Заходзіць сонца пагодняга лета
і веець вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер! З далёкага сьвета
добрыя-ж весьці да нас ты прынёс? Здаровы-ж будзьце, эй, добрыя весьці!
Там, на Заходзе, праліваюць кроў,
б‘юцца, для славы, свабоды і чэсьці
і робяць вольных людзей з мужыкоў!
Гудзяць вясёла і песьні і танцы
у добрым жніве на шчасьлівы год,
Годзе вам, годзе, вы цары-паганцы,
таптаць з балотам хрышчоны народ!
Годзе вам, годзе ў яснай карэце—
годзе, чыноўнікі, ды езьдзіць у двор!
Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці
з хаткі астаткі ды браць на пабор!
І панскае дзецка, і хамская юха
з аднэй кватэркі папіваюць мёд
і прысягнулі на век да абуха,
быць сабе вольны і роўны народ.
Мужык і шляхціц засядзе на лаве,
каб вясьці раду аб сваёй зямлі;
як трэба думаць аб грамадзскай справе,
на адно мейсца, як браты, прыйшлі.
А як ўрадзім вайну на грамадзе:
бараніць дзеткі і зямлю і дом,—
мужык і шляхціц на каня усьсядзе
касіць касою, рубіць тапаром!
Эй, згінець вораг як Бог нам паможа
за нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяем песьню: „Хваліць цябе, Божа“
― лягчэй будзе сэрцу, як згінець маскаль.
Зямля ты наша! Зямля ты сьвятая!
Радзі нам збожжа, ды судзі пажаць!
Ня прыйдзе вораг з маскоўскага края
на магазын наша зерня браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце; паны мужыцкіх сьлёз не забяруць!
Мужык з панамі стаіць за-пан-браце,
рука за руку, грудзі за грудзь.
Пяром на карце, ды сахой на ніве
адзін другому роўнасьць засьцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасьліва,
мы будзем дзеткі, а наш бацька- Бог!
|