго імпэратарам, за якога ён праліваў кроў на вайне, не парушыла душэўнай роўнавагі нашага героя.

Пад наглядам расійскага канвою ён ішоў насустрач невядомасьці ў расійскім палоне так спакойна, бесклапотна і даверліва, нібы ён толькі выйшаў купіць сабе сасісак на сьнеданьне.

Ён ані ня дзівіўся таму, што яго пераводзілі з этапу на этап, што заўсёды зьмяняліся вакол яго канвойныя, якія праводзілі яго ўсё далей і далей у глыбіню краіны. Ён браў ад іх хлеб, піў іхны рэдзенькі чай і адказваў на іхнія запытаньні, якіх ён, вядома, не разумеў, ласкавай добрай усьмешкай і прамяністым позіркам сваіх блакітных вачэй.

Яму было нават прыемна, што вакол яго зноў былі адны салдаты, і ён старанна шукаў у іх падабенства да сваіх, знаёмых па батальёне.

Калі аднойчы барадач зьеў на вёсцы цэлую булку хлеба і запіў яе чатырма конаўкамі малака, Швэйк успомніў Балуна і спагадліва сказаў свайму падарожніку:

— У нас вось таксама быў адзін такі прорва, як ты. Звалі яго Балуном. Ты часам не сваяк яму? У яго, ведаеш, кішка была, як пажарны рукаў, і ён табе, расійскаму аб'ядайлу, у гэтых адносінах нічым-бы ня здаў. Ён табе, камрад, паказаў-бы, што гэта ёсць аўстрыйскі салдат.

На гэта расіец замахаў у знак згоды галавой і сказаў: «так, так» і «добра», «добра», а Швэйк, канчаючы гутарку ўздыхнуўшы дадаў:

— Так, так, добра, добра! Хай-бы ты, чортава насеньне, навучыўся прынамсі гаварыць па-чэску, або па-нямецку, каб цябе можна было зразумець! А то швэргаеш, як шпак, так што я нічога ня ўцямлю. Усё гэта таму, што мы з вамі адна нацыя.

Больш за ўсё дадзявала яму тое, што ён ня мог згаварыцца з расійцамі; ён прыпамінаў усе мітынгі ў Празе, на якіх, прамоўцы запэўнялі, што толькі братэрская Расія са сваім бацькам-царом магла прынесьці чэскаму народу вызваленьне, і каб цяпер хто спытаў у яго, якое засталося ўражаныне ў яго ад узаемаадносін паміж расійцамі і чэхамі, ён адказаў-бы:

— Што-ж, прамовы на тое, каб іх гаварыць, а піва — каб яго піць. Кожны з гэтых дэпутатаў вярзе глупства і такі тупы, як ступенькі сходаў на вышцы на Лаўрэнцявай гары ў Празе. Ніхто нічога не разумее. Гэта трэба бачыць самому, як тую п'есу, якую напісаў пан Кубік для «Арэны» ў Сьміхове.

Яго нічога не палохала таму, што расійскія салдаты адносіліся да яга добра. Ён любіў сядзець з імі каля дарогі, калі яны перамотвалі потныя анучкі, і з цікавасьцю глядзеў, як яны падвязвалі да ботаў выразаныя з мяшкоў паскі; ён ужо ведаў, што «сядай, пан» азначала прапанову адпачнуць і што «хадзем» або «пайшоў» было сыгналам ісьці далей, і ён слухаўся гэтых двух загадаў, як добра вымуштраваны цыркавы конь.

Усе яго думкі былі накіраваны на тое, каб высьвятліць, што за цар быў у гэтых салдатаў і ён ахвотна запытаў-бы іх, ці называў ён іх таксама ў сваім маніфэсьце «Мае слаўныя ваякі». На кожнае пытаньне, якое ён задаваў у гэтым кірунку, ён чуў суцяшальнае «так, так», або паблажлівае «добра, добра», і таму рашыў, што расійцы, мабыць, нічога іншага ня ўмеюць гаварыць.

Ён склаў сабе канчатковы погляд на расійскага цара, калі аднойчы нейкі салдацік пачаставаў яго скваркай, цыгаркай і кавалачкам цукру, прычым зноў сказаў нешта такое, чаго Швэйк не зразумеў; і ён выказаў свой погляд, паклаўшы руку расійскаму салдату на плячо, такімі словамі:

— Слухай, паёк у вас ня дрэнны. Цар у вас, як відаць, сумленны чалавек.

І салдат зноў адказаў, нібы заведзены грамафон:

— «Так, так, добра, добра».

Але ў гэты самы дзень Швэйкаў слоўнік узбагаціўся, дзякуючы аднаму казаку, які вёў яго ў разьмешчаны ў тыле штаб дывiзii. Казак абшукаў у Швэйка торбу, дастаў адтуль апошнюю бляшанку консерваў і, адчыняючы яе, запытаў у палоннага:

— Толькі адна ў цябе і была, тваю маць? Бачыш, пасьпеў ужо ўсё пажраць. А табака, ...тваю маць, у цябе ёсьць?

Швэйк, узрадваўшыся, што яму давялося злавіць лёгкі для запамiну і часты ва ўжытку выраз, адказаў:

— Консервы, добра, табака, так, так! Жары, зладзюга, удавiся,... тваю маць!

Дарогаю Швэйк заўважыў, што яго спадарожнік, размаўляючы, нiколi не забываўся ужываць «выраз» у пачатку і ў канцы кожнага сказу i што салдаты, якія адказвалі яму, трымалiся такога самага правіла. З гэтага Швэйк вывеў, што гэта, напэўна, нешта накшталт формулы далікатнасьці, якая сьведчыць аб шляхетным выхаваньні і тонкіх манерах.

Таму, калі казак прывёў яго ў канцылярыю штаба дывiзыi i нейкі маладзенькі обер-офіцер, падышоўшы да яго і дапытліва гледзячы на яго спытаў:

— Дзе цябе ўзялі ў палон,… тваю маць? — Швейк ветла і без усякай палахлівасьці адказаў:

— Так што дазвольце далажыць, пане паручнік, пад Бродамі. Ля самай мяжы мяне і забралі,… тваю маць.

Пры гэтых поўных далікацтва словах афіцэр падскочыў, як падпечаны і на Швэйкавым твары з кожнага боку шлёпнула аплявуха.

— Хто цябе навучыў гаварыць «…тваю маць»? — зароў на Швэйка афіцэр. Нельга з афіцэрам так гаварыць. Разумееш, сукiн сын, маць тваю…?

Па злосьці, ад якой паручнiка літаральна трэсла, і па яго грозным крыку Швэйк зразумеў, што яго адказ афіцэра чамусьці не падабаўся. Зноў узяўшы пад казырок, ён праказаў:

— Шчыра прашу прабачэньня. У вас, мабыць, таксама ня можна перабіраць мерку. Так што дазвольце далажыць, што я крыху памыліўся. Я яшчэ ня добра навучыўся гаварыць па-расiйску, пане паручнік, і ведаю адно толькі гэта слова.

Афіцэр зьмерыў Швэйка пагардлiвым поглядам і куляй выляцеў з канцылярыі, бразнуўшы дзьвярыма. Пасьля таго, як ён пайшоў, пісар устаў ад сваёй машынкі і сказаў, захлынаючыся сьмехам, Швэйку па-нямецку:

— А ты, камрад, не пераказвай усяго таго, што пачуеш ад салдатаў. Я наогул параіў-бы табе трымаць у Расіі язык за зубамі, пакуль ты ня будзеш разумець, што гавораць навокал. Інакш табе ліха ня мiнуць.

Потым ён растлумачыў Швэйку, што гэтыя словы, якія так часта ўжываюцца, найстрашнейшая лаянка, і што афіцэр яшчэ досыць мякка абыйшоўся з iм. Ён вывеў Швэйка з канцылярыі, паклікаў нейкага салдата і, паказаўшы на палоннага, загадаў:

— Завядзi яго да іншых, каб запiсалi яго на ўтрыманьне i на паëк. Ну, бывайце, шчасьліва заставацца, …тваю маць!

І дадаючы гэтыя сакрамэнтальныя словы, ён лёгка выцяў Швэйка нагой у зад.

Салдат паказаў рукой наперад. Швэйк зразумеў і падаўся да вялікай пунi, дзе ўжо знаходзiлася некалькі чалавек палонных пад вартай, i, зьдзяючы з плеч торбу, вясёла сказаў:

— Якога палку, таварышы? Так што нашага брата тут знойдзецца ня мала? Што-ж, дрэнны прыклад заўсёды перадаецца. Я так мяркую, што раз мы ўжо прарвалi фронт, дык да Масквы нам цяпер не далёка.

Ніхто не азваўся. Два немцы і адзiн мадзьяр адсунуліся ад іншых у самы куток i пагражалі адтуль кулакамi. Тады Швейк лёг, падклаў сабе пад галаву ранец, выцягнуў змораныя ногі і завёў сваю фiлёзофію.

— Так, так, яго вялiкасьць, цар-імпэратар, вядома, ведаў, які будзе пачатак, а чым з намі скончыцца, ён гэтага ня ведаў. Хлопцы, няўжо мы сапраўды ўжо ў Расіі? А мне ўсё здаецца, што тут такое-ж надвор’е, як і ў нас.

— Так, так, мы сапраўды ў Расіі, — уздыхнуў побач са Швэйкам стары капрал. — Але толькі тут зусім ня так, як мы сабе ўяўлялі. Я сам тож падняў рукі і здаўся, а мне ўсё-ж такі набiлi па мордзе, гадзіньнік у мяне адабралі, брытву укралі, партманэт з кішэні выцягнулі, і нават люстэрка мне не пакінулі. Двое сутак есьці не даюць. І нават пагаварыць, як сьлед, з iмi нельга.

— Сёньня, мабыць, дадуць есьцi, — паспрабаваў суцешыць яго Швэйк, — пісар загадаў. Гэта, браце ты мой, таму нам тут так не салодка прыходзіцца, бо пра тое, што мы тут — iхнi iмпэратар, або як яго завуць яшчэ — цар, нiчога ня ведае. Гэта, як быццам, шляхетны чалавек, братцы, а нас, чэхаў, ён нават страшэнна любiць i душа яго наогул славянская і чэская. Гэта я ведаю ад самога доктара Крамаржа.

І Швэйк пераказаў тое, што чуў недзе на нейкім мітынгу, нiбы цар толькi i думае аб вызваленьні чэхаў і славян. І, выказваючы ўсе гэтыя прыгожыя рытарычныя сказы, абабітыя i зашмальцаваныя на мітынгах і сходах, ён пакрысе і зусім распаліўся.

— Таму, што, сябры, — разьдзіраўся ён, — як толькi цар даведаецца, што мы тут, ён нас бадай запросіць да сябе ў Пецярбург, каб паказаць нам, як ён кіруе Расіяй. Спачатку, панове, будзе аўдыенцыя, потым ганаровы абед, а ўвечары баль і бог ведае што яшчэ. Ён нас усіх, можа, пакладзе спаць з прыдворнымі дамамі. Я, братцы, вазьму блёндыначку, якую-небудзь такую княгіню або графiню, ня вельмі тоўстую, а так толькi пульхненькую і ня вельмі гарачую. Гэтага я ня люблю… Я iхнаму гофмайстару так і скажу: «Шляхетную, спакойную, для старога пана».

— А як-бы ты з ёй стаў размаўляць? «Добра, добра, так, так?» — кплiва спытаў капрал. — Ты-ж не патрапіў-бы з ёй дамовіцца.

— Ты праўду кажаш, дружа, цяжка паразумецца з жыхарамі варожай краіны, а асабліва, калі яны гавораць чужой мовай, — сур’ёзна азваўся Швэйк. — А iншы раз і муж ня можа дагаварыцца з сваёй уласнай жонкай. Вось у Крочагляве жыў адзін шахцёр, нехта Янда, дык той пасварыўся з жонкай і яна кiнула з ім гаварыць. Ну дык ён, каб адпомсьцiцца, таксама не гаварыў з ёю, i калi iм што-небудзь было патрэбна, дык яны пiсалі крэйдай на стале. Тым часам ён захварэў і цэлы тыдзень пралежаў дома, а ў суботу доктар вызнаў яго за здаровага i сказаў яму: «Ну, пане Янда, у панядзелак вам прыдзецца пайсьці на работу». Прыходзіць наш Янда ў нядзелю ўвечары з піўніцы, жонка чакае яго вячэраць, а ён павячэраўшы піша на стале: «Заўтра раніцой выходжу на працу, разбудзі а чацьвертай». Жонка прачытала і нічога не сказаўшы лягла спаць. Раніцой ён прачынаецца, глядзiць — жонка ўжо каву змалола, на двары — дзень, і гадзіньнік паказвае палавіну на восьмую. Ён перапалохаўся, стаў лаяць жонку і крычаць: «Што-ж ты мяне не разбудзіла?» А яна не адказвае i адно кiвае на стол. Ён падыходзiць і бачыць — пад яго надпiсам: «Заўтра раніцой выходжу на работу, разбудзі а чацьвертай», рукой яго жонкі напісана: «Уставай, чатыры гадзіны», а потым: «Уставай, ужо нават чвэртка на пятую!».

Швэйк з хвіліну падумаў, а потым сказаў далей:

— Або ўзяць хоць бы Халечыка, які жыў у Разьдзялове. Ён і ягоны друг-прыяцель Фэрда-Бэран — абодвы былі чэхі, а вось таксама ня здолелі паразумецца. Іншы раз у мове няма дасканалага выразу на што-небудзь, і праз гэта могуць быць не малыя няпрыемнасьці. Дыплёматам прыходзіцца нават спецыяльна вучыцца па-француску, таму што гэта такая ўжо дасканалая мова, у якой нічога iншага ня збрэшаш, апроч таго, што думаеш i што хочаш сказаць… Ну дык вось гэты Халечык ажаніўся з нейкаю Эмаю Петржылек з Унгошту, а Бэран, гэты самы раней таксама да яе заляцаўся і, калі яна выйшла замуж, вельмi на яе разахвоціўся. Яна была нішто сабе маладзіца, пампушачка такая, уся мяканькая… Задок у яе быў, як падушачкі, і ходзячы яна ім вiхляла так, што ў мужчыны сьлiнкi цяклi… Аднойчы сядзiць гэты Бэран з Халечыкам у піўніцы і кажа Халечыку, як той зладзіў ісьці дадому: «Зайздрошчу я, браце, табе, што ў цябе такая прыгожая жонка. Далібог, Пэпі, пяцьдзесят крон не пашкадую, каб палэпаць яе па задку. І з таго часу, калі яны сустракаліся, ён нi аб чым іншым не гаварыў, як толькі аб гэтым «палэпаць». Усе вушы ён Халечыку пратрубіў: «Разумееш, Пэпі, толькi крышачку палэпаць, і я табе ахвотна дам пяцьдзесят крон». Халечык расказаў гэта сваёй жонцы, а тая сказала: «Ну і хлюст-жа твой прыяцель, калі ў яго гэткія думкі. Але толькi ведаеш што, Пэпі? Бадай табе варта было-б яму дазволіць. Я куплю сабе на гэтыя пяцьдзесят крон новенькі палітон, мне-ж ад гэтага нічога ня стане, але толькі ўмоўся з iм, каб ты мог падглядаць. Таму, што мужчыны не здавальняюцца пад час абеду адным крупнікам, а калi возьмуцца за лыжку, дык хочуць зьесьці ўвесь абед». І вось, Пэпі Халечык, калi Фэрда-Бэран усё чапіўся да яго сваiм «палэпаць», дамовіўся з iм на нядзелю, але з тэй умовай, што будзе падглядаць у шкляныя дзьверы з кухні, каб, калі што-якое, умяшацца ў справу, а Барэн зноў-жа паставіў умову, каб Эма была толькі ў аднэй цененькай спаднічцы. У нядзелю прышоў Бэран, а Халечык адхінуў фіранку іх і глядзіць, вылупіўшы вочы. Бэран увайшоў да яго жонкі, падсеў да яе на дзіван, узяў яе левай рукой за стан, прыцягнуў да сабе, а правай пачаў гладзіць яе па паўкулях. Пяць хвілін гладзіў правай, потым пяць хвілін левай, потым зноў пяць хвілін правай… Яна ўся расчырванелася, а Халечык сядзіць быццам на вугольлі. А калі мінула тры чвэрткі гадзіны, ён ня вытрымаў, урынуўся да іх і крычыць: «Ну, годзе! Выкладай зараз свае пяцьдзесят крон!» Але Фэрда засунуў рукі ў кішэні, сьмяецца ды кажа: «Не, браце, гэта ня лічыцца! Бо я-ж па яе міленькім, прыгожанькім задку яшчэ зусім не палэпаў. Ты-ж сам бачыў, што яго толькі гладзіў». Гэта справа, даражэнькі мой, была ў Разьдзялове пад, Кладно, а ты і ня можаш вымагаць, каб я адразу пачаў гаварыць у Пецярбурзе з прыдворнай дамай аб сучасным драматычным мастацтве, тым больш, што гэтая дама можа быць якой-небудзь эскімоскай, баронэсай з паўночнага канцавосься.

— У нас, у Вадзерадзе, — успомніў капрал, — здарылася нешта падобнае. Але там гэта было з адным Слабодам, які быў глухі, як пень. Прыходзіць да яго настаўнік з газэтай і кажа: «Пане Слабода, на мяжы наша войска ўшчэнт разьбіла расійцаў», а ён яму ў адказ: «Ну, вядома, разьбілі, ніколі ў Выслоўцы кірмаш ня бывае без таго, каб каму-небудзь галаву не разьбілі. Зноў доктару работы прыбавілася!? — «Ды, ня тое-ж, пане Слабода, я кажу пра расійцаў, якія на Сане», — папраўляе яго настаўнік, і торкае яму пад нос газэту. А Слабода зноў: «Як гэта так — на санях, пане настаўнік? Надвор’е сапраўды ядранае, але ніколі яшчэ ў верасьні ў нас сьнегу ня было». Тут настаўнік зусім быў зьбянтэжыўся, бо вельмі ўжо яму карцела, каб Слабода даведаўся, якое наша становішча на фронце і як мы ідзем ад перамогі да перамогі. Ён паказаў пальцам на адно месца ў газэце і кажа: «Вось тут усё напісана. Расійцы перайшлі ўжо мяжу». А Слабода ўтаропіўся ў газэту і адказвае: «А сапраўды зайшлі-б вы да мяне, пане настаўнік, як будзем парсюка біць. Але гэта будзе не раней як у студзені, бо я хочу дакарміць яго, прынамсі, да паўтараста кілё».

— Што-ж, рознае бывае, калі людзі ня могуць паразумецца, — зноў узяў слова Швэйк. — Знаў я аднаго Зямельку з Барова, дык той быў музыка і вандраваў па сьвеце з музыкамі. Зімою яны былі недзе ў Баварыі, а калі час падыходзіў пад вялікдзень, іхнi дырыжэр і кажа, што, бач, кожны добры хрысьціянiн павінен на вялікдзень паспавядацца і прычасьцца. «Таму што, — кажа ён iм, — вы, нягоднікі, кожны дзень бываеце п’яныя, а ўсю масьлянку жэрлi адну сьвініну, а пра цела боскае, якое вы прымаеце пры сьвятым прычасьці, нават і ня думалі. Тут у Нэйбурзе мы крыху затрымаемся і вы, малойчыкi, павінны схадзіць да споведзі. Ты, Блаха, не забудзься пакаяцца, што круціў у «дваццаць адно», ты, Новак, павініся, што стырыў пару ботаў, ты, Бэрэум, не забудзься сказаць свайму духоўнiку, што ты ў адным гарадку зьнік, не заплаціўшы кельнэршы за яду, ды яшчэ скаратаўшы з ёю ноч; а ты, Зямелька, так i скажы, што гэта ты сьпёр гусiную смажонку ў пастара Шанфэльдзе, якую пастарыха вынесла ў сенцы, каб стыла. Ну дык вось, хлопцы, гайда! І вяртайцеся чыстыя і белыя, як мытыя перад стрыжкай авечкі». Пайшлі яны, значыцца, і выслалі наперад Зямельку, які быў у іх самы кемлівы ў такіх сур’ёзных справах. Але вось — ён дрэнна ведаў нямецкую мову. Калі падышла да яго чарга спавядацца, ён укленчыў і маўчыць. Поп пытае яго па-нямецку: «Was ist?[1]». Яму трэ было адказаць: «Я, нягодны грэшнік, спавядаюся перад вамі, духоўны ойча, як перад служыцелем боскiм, у тым што… i пайшло і пайшло. А ён ня ведаў, як сказаць гэта па-нямецку і таму ўсё маўчыць. Поп зноў да яго: «Was ist?». А ён зразумеў, што яго пытаюць «Басіст?», і адказвае па-чэску: «Так, сапраўды басiст. А клярнэтыст, скрыпач i флейтыст яшчэ на цьвінтары чакаюць. Яны, ваша прападоб’е, хочуць спачатку даведацца, чым скончыцца справа са мной. Я спавядаюся перад вамі, шаноўны ойча, які ёсьць намесьнік божы, перад усім магутным богам і прачыстай дзевай Марыяй, што я украў у пастара ў Шанфэльдзе смажаную гусіну, якую паставілі ў сенцы астыць, але толькі, ваша прападоб’е, гусiна гэта была каляная, недасоленая, бяз ніякай прыправы; каб у мяне жонка прыгатавала так гусяцiну, дык я-б шпульнуў ёй гэтую гусяціну ў морду».

Поп нахіліў сваё вуха бліжэй, каб нічога з грахоў не прапусьціць і зноў пытае: «Was ist?» А Зямелька адказвае: «Ну, так, басiст, контр-басiст. Мы, контр-басісты, вялікія грэшнікі. Таму што, ваша прападоб’е, калі іграць праз цэлы дзень цэлую ноч, дык гэта, прабачце, ня жарты. Трэба добра наесьціся, каб гэта, значыцца, вытрымаць. Ваша прэпадоб’е, вы мне ўжо даруйце. Я ніколі больш ня буду красьці гусіну, калі яна будзе стаяць ня ў сенцах, а ў замкнутай кухні». Ну, поп дараваў яму адпушчэньне грахоў, а потым Зямелька вышаў і кажа сваім прыяцелем: «Вы яму проста так і кажэце, хлопцы, хто вы такія, бо ён разумее нашы музыканцкія грахі. Можа ён нашай пароды, бо страшэнна падобны да старога Ганшпаха са Стрункавiцэ, каб лёгкай яму зямля была, якi туляўся больш тут, у Баварыі, чым у сябе на радзіме».

І Швэйк пачаў уважліва разглядаць расійскіх салдат, што хадзiлi ўзад і ўперад перад пуняй, з доўгімі вінтоўкамі і трохканцовымi штыхамi на плячох, i з заклапочаным выглядам дадаў:

— Вось так i з намі тут можа ўсякае ліха здарыцца, пакуль не навучымся, як сьлед, гаварыць. На практыцы яно заўсёды так «проста і хутка», як па самавучыцелю Вымазалю. Адзiн бог сьвяты ведае, колькі разоў мяне яшчэ будуць лупцаваць па мордзе, калi я буду верыць прыказцы, што ласкавым словам усяго дамагчыся можна. Але самае галоўнае — гэта, што нельга нікому, у каго срэбныя або залатыя пагоны, гаварыць: «…тваю маць».

— Табе што? — спытаў расійскі салдат, пачуўшы апошняе Швэйкавае слова. — Курыць?

Салдат палез у кішэню, выцягнуў нейкую маленькую пачку, адсыпаў Швэйку нечага ў жменю і пайшоў.

У Швейка, які, вядома, не зразумеў салдата, засталася ў жменi кучка крошак, падобных да дробна пасечанай кукурузнай саломы. Швэйк, капрал і рэшта палонных разглядалi невядомыя зерняткі, якія бясспрэчна мелі якое-небудзь прызначэньне, але ніхто ня ведаў, што з імі рабіць.

— Есьцi iх, як быццам, нельга, — зазначыў Швэйк, паклаўшы некалькі гэтых крошак у рот. — Пячэ, каб на яго ліха.

— А можа гэта парашок ад вошай? — здагадаўся капрал. — Сьмярдзіць ад яго здорава. І ўсё тут ня так, як у нас.

— Гэта хутчэй за ўсё расійскі чай, — утыкнуўся ў гутарку адзін з палонных. — Я бачыў, як расiйцы прыносілі вунь адтуль з катла вар і перш, чым разьліць яго ў чайнікі, нешта туды засыпалі. Дай, браце, сюды крыху ў гэтую бляшанку, а я прынясу вады.

Швэйк высыпаў усю жменю ў манерку, і палонны вышаў з ёю з пуні. Расійскі салдат схапіў вінтоўку і строга крыкнуў:

— Стой! Куды?

Убачыўшы, што палонны пайшоў да катла, ён распусьціў рот у шырокую ўсьмешку і сказаў:

— Ага, чаю захацеў? Ну, ну, вазьмі вару, ды глядзi ня ўздумай уцякаць, а то кулі цябе ўраз здагоняць.

Палонны набраў у манерку вару і прынёс яго Швэйку; той паспрабаваў і ў той-жа момант плюнуў.

Пасьля яго, страшэнна крывячы твар, пакаштаваў капрал; нарэшце, пакаштаваў і гаспадар манеркi, які прынёс ваду, і з агідай адставіў яе ў бок.

— Ліха ведае, дзіўны ў іх чай, — прасіпеў Швэйк. У мяне ўвесь рот апаліла. Горш, чымся чысты сьпірытус.

— Можа, ня трэ’ было засыпаць так многа? — сказаў салдат. — І потым гэтая штука страшэнна тхае табакай. Ці ня трапiла туды табачнага соку з тваёй люлькi, камрад? У нас у роце гатавалі аднойчы чай, дык ён пах тым-жа самым, што і гэты, але раздавальнік кляўся і бажыўся, што гэта было проста таму, што яму далі дрэннага рому. І толькі тады, калі ён управіўся ўжо раздаць увесь чай і зачарпнуў нейкую зялёную гушчу, ён раптам крыкнуу: «Ой, братцы, даруйце, у мяне люлька трапіла ў кацёл».

— А ўсё гэта таму, — загаварыў капрал, — што на кухню прызначаюць людзей, якія ні на што iншае няздатны. У нашай роце фэльдфэбэль паслаў на кухню аднаго танцмайстра і рэдактара аднэй газэты, дык калі яны ўпяршыню варылі гуляш, нам прышлося матыкамі выломваць з катла і сячы яго сякерамi ці рыдлёўкамі.

— Гэта, як з тэй актрысай, якая засыпала ў суп адразу два кілё рысу, — дадаў Швэйк, — і якой потым давялося ўцякаць з кухні, каб ён яе не задушыў. Бо рыс так набубнеў, што выціснуў вакно і кавалак гэтага рысу забіў аднаго пажарнага з Нусьле, калi той памкнуўся прыставіць да вакна драбіну. З намі адбываецца тое-ж самае, што было з адней вясковай маладзіцай з Вiнорша, якая аддала сваю дачку ў пансыён у Парыжы. Тая паслала ёй да дня імянін кiлё сырой кавы з пажаданьнем, каб яна прышлася ёй да смаку. Была гэтая справа даўно, і ў тыя часы ў нас яшчэ ня ўсе ведалі, што гэта кава. Дык гэта дурніца-баба і на масьле смажыла яе і ў хрушчы падсыпала i пад таматным соусам гатавала, а ў яе ўсё ніякага смаку. З рэшты яна яе выкiнула, а дачку сваю ледзь не пазбавіла спадчыны, бо ўзяла сабе ў галаву, што тая хацела яе атруціць. І папу з Карліну давялося нямала папрацаваць, пакуль пераканаў яе, каб яна ня думала так дрэнна аб сваёй роднай дачцэ, а каб сваю маемасьць лепш аддала дамініканцам, або францысканцам на Малым баку. Вось у нас рыхтык такая-ж гісторыя з гэтай брыдотай. Прыдзецца яе выліць. Ці можа цяпер стала лепш?

Швэйк зноў пакаштаваў крыху чай з манеркi, але зараз-жа так энергiчна цыркнуў яе праз зубы, што трапіў у твар расiйскаму салдацiку, які з цікавасьцю глядзеў, як аўстрыякі без перастанку зазіралі ў манерку і аб нечым радзіліся.

А потым Швейк паваліўся на падлогу і, трымаючыся за жывот, пачаў стагнаць.

— Ой, я атруціўся! Ой, надыйшла мая апошняя гадзiна! Кланяйцеся ад мяне Празе, фрау Мюллер, маёй прыгожай Чэхіі і гаспадару рэсторану Палівецу!.. Ой, ой, ой!..

Расійскі салдат, пачуўшы гэтыя трагічныя стогны, выцер рукавом запырсканы твар, спусьціў з пляча вінтоўку і падышоў да Швэйка.

— Што такое? Хворы ты, ці што? Нудзiць, га?

Гучна стогнучы, Швэйк паказаў пальцам на манерку. Салдат паглядзеў і зайшоўся вясёлым нястрымным рогатам:

— Эх, вы дурнi! Гэта-ж табака, а ня чай. Ці ты ня ведаеш, як з ёй абыходзіцца?

Расiец дастаў з кішэні пачку зусім такую-ж, як тая, з якой Швэйку адсыпалі карашкоў, і выцягнуў з халявы кавалак газэты, адарваў чвэртку, скруціў сабачую ножку, насыпаў туды карашкоў з пачкі, закруціў канец, узяў яе ў рот, запаліў вольнай рукой канец запалкі і з асалодай выпусьціў хмарку дыму.

— Вось, глядзі, як гэта робіцца, — сказаў ён. — Гэта, брат, табака, расiйская табака, махорка.

Праз гадзіну Швэйк набыў у аднаго салдата за грыўню пачку махоркі, скруціў з кавалку «Прагер Тагеблят», з якога паручнік Лукаш вычытаў калісьці аб вялiкiх перамогах аўстрыйскай зброі і які нейкiм чынам захаваўся ў ранцы, сабачую ножку і запрапанаваў яе капралу, з якiм пасьпеў ужо здружыцца, са словамі: «На, бяры, зрабi сабе такую-ж штучку. Гэта завецца тут ў іх «сабачыножка». Чорт іх ведае, што гэта азначае. А ці ведаеш, дружа ты мой, чаго больш за ўсё мне шкада? Што я не магу падпісацца тут на «Народну Політыку». Некалькі пачак такой табакі і аднаго нядзельнага нумару гэтай газэты хапіла-б нам двум на цэлы год. Бо гэтую Расію, таварышы, нам давядзецца яшчэ пазнаць, як сьлед. Але памаленьку ды паціхеньку. Добра! Так, так!.. тваю маць!

Праз дзесяць хвілін іх абступіў натоўп навабранцаў, што вярталіся з заняткаў у вёску. Яны разглядалі Швэйкаву люльку, якая тырчэла ў яго з бакавой кішэні, глядзелі, як ён курыць сабачую ножку і засыпалі яго пытаньнямі:

— Добра, га? Здароў, браце? А вайна хутка скончыцца? Афіцэры ў вас таксама ёсьць?..

І Швэйк, зьзяючы ад здавальненьня, што зьяўляецца асяродкам увагі, паўтараў:

— Добра, так, так, та-а-а-ак, — расьцягваючы пад канец гэта «так, так», як курыца на куросадні.

У полудзень раздавальнік прынёс ім два бачкі, разьлічыў палонных на групы па дзесяць чалавек і моўчкі паказаў ім на бачок. Яны сталі на калены вакол бачка і пачалі сёрбаць капусту. Потым той-жа раздавальнік вярнуўся з усторкнутымі на лучыну кавалкамi мяса і зноў знакамі растлумачыў, што мяса таксама, як i дзьве булькi хлеба, пакладзеныя каля кожнага бачка, належаць iм. Нарэшце, ён прынёс у шапцы цукар, даў кожнаму па два кавалкі на рукі і яго праставатае добрадушнае аблічча прасьвятлела.

— Добра, га? — сказаў ён. — Ня будзеце больш ваяваць? У Расіі, у лягеры вам будзе нядрэнна.

Але пад вечар да пуні, махаючы бiзунамі, пад’ехалі казакі і з крыкамі: «Уставай, пайшоў уперад», пагналі палонных на двор, а са двара на рыначны пляц.

На рыначным пляцы пашыхавалася войска, неаглядныя шэрагі гарматаў і фурманак з хлебам, а збоку зыбаўся нязьлічоны, шэра-блакітны натоўп палонных.

Да іх далучылі казакі і купку, у якой знаходзіўся і Швэйк, а потым шчытным колам абступiлi палонных. Па камандзе: «Уперад — марш!» яны ўскочылі на коняй і ўся маса рушылася ўздоўж дарогі: палонных падганялі час-ад-часу казакі сваімі нагаямі.

На ўсiх шляхох і дарогах, куды ня кінь вокам, відаць было адступаўшае войска i абозы. Расiйцы зноў шпарка і бязладна адыходзiлi назад.

Праз гадзіну транспорт палонных нагнала цяжкая артылерыя, якая ўрэзалася ў самую гушчу. Казакі нагайкамі зганялі аўстрыякаў з дарогі. А потым выявілася, што дарога для гарматаў i фургонаў наогул надта вузкая, i палонным давялося iсьцi ўвесь час па полі, па лузе i па балоце.

Так ішлі яны без адпачынку да самае раніцы. Дасьвецьцем палонных прывялі на нейкае шырокае, роўнае, адкрытае месца і зрабілі на гадзіну адпачынак.

Неўзабаве пачулася бязупынная гарматная страляніна, і зноў загадны голас: — Пайшоў, пайшоў! — Разьбітыя, змораныя, недаспаныя і галодныя людзі, пайшлі далей. Да полудня прайшлі Краманец, да ночы дабраліся да Шумску. Там іх прыняла новая этапная каманда. Зьявiлiся фэльдфэбэлі з ліхтарамі і пачалі крычаць:

— Па чатыры ў рад стройся!

Потым яны пачалі хадзіць узад і ўперад, лічылі, блыталіся, зноў пачыналі, спрачаліся, вярталіся, зноў блыталiся, пачыналі спачатку і зноў спрачаліся. Нарэшце, яны разьвялi палонных па бараках. Але як толькі змораныя людзі ўправіліся пакласьцiся, зьявiлiся салдаты і загучэла команда:

— Уставай! На паверку!

Усе вышлі з баракаў. Ззаду і сьпераду палонных паставілі па чатыры чалавекі ў рад і нейкі афіцэр пачаў хадзіць туды і сюды, торкаючы першага ў радзе пальцам і лічачы: раз, два, тры, чатыры… А дайшоўшы да лічбы, якую ён назваў словам «сорак», зблытаўся, вярнуўся назад і пачаў усё нанава. На лічбе «сорак», ён зноў штосьці пераблытаў і стаў крычаць:

— Так іх, паскуднікаў, да самай сьмерцi ня зьлiчыш. Трэ’ было iм усiм морды набіць.

Швэйк, зьдзіўлены гэткай слабасьцю ў матэматыцы, ня мог, калi афіцэр праходзіў каля яго, стрымацца ад заўвагі:

— Эх, хлопча, ня умееш, як відаць, лічыць. Езус-Марыя, калі я ў цябе згублюся, дасьць табе пэнту твой бацюшка-цар.

Так iх лiчылі да самай раніцы, то заганялі ў баракі, то зноў выганялi на двор і ніяк не маглi справіцца з падлікам. Нарэшце афіцер паслаў iх да чортавай матары, сказаў ім замест «добрай ночы!» — «…вашу маць, сукіны дзеці», і Швэйк, які не разлучаўся з капралам, меў нарэшце зусім заслужаны адпачынак.

Этапны комэндант Шумску, палкоўнік Лазараў, быў сумленны, пасьлядоўны чалавек, шчыры патрыёт, усёй душой ненавідзеў немцаў і ўсіх іншых ворагаў Расіі. Калі яму раніцой далажылі, што прыгналі шэсьць тысяч новых палонных, ён апрануўся, наведаў некалькі баракаў і выявіў неапісаную радасьць, даведаўшыся, што чэхі здаліся расiйцам добраахвотна. Ён спытаў Швэйка, адкуль той родам, і пачуўшы, што з Прагі, з усьмешкай сказаў:

— Ах, Прагу я ведаю. Адтуль прышлi да нас сьвятыя Кірыл i Мяфодзі. Зараз, вядома, жывуць там адны немцы, але французы хутка іх адтуль прагоняць, таму што гэта зусiм не далёка ад Парыжу. А Пiльзэн вы ведаеце, дзе вараць такое цудоўнае пiва? Мы гэты самы Пiльзэн, Чэхію і ўсiх славян вызвалiм.

І Швэйк, з пашанаю аддаючы чэсьць, адказаў на гэты ўрачысты маніфэст:

— Мы будзем вельмі рады, ваша высокародзьдзе. Я, праўда, ня усё зразумеў, але думаю, што вы кажаце такое-ж глупства, як наш падпаручнік Дуб, які таксама заўсёды хацеў нам што-небудзь паказаць. Добра, так, так!

На гэтым яны разьвiталiся.

Шэсьць тысяч палонных, якія павінны былi, паводле загаду начальніка арміі, атрымаць у Шумску абед, хлеб, цукар і чай, а ў выпадку немагчымасьці выканаць гэты загад — па 25 кап. на чалавека, нарабілі палкоўніку Лазараву нямала клопату.

На арыфмометры, які стаяў на століку ў канцылярыі, ён вылічыў, што гэта абыйдзецца яму ў паўтары тысячы рублёў, а паштоўка з цудоўнай галоўкай дзяўчыны, прышпiленая да сьцяны над арыфмометрам, нагадала яму яго дачку, чый пасаг ён да гэтага часу акуратна прагульваў у карты. У яго душы узьнялася жорсткая барацьба.

«Паслаць у інтэндацтва хоць па хлеб», думаў ён. Гэта будзе каштаваць у кожным разе пяцьсот рублеў. Даць ім яшчэ цукру i чаю? На гэта пойдзе рублёў паўтараста-дзьвесьце. Божухна-бацюхна, вось гора, што тут не адны немцы!»

Дзьве гадзіны ён добрасумленна змагаўся са спакусай, што падказвала яму помсьціца ворагам, а потым пазваніў і, як прышоў ад’ютант, рашучым тонам загадаў яму:

— Палонных неадкладна падрыхтаваць да адпраўкі! Накормяць iх на наступным этапным пункце, куды я паведаміў ужо па тэлефоне. Загадайце згатаваць для іх ваду, і хай п’юць колькі хочуць. Паміж іх шмат гэтых нягоднiкаў і падлюг немцаў, гэтай поганi мадзьяр, а таксама ёсьць і чэхі — слаўная нацыя, якая змагаецца за нас.

Ад’ютант, кіўнуўшы галавой i пазвоньваючы сваiмi шпорамі, вышаў. Палкоўнік сеў на крэсла і выцер хустачкай потны лоб, замілавана паглядзеўшы на паштоўку і арыфмометр, а потым раптам ускочыў, адчыніў дзьверы і крыкнуў усьлед ад’ютанту:

— «Загадайце паліць гатавальнікі як мага, каб вада мела прынамсі 120 градусаў; ва ўсякім выпадку, тая, якую будуць пiць славакi, сербы, палякі і чэхi. Хай бачаць, што матушка Расія спачувае славянам і хай ведаюць расійскую гасьцiннасьць і добрае расiйскае сэрца.

Неўзабаве пачуліся крыкi канвойных, якія разбудзiлi палонных, i гучны голас ад’ютанта, што камандваў каля гатавальнікаў і прапаноўваў палоным пiць, колькі ўлезе, таму што, бач, хлеба ў Расіі досыць, а вада нiколi ня высахне.

Зноў пачалася бесканцовая праверка і цягнулася, бадай, да поўдня. Потым прыйшлі расійскія апалчэнцы ў чорных шапках, на якіх цьмяна паблісквалi латунныя крыжы, пастроіліся паміж палоннымi, разьдзяліўшы іх на два атрады, і крыкнулі — Ну, хлопцы, варушэцеся! Уперад!

— А я думаў, што нам дадуць тут есьцi, — сказаў Швэйку капрал. — Зiрнi-тка, як з гэтых гатавальнікаў шугае пара.

Адданы глыбокай развазе, Швэйк не адказаў. Воддаль зноў загрымелi гарматы. Швэйк кiнуў позірк на шэраг гатавальнiкаў, якiя дрыжэлі пад ціскам пары, што са злосным сiпеньнем вырывалася з вентылей, і толькі праз некалькі часу буркнуў праз зубы:

— Есьцi так і ня далi! Усё гэта яны самі зьмелюць!

Транспарт палонных пайшоў па палявой дарозе, нібы раскінуты статак. Канвойныя апалчэнцы, простыя і добрадушныя людзi, закінулі, калі горад зьнік у далечы, за плечы сваю зброю, на якой замест рамянёў боўталіся акраўкі вяроўкі, наламалі каля канавы доўгіх дубцоў і з пацехаю гналi палонных перад сабой, нібы чараду гусей. Яны былi зьдзiўлены такому мноству палонных і думалі, што вайна хутка скончыцца і самі яны прымеюць мірна вярнуцца да хаты. Убачыўшы такую плойму людзей, яны заспрачаліся, што ў Аўстрыі, мусіць, няма больш салдатаў, таму што расiйцы забралі ўсіх у палон і гэтыя, як відаць, самыя апошнія.

Пэрспэктыва блізкага сканчэньня вайны надала iм добрага настрою. Калі хто-небудзь з палонных валіўся ад зморы, яны весела падганялі яго і праходзiла ня менш, як дзесяць сэкунд, першы чым яны пачыналі ўзнагароджваць змардаванага палоннага кулакамі або біць прыкладамі.

У абыходжаньнi з тымі, што адсталі і сядзелі са спушчанымi порткамi і павешанымі на шыю паясамі абапал дарогі, адзін стары расійскі фэльдфэбэль, які замыкаў працэсію, выяўляў асабліва шмат спрыту і вынаходзтва.

У правай руцэ ў яго быў доўгі дубец з трыма галінкамі на канцы. У левай ён трымаў больш кароткі, тоўсты і гнуткі дубец. І як толькі ён заўважваў палоннага, які спускаў порткі, ён станавіўся ззаду ў яго, каб бачыць усё хараство, якое адкрывала ўзьнятая кашуля, і з выразнай цікавасьцю назіраў за неэстэтычнай фізыолёгічнай функцыяй.

Потым ён выцягваў дубец і пачынаў казытаць iм таго, хто сядзеў на карачках, ніжэй сьпіны, або абмахваў гэтую частку цела, як еўнух якога-небудзь султана.

Нарэшце, ён лічыў да дзесяці, лічыў з хуткасьцю маланкі, мяняў дубец і сьцёбаў ім па голым целе кароткімі з адцяжкай моцнымi ўдарамі. Ён не зважаў ні на якiя протэсты i довады, што процэдура яшчэ ня скончана, а толькі крычаў:

— Не разумею… такі загад… марш уперад!

Такі-ж горкі лёс напаткаў і ўдалага ваяку Швэйка, якi зьеў раніцой нашчак некалькі зялёных ігруш. Ён зьвярнуў з дарогi і спусьціў порткі.

Фэльдфэбэль парупіўся скончыць з другім, падняўшы яго моцнымі ўдарамі па азадку, стаў за Швэйкам і ўзяўся за сваю забаву. А калі Швэйк з прычыны моцнай вольнасьці жывата, ад якое засталіся сьляды і на галінках, на канцы дубца, ня змог скончыць сваячасова сваю справу, фэльдфэбэль, размахнуўшыся ўдарыў яго тоўстым кіем.

— Дармо, — добрадушна крактануў Швэйк, закруціўшыся на адным месцы, — але толькі, калі ласка, не перашкадакайце мне. Каб вы зрабілі такую самую штуку з медыкам, якi прыходзіў у «Поўную чашу», ён вам сказаў-бы: «Казытаць вы мяне казытайце, гэта мне нават прыемна. Але не перапыняйце сваiм недалікатным урываньнем плынь маiх лепшых ідэй. Вам, мабыць, невядома, што самыя шырокія, сьмелыя і высокія думкі зьяўляюцца тады, калі чалавек сядзіць у прыбіральні». Дык гэта цененькім дубцом вы забаўляецеся, не саромцеся, але толькі я яшчэ ня скончыў думаць, і таму прашу даць мне дадумаць.

Фэльдфэбэль падскочыў.

— Канчай, канчай! Такі загад!

Па Швэйкавым целе сьцебануў другі, яшчэ больш моцны ўдар. Гэта было так балюча, што ў Швэйка сьлёзы выступілі на вачох. Ён скончыў думаць, нацягнуў порткі і ў момант зашпіліў iх. Потым ён выцягнуўся перад сваiм добрадзеем і, прыклаўшы руку да казырка, далікатна сказаў:

— Так, так. загад. Ах, дазвольце, пане фэльдфэбэль. Я зганю ў вас муху. Вось!

І не дачакаўшыся ягонае згоды, адламаў кончык дубца пад самымі галінкамі і некалькі разоў сьцебануў гэтымі мокрымі, бруднымі галінкамi фэльдфэбэля па вуснах, па носе, па шчоках і вачох, аж зусім заляпіў іх брудам. Тады ён кінуў дубец i, з пашанай запытаўшыся, ці добра пану начальніку, у момант ушыўся ў натоўп, згубіўшыся сярод палонных.

На крык зусiм зьбянтэжанага фэльдфэбэля падбегла некалькі вартавых, якія адвялі яго да канавы, дзе ён памыўся. Потым ён стаў абыходзіць шэрагі палонных, стараючыся знайсьці вінаватага, але ня мог яго пазнаць. Усе былі аднолькава брудныя, замурзаныя, змораныя і зусім ня розьнiлiся адзін ад аднаго.

Гумар, які асьвятляў жыцьцё фэльдфэбэля, пакінуў яго. Ён злосна бiў сябе дубцом па халявах, глядзеў у вочы палонных такiм позіркам, як глядзiць пытальнік з белага аркушу паперы. Але потым раптам ён зразумеў дарэмнасьць сваiх клапот і яму стала адразу ясна, што ён ня бачыў вінаватага з твару, а ўсіх задоў цяпер усёроўна не перагледзець, апроч таго яны ўсе так падобны адзін да аднаго… Тады ён штосьці мармычачы сабе пад нос, з лаянкай зноў заняў сваё месца ў хвасьце колёны.

А за два крокі ад яго наперадзе бадзёра ішоў удалы ваяка Швэйк: i ў той час, як iншыя, тужэй падперазаўшы дзяжкамi жываты, якія бурчэлі ад голаду, зусiм зажурыліся і пасумнелi, ён засьпяваў старую разудалую салдацкую песьню, якую, бяручы пад увагу псыхолёгію салдата, знарок прыдумалі, каб узмацніць у шэрагах арміі веды нямецкай мовы.

  1. У чым справа?