Пялёсткі (1926)/Лятуценьні/О, каменьне замоўкла

Я цяпер з хлапцамі О, каменьне замоўкла
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1926 год
О, мой любы дружа
Іншыя публікацыі гэтага твора: О, каменьне замоўкла, каменьне маўчыць…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

О, каменьне замоўкла, каменьне маўчыць,
Яно цёплага слова ня скажа.
Калі так, я хачу між палёў адпачыць,
Хай палі мне пра сонца раскажуць.

А я сэрцам, ўсёй чулай душой юнака
Ўсё скажу й прапяю на прывольлі,
Каб шумела мацней пад гарою рака
Й каласілася сьпевамі поле.

Каб пад сонцам румяным на роднай мяжы
Я ня змоўк разам з брудным каменьнем
І ня стаў, як другія, бяз шчырасьці жыць,
Адпіхнуўшы навекі імкненьні.

Я хачу яшчэ жыць сьветам майскіх начэй,
Каб у зелені ўбачыць свой край,
Калі будзе змагацца сьвятлей і ярчэй,
Калі раньнем праплача зара…

То праплача мой родны, мой любы народ,
Праліе свае сьлёзы ад шчасьця
І на вольным прасторы шырокіх дуброў
Ўсё мінулае ў песьні пагасьне

І тады ўсё ўздыхне, сьмела, шчыра ўздыхне,
Сваю радасьць сьпяе для Айчыны
І каменьне, як сьмецьце між палкіх агней,
Каб згарэлі, навекі пакіне!