Прэч сыдзіце вы, цёмныя сілы

Прэч сыдзіце вы, цёмныя сілы
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1925
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 21

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Усхадзіліся хвалі жыццёвыя,
Разгулялася грозна стыхія,
Ланцугі затрашчалі сталёвыя,
Прытаіліся зграі ліхія.

Узнялася, як гімн, песня родная,
Гадаваная ў сэрцы збалелым,
Абудзілася думка свабодная
І да сонца, як птах, узляцела.

Нам змарнець у няволі не суджана,
Нашы сэрцы палаюць адвагай,
Наша песня пакутай абуджана,
Болем сэрца пад шэрай сярмягай.

Прэч сыдзіце вы, цёмныя сілы,
І не засціце хмарамі сонца, -
Гэта шлях, праз курганы-магілы,
Нас да шчасця вядзе па старонцы!

1925