Радасны будзень (1935)/I/Ручаі ў адталай глебе

Каму, як не табе, паслухаць Ручаі ў адталай глебе
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Завінуўся на выгодзе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ручаі ў адталай глебе
Жвавы свой танцуюць танец.
Кожны дзень цвіце на небе
Маладой зары румянец.

Кожны дзень гудзе і звоніць
Шыр прастораў, рух бяскрайні…
Я ў тваім, вясна, палоне,
Ты ў маёй сардэчнай тайне.

Светлай радасці не страшыць
Нетаемнасць тайны гэтай:
Ў дружбе з явай нават нашы
Ўсе любоўныя сакрэты.

Нам таіць няма прычыны
Ўсё, што сэрцу спанараўна.
Лепшым вобразам дзяўчыны
Хай жыве, што мерла здаўна.

Што нясе свой боль астатні
Утапіць ў вясенніх водах…
Мой табе, па дружбе братняй,
Гэты верш і кожны подых.

Я табой навекі повен,
І зара цвіце табою…
Сталі з думкамі на ўзровень
Ўсе пачуцці, ўсе настроі.

Жыватворчай працы многа
У цябе, вясна-сяброўка…
І у нас па ўсіх дарогах
Баявая падрыхтоўка.

Кожны рух і гонар ўласны
Ўладай дзён прызваны к бою.
Будзе жыць абшар калгасны
Большэвіцкаю сяўбою.

Будзе ў полі ветрык лётаць,
Будуць вусны ў песні вязнуць —
Пра ударную работу,
Найвялікшую адказнасць.

Як заўсёды, ў час яскравы,
З краем быць і біцца разам, —
Наша рупасная справа,
Ганаровы абавязак.