Прысяга ў акопах
Прысяга ў акопах Аўтар: Мікола Сурначоў 1942 |
Радзіма!
Далёкія нівы без краю,
І ластавак гнёзды над хатай маёй...
Не знаю, калі цябе зноўку спаткаю,
Калі я тваёю прайду ярыной.
А толькі гадаць нам
Аб гэтым не трэба.
Не час.
Паглядзі, па-над Волгаю дым.
Гарматнымі громамі поўніцца неба,
І бомбы равуць над акопам маім.
Няхай жа лютуе варожая зграя
І бомбамі рвецца дыван ціхіх траў.
Я губы ад гневу калёнага сцяў
І сэрцам, Радзіма, табе прысягаю.
У стэпе палынным,
У небе крылатым
Мы будзем знішчаць іх няшчадней і злей,
Каб сцежкі-дарожкі да роднае хаты
Ніколі ў жыцці не знайшоў
Ліхадзей.
1942
Данскі фронт