Зноў прышла, прышла ты
Да сялянскай хаты,
На прастор шырокі радасных дуброў —
Ты сягоньня будзеш
Ў маладыя грудзі
Уліваць жаданьні і юнацтва кроў,
Хай цьвіце Айчына
На прасторах сініх
Дзе агнём палае прозалаць-зара, —
Ужо ты красуеш
І жыцьцё чаруеш,
Ўжо лясоў кашулі ў зелені гараць.
Ты прышла, і ў нівах
Радасна-шумлівых
Твая радасьць-кветка б‘е агнём крыніц;
І цяпер да болю
Ў залатым прывольлі
Пакахаў я песьню сваіх родных ніў.
І пад радасьць сонца
Хочацца бяскоцца
Абхапіць рукамі гэту даль і шыр,
Каб пад сьпевы ветра,
Перад новым сьветам
Ўсё сказаць — і шчыра, — што я перажыў!..
Зноў прышла, прышла ты
Да сялянскай хаты,
На прастор шырокі радасных дуброў! —
Вось затым сягоньня
Рвуся я на гоні,
Вось затым сягоньня так шумуе кроў!..
|