Прысяга беларускага партызана
Прысяга беларускага партызана Аўтар: невядомы Крыніца: І паўстаў народ… / уклад. А. В. Стэфановіч, В. А. Рабкоў. — Мінск, БелЭН; 2005. Старонка 61 |
Я, грамадзянін Саюза Совецкіх Соцыялістычных Рэспублік, верны сын гераічнага беларускага народа, прысягаю, што не пашкадую ні сіл, ні самога жыцця для справы вызвалення майго народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і катаў і не складу зброі да таго часу, пакуль родная беларуская зямля не будзе ачышчана ад нямецка-фашысцкай погані.
Я клянуся строга і няўхільна выконваць загады сваіх камандзіраў і начальнікаў, строга захоўваць воінскую дысцыпліну і берагчы ваенную тайну.
Я клянуся, за спаленыя гарады і вёскі, за кроў і смерць нашых жонак і дзяцей, бацькоў і мацярэй, за гвалты і здзекі над маім народам, жорстка помсціць ворагу і безупынна, не спыняючыся ні перад чым, заўсёды і ўсюды смела, рашуча, дзёрзка і бязлітасна знішчаць нямецкіх акупантаў.
Я клянуся ўсімі шляхамі і сродкамі актыўна дапамагаць Чырвонай Арміі паўсямесна знішчаць фашысцкіх катаў і тым самым садзейнічаць хутчэйшаму і канчатковаму разгрому крывавага фашызма.
Я клянуся, што хутчэй загіну ў жорсткім баю з ворагам, чым аддам сябе, сваю сям’ю і беларускі народ у рабства крываваму фашызму.
Словы маёй свяшчэннай клятвы, сказанай перад маімі таварышамі партызанамі, я замацоўваю ўласнаручным подпісам, — і ад гэтай клятвы не адступлю ніколі.
Калі-ж па сваёй слабасці, трусасці або па злой волі я парушу сваю прысягу і здраджу інтарэсам народа, няхай памру я ганебнай смерцю ад рук сваіх таварышаў.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.