Прыйдзе зноў вясна...

Прыйдзе зноў вясна...
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1925
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 14

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Восень шэрая,
Ночы цёмныя,
Слота прыкрая
І штодзённая…

Так і ты, жыццё,
Беспатольнае,
Беспрасветнае,
Паднявольнае…

Не цвіцеш для нас
Гожай краскаю,
Не глядзіш у твар
Светлай ласкаю.

Прыйдзе зноў вясна
Сінявокая,
Прыйдзе воля к нам —
Эх, шырокая!