Пунсовае раньне (1926)/Прадмова

Прадмова
Крытыка

1926 год
⁂ Ускацілася на гай

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Выдаючы другі колектыўны зборнік вершаў, (пасьля „Слуцкіх песьняроў“), рэдакцыйна-выдавецкі аддзел ЦБ Маладняка лічыць патрэбным сказаць некалькі слоў.

Гэты — зборнік трох новых маладнякоўцаў зьмяшчае ў сябе чатыры асноўныя тэмы: працоўная Беларусь, прыдушаная Заходняя Беларусь, праца і — тое маладое, тое прыгожае маладое, што залівае душу хвалямі, што ўсплёскамі гэтых хваль зьвяртае думку на сінія вочы, на вясну… Жыцьцё!

Што можна сказаць аб самых творах?

Таварышы першы раз выступаюць са сваімі творамі на суд грамады, на суд рабоча-сялянскай моладзі. Ёсьць у гэтых творах шурпатасьці, ёсьць некаторыя пагрэшнасьці ў адносінах да чыстаты мовы. Але затое ёсьць шчырасьць, ёсьць юнацкая шчырасьць і бясспрэчная таленавітасьць.

Мала таго, ёсьць тое, чаго мы вымагаем ад кожнага новага твору: шляхі на будучыну.

Спынімся на аднэй тэме — горад. Беларусь — у пераважнай большасьці — краіна сялянская. Беларусы ня любяць гораду. Затым і процант іх у гарадох нязначны. Але жыцьцё ідзе. Перанасялёнасьць Беларусі вядзе нашу вёску да беспрацоўя. Трэба шукаць месца, дзе-б можна было скарыстаць вольныя рукі, даць ім працу і заробак. Выйсьце — у пашырэньні прамысловасьці. Наша рабоча-сялянская ўлада робіць усё магчымае, каб дасягнуць гэтага, тут — пярсьцёнак, зачарованы пярсьцёнак — сялянства на фабрыкі, сялянства ў гарады. Адзін з нашых песьняроў — Ал. Звонак — належыць да гэтай катэгорыі, — ён муляр. І паслухайце, гляньце як у яго істоце адбіваецца змаганьне гэтых дзьвюх сіл: вёска… горад…

Хай цяпер радней мне бурны горад,
Яго вуліц стогалосы гул,
Ўсё-ж я помню, помню я прасторы —
Не пазбыць жытнёвую тугу…

Што гэта? Нэўрастэнія кволага інтэлігэнта? Адкуль гэта туга, ды яшчэ „жытнёвая туга?“ Гэта спрадвечная цяга да зямлі, да вясковай працы, якая пазбудзецца толькі на працягу пакаленьняў за фабрычным варстатам, ля дынамо. Поэта, бадай, несьвядома заўважае гэта, калі далей кажа:

Нас усіх адзін імпэт вядзе,
Хоць і часта рознаю дарогай,
Не здарма-ж мы лічым перамогай
Кожны новы, потам зьліты, дзень…

У другіх двух поэтаў больш яскрава выступае вось гэта адчуваньне. У нітаваньні гораду, з вёскай яны бачаць вобраз заўтрашняга. Так Туміловіч кажа:

Асілак сталёвы горнам
Пачаў распаляць новы лёс нам.
Паняслося рэха ў ваколіцу;
Прыбралася ў вопратку ніва.

І яны ад зямлі цягнуцца ў горад, каб тварыць вось гэта нітаваньне, каб потым вярнуцца на новае жніва.

Торба і Менск за плячыма,
Крывенькі кіёк у руках.
Наперадзе — мэта, радзіма
І ліпа з сукамі на дах…

кажа Я. Бобрык.

Адчуваецца цьвёрды поступ наперад бяз жалю, бяз стуку, бо маяк відаць — гэта заўтрашні „ў пазалоце дзень“.

Рэдакцыйна-Выдавецкі
Аддзел ЦБ Маладняка.