Пры дагараючым кастры

Пры дагараючым кастры
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1928
Крыніца: Заря Запада. – 1928. – 15 студз. – С. 3.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дагараў наш касцёр,
Рассыпаліся іскры,
Лес аб нечым пражытым
У трывозе шумеў,
Раптам недзе за рэчкаю
Уз’енчыўся выстрал,
Нехта здушана крыкнуў
У атручанай цьме.

Мы ўсхапіліся, слухалі
Доўга і ўпарта:
Нехта плакаў, крычаў
І ламаў сабе рукі.
Патухаў наш касцёр,
Разбягалася варта,
Сэрца сціснула ноч
Сваёй чорнаю мукай.

Ты тады падышла
І дрыжачай рукою
Паказала на ўсход,
Дзе ўставала зара,
Дзе ў жалезную ноч
Ў гэтым вечным спакоі
Нехта йшоў не цягнуцца,
А жыць і згараць.

Ён ішоў устрывожаным
Раненым зверам,
На шляхох сваіх кідаў
Пажары і смерць.
І вось я ў яго моц
Ўсёй душою паверыў,
Я адзін толькі
Смеласць юнацкую меў.

— На, бяры, раздзірай
І цягні мае жылы,
Распінай, калі трэба,
Душу на крыжы, —
Хай памру, але холадам
Брацкай магілы
У легендах і песнях
Пачну тады жыць…

Ну, а ты… Ты такая ж
Пустая, як ўсе тут,
Ты не знала й не знаеш
Адважных людзей,
Мне вядома ў жыцці
Твая пошлая мэта —
Непрыкметна цягнуцца
Туды, дзе цяплей!

Дык ідзі, ты ідзі!..
Убірайся ты к чорту!..
Тут мяшчанская спальня,
Там свет і агонь.
Я сягоння другі,
Я бязлітасны, горды,
Не прыбіты, не здушаны
Чорнай тугой.

Я ўжо чую, ўжо блізка!..
— Чаканае блізка!
Чуеш крыкі і песні
Паўстаўшых рабоў?
Гэта наша жыццё,
Гэта наша калыска,
Гэта наша паэзія,
Шчасце, любоў!..